Барбароў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Барбароў
лац. Barbaroŭ
Палац Горватаў у Барбарове
Палац Горватаў у Барбарове
Першыя згадкі: 1509 год
Былая назва: Бабічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Мазырскі
Сельсавет: Барбароўскі
Насельніцтва: 275 чал. (2009)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2351
Паштовы індэкс: 247760
СААТА: 3235804006
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°54′17″ пн. ш. 29°28′48″ у. д. / 51.90472° пн. ш. 29.48° у. д. / 51.90472; 29.48Каардынаты: 51°54′17″ пн. ш. 29°28′48″ у. д. / 51.90472° пн. ш. 29.48° у. д. / 51.90472; 29.48
Барбароў на мапе Беларусі ±
Барбароў
Барбароў
Барбароў
Барбароў
Барбароў
Барбароў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Барбаро́ў[2] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Прыпяці. Цэнтар сельсавету Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2009 год — 275 чалавек. Знаходзіцца за 27 км на паўднёвы захад ад чыгуначнай станцыі Міхалкі (лінія Каленкавічы — Оўруч), на аўтамабільнай дарозе Мазыр — Нароўля. Рачная прыстань.

Барбароў — старажытнае сяло, пазьней маёнтак і мястэчка Бабічы гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі. Апісваючы паселішчы Беларускага Палесься, Адам Кіркор зазначыў наяўнасьць у мястэчку руінаў вялікага замку зь вежамі, валамі і равамі[3]. Да нашага часу тут захаваліся рэшткі палацава-паркавага комплексу паноў Горватаў, помніка архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодзьдзя, часткова зруйнаванага за савецкім часам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Бабічы датаваны 20 траўня 1509 году[a]:

Жикгимонт, Божю м(и)л(о)стю корол полскии и великии княз лит(овскии)_Билъ намъ чоломъ дворанинъ нашъ Александро Богданович Гостьскии и просил в нас села в Мозыръском повете на имя Бабич, а поведалъ намъ штожъ деи тое село выпустошоно отъ поганъства татаръ и от того здрадъци нашого Глинского._Ино мы тое село Бабичы з людми и со въсимъ с тымъ, какъ на насъ держано, ему дали до нашее воли...

А 20 сьнежня т. г. манарх падараваў сяло Бабічы пану А. Госцкаму «на вечнасьць»[5].

Герб Карыбут роду Збараскіх.
Бабічы ў «Апісаньні Мазырскага замку». 1552 г.

У апісаньні воласьці Мазырскага замку 1552 году сказана, што ў Загальскай нядзелі[b] 30 чалавек сяла Бабічы, якое належала князю Збараскаму[c], вось ужо 20 гадоў, як перасталі выконваць замкавыя павіннасьці[6].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[7]. Бабічы ў складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, былі выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва.

Януш Збараскі, фрагмэнт карціны Я. Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам».
Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам» 1872 г.

У кнігах судовых Брацлаўскага ваяводзтва захаваўся кіеўскі дэкрэт ад 26 ліпеня 1604 году, складзены паводле скаргі князя Януша Збараскага на пана Лукаша Сапегу, людзі якога забралі авечак, быдла і іншае дабро ў бабіцкіх падданых пацярпелага. У сваю чаргу Л. Сапега у лісьце да стрыечнага брата канцлера вялікага літоўскага Льва Сапегі, датаваным 8-м сакавіка 1606 году, паведаміў, як 28 лютага, за некалькі дзён да яго прыезду, слуга пана ваяводы брацлаўскага путны баярын Мазырскага павету Філон Міцкевіч зь нейкім Арлоўскім і ўраднікам бабіцкім Цыпрыянам Лебядзеўскім, узяўшы з сабой каля 30 баяраў альбо казакоў, напалі на яго падданых антонаўскіх, калі тыя вярталіся з кірмашу, адныя зь мястэчка Норынску, іншыя — з Оўруча. 6 чалавек люта зранілі, рукі і ногі паабцінаўшы, яшчэ двух з ручніц пастралялі, зь іх адзін, што даехаў да Антонава, 3 сакавіка памёр; усіх дашчэнту абрабавалі. Дадаў, што і дагэтуль «адважныя рыцары» жывуць у Бабічах і, далучыўшы да сябе сялян бабіцкіх, працягваюць пільнаваць на дарогах слуг і падданых Сапегі, каб гвалт учыніць, а праз тое і яго асобу зьняважыць[8]. 7 траўня 1607 году князь Януш Збараскі, ваявода брацлаўскі, падаў скаргу ў Кіеўскі гродзкі суд на панства Лукаша і Зофію з Кмітаў[d] Сапегаў, уладальнікаў Чарнобыльскіх добраў, за абрабаваньне яго бабіцкіх падданых і невыкананьне дэкрэту аб пакараньні вінаватых[e].

