Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі лац. Vacłaŭ Łastoŭski | |
па-беларуску: Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі | |
2-і Старшыня Рады міністраў БНР | |
---|---|
13 сьнежня 1919 — 20 красавіка 1923 | |
Папярэднік: | Антон Луцкевіч |
Наступнік: | Аляксандар Цьвікевіч |
Неадменны сакратар БАН | |
1928 — 1930 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
8 лістапада 1883 з. Калесьнікі, Дзісенскі павет, Віленская губэрня |
Памёр: |
23 студзеня 1938 (54 гады) |
Партыя: | ППС (1902-1906), БСГ (1906-1908), БПСР (1919-1923) |
Сужэнец: | Марыя з Іваноўскіх |
Бацька: | Юстын Ластоўскі |
Маці: | Ганна |
Род: | Ластоўскія |
Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі (8 лістапада [ст. ст. 27 кастрычніка] 1883[a] — 23 студзеня 1938) — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзяяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Сябра-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926) і акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928).
Псэўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Васіль Люцьвяг[1]; Юры Верашчака; Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю.Сулімірскі; Д-р А. Чужыловіч; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В…; В-…; В. Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю. В.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў засьценку Калесьнікі Дзісенскага павету Віленскай губэрні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці[2]) у сям’і безьзямельнага шляхціца[Крыніца?]. Вучыўся дома, потым скончыў на радзіме Пагосцкую народную (пачатковую) школу[3]. У школе вучыўся паспяхова, вызначаўся грунтоўнымі і глыбокімі ведамі. Пасьля сканчэньня непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага. Зь дзяцінства шмат чытаў, займаўся самаадукацыяй, спрабаваў атрымаць вышэйшую адукацыю[3].
У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі зьехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Летува). У 1905—1906 працаваў бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе «зайцам» наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэце на гістарычным факультэце[3]. У 1902 годзе ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю, якая дзеяла ў Летуве.
З 1906 году ў Рызе, дзе рабіў службоўцам канторы на таварнай станцыі. Тут паспрабаваў экстэрнам здаць экзамэны на атэстат аб сярэдняй адукацыі, але ня змог пасьпяхова здаць расейскую мову, астатнія ж прадметы былі здадзеныя добра[3]. Пасьля гэтага Ластоўскі ўжо не спрабаваў атрымаць адукацыю, бо не было ўжо часу[3]. Тамсама ў Рызе далучыўся да беларускага нацыянальнага, грамадзкага і культурнага руху.
У 1906—1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.
Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7). У «Нашай Ніве» Ластоўскі меў аклад 25 рублёў[4].
Палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1915 цьвёрда заняў незалежніцкія пазыцыі, адкрыта выказваючыся за незалежнасць Беларусі і ад Расеі і ад Польшчы.
У студзені 1915 разам з В. Святаполк-Мірскім, І. Луцкевічам і А. Луцкевічам падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных уладаў аб выданьні беларускіх газэтаў. Кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданьне школьных падручнікаў у прыватным выдавецтве, сам браў удзел у іх напісаньні. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысьціянская злучнасьць» (1915). Адзін з аўтараў «Мэмарандуму прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народу на нацыянальна-дзяржаўнае развіцьцё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канфэрэнцыі ў Лязане (Швайцарыя, 1916). У 1916—1917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywičanin».
У пачатку 1918 году стварыў у Вільні Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, якая выпрацавала галоўныя накірункі стварэньня незалежнай Беларусі[3].
У 1918—1919 сябра Віленскай беларускай рады. У лютым 1918 году Ластоўскі адзін галасуе на паседжаньні Беларускай рады супраць стварэньня Беларуска‑літоўскай дзяржавы на «краёвых» падставах[4]. У сакавіку (імаверна, 18 сакавіка[3]) 1918 кааптаваны ад Віленскай рады ў склад Рады БНР. 23 сакавіка 1918 прыехаў зь Вільні ў Менск і браў удзел у паседжаньні Рады БНР 25 сакавіка 1918.
У лістападзе 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы, а ў канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры Тарыбе, потым быў беларускім аташэ пры летувіскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм’ер-міністрам)[5][6].
