Вялікае Княства Літоўска-Беларускае
Вялі́кае Кня́ства Літо́ўска-Белару́скае — палітычны праект лідараў кансэрватыўнага карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства Менскай губэрні (галоўным чынам чальцоў Менскага таварыства сельскай гаспадаркі) у 1918 г., які прадугледжваў стварэньне на землях Беларусі й Летувы канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы пад куратарствам (апекай) Нямецкай імпэрыі — Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (з паўночна-заходніх губэрняў былой Расейскай імпэрыі) са сталіцай у Вільні. Праект быў як жаданьнем мясцовага лібэральна-кансэрватыўнага дваранства стварыць супольную беларуска-летувіскую дзяржаву, асобную ад Расеі і Польшчы, так і альтэрнатывай стварэньня ў Беларусі і Летуве сацыялістычных па характары рэспублік.
Спроба стварэньня Вялікага Княства Літоўска-Беларускага зьяўляецца адным з эпізодаў у працэсе змаганьня ў 1917—1921 гг. мясцовых кансэрватыўных дваранаў на чале з Эдвардам Вайніловічам (1847—1928) па рэалізацыі ідэі палітычнай суб’ектнасьці беларуска-літоўскіх зямель (ці толькі Беларусі).
Гісторыя праекту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ініцыятарамі стварэньня ў 1918 г. Вялікага Княства Літоўска-Беларускага выступілі лідары кансэрватыўнага карэннага каталіцкага і польскамоўнага маёнткавага сярэднезаможнага і заможнага дваранства Менскай губэрні, многія зь якіх былі лідарамі і чальцамі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а таксама былымі прадстаўнікамі лібэральна-кансэрватыўнага кірунка «краёвасьці», якія патрабавалі раней (у 1905—1907 гг.) ад расейскай улады і грамадзтва палітычнай суб’ектнасьці літоўска-беларускіх губэрняў (Паўночна-Заходняга краю) ў форме аўтаноміі ў Расейскай імпэрыі[1]. Лідарам краёўцаў-кансэрватараў быў Эдвард Вайніловіч, старшыня МТСГ. Апагей уплыву лібэральна-кансэрватыўнага кірунка «краёвасьці» ў літоўска-беларускіх землях быў у 1905—1911 гг., але і пасьля гэтага лідары лібэральна-кансэрватыўнага кірунка «краёвасьці» ў Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрнях не адмовіліся ад ідэі палітычнай суб’ектнасьці летувіска-беларускіх земляў у той ці іншай форме. Яшчэ ў часы Расейскай імпэрыі менскія кансэрватыўныя дваране на закрытых сходах Менскага таварыства сельскай гаспадаркі выказваліся, што плянаваная незалежная беларуска-летувіская дзяржава павінна мець канстытуцыйна-манархічны лад і падтрымліваць лібэральна-кансэрватыўныя каштоўнасьці (шанаваньне права прыватнай уласнасьці; прававая роўнасьць усіх моваў, культур і веравызнаньняў; падтрымка сямейных каштоўнасьцей і рэлігійнасьці; разьвіцьцё сыстэмы адукацыі і ўсеагульная пісьменнасьць; скасаваньне саслоўных адрозьненьняў і інш.)[2]. Караль Незабытоўскі (1865—1952), адзін зь лідараў таварыства, афарыстычна заявіў аднойчы на сходзе Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, што «рэспубліка» прывядзе да «рэж публіку»[3]. Плянавалася, што сталіцай Вялікага Княства будзе Вільня.
