Волат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Франсіска Гоя — «Волат»

Волат (ад стараслав. велии — вялікі) — пэрсанаж усходнеславянскай міталёгіі. Асілак вялікага росту і магутнай сілы. Паводле паданьняў, волаты жылі ў старадаўнія часы, пахаваны ў доўгіх курганах — валатоўках. Існуюць назвы паселішчаў у Паўночна-Усходняй і Цэнтральнай Беларусі (Волаты, Валатоўкі і пад.), якія звязваюцца зь волатамі ў народных паданьнях. Паданьні пра волатаў паўплывалі на чарадзейныя казкі пра асілкаў, якім уласьцівыя пэўныя рысы волатаў (напр., вялікая сіла).

Ад слова «волаты» паходзіць народная назва доўгіх курганоў — валатоўкі, пашыраная на поўначы Беларусі, у арэале рассяленьня крывічаў. Паводле зафіксаваных у многіх месцах паданьняў, у валатоўках пахаваны асілкі-волаты. У некаторых мясцовасьцях Беларусі каня таксама называлі «волат», а жарабя — «валаток», «валацёнак». У шэрагу беларускіх паданьняў у выглядзе волата выступае лясун, гаспадар лесу. Ва ўкраінскай мове ёсьць слова «велетень» — чалавек велізарнага росту і сілы. У ваколіцах г. Волагда (Расея) пры жніве аўса пакідалі нязжатымі некалькі «волотей» — пучкоў каласоў; існаваў звычай у час дажынак пакідаць «волотку на бородку». Сляды павер'яў пра волатаў захаваліся ў беларускай тапаніміі: вёскі Валатоўкі (Лепельскі, Мёрскі, Расонскі, Шумілінскі р-ны), Валатава (Гомельскі р-н), Валаты (Слуцкі р-н), засьценак Волатаў і ўрочышча Волаткава поле каля Барысава, сялянская грамада «Велетовская» ў былым Полацкім павеце і інш. Паводле паданьня, у в. Валатава (Гомельскі р-н) у старажытнасьці жылі волаты (асілкі). Урочышча Волатава поле было недалёка ад г. Вялікі Ноўгарад (Расея).

Адносна волатаў П. Шафарык лічыў, што першапачаткова на паўночным захадзе Беларусі (мелася на ўвазе тэрыторыя Віленскай губэрні) жыло племя вяле́таў, якое потым перасялілася на захад і ўвайшло ў склад палабскіх славян. У VIII—XII стст. яно разам зь усімі палабскімі славянамі змагалася супраць германскіх заваёўнікаў. На думку П. Шафарыка, «гэты народ насіў два, ці яшчэ лепш, тры імёны, г.зн. вялеты, змененае немцамі ў вільцы і вельцы, люцічы і вьлцы, вьлчкі…». Аргумэнтам на карысьць апошняй назвы ён лічыў наяўнасьць на Віленшчыне (нібыта першапачатковай радзіме люцічаў) вялікай колькасьці тапонімаў, якія паходзяць ад слова «воўк». За ваяўнічасьць прадстаўнікоў гэтага племя германцы быццам бы празвалі іх лютымі або люцічамі. Пра вялетаў яшчэ ў ІІ ст. н. э. пісаў Пталемей. А. Весялоўскі ў працы «Рускія і вільціны ў сазе пра Тыдрэка Бэрнскага (Вяронскага)» (1906) звязваў паходжаньне вільцінаў германскага эпасу зь беларускімі паданьнямі пра волатаў. Да гіпотэзы П. Шафарыка станоўча адносіліся В. Ластоўскі і Я. Лёсік. Тэёрыю Шафарыка развіваў М. Каспяровіч, які прасачыў распаўсюджваньне на тэрыторыі Беларусі паданьняў пра волатаў і звязаных зь гэтым геаграфічных назваў, а таксама звязаных зь волатамі курганоў-валатовак. Нязгоду зь «волатаўскай» тэорыяй выказваў А. Ясінскі. У рэчышчы даследаваньня міталёгіі адным зь першых аддаў увагу волатам мовазнавец ХІХ ст. А. Патабня, які прапанаваў этымалягічны ланцужок «волат — волотр — Вритра» (у старажытнаіндыйскай «Рыгвэдзе» выступае велікан Врытра).

В. Іваноў і У. Тапароў слова «волат» этымалягічна збліжаюць зь імем паганскага бога Вялеса. Ю. Пісарэнка мяркуе, што ў паданьнях пра волатаў спалучаліся старажытныя ўяўленьні пра час і прастору. Язычнікі дзялілі год на тры часткі (вясна — час сяўбы, лета — час росту, зіма — час падрыхтоўкі да новай сяўбы), што супастаўлялася зь нараджэньнем, жыцьцём і смерцю чалавека. Такім часавым адпавядалі прасторавыя ўяўленьні пра тры сусьветныя ярусы, зь якіх падземны ярус асацыяваўся зь жыцьцёвай зімой. Волаты адносіліся да гэтага ніжняга «зімовага» сьвету і лічыліся ня проста асілкамі, але і памёршымі продкамі, якія былі пасрэднікамі паміж жывымі людзьмі і богам Вялесам і мусілі спрыяць будучаму ўраджаю. На думку Ю. Пісарэнкі, у сьвятле гэтага і слова «валатоўкі» трэба тлумачыць як «магілы асілкаў». У Міёрскім і некаторых іншых раёнах В. Ластоўскім адзначаны звычай на Радаўніцу перад наведваньнем магіл блізкіх заходзіць на валатоўкі, каб пакінуць на кургане яйка і іншую ежу, а часам і пачаставацца.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ясінскі А. Два словы аб волатах: Да праблемы першапачатковага насельніцтва Беларусі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Кн. 8. Мн., 1929. Працы клясы гісторыі, т. 3;
  • Каспяровіч М. Валатоўкі і звязаныя з імі перажыткі: (Першапачатковыя вынікі даслед.) // Наш край. 1929. № 6—7;
  • Легенды і паданні. Мн., 1983;
  • Писаренко Ю. Г. О значении местного названия кургана «волотовка» // Актуальные проблемы исторнко-археологнческих исследований: Тез. докл. Киев, 1987;
  • Зайкоўскі Э. М. Волаты // ЭГБ у 6 т. Т. 3. Мн., 1994.