17 снежня 1919 арыштаваны польскімі ўладамі; вызвалены ў лютым 1920 з дазволам выехаць ў Летуву.; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цьвікевічам і іншымі ўвайшоў у Камітэт загранічных групаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Браў удзел у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Пасьля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расеяй і Польшчай (кастрычнік 1920) у афіцыйным пасланьні мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР.
20 кастрычніка 1920 на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўнінтвам В. Ластоўскага створаны блёк беларускіх партыяў для змаганьня супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. З прычыны рознагалосьсяў у пытаньнях тактыкі Камітэту замежных групаў і ЦК БПС-Р (П. Бадунова, Я. Мамонька) на зьездзе БПС-Р у Менску ў сьнежні 1920 выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе (верасень 1921), якая прызнала ўрад Луцкевіча адзіным законным беларускім урадам. У 1920—1923 з дыпляматычнымі місіямі наведаў Бэльгію, Нямеччыну, Ватыкан, Італію, Чэхаславаччыну, Францыю, Швайцарыю й іншыя краіны, выступаў за правы беларускага народу, асабліва ў Заходняй Беларусі.
20 красавіка 1923 падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Працаваў у Міністэрстве беларускіх справаў у Летуве. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923—1927). У красавіку 1926 пераехаў у БССР[Крыніца?], браў удзел у акадэмічнай канфэрэнцыі. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю, загадчыкам катэдры этнаграфіі пры Інбелкульце. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульту і Акадэміі навук БССР. Арганізоўваў этнаграфічныя экспэдыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у часе адной зь іх знойдзены Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Рэпрэсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Менску. 6 сьнежня 1930 пазбаўлены годнасьці акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я. Станкевіча «Дыспаляталізацыя l у беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзелу гуманітарных навук», выдаваных Інбелкультам. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загаднікам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы.
3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Вацлава Ластоўскага прадугледжвалася «спальваць»[7].
Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 яму прысудзілі расстрэл «як агенту польскай выведкі і ўдзельніку нацыянал-фашысцкай арганізацыі».
Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958. Адноўлены ў годнасьці акадэміка АНБ у 1990.
Сьветапогляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вацлаў Ластоўскі ня бачыў пэрспэктываў для незалежнай Беларусі ў супрацоўніцтве з бальшавікамі, якія разагналі Ўсебеларускі зьезд у Менску і пачалі рэпрэсіі ў дачыненьні да кіраўніцтва зьезду і да дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Гэтыя дзеяньні сфармавалі ў яго ўстойлівыя антысавецкія настроі і недавер да бальшавікоў[3].
Непрыхільна аднёсься да стварэньня 1 студзеня 1919 году ССРБ, а праз два месяцы і ЛітБел ССР, бо на іхняй тэрыторыі не было ні беларускага друку, ні беларускіх школаў. Асабліва балюча успрыняў тое, што ў хуткім часе пасьля абвяшчэньня Беларускае ССР яна згубіла вялікую частку сваіх этнічна беларускіх земляў на карысьць Расеі[3].
Ліцьвінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пакінуў сьведчаньне, што на 1924 год беларусы працягвалі называць сябе ліцьвінамі: «дагэтуль народ наш называе сябе Літвінамі (прыкладам, у Чарнігаўшчыне, ва ўсходняй Магілёўшчыне і Смаленшчыне)»[8].
У 1926 годзе ў савецкай амбасадзе ў Коўне прэзэнтаваў канцэпцыю, паводле якой летувісы — гэта нашчадкі гістарычных жамойтаў[9], па чым перабраўся ў Савецкую Беларусь.
Ужо ў 1931 годзе сталінская прапаганда абрынулася на Вацлава Ластоўскага ды іншых дасьледнікаў з крытыкай іх беларускага погляду на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага: «Гаворачы аб жмудзінах, Лёсік, як і ўсе іншыя нацдэмы, скардзіцца, што беларускім дабром карыстаюцца чужынцы. <…> Ніжэй мы ўбачым, што беларускія нацдэмы такія-ж абвінавачаньні ўзводзяць і на „маскоўцаў“ і інш. Але нацдэм Ластоўскі і іншыя, знаходзячыся ў Літве, не адважыліся так адкрыта гаварыць аб літоўцах, як гэта рабіў Лёсік у БССР»[10]
У навуцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінуўшчыну Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай Ніве» у рубрыцы «З нашай мінуўшчыны» і ў газэце «Гоман» зьмясьціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя зь іх склалі асобнае выданьне «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918).