Пасьля зьвяржэньня расейскага самаўладзьдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і ўстанаўленьня Часовага ўраду Расеі ў Петраградзе лідары МТСГ на чале з Эдвардам Вайніловічам узялі кірунак на рэалізацыю палітычнай суб’ектнасьці Беларусі, хоць лідары МТСГ не пастулявалі выразна акрэсьленую форму палітычнай суб’ектнасьці — гэта залежала ад зьменлівых зьнешніх абставін[4]. Празь віцэ-старшыню МТСГ Рамана Скірмунта, які быў найбліжэйшым сябрам і «правай рукой» Эдварда Вайніловіча, менскія дваране-кансэрватары хацелі паўплываць на сацыялістычныя партыі і арганізацыі ў Менскай губэрні і замацаваць памяркоўную праграму аграрных рэформаў у Беларусі, не дапускаючы скасаваньня права прыватнай уласнасьці на зямлю і нацыяналізацыі ўсёй зямлі бяз выкупу, а таксама мкнуліся ў сярэдзіне красавіка 1917 р. дабіцца ў Часовага ўраду Расеі аўтаноміі Беларусі, увядзеньня ў школах беларускай мовы і гісторыі Беларусі, правядзеньня дэмакратычных выбараў у мясцовыя органы ўлады, кампэнсацыю насельніцтву стратаў, прычыненых вайной, і інш.[5]
Пасьля кастрычніцкага перавароту ў Расеі і ўсталяваньня ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, якія дэкрэтам аб зямлі ад 26 кастрычніка 1917 г. скасоўвалі прыватную ўласнасьць на зямлю, лідары МТСГ адправілі празь лінію фронта дэлегацыю прадстаўнікоў Польскай рады Менскай зямлі для сустрэчы ў Берасьці зь нямецкім генэралам Максам Гофманам (1869—1927) і прапанавалі немцам займаць тэрыторыю Беларусі да Дняпра, абяцаючы дапамогу ў гэтым праз стварэньне ўласных вайсковых адзінак[6][7]. Пасьля сустрэчы ў Берасьці зь немцамі дэлегацыя адправілася ў Варшаву, каб наладзіць кантакт і дабіцца збліжэньня з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага, кіруючыся ў сваіх плянах прынцыпам «абы не Расея»[8]. Лідары МТСГ, кіруючыся таксама прынцыпам захаваньня палітычнай суб’ектнасьці Беларусі, праз сваіх дэлегатаў ад Польскай рады Менскай зямлі заявілі польскай Рэгенцкай Радзе пра жаданьне выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расеі, але «без намеру непасрэднага ўключэньня Беларусі ў склад Польшчы»[9]. У склад Рэгенцкай Рады ў Варшаве ўваходзіў і даўні сябар графа Ежы Чапскага ксёндз Зыгмунт Хелміцкі. Вынікам дамоўленасьці стаў наступ у лютым 1918 г. нямецкіх войскаў на Менск, дзе нямецкая вайсковая ўлада (10-я нямецкая армія) адхіліла прэтэнзіі Народнага сакратарыята Беларусі (на чале зь Язэпам Варонкам) на ўладу і нэгатыўна паставілася да ягонага сацыялістычнага складу і заяваў «абараняць заваёвы рэвалюцыі», а прыняла прывітальны адрас і мэмарыял ад дваран-кансэрватараў, падпісаны ў тым ліку і Эдвардам Вайніловічам, і ўхваліла стварэньне ў Менску 25 лютага 1918 г. Менскага беларускага прадстаўніцтва (Беларускага народнага прадстаўніцтва) на чале з Раманам Скірмунтам[10][a].
Канкурэнтамі дваран-кансэрватараў (прыхільнікаў капіталістычнага ладу дзяржавы) у працэсе стварэньня беларускай дзяржаўнасьці былі беларускія сацыялістычныя партыі і арганізацыі. Абвяшчэньне 25 сакавіка 1918 р. у занятым нямецкімі войскамі Менску незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), што пачала стварацца як сацыялістычная дзяржава[11], было ўспрынята кансэрватыўнымі менскімі дваранамі нэгатыўна: яшчэ 9 сакавіка 1918 была прынятая Другая Ўстаўная грамата БНР, сёмы пункт якой абвяшчаў скасаваньне прыватнай уласнасьці на зямлю. Раман Скірмунт, які 12 красавіка 1918 р. быў уведзены ў склад Рады БНР, арыентаваў Раду на супрацоўніцтва зь нямецкай вайсковай адміністрацыяй у Менску і Нямеччынай: з ініцыятывы Рамана Скірмунта 25 красавіка старшыня Рады БНР Іван Серада, старшыня Народнага сакратарыята Язэп Варонка, сябры рады БНР Раман Скірмунт, Павал Аляксюк, Язэп Лёсік і іншыя асобы адаслалі тайную тэлеграму нямецкаму імпэратару, у якой паведамлялі пра жаданьне незалежнай і непадзельнай Беларусі ў саюзе зь Нямецкай імпэрыяй[12]. Па рэкамэндацыі нямецкага вайсковага камандаваньня ў Менску фармаваньне новага складу кабінэта міністраў БНР было даручана Раману Скірмунту. У траўні 1918 р. Скірмунт як