Карэлы
Карэлы | |
karjalaižet, karjalaiset | |
Неафіцыйны сьцяг карэлаў | |
Агульная колькасьць | Расея — 60 815[1] Фінляндыя — 10 000 Украіна — 1522[2] Беларусь — 302[3] Эстонія — 354[4] |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Расея, Фінляндыя |
Мовы | карэльская, расейская, фінская мовы |
Рэлігія | хрысьціянства (праваслаўе, лютэранства) |
Блізкія этнасы | Іншыя прыбалтыйска-фінскія народы (фіны, эстонцы, вэпсы, іжора, водзь, лівы) |
Карэ́лы (саманазва: karjalaižet) — прыбалтыйска-фінская этнічная група, якая на цяперашні час пражывае ў асноўным у Рэспубліцы Карэлія ды іншых паўночна-заходніх рэгіёнах Расеі. Гістарычная радзіма карэлаў уключае дадаткова часткі ўсходняй Фінляндыі (рэгіён Паўночная Карэлія) і ранейшую фінскую тэрыторыю г.зв. Ладаскай Карэліі — тэрыторыі між возерам Ладага і сучаснай фінска-расейскай мяжою.
Пачынаючы з XVII стагодзьдзя этнічныя карэлы ў Фінляндыі асыміляваліся лінгвістычна й этнічна блізкароднаснымі фінамі і ўвайшлі ў шырэйшы субэтнас фінскіх карэлаў, якія, як лічыцца, утвараюць адну з субэтнічных групаў сучасных фінаў[5]. Карэлы Расеі вядомыя як усходнія карэлы або расейскія карэлы, падзелу між якімі й карэламі Фінляндымі спрыялі прыналежнасьць да розных хрысьціянскіх канфэсіяў і дыялектных групаў, а таксама розны гістарычны лёс[6].
Карэлы Расеі цягам некалькіх стагодзьдзяў зазнавалі славянскі культурны ўплыў, увайшлі ў падпарадкаваньне Расейскай Праваслаўнай Царкве і ў пэўнай ступені асыміляваныя расейцамі[7][8][9].
На працягу некалькіх стагодзьдзяў карэлы Расеі разышліся на некалькі адрозных падгрупаў. Сярод расейскіх карэлаў вылучаюцца дзьве найбуйнейшыя падгрупы: паўночныя карэлы, што пражываюць у Рэспубліцы Карэлія, а таксама паўднёвыя, якія насяляюць Цьвярскую, Наўгародзкую і Ленінградзкую вобласьці. Апошнія налічваюць агулам каля 90 000—100 000 і, у сваю чаргу, падразьдзяляюцца на ціхвінскіх і валдайскіх карэлаў і лічацца асыміляванымі этнічнымі групамі, якія размаўляюць на расейскай мове як на першай. Паўночныя карэлы ўключаюць падгрупы карэлаў-лівікаў і карэлаў-людзікаў, якія маюць уласныя дыялекты і пражываюць у асноўным у Рэспубліцы Карэлія[10].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згадваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва Карэлія ўпершыню згадваецца ў скандынаўскіх крыніцах у VIII стагодзьдзі, а ў сярэдзіне ХІІ стагодзьдзя Карэлія й карэлы фігуруюць у расейскіх крыніцах (Корела, кореляне). У ІХ стагодзьдзі ў германскіх хроніках (г. зв. Баварскі географ) згадваюцца liudi, у 921—922 гадах — луўд-аана (арабскі вандроўнік Ібн-Фадлан). У 1075—1100 гадох карэлы ўпершыню згадваюцца ў дакумэнтах Наўгародзкай рэспублікі.
Этнагенэз
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Блізкае паходжаньне да карэлаў, якія на той час жылі ў рэгіёне паміж Ладаскім і Анескім азёрамі, мелі суседнія этнічныя групы фінаў і іжорцы — малалікі фіна-вугорскі народ захаду Ленінградзкае вобласьці[9]. З ХІІІ стагодзьдзя этнічная тэрыторыя карэлаў была падзеленая між Швэцыяй і Ноўгарадам, у выніку чаго між карэламі ўзьнікнуў падзел на каталікоў (пазьней — лютэранаў) і праваслаўных, які пазьней паглыбіўся шляхам розных культурных уплываў і дыялектных разыходжаньняў. З вышэйпамянёных тэрыторыяў старажытная карэла расьсялілася на поўнач і потым уступіла ў кантакт зь весьсю (продкі вэпсаў) і лоп’ю (продкі саамаў), праз што карэлы ў прыкметнай ступені ўспрынялі некаторыя іхнія культурныя рысы.