Герб Бібэрштайн роду Казімерскіх біскупа Крыштафа.

25 траўня 1607 году князь Януш у тым жа судзе запісаў добры Бабічы і Слабодку Кіеўскай рымскай катэдры. 21 жніўня 1609 году кіеўскі біскуп Крыштаф Казімерскі з усёй капітулай падаў скаргу на Лукаша і Зофію Сапегаў за насланьне імі падданых з добраў сваіх Чарнобыльскіх і з Антонаўкі на маёнтак касьцёльны Бабічы, дзедзічна ад князёў Збараскіх запісаны, і адабраньне азёраў Тонкі, Лютэц, Старая Рэчка ў людзей бабіцкіх. 11 чэрвеня 1618 году біскуп Крыштаф і капітула нарэшце пагадзіліся з сужэнствам Сапегамі адносна грунту Вялікі Востраў, што ляжаў паміж касьцёльнымі Бабічамі і панскімі Вербкавічамі[9].

На мапе ВКЛ і сумежных рэгіёнаў 1613 г. Babica — сяло з панскай сядзібай альбо замкам[f] (у легэндзе да мапы — pagus cum domo nobilis).

Паселішча Бабіца прысутнае на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1613 году і іншых, нярэдка вытворных ад яе, мапах XVII — XVIII стст. Аднак, на францускай мапе 1685 году яно пазначана нібы ў Рэчыцкім павеце (тэрыторыі), хоць, як і належыць, — на правабярэжжы Прыпяці, недалёка ад Мазыра[10].

Шматразова згаданыя Бабічы за часоў «хмяльніччыны». З запісаў у абозным дзёньніку польнага гетмана ВКЛ князя Януша Радзівіла вядома, што 11 чэрвеня 1649 году палонны казак Мацьвей Шумейка, схоплены дома ў Брагіне, паведаміў на допыце пра казацкі загон блізка ў тысячу чалавек, што перапраўляўся праз Прыпяць каля Кажушак ці да Бабічаў, ці яшчэ куды. 29 чэрвеня сотнік Януш Рэймашэўскі, другі год сярод казакоў быўшы, званы імі Іванам Бугаём, сьведчыў, што каля пераправы ў Бабічах стаяла войска нібыта ў 25 000 казакоў; замест Ільлі Галоты, забітага пад Загальлем 17 чэрвеня, палкоўнікам там — Грышай (інакш — Грышко Грыгаровіч), ён жа — Рыгор Галота, брат наказнога гэтмана, нябожчыка Ільлі. На працягу тыдню Р. Галота наводзіў жорсткую дысцыпліну, павыганяўшы з войска марадзёраў і рабаўнікоў зь ліку мясцовых сялянаў і мяшчанаў мазырскіх[11]. У ліпені невядомы казак, схоплены пад Загальлем, паказаў, што ў дапамогу І. Галоце гэтманам Багданам Хмяльніцкім быў пасланы нехта Пеняк з Канеўскім і Кіеўскім палкамі, у якіх разам з чарнобыльцамі недзе 18 000 чалавек. Той палкоўнік Пеняк мусіў узяць з сабой артылерыю, што была ў Трахтэміраве, а Прыпяць перайсьці каля Бабічаў. 26 ліпеня Улас з Астраглядавічаў, год таму пайшоўшы ваяваць, падаў зьвестку, што пад Лоевам палкоўнікам зараз Падабайла, а ў Бабічах – кіеўскі і чарнобыльскі палкоўнікі, імёнаў якіх ён ня ведае. Жыхар брагінскага сяла Хатучы Максім засьведчыў, што сам з казакамі ня быў, але 5 казакоў, забраўшы ў іх коней, накіроўваліся да Бабічаў, дзе зьбіралі свае сілы. Езьдзілі па двое, па трое па сёлах, бунтуючы воласьці на казацкую вайну[12].

Бабіца, Астраглядавічы і Брагін на мапе Алексіса Жубэра Жаліё. Парыж, 1685 г.