дэлегат БНР выехаў у Бэрлін, дзе безвынікова хадайнічаў аб аўдыенцыі ў нямецкага імпэратара[13]. Тым ня менш, на думку беларускага гісторыка Захара Шыбекі, толькі пад аховай 10-й нямецкай арміі, якую прывялі ў Менск і Менскую губэрню мясцовыя кансэрватыўныя каталіцкія і польскамоўныя маянткоўцы, удалося разгарнуць стварэньне рэальных элемэнтаў уладных структур БНР — Рады, мясцовых рад у паветах (выбарных органаў БНР) — і выдаваць пашпарты БНР, займацца міжнароднай дзейнасьцю, адкрываць беларускамоўныя школы і выдаваць газэты, аднавіць дзейнасьць царквы і касьцёла, акрамя стварэньня ўласнага войска і паліцыі БНР, што не дазвалялі немцы[14]. Шыбека лічыць, што безь нямецкіх гарантыяў ва ўмовах незацікаўленасьці і захопніцкіх намераў найбліжэйшых суседзяў (Расеі, Украіны, Польшчы і Летувы) наўрад ці ўдалося зрабіць такі фэномэн, як БНР — важны досьвед стварэньня беларускай дзяржаўнасьці ў XX ст., што стала ўзорным і сымбалічным на наступныя гады[15].
Новы прэм’ер-міністар БНР з 9 ліпеня 1918 р. Раман Скірмунт, якога падтрымлівалі лідары МТСГ і дваране-кансэрватары, адразу паставіў на перагляд сёмы пункт Другой Устаўнай граматы БНР, які тычыўся аграрнага пытаньня. З ухвалы кансэрватыўных дваран-маянткоўцаў Скірмунт прапаноўваў беларускім сацыялістычным партыям кампраміс па зямельным пытаньні (продаж часткі зямлі маянткоўцаў сялянам невялікімі надзеламі па цане, якая адпавядала іхняй рэальнай вартасьці), але ня змог дабіцца паразуменьня ў сацыялістаў[16]. У канечным выніку 20 ліпеня 1918 р. кабінэт Рамана Скірмунта быў вымушаны афіцыйна падаць у адстаўку, а фармаваньне новага складу кабінэта, створанага на кааліцыйнай аснове, прадстаўнікі фракцый Рады БНР даручылі Івану Серадзе[16]. А ў намерах жа мясцовых кансэрватыўных дваран-маянткоўцаў было фармаваньне за ўласны кошт галоўнага для ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці — войска БНР у 200 тысячаў жаўнераў, фінансаваньне якога абяцалі падтрымаць таксама і віленскія банкіры[17]. Нямецкае палітычнае кіраўніцтва ў Бэрліне не сьпяшалася з працэсам прызнаньня і падтрымкі беларускай дзяржаўнасьці і фармаваньня беларускага войска.
Зварот да нямецкага імпэратара
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як вынікае з мэмуараў Эдварда Вайніловіча, пасьля таго, як у канцы кастрычніка/пачатку лістапада 1918 р.[b] нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губэрні паводле рашэньняў Берасьцейскага міру з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 р., у Менску лідары карэннага дваранства Менскай губэрні (галоўным чынам, сябры Менскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэньня пад нямецкім куратарствам «Вялікага Княства Літоўска-Беларускага» (з паўночна-заходніх губэрняў)[18][19].
Першапачаткова ўзначаліць дэлегацыю менскіх дваран да нямецкага генэрала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі, было прапанавана Эдварду Вайніловічу як самаму паважанаму і ўплывоваму лідару карэнных менскіх дваранаў (пра што ведалі і нямецкія ўлады), але той адмовіўся, бо меў антынямецкія палітычныя погляды і не лічыў годным ствараць дзяржаву пад нямецкім куратарствам. Аднак у канечным выніку Вайніловіч падпісаў зварот (бяз гэтага дакумэнт не меў бы вялікай вагі), хоць і не паставіў свой подпіс на першым месцы ў дакумэнце, і прысутнічаў у складзе дэлегацыі (дзе былі і асобныя расейскія маянткоўцы Менскай губэрні) да генэрала фон Фалькенгайна. У Менску дэлегаты (30 асобаў), якіх узначаліў новавыбраны менскі губэрнскі маршалак граф Ежы Чапскі, папрасілі генэрала Фалькенгайна паведаміць аб сваім памкненьні нямецкаму імпэратару Вільгельму II[c]. Па сутнасьці гэта была апошняя спроба краёўцаў-кансэрватараў да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага яднаньня летувіска-беларускіх земляў, прычым ня ў якасьці аўтаноміі ў рамках Расеі ці Польшчы, а як самастойнай дзяржавы. Генэрал фон Фалькенгайн адказаў дэлегацыі менскіх дваран, што павінен строга выконваць рашэньні Берасьцейскага міру, але перадасьць прапанову ў Галоўную імпэратарскую стаўку[20].