Дзяржаўнае падпарадкаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да швэдзкага й усходнеславянскага (потым — расейскага) панаваньня карэлы мелі ўласныя формы дзяржаўнасьці ў выглядзе дробных княстваў — Сайменскае, Выбарскае, Ціверскае. На першую палову XIV стагодзьдзя прыпадаюць зьвесткі пра Карэльскае княства, створанае Ноўгарадам для ўмацаваньня сваіх паўночных рубяжоў[11].
У выніку сэрыі некалькіх войнаў за Швэцыяй урэшце замацавалася частка Карэліі, вядомыя нацяпер як Заходняя Карэлія й Карэльскі пярэсмык, у той час як пад уладай Расеі апынулася большая частка этнічнай Карэліі, г.зв. Усходняя Карэлія (таксама вядомая як Расейская Карэлія). Значныя карэльскія этнічныя анклявы існуюць у цэнтральнай і паўночнай частках Цьвярской вобласьці Расеі, куды вялікая частка праваслаўных карэлаў, асьцерагаючыся рэлігійнага перасьледу з боку лютэранскіх уладаў Швэцыі, перасялілася пасьля паразы Расеі ў вайне са Швэцыяй у 1617 годзе. Карэлы перасяляліся на тэрыторыі, дзе першапачатковае расейскае насельніцтва вымерла ў выніку тагачасных эпідэміяў або голаду, у выніку чаго перасяленцы не ўступалі ў канфлікты з карэнным насельніцтвам. Часта займаліся пакінутыя вёскі, таму цьвярскія карэльскія вёскі звычайна маюць расейскія назвы. У сваю чаргу, у швэдзкую Карэлію перасялілася вялікая колькасьць насельніцтва зь фінскага гістарычнага рэгіёну Сава (цэнтар краіны), праз што большая частка фінскіх карэлаў ёсьць нашчадкамі жыхароў гэтага рэгіёну. Між тым, у 1712 годзе Расея адваявала Ладаскую Карэлію, а па далучэньні швэдзкай Фінляндыі да Расеі ў 1812 годзе прыяднала рэгіён Ладаскай Карэліі да ўтворанай у складзе Расеі аўтаноміі — Вялікага Княства Фінляндыі. Астатнія карэльскія тэрыторыі Расеі былі падзеленыя між Алонецкай (паўднёвы ўсход карэльскай этнічнай тэрыторыі) і Ахрангельскай (поўнач) губэрнямі.
З ХІХ стагодзьдзя пачаліся дасьледаваньні Паўночнай, Цэнтральнай і Ўсходняй Карэліі фінскімі фальклярыстамі з мэтаю збору архаічнага фальклёру, найбольш выбітным у гэтай галіне стаў фінскі лінгвіст і фальклярыст Эліяс Лёнрат. Гэтая плынь была актывізаваная дзякуючы ўзрастаньню руху карэліянізму, апалягеты якога лічылі, што праваслаўныя карэлы, у адрозьненьне ад фінаў, у значнай ступені захавалі элемэнты старадаўняй фінскай культуры.
Па атрыманьні Фінляндыяй незалежнасьці ў 1917 годзе ў тагачаснай Фінскай Карэліі захоўвалася толькі невялікая частка праваслаўных карэлаў, апрача таго, ва Ўлеаборскай губэрні было тры карэльскія вёскі, дзе пражывалі ў асноўным фінскія карэлы-лютэране. Між іншым, рэвалюцыйныя рухі ў Расеі й распад Расейскай імпэрыі спрычыніліся да актывізацыі карэльскіх нацыянальных рухаў, у выніку чаго ў 1918 годзе, пры падтрымцы Фінляндыі, паўстаў Алонецкі ўрад, у 1919 годзе — кароткатэрміновая Паўночнакарэльская дзяржава. Крыху пазьней тэрыторыі гэтых палітычных утварэньняў былі інкарпараваныя ў склад РСФСР, дзе напачатку была ўтвораная Карэльская Працоўная Камуна (форма савецкай карэльскай аўтаноміі), якая пазьней набыла статус аўтаномнай рэспублікі. З 1937 па 1939 гады існавала аўтаномія цьвярскіх карэлаў — Карэльская нацыянальная акруга.
