Перайсьці да зьместу

Беларуска-польская граніца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міждзяржаўная граніца
Граніца дзяржаваў Беларусь Беларусь
Польшча Польшча
Час існаваньня з 1991
Працягласьць 398,624 км

Беларуска-польская граніца — дзяржаўная граніца працягласьцю прыкладна 398,624 км[1]. Пачынаецца ад патройнага сутыку зь Летуваю на поўначы і цягнецца да патройнага сутыку з Украінаю на поўдні.

Памежныя рэкі (з поўначы на поўдзень): Чорная Ганча, Ваўкушанка, Сьвіслач, Нараў, Буг.

Польска-беларуская граніца зьяўляецца таксама граніцаю Эўразьвязу зь Беларусьсю і Мытным зьвязам ЭАЭЗ.

Лінія Керзона і паваенная зьмена межаў Польшчы

Пасьля верасьня 1939 году ў склад БССР былі далучаныя тэррыторыі Заходняй Беларусі. Зь іх стварылі пяць новых вобласьцяў: Баранавіцкую, Беластоцкую, Берасьцейскую, Вялейскую і Пінскую.

Утварылася беларуска-нямецкая мяжа, якая праходзіла каля гораду Астраленка.

Згодна з падпісанай 16 жніўня 1945 году паміж СССР і Польшчай дамоваю аб дзяржаўнай граніцы — Польшчы перадаваліся 17 раёнаў Беластоцкай вобласці БССР разам зь Беластокам і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці, дзе жыла значная колькасць палякаў[2].

Пагранічныя слупы ў Белавескай пушчы

Новая граніца на значнай частцы адцінку прайшла простай лініяй. Вёскі, што знаходзіліся пры лініі граніцы з савецкага боку, зносіліся для ўзьвядзеньні кантрольнай паласы (Калёнія Ізаака, Чарнаўшчызна[3]).

Польска-беларуская граніца каля Толчаў

У 1946 годзе падчас ўдакладненьня дзяржаўнай граніцы СССР і ПНР са складу Гарадзенскага раёну на карысьць ПНР былі перададзены вёскі Клімаўка, Мінкаўцы, Номікі, Такі, Толчы, Шымакі[3], са складу Сапоцкінскага раёну — вёскі Тадоркаўцы і Хварасьцяны[3].

Пасьля гэтага і да цяперашняга часу граніца паміж Польшчай і Беларусьсю не мянялася.

29 траўня 2023 году абнародавалі Пастанову міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марыюша Камінскага, паводле якой ад 1 чэрвеня празь беларуска-польскую мяжу забаранілі ўезд цяжкавікоў, цягачоў, прычэпаў і паўпрэчэпаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расеі. Пастанову ўхвалілі ў адказ на тое, што расейскія і беларускія перавозчыкі выкарыстоўвалі ўлічаныя ў Расеі і Беларусі прычэпы і паўпрычэпы ў абыход санкцыяў, якія раней зацьвердзілі супраць іх прадпрыемстваў[4]. 15 чэрвеня 2023 году Памежная ахова Польшчы паведаміла пра заканчэньне будоўлі 5-мэтровага плоту даўжынёй 206 км на беларуска-польскай мяжы. Яго ўзьвядзеньне пачалі ў студзені 2022 году ў сувязі зь міграцыйным крызісам 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу[5].

19 чэрвеня 2023 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 391, якой ад 3 ліпеня уводзіў забарону на перамяшчэньне па Беларусі ўлічаных у Польшчы прычэпаў і паўпрычэпаў, а таксама легкавікоў, што перавозілі грузы. Пры гэтым захоўваўся дазвол на ўезд польскіх прычэпаў і паўпрычэпаў у адмысловыя месцы для перагрузкі тавараў[6].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларуска-польская граніцасховішча мультымэдыйных матэрыялаў