У Бэрлін (сталіцу Нямецкай імпэрыі) зь місіяй ад менскіх краёўцаў-кансэрватараў (наконт падтрымкі стварэньня пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускага) на чале дэлегацыі мясцовых дваран паехаў Раман Скірмунт, але атрымаць аўдыенцыю ў нямецкага імпэратара Вільгельма II яму не ўдалося[21]. У Бэрліне пачалася Лістападаўская рэвалюцыя, якая ліківідавала нямецкую манархію і ўстанавіла рэспубліку. Немцы ў лютым 1919 р. хутка пакінулі ўсю тэрыторыю Беларусі, а на зьмену ім прыходзілі войскі бальшавікоў — Чырвоная армія.
Тое, што новай дзяржаве давалі назву «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае» (а не, напрыклад, «Каралеўства Літвы і Беларусі»), зьяўляецца прамым зваротам да гістарычнай традыцыі дзяржаўнасьці на літоўска-беларускіх землях у форме сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) і жаданьнем правесьці ад яго пераемнасьць — «краёўцы» зьвярталіся як да дзяржаўных традыцый ВКЛ, так і сваіх генэалягічных і культурных каранёў у гэтай дзяржаве[22]. Навацыяй было тое, што менскія дваране прапаноўвалі даць назву новай дзяржаве не «Вялікае Княства Літоўскае» (альбо «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае»), а «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае», што сьведчыла пра прыманьне імі новага значэньня геаграфічнай і этнанімічнай тэрміналёгіі, зьмененай у «паўночна-заходніх губэрнях» за часы Расейскай імпэрыі пад уплывам афіцыйнай расейскай ідэалёгіі і навукі, калі слова «Беларусь» пачало адносіцца толькі да арэала рассяленьня славянамоўнага сялянства Паўночна-Заходняга краю, а «Літва» — толькі да балтамоўнага.
-
Эдвард Вайніловіч (1847—1928)
-
граф Ежы Чапскі (1861—1930)
-
Караль Незабытоўскі (1865—1952)
-
Раман Скірмунт (1868—1939)
Праект стварэньня Вялікага Княства Літоўска-Беларускага не зьяўляецца дастаткова вывучанай гісторыкамі тэмай. Аднак ёсьць ускосныя зьвесткі, што менскія ініцыятары палітычнага праекту, імаверна, мелі пэўныя сувязі і каардынацыю з кансэрватыўнымі каталіцкімі і польскамоўнымі дваранамі ў трыманай Летувіскай Тарыбай Вільні і Віленшчыне, а таксама прадстаўнікамі ў Бэрліне, у прыватнасьці — з князем Мацеем Радзівілам (1873—1920), графам Альфрэдам Тышкевічам (1882—1930), графам Янам Тышкевічам (1896–1939) і інш., якім не падабалася палітыка Тарыбы[23]. Акрамя таго, сам праект Вялікага Княства Літоўска-Беларускага быў па сутнасьці аналягічным праектам у шэрагу зьяўленьня манархічных дзяржаваў-лімітрофаў пад куратарствам Нямеччыны на землях Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Летувы, Украіны і Фінляндыі ў той жа пэрыяд, калі эканоміка Нямеччыны ўжо не вытрымлівала ваенных выдаткаў, што пагражала здаваньнем немцамі пазыцыяў на ўсходнім фронце напрыканцы Першай сусьветнай вайны.