У пачатку 1920-х гадоў працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія ўяўляюць сабой першую беларускую энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі і складзеныя з розных тэрмінаў і паняцьцяў зь беларускай мінуўшчыны (машынапісны асобнік захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Летувы)[Крыніца?]. У 2003 годзе Язэп Янушкевіч склаў з гэтых артыкулаў «Кароткую энцыклапедыю старасьвеччыны» (2003)[Крыніца?].
Дасьледаваў старажытнабеларускую літаратуру, гісторыю і паходжаньне назвы Беларусь. У 1924 годзе надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік». Апрацаваў разам з Тадэвушам Іваноўскім і Клаўдзіем Дуж-Душэўскім лацінска-расейска-беларускі слоўнік па арніталёгіі. У 1925 годзе апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. У 1926 годзе пабачыла свет галоўная праца Ластоўскага — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя». Пасля пераезду ў БССР Вацлаў Ластоўскі апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX стагоддзяў.
Вацлаў Ластоўскі выставіў тэзіс пра тоеснасьць крывіцкай (т. ч., Полацкай) і беларускай дзяржаўнасьці, адзін з найбольшых пашыральнікаў назвы «Крывія» для Беларусі і «крывіцкая» для беларускай мовы. Пэрыядызацыя гісторыі Ластоўскага, нягледзячы на кампіляцыйны характар яго «Кароткай гісторыі», лічыцца ў радзе момантаў больш дасканалай[Крыніца?] за пазьней прапанаваную У. Ігнатоўскім і прынятую за афіцыйную аснову. Прыхільнік канцэпцыі «залатога веку». Шмат увагі ўдзяляў этнаграфіі, між іншым, лічыў племя волатаў старадаўнімі продкамі беларусаў[11].
У 1926 годзе ў савецкім пасольстве ў Коўне прэзэнтаваў канцэпцыю, паводле якой летувісы ёсьць нашчадкамі гістарычных жамойтаў[12].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крытыцы В. Ластоўскага прысьвечаныя некалькі нумароў часопіса Беларуская думка (галоўны рэдактар В. Гігін). У нумары № 3 за 2009 год публіцыст Алег Ліцкевіч выказвае меркаваньне, што Ластоўскі склаў шэраг песень, якія выдаў за аўтэнтычныя фальклёрныя, у тым ліку вядомую песьню пра бітву пад Воршай («Слава Воршы ўжо ня горша…»)[13].
У нумары № 2 за 2008 год гісторык А. Гронскі сьцьвярджае, што менавіта Ластоўскі «прыдумаў Каліноўскаму імя „Кастусь“»[14], ігнаруючы той факт, што ў адпаведнасьці з гістарычнымі дакумэнтамі дадзеная форма імя ўжывалася ў сям’і К. Каліноўскага.[15] У гэтым жа артыкуле Гронскі выкрывае падкрэсьлена ненавуковую, публіцыстычную працу[16] В. Ластоўскага, прыводзячы скажэньні арыгінальнага тэксту твору Каліноўскага:[17]
- Браты мае, мужыкі родныя!
- Марыська, чарнаброва галубка мая
У Ластоўскага[17]:
- Беларусы, браты родныя!
- Беларуская зямелька, галубка мая
На гэтай падставе Гронскі сьцьвярджае, што «зьвяртаючыся да сялянаў ён [К. Каліноўскі] не называў іх беларусамі», тым часам у шырока вядомых Лістах з-пад шыбеніцы К. Каліноўскі пісаў: «…а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».[18]
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2003 года у Полацку ёсьць Дуб Вацлава Ластоўскага[19]. У 2012 годзе разам зь іншымі выбітнымі ўраджэнцамі Глыбоччыны ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага.[20] Памяць пра Вацлава Ластоўскага ўшаноўваецца ў межах фэсту Дударскі рэй[21].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выступаў як паэт, празаік, публіцыст, крытык і літаратуразнавец. Выдаваў часопісы і газэты.