Пасьля савецка-фінскай вайны ў 1940 годзе Фінляндыя перадала Савецкаму Саюзу Ладаскую Карэлію й Карэльскі пярэсмык, а мясцовае фінскае й карэльскае насельніцтва эвакуявалася. У Другой Сусьветнай вайне Фінляндыя часова вярнула гэтыя тэрыторыі пад свой кантроль і дазволіла вярнуцца перасяленцам, але па заканчэньні вайны зноў страціла гэтыя тэрыторыі на карысьць СССР. Зь перададзеных тэрыторыяў было эвакуявана каля 400 000 чалавек, зь якіх каля 55 тысячаў належалі да праваслаўных карэлаў. Апошнія ў асноўным прадстаўлялі сабою карэламоўных жыхароў, аднак па перасяленьні яны й іхнія нашчадкі хутка перайшлі на фінскую мову. Вялікая частка эвакуяваных пазьней эмігравала ў Швэцыю, Аўстралію й Паўночную Амэрыку. Атрыманыя Савецкім Саюзам тэрыторыі засяляліся галоўным чынам насельніцтвам некарэльскага паходжаньня.
Карэлы Расеі за цяперашнім часам актыўна ўключаюцца ў асыміляцыйныя працэсы з боку расейцаў. Напрыклад, перапісы насельніцтва 1959 й 1970 гадоў сьведчаць, што амаль 30% асобаў, што ў 1959 годзе ўказалі ўласную нацыянальную прыналежнасьць да карэлаў, аддалі перавагу расейскай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі пры наступным перапісе насельніцтва[12].
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карэльская мова ўваходзіць у прыбалтыйска-фінскую групу фіна-вугорскай галіны ўральскае моўнае сям’і і ў межах прыбалтыйска-фінскай групы збліжаецца зь іншымі мовамі групы — вэпскай, іжорскай, водзкай, эстонскай мовамі і асабліва зь фінскай моваю. Фінскія лінгвісты, у прыватнасьці, нярэдка разглядаюць карэльскую мову як адны з дыялектаў фінскае мовы, аднак дыялекты Ўсходняй Карэліі, як правіла, лічацца асобнай мовай.
Дыялекты фінскіх карэлаў — жыхароў Паўночнай Карэліі й былых жыхароў Ладаскай Карэліі ды Карэльскага пярэсмыку належаць да дыялектаў фінскае мовы, што тлумачыцца раньнім пераходам карэлаў Фінляндыі на фінскую мову (напрыклад, карэлы Паўночнай Карэліі размаўляюць на саваскіх дыялектах — дыялектах фінаў Сава, гл. вышэй).
Мова расейскіх карэлаў вылучаецца шырокай разнастайнасьцю й дыялектнай раздробленасьцю — кожная з субэтнічных групаў карэлаў Расеі мае ўласную буйную дыялектную групу. Адрозьненьні між дыялектнымі групамі досыць вялікія, што прывяло да стварэньня ўласных літаратурных моваў на ўласных дыялектных асновах — лівікаўскай, людзікаўскай і цьвярской. Маштаб адрозьненьняў між дыялектнымі групамі часам дае падставу лінгвістам разглядаць іх як асобныя мовы. Найбольш адметнымі рысамі зьяўляецца вэпскі ўплыў у людзікаўскім дыялекце й захаваньне архаізмаў у цьвярскім дыялекце (у якім, аднак, багата расейскіх запазычваньняў).
Расейскія карэлы ва ўласнай культурнай дзейнасьці практычна заўсёды выкарыстоўваюць лацінскі альфабэт, які складам літараў нагадвае фінскі, але дадаткова ўтрымлівае літары č, š, ž. У 1930-х гадох ставіліся спробы стварэньня наддыялектнай літаратурнай мовы й пераходу на кірылічны альфабэт, аднак яны былі прызнаныя непасьпяховымі.