Пошукі новых форм палітычнай суб’ектнасьці Беларусі й Летувы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спроба стварэньня Вялікага Княства Літоўска-Беларускага зьяўляецца адным з эпізодаў у працэсе змаганьня ў 1917—1921 рр. мясцовых кансэрватыўных дваран на чале з Эдвардам Вайніловічам па рэалізацыі ідэі палітычнай суб’ектнасьці беларуска-летувіскіх земляў (ці толькі Беларусі) і зламаньня іх правінцыялізацыі на міжнароднай арэне. Пасьля няўдачы стварыць Вялікае Княства Літоўска-Беларускае многія каталіцкія і польскамоўныя кансэрватыўныя дваране (у тым ліку, многія сябры Менскага таварыства сельскай гаспадаркі) падтрымалі ідэю ўваходжаньня літоўска-беларускіх зямель як суб’екта фэдэрацыі ў склад аднаўлянай у 1919—1920 рр. Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай і прынялі ўдзел у фінансаваньні Літоўска-беларускіх дывізій[24].
Ідэю ператварэньня міжваеннай Польшчы (1918—1939) у канстытуцыйна-манархічную і фэдэратыўную дзяржаву (з такіх складовых суб’ектаў, як Польшча, Беларусь і Летува) будуць падтрымліваць «віленскія кансэрватары», якія сталі ў пэўнай ступені пераемнікамі лібэральна-кансэрватыўнай плыні «краёўцаў».
Паралелі назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная гістарычная навука і ідэалёгія Расейскай імпэрыі XIX — пачатку XX ст. для апраўданьня (легітымацыі) валоданьня землямі былога Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (т.зв. «паўночна-заходнімі губэрнямі») мкнулася максімізаваць і падкрэсьліць вялікую ролю «рускага» насельніцтва і праваслаўя ў працэсе фармаваньня, характара і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Саму дзяржаву расейскія гісторыкі (Мікалай Дашкевіч, Фёдар Леантовіч, Уладзімер Антановіч, Мацьвей Любаўскі, Іван Лапо, Аляксандар Прасьнякоў і інш.) адзначалі ў сваіх працах нэалягізм «Літоўска-Руская дзяржава» альбо «Літоўска-Рускае княства»[25][d].
З пачатку XX ст. ідэолягі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага і сацыялістычнага рухаў, многія зь якіх сталі і гісторыкамі, выпрацоўвалі ўласны погляд на гісторыю і характар Вялікага Княства Літоўскага, што сфармаваўся ў многім на адукацыйнай глебе расейскіх унівэрсытэтаў і пад уплывам расейскай гістарыяграфічнай традыцыі: напрыклад, вучнем Уладзімера Антановіча быў Мітрафан Доўнар-Запольскі, а вучнем Мацьвея Любаўскага — Уладзімер Пічэта[25]. Калі ў сваім нарысе «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) Вацлаў Ластоўскі называе Вялікае Княства Літоўскае ў рэчышчы расейскай традыцыі «Літоўска-Рускім гасударствам», толькі зрэдку ўжываючы азначэньні наўзор «літоўска-беларускія баяры, паслы», то хутка дзеячы беларускага нацыянальна-дэмакратычнага і сацыялістычнага рухаў пачалі выкарыстоўваць новы тэрмін — «Літоўска-Беларускае княства»: напрыклад, Янка Купала ў сваім артыкуле «Ці маем мы права выракацца роднай мовы?» (газэта «Наша ніва» №15, 1914 р.) карыстаецца тэрмінам «Літоўска-Беларускае княжства» для абазначэньня сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага[26]. А ў 1919 гісторыкі Мітрафан Доўнар-Запольскі («Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», 1919 г.), Усевалад Ігнатоўскі («Кароткія нарысы гісторыі Беларусі», 1919 г.), Аляксандар Цьвікевіч («Беларусь. Палітычны нарыс», 1919) выдаюць свае знакавыя працы з выкарыстаньнем тэрмінаў «Літоўска-Беларускае княства», «Літоўска-Беларускае гаспадарства» і «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае»[25][e]. У 1919 г. у газэце «Беларусь» (№33 1919 г.) Янка Купала апублікаваў свой артыкул «Незалежнасьць», дзе двойчы выкарыстоўвае тэрмін «Вялікае Літоўска-Беларускае княжства» адносна сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага[27].