- «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910; факсымільнае перавыданьне — Менск, 1992 і 1993)
- «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» (Менск, 1918, 1943, 1991)
- Власт. «Наперад!». Верш. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 1 красавік—травень. — С. 18.
- Ю. В. Над сьвежай магілай. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 2—3. красавік—травень. — С. 28—29, 34—36.
- Власт. *** Верш. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 2—3. красавік—травень. — С. 29.
- Ластоўскі. З Беларуска–Літоўскай мінуўшчыны. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 4. жнівень—верасень. — С. 24—28.
- Власт. Мікалай Галубовіч. Повесьць. Разьдзел І некалькі слоў аб паходжаньні гэрбу і протаплястак фаміліі пана Мікалая Галубовіча, гэрбу Разходнік. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 4. жнівень—верасень. — С. 34—38.
- «Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924; факсымільнае перавыданьне — Менск, 1990)
- «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926; факсымільнае перавыданьне — Менск, 2012 з прадмовай Алеся Сушы)
- Экспэдыцыя 1928 году Вацлава Ластоўскага. Фотаальбом. Архіў забытай экспэдыцыі. Скарынаўская бібліятэка ў Лондане.
- Вольга Лабачэўская. Артыкул з фотальбому «Экспэдыцыя 1928 году Вацлава Ластоўскага» Архіў забытай экспэдыцыі. Скарынаўская бібліятэка ў Лондане.
- «Творы» (Мюнхэн, 1956)
- «Выбраныя творы» (Менск, 1997; уклад., прадм. і камэнт. Я.Янушкевіча).
- Успаміны пра нашаніўскі пэрыяд.
- Вацлаў Ластоўскі, Мовазнаўчыя працы. Уладзіслаў Гарбацкі (уклад.) — London: Skaryna Press, 2023. — 238 c. — ISBN: 978-1-915601-31-5.
Крытыка, рэцэнзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Омельченко Г. В. Ластовскій В.: Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі. (укр.) / S podporou ministerstva škollství a národní osvěty vydávají // O. Hujer a M. Murko. Slavia : časopis pro slovanskou filologii. — Praha: Tiskem a nákladem České Grafické Unie A. S. v Praze, 1928 (Ročnik VI). — С. 550—554. — ISSN 0037-6736.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Некаторыя крыніцы лічаць днём нараджэньня 1 лістапада (20 кастрычніка паводле старога стылю) 1883 году. Сам Ластоўскі ў сваім «Curriculum Vitae» ўжывае яшчэ адну дату нараджэньня — 24 сьнежня 1882 году.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ластоўскі В. Аб найменьнях - "Гуды", - "Крывічы", - "Русь" // pawet.net.
- ^ Радзіма Вацлава Ластоўскага Radzima.org
- ^ а б в г д е ё ж з Багдановіч, Іван Іванавіч. Значэнне «Кароткай гісторыі Беларусі» В. Ластоўскага ў гістарычнай адукацыі ў Беларусі (бел.). — 2011.
- ^ а б Сяргей Мікулевіч. 75 гадоў таму быў расстраляны былы прэм’ер БНР Вацлаў Ластоўскі (бел.) // inbelhist.org. — 23/01/2013.
- ^ Интервью съ предсѣдателемъ Совѣра Министровъ Бѣлорусской Народной Республики г-мъ Ластовскимъ. / Вадим Белов // Свободное слово. Ежедневная демократическая національная газета : газэта. — Ревель(Талін): Прогрессъ, 10.06.1921. — № 44. — С. 3.
- ^ Les nationalites en Russie-Blanche. / M. Hambourg. // La Tribune Juive. Revue Hebdomadaire.Consacree aux interets des juifs russes. : газэта. — Paris: 02.09.1921. — № 88. — С. 7.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 72.
- ^ «Давялося шмат і шмат працаваць…». З успамінаў беларускага акадэміка Стасіса Матулайціса (1866—1956) / Падрыхтоўка да друку В. Селяніса (Вільня) // Homo Historicus 2019. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А. Смаленчука. — Вiльня: Палітычная сфера, 2019. С. 140—141.
- ^ «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі: Зборнік / Бел. акад. навук, Ін-т філасофіі; Пад рэд. С. Вальфсона. Т. 1, ч. 1, 1931. С. 6.