Будова пісьмовасьці на лацінскай аснове не дазваляе карэльскай мове атрымаць дзяржаўны статус у Рэспубліцы Карэліі праз фэдэральнае заканадаўства Расеі, якое забараняе надаваць афіцыйны статус мовам, чыя пісьмовасьць засноўваецца на некірылічным альфабэце. Тым ня менш, карэльская мова (побач зь фінскай і вэпскай) маюць іншыя формы заканадаўчай падтрымкі ў Карэліі[13]. Падобная падтрымка карэльскай мове аказваецца таксама й у Фінляндыі.
Расьсяленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Значныя карэльскія анклявы існуюць у Цьвярской вобласьці Расеі, дзе даўнія карэльскія перасяленцы ва ўмовах ізаляцыі ад астатніх карэлаў утварылі ўласную субэтнічную групу й захавалі асаблівы дыялект, які шматлікімі рысамі больш архаічны ў параўнаньні зь іншымі. У Рэспубліцы Карэлія карэлы расьселеныя паўсюдна, але амаль паўсюль складаюць меншасьць адносна расейцаў, адсоткавая дзеля якіх павялічвалася дзякуючы эміграцыі або асыміляцыі. Адзіным выключэньнем рэспублікі ёсьць Алонецкі раён (поўдзень рэспублікі), дзе карэлы складаюць каля 60% ад насельніцтва і ўтвараюць большасьць нават у адміністрацыйным цэнтры раёну.
Карэлы Карэліі падразьдзяляюцца на субэтнічныя групы лівікаў і людзікаў. Лівікі засяляюць паўднёвы захад рэспублікі на ўсход ад Ладаскага возера, людзікі — вузкую паласу зямлі між Анескім возерам і арэалам лівікаў. У цэнтральнай Карэліі жывуць сегазерскія карэлы (або лапалайзэт), якія ёсьць асыміляванымі карэламі саамамі, якія, аднак, захавалі ўласную саманазву. Другая падобная група пражывае на паўднёвым усходзе Фінляндыі ля Лапээнранты.
На цяперашні час колькасьць карэлаў зьніжаецца з прычыны нізкай нараджальнасьці, характэрнай для ўсяго рэгіёну, і русіфікацыі, якая паўстае на фоне культурнай перавагі расейскай мовы ў краіне. У 1926 годзе карэлы складалі 37,4% ад насельніцтва тагачаснай Аўтаномнай Карэльскай ССР або 100 тысячаў чалавек (пры гэтым варта адзначыць, што тагачасная карэльская рэспубліка не ўключала Ладаскую Карэлію, Карэльскі пярэсмык і ўключала тэрыторыі, дзе карэлы складалі большасьць). У параўнаньне з гэтым, у паводле зьвестак перапісу насельніцтва Расеі ў 2002 годзе колькасьць карэлаў у рэспубліцы налічвала 65 651 чалавек або 9,2% ад насельніцтва, у той час як расейцы складаюць 76,6% ад насельніцтва Рэспублікі Карэлія.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Досьвед карэльскай культуры й мовы аказаў вялікі ўплыў на адну з плыняў тагачаснага рамантычнага нацыяналізму ў Фінляндыі, г.зв. фэнаманіі. Пазьней карэльскія фактары закраналі фінскае грамадзтва ў рэчышчы ідэалёгіі Вялікае Фінляндыі, прыхільнікі якой імкнуліся да стварэньня нацыянальнай дзяржавы на этнічных тэрыторыях прыбалтыйска-фінскіх народаў.
У рэлігійным дачыненьні расейскія карэлы вызнаюць праваслаўе, фінскія — лютэранства.
Сьцяг былой Паўночнакарэльскай дзяржавы, які ўяўляе сабою зялёны прамакутнік з чорна-чырвоным крыжом на скандынаўскі ўзор, цяпер зьяўляецца неафіцыйным сьцягом карэлаў[14]. Афіцыйны сьцяг Рэспублікі Карэлія ўяўляе сабою чырвона-блакітна-зялёнае палотнішча.