Беларускі гісторык Алег Дзярновіч лічыць, што зьвязваньне гісторыі і пераемнасьці традыцый сучаснай Беларусі й беларусаў толькі з тэрмінам «Русь» у гісторыі і складзе назвы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага зьяўляецца непаўнавартасным і памылковым[28].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каралеўства Польскае (1916—1918)
- Каралеўства Летува (1918)
- Аб’яднанае Балтыйскае герцагства
- Каралеўства Фінляндыя
- Вільгельм Франц Габсбург-Лятарынскі (1895—1948)
- Вялікае Княства Літоўскае (1811)
- Вялікае Княства Літоўскае (1812)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Калі 21 лютага 1918 г. нямецкія войскі бяз бою ўвайшлі ў Менск, то ў прывітальнай прамове на Віленскім вакзале менскія маянткоўцы (Ігнат Віткевіч, Эдмунд Івашкевіч ды іншыя чальцы МТСГ і Польскай рады Менскай зямлі), сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павал Аляксюк, выказалі ўдзячнасьць нямецкаму генэралу Гофману «за вяртаньне грамадзкага парадку, дапамогу ў аддзяленьні ад бальшавізму і супольнае жыцьцё з народамі Захаду з апорай на нямецкую дзяржаву». Гл.: Jurkowski, R. Rada Polska … С. 81.
- ^ Дакладная дата звароту невядомая.
- ^ Паводле зьвестак гісторыка Захара Шыбекі, у час паданьня звароту граф Ежы Чапскі назваў сябе беларусам. Гл.: Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?
- ^ Такую тэрміналёгію ўжываюць і некаторыя сучасныя расейскія гісторыкі, напрыклад, Андрэй Дварнічэнка.
- ^ Тэрмін «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае» выкарыстоўвае Цьвікевіч. Гл.: Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского)... С. 5.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa… С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana… С. 240—241.
- ^ Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa… С. 62—76, 141; Szpoper, D. Gente Lithuana… С. 240—241.
- ^ Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 141.
- ^ Jurkowski, R. Rada Polska … С. 72.
- ^ Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох… С. 7—8, 10—12; Brzoza, Cz. Skirmunt Roman… С. 185.
- ^ Jurkowski, R. Rada Polska … С. 76, 78—79.
- ^ Галоўным жаданьнем было, паводле словаў удзельніка дэлегацыі Ежы Асмалоўскага (1872—1952), каб Беларусь «была б толькі адарваная ад Расеі, была б толькі пад уплывамі Захада», бо Захад успрымаўся ў першую чаргу як цывілізаваны і разьвіты капіталістычны сьвет, а Расея як краіна, дзе перамагалі сацыялістычныя і негуманныя палітычныя сілы. Гл.: Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
- ^ Jurkowski, R. Rada Polska … С. 78—79.
- ^ Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
- ^ Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох… С. 34—35; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208.
- ^ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 197.
- ^ Гісторыя Беларусі. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг… С. 99—101; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 200—201; Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923… С. 81.
- ^ Гісторыя Беларусі. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг… С. 99—101.
- ^ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 202—205.
- ^ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 206, 209.
- ^ а б Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох… С. 42.
- ^ Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923… С. 86.
- ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
- ^ Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?(недаступная спасылка)
- ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 208; Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
- ^ Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
- ^ Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 52.
- ^ Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich… S. 28.
- ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 220—221.
- ^ а б в Казакевіч, А. Вялікае Княства Літоўскае як ідэалагічная рэальнасць.
- ^ Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. — Т. 8. — С. 36.
- ^ Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. — Т. 8. — С. 76—78.
- ^ Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраваньняў (1918—1922) / К. Гамулка; пераклад з польскай мовы. — Вільня, 2008. — 256 с.
- Гісторыя Беларусі : у 6 т. / А. Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. - Мінск : Экаперспектыва, 2007. — Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. — 613 с.
- Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі / А. Дзярновіч // Палітычная сфера. — 2012. — №18—19 (1—2). — С. 30—53. [1]
- Казакевіч, А. Вялікае Княства Літоўскае як ідэалагічная рэальнасць / А. Казакевіч // Arche. — 2003. — № 5. — С. 43—60.
- Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. — Т. 8. Артыкулы, нататкі, выступленьні. Калектыўныя творы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. — 462 с.
- Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
- Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
- Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
- Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187.
- Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
- Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Віньніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
- Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 / O. Łatyszonek. — Białystok : Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995. — 273 s.
- Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców — інтэрнэт-вэрсія артыкула Аляксандра Смаленчука са сборніка «Ostatni obywatele Wielkiego Księstwa Litewskiego» (red. Tadeusz Bujnicki i Krzysztof Stępnik. Wyd. Uniwersytetu Marii Curie-Składowskiej, Lublin, 2005)
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?(недаступная спасылка)
- Януш Радзівіл: Трагедыя кансэрватара // «Новы час»