- ^ Лыч. Назвы зямлі беларускай, 1994.
- ^ «Давялося шмат і шмат працаваць…». З успамінаў беларускага акадэміка Стасіса Матулайціса (1866-1956) / Падрыхтоўка да друку В. Селяніса (Вільня) // Homo Historicus 2019. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А. Смаленчука. — Вiльня: Палітычная сфера, 2019. С. 140—141.
- ^ Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. — 2009. — № 3. — С. 92-99.
- ^ Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. — № 2. — 2008. — С. 82—87.
- ^ Ці застанецца Каліноўскі на п’едэстале нацыянальнага героя? // Радыё Свабода, 30 верасьня 2009
- ^ Андрэй Вашкевіч. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім // ARCHE Пачатак, 11 лістапада 2008
- ^ а б «Мужыцкая праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы»: Тексты і каментарый. — Нью-Йорк, 1980
- ^ «І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка…» // Лісты з-пад шыбеніцы
- ^ У гонар 120-годзьдзя Вацлава Ластоўскага ў Полацку зьявіцца дуб ягонага імя
- ^ У Глыбокім усталявалі помнік прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму Эўрарадыё Праверана 30 жніўня 2012 г.
- ^ http://vitvesti.by/kultura/dudarsk-rei.html
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Багдановіч, Іван Іванавіч. Значэнне «Кароткай гісторыі Беларусі» В. Ластоўскага ў гістарычнай адукацыі ў Беларусі (бел.) // Палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ – пач ХХст.: Да 150-годдзя скасавання прыгоннага права ў Расійскай імперыі: матэрэялы Рэсп. навук.-тэарэт.канф., г. Мінск, 4 сак.2011г.. — Мінск: БДПУ, 2011.
- Ластоўскі Вацлаў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883. Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- Ластоўскі Вацлаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Менск: Голас Краю, 2001.
- Ластоўскі Вацлаў // Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі — Менск: БГА, 2000.— 160 с. ISBN 985-6374-15-4.
- 103. Хто такі Вацлаў Ластоўскі? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Łastoŭski, Vacłaŭ // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Сяргей Мікулевіч. 75 гадоў таму быў расстраляны былы прэм’ер БНР Вацлаў Ластоўскі. (бел.) // inbelhist.org. — 23/01/2013.
- Дзьмітры Паўлавец. «Я роднае мовы не кіну ў нядолі». Да 130-годдзя з дня нараджэньня Вацлава Ластоўскага: Ластоўскі В. – вучоны, пісьменьнік, грамадзка-палітычны дзеяч. // Роднае слова : штомесячны навуковы й мэтадычны часопіс. — 27 лістапада 2013. — № 11 (311). — С. 27—30.
- Алесь Пашкевіч. Вільня ці Менск? Трагічны выбар Вацлава Ластоўскага // ARCHE Пачатак, 9 студзеня 2009
- Язэп Янушкевіч. Неадменны сакратар Адраджэньня, альбо Эсэ пра Вацлава Ластоўскага. // Полымя : часопіс. — 1994. — № 5 (781). — С. 148—172.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Радыё Свабода: «8 лістапада — дзень нараджэньня Вацлава Ластоўскага»
- Бібліяграфія на «Беларускім Кнігазборы»
- Расійска-Крыўскі (Беларускі) слоўнік (спампаваць)
- Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа. Праверана 11 студзеня 2012 г.
- В. Ластоўскі: «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» на Google Play
- Нарадзіліся 8 лістапада
- Нарадзіліся ў 1883 годзе
- Памерлі 23 студзеня
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі ў Саратаве
- Нарадзіліся ў Мёрскім раёне
- Беларускія гісторыкі
- Беларускія літаратары
- Прэм’ер-міністры БНР
- Дыпляматы БНР
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Высланыя
- Расстраляныя беларускія літаратары
- Расстраляныя беларускія навукоўцы
- Пакараныя навукоўцы
- Беларускія лексыкографы
- Акадэмікі Акадэміі навук БССР
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Супрацоўнікі і аўтары «Нашай Нівы»
- Вацлаў Ластоўскі
- Сябры Польскай сацыялістычнай партыі
- Сябры Беларускай сацыялістычнай грамады
- Сябры Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў
- Беларусы ў Коўне