Перайсьці да зьместу

Вольная Беларусь (газэта)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вольная Беларусь (1917)»)
Вольная Беларусь
Тып газэта
Фармат 2 разы на тыдзень (1917)
штотыднёвік (1918)
Выдавец Беларускі нацыянальны камітэт
Краіна
Галоўны рэдактар Язэп Лёсік
Заснаваная 10 чэрвеня 1917
Закрытая лістапад 1918
Палітыка Беларуская сацыялістычная грамада
Мова беларуская
Штаб-кватэра Менск

«Во́льная Белару́сь» (10 чэрвеня 1917 — лістапад 1918) — грамадзка-палітычная, эканамічная і літаратурная газэта нацыянальна-дэмакратычнага кірунку.

Выдавалася ў Менску. Галоўны рэдактар Язэп Лёсік. Выдавец Беларускі нацыянальны камітэт, зь ліпеня 1917 — Таварыства беларускай культуры. У 1917 выдавался 2 разы на тыдзень, у 1918 — штотыднёвік.

У газэце працавалі Зьмітрок Бядуля і Ванда Лявіцкая (дачка Ядвігіна Ш., будучая жонка Лёсіка), Павал Каравайчык (друкаваўся пад псэўданімам П.К. А.Жынкін). Ёсьць зьвесткі, што грошы на газэту фундаваў Раман Скірмунт і Павал Аляксюк.

У 1917 падтрымлівала ідэі Беларускай сацыялістычнай грамады, выступала за ідэі фэдэралізму, аўтаноміі, пасьля абвяшчэньня БНР выступала за незалежную дэмакратычную Беларусь.

У газэце ўпершыню зьявіліся такія літаратурныя творы, як «Залёты» і «Пінская шляхта» Дунін-Марцінкевіча ў перакладзе зь «пінчуцкай гаворкі», «Пагоня» Максіма Багдановіча, «Сымон-музыка» і «Новая зямля» Якуба Коласа.

Выдавалася да захопу Менску бальшавікамі ў лістападзе 1918. Па згадках Лёсіка: «бальшавіцкія грабежнікі ачысьцілі рэдакцыю да апошняй паперкі. Забралі пішучую машынку, шапірографы, рукапісы, канцэлярскую паперу, пячаткі, канторскія кніжкі, рахункі, адрасы падпісчыкаў, пісьмы і г. д. Дзе гэта ўсё дзелася — няма ведама. Згінула навекі, а тым часам шмат было рукапісаў вядомых беларускіх пісьменьнікаў, каторых ніякімі грашыма аплаціць немагчыма, бо гэта былі аўтэнтыкі». Архіў газэты зьнік бязь сьледу.

Не захаваліся нумары газэты 37 і 38 за 1918 год.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]