Перайсьці да зьместу

Саколка (горад)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сакулка (горад)»)
Саколка
лац. Sakołka
польск. Sokółka
Адміністрацыя места
Адміністрацыя места
Герб Саколкі Сьцяг Саколкі
Першыя згадкі: 1524
Магдэбурскае права: 10 студзеня 1609
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Сакольскі
Плошча: 18,61 км²
Насельніцтва (2008)
колькасьць: 19 037 чал.
шчыльнасьць: 1022,94 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовы індэкс: 16-100
Нумарны знак: BSK
Геаграфічныя каардынаты: 53°24′18.050″ пн. ш. 23°29′48.239″ у. д. / 53.40501389° пн. ш. 23.49673306° у. д. / 53.40501389; 23.49673306Каардынаты: 53°24′18.050″ пн. ш. 23°29′48.239″ у. д. / 53.40501389° пн. ш. 23.49673306° у. д. / 53.40501389; 23.49673306
Саколка на мапе Польшчы
Саколка
Саколка
Саколка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт

Саколка (польск. Sokółka) — места ў Польшчы, на рацэ Саколдзе. Адміністрацыйны цэнтар меска-сельскай гміны і Сакольскага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2009 год — 22 081 чалавек. Знаходзіцца за 16 км ад беларуска-польскай граніцы, на аўтамабільнай дарозе 19 (Беласток — Жэшаў). Чыгуначная станцыя на лініі Варшава — Горадня.

Саколка — магдэбурскае места гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Саколку (Сухолду) датуецца 1524 годам, калі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў сваёй жонцы Боне Гарадзенскую пушчу[1]. У гэты час мясцовасьць уваходзіла ў склад Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва. У 1-й палове XVI ст. тут існаваў паляўнічы двор вялікага князя.

У 1565 годзе у Саколцы збудавалі драўляны касьцёл. У канцы XVI ст. яна ўвайшла ў Гарадзенскую эканомію. 10 студзеня 1609 году Саколка атрымала Магдэбурскае права. У 1679 годзе ў ваколіцах мястэчка пачалі сяліцца вайскоўцы-татары. У 2-й палове XVIII ст. Антоні Тызэнгаўз пасяліў у Саколцы рамесьнікаў. У 1793 годзе места стала цэнтрам Саколкаўскага павету Гарадзенскага ваяводзтва. У час паўстаньня Т. Касьцюшкі тут было месца збору паўстанцаў Гарадзеншчыны.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Саколка апынулася ў складзе Прусіі, у Беластоцкім дэпартамэнце. У 1807 годзе згодна з Тыльзіцкай мірнай дамовай паміж Расеяй і Францыяй, места апынулася ў Беластоцкай вобласьці Расейскай імпэрыі (з 1842 году — у Гарадзенскай губэрні).

28 лютага 1861 году зьявіўся праект гербу Саколкі: «у залатым полі трохчацьвяртная выява рыцара з узьдзетым угору палашом»[2]. На 1867 год у месьце было 458 будынкаў (зь 14 мураваных), на 1878 год — 467 будынкаў (17 мураваных).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Саколку занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Саколка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе стала цэнтрам павету («падраёну») Гарадзенскага раёну[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Саколка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Беластоцкім ваяводзтве.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Саколку акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Саколка ўвайшла ў склад БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. З чэрвеня 1941 да верасьня 1944 году места зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Саколку Польскай Народнай Рэспубліцы.

  • XIX стагодзьдзе: 1867 год — 3814 чал.; 1878 год — 3431 чал. (1648 муж. і 1783 жан.), у тым ліку 1433 каталікі, 411 праваслаўных, 18 пратэстантаў, 1543 юдэі і 26 мусульманаў[4]
  • XX стагодзьдзе: 1945 год — 4879 чал.[5]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 19 037 чал.; 2009 год — 22 081 чал.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Капліца Сьвятой Мучаніцы П. Кунцэвіч (1900)
  • Касьцёл Сьвятога Антонія (1848, 1901—1904)
  • Могілкі: хрысьціянскі, юдэйскія
  • Царква Аляксандра Неўскага (1850—1853; мураўёўка)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сынагога
Пералік местаў-сяброў Саколкі
  • Дамінік Аніська (1888—1971) — рэлігійны і сьвецкі дзяяч, пачынальнік беларускага хрысьціянскага руху XX ст.; скончыў сярэднюю школу ў Саколцы
  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 390.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 229.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Krzywicki J. Sokółka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 26/
  5. ^ Biziuk D. Sokółka. 400-lecie miasta. — Białystok: BUK, 2009. ISBN 978-83-61128-35-9. — S. 15.
  6. ^ Tichoniuk A. Witalis Sarosiek — Sokólski Bruegel, Hajnowka.pl, 8.10.2014.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]