На карэльскай мове выходзіць некалькі газэтаў у Рэспубліцы Карэлія, пры гэтым яны прадстаўляюць кожную з дыялектных нормаў.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2009 году ў Рэспубліцы Беларусь у Беларусі налічвалася 302 карэлы, зь іх карэльскую мову ўказалі як родную 37 чалавек, беларускую — 14. 2 чалавекі ўказалі ў якасьці роднай мовы дзьве й больш моваў, 12 — іншую мову. 236 чалавек лічыць роднай мовай расейскую мову[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вынікі перапісу насельніцтва Расеі на 2010 г. (рас.)
- ^ Вынікі перапісу насельніцтва Ўкраіны на 2001 г. (анг.), (укр.)
- ^ а б Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Насельніцтва паводле нацыянальнасьці й роднай мовы (табліца 5.8) (рас.). Белстат. Праверана 29 сакавіка 2014 г.
- ^ Вынікі перапісу насельніцтва Эстоніі на 2011 г.
- ^ Levinson, David. "Finnish+Karelians"&dq=&pgis=1&redir_esc=y Encyclopedia of World Cultures. — G.K. Hall, 1991.
- ^ Karjala – kieltä ja murretta (фін.) scripta.kotus.fi Праверана 29 сакавіка 2014 г.
- ^ Karjalan kielen ja suomen karjalaismurteiden tulevaisuus (фін.) scripta.kotus.fi Праверана 29 сакавіка 2014 г.
- ^ Taagepera, Rein/ The Finno-Ugric Republics and the Russian State. — Psychology Press, 1999. — С. 100-146. — 449 с.
- ^ а б The Karelians (анг.) Інстытут эстонскае мовы Праверана 29 сакавіка 2014 г.
- ^ Mark Janse, Sijmen Tol. Language Death and Language Maintenance: Theoretical, Practical and Descriptive Approaches. — John Benjamins Publishing, 2003. — 244 с.
- ^ Кочкурина С.В. Археологические памятники Корелы В-XV вв. — Наука, 1981. — 158 с.
- ^ Barbara A. Anderson, Brian D. Silver. 20 // Estimating Russification of Ethnic Identity among Non-Russians in the USSR. — Demography. — 1983. — С. 461-489.
- ^ Закон Рэспублікі Карэлія аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскай, вэпскай і фінскай моваў у Рэспубліцы Карэлія (рас.) Афіцыйны партал органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Карэлія. Заканадаўчы Сход Рэспублікі Карэлія (23 сакавіка 2004). Праверана 29 сакавіка 2014 г.
- ^ Minahan, James. One Europe, Many Nations: A Historical Dictionary of European National Groups. — Greenwood Publishing Group, 2000. — С. 368. — 781 с. — ISBN 978-0-313-30984-7
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бубрих Д. В. Происхождение карельского народа. — Петрозаводск: 1947.
- Кочкуркина С. И. Народы Карелии: история и культура. — 2-е изд. — Петрозаводск: 2005. — 208 с.
- Карельский этнос: история и перспективы развития — Петрозаводск: «Периодика», 1996. — 46 с.
- Киркинен Х. и др. История карельского народа / Авториз. пер. с фин. Л. В. Суни; Отв. ред. И. А. Чернякова. — Петрозаводск: «Барс», 1998. — 322 с.
- Карелы // Народы России. Атлас культур и религий. — М.: Дизайн. Информация. Картография, 2010. — 320 с — ISBN 978-5-287-00718-8
- Koltat, karjalaiset ja setukaiset: Pienet kansat maailmojen rajoilla / Tuija Saarinen, Seppo Suhonen (toim.). — Snellman-Instituutti, 1995. — 277 p. — (A-sarja, 19/1995). — ISBN 951-842-167-6 ISBN 978-951-842-167-5
- Клементьев Е. И. Этнографический очерк «Карелы». — Петрозаводск: 1991.
- Народы России: Энциклопедия. — М., 1994.
- Финно-угорские и самодийские народы России: Статистический сборник. — Сыктывкар, 2006.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Карэлы (рас.), Finugor.ru
- Цьвярская рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія цьвярскіх карэлаў (рас.)