19 сакавіка 1651 году князь Я. Радзівіл выправіў да Бабічаў пана Сямёна Паўшу, прыдаўшы да яго мазырскага палку казацкія харугвы паноў Пагірскага і Паўловіча, драгунскія кампаніі капітана Вэхмана і паручніка Эльшніца, забясьпечыўшы дзьвюма бочкамі пораху і 100 фунтамі сьвінца. 20 сакавіка С. Паўша пісаў князю-гэтману, а таксама пану ротмістру Курпскаму, пасланаму да Хвойнікаў, што названым адзьдзелам, лепш сабрацца ў Бабічах, не разьдзяляючыся, каб стаць тут больш моцнай і трывалай старожай. 10 красавіка князю Я. Радзівілу дасланы ліст С. Паўшы з паведамленьнем, што паводле зьвесткі ягонага чалядніка ў розных мясьцінах гаротны плебс бунтуе і калі б не было ў Оўручы, Бабічах ды Хвойніках якіх ня ёсьць войскаў, дык бы і тыя краі пабунтаваліся. 24 траўня казак Чарнігаўскага палку Шчыгаловіч, узяты ў палон пад Хвойнікамі 20 траўня, засьведчыў, што ў Чарнобылі тамтэйшы палкоўнік Місько (Міхайла) Паповіч сабраў 5 000 чалавек ды чакае дапамогу яшчэ з Кіеўскага палку, каб рушыць на Бабічы. У чэрвені 1651 г. князь Я. Радзівіл у лісьце да полацкага ваяводы Януша Кішкі паведаміў пра свой загад вайсковым людзям у Бабічах разьбіць казацкі полк, што стаяў за 4 мілі ад таго мястэчка[13].

Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

Як тое падаў у сваёй прамэморыі расейскі генэрал-губэрнатар у Кіеве, 12 траўня 1751 году пан Багуслаў Аскерка паведаміў пра напад на Бабічы гайдамакаў зь ліку «не... запорожских казаков, но... пограничных малороссиян»[14].

Пастанова Генэральнай Канфэдэрацыі Кароны і ВКЛ на канвакацыі Варшаўскай 1764 г.[15]
Прысьвячэньне Барбары з Ракіцкіх, складзенае мужам Янам Аскеркам[g].
Караль Прозар з Хвойнікаў, Казімер Аскерка з Скрыгалава і Міхал Паўша зь Лісьцьвіна кумамі ў Барбарове. 1790 г.

24-м верасьня 1761 году датаваны фундуш пана Рафала Аскеркі уніяцкай царкве Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Бабічах[16]. Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаньнем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету. Бабічы побач з Антонавам, Мухаедамі, Угламі, Галоўчыцамі, Карповічамі не названыя, але, імаверна, яны былі сярод тых, што разумеліся ў фразе «y dalszemi wszystkiemi attynencyami»[17].

Назва Барбароў маёнтку і мястэчку стражніка польнага ВКЛ Яна Мікалая Аскеркі, сына Рафала Алаізія, нададзена ў гонар жонкі Барбары з Ракіцкіх яшчэ пры яе жыцьці; ня выйшла з ужытку і старая назва Бабічы. У 1779 годзе, на сродкі ўладальніка, прыхаджанамі ўзьведзены новы драўляны на цагляным падмурку будынак Усьпенскай царквы[18]. 1 днём траўня 1785 году пазначаны фундуш панства Яна і Барбары Аскеркаў царкве[16]. 29-м траўня таго году датаваная і першая вядомая пакуль што згадка пра oppidum Barbarow. У мэтрычных кнігах Юравіцкага касьцёлу ёсьць запіс пра тое, што ў канцы 1790 году ў мястэчку Барбарове пры зьдзяйсьненьні таямніцы хросту сына сужэнцаў Антонія і Тэрэзы (з Крывінскіх) Клішэўскіх, тамтэйшых адміністратараў, у трох парах кумоў прысутныя былі вялікі абозны ВКЛ Караль Прозар з Хвойнікаў, мазырскі маршалак Казімер Аскерка з Скрыгалава, оўруцкі земскі судзьдзя Міхал Паўша зь Лісьцьвіна[19].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мястэчка Барбароў альбо Бабічы і фальварак Бабіцкі на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Герб Побуг роду Горватаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Барбароў апынуўся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні. За ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году маёнтак Барбароў з 1396 душамі быў сканфіскаваны ў Мікалая Аскеркі[20] і перададзены былому паслу Расеі ў Рэчы Паспалітай Якаву Сіверсу. У тым жа годзе мясцовая царква пераведзена з уніі ў маскоўскае праваслаўе. На 1795 год у Барбарове налічвалася 85 двароў[4]. 30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста[h], Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага. Грунты прылегласьці Barborowszczyzny Кажушак у тым дакумэнце ў чарговы раз разьмяжоўваліся з угодзьдзямі хвойніцкіх Навасёлак, а таксама Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[21]. А. фон Гольст валодаў Барбаровам яшчэ і ў 1811 годзе, калі, паводле адпаведнай рэвізіі, у яго двары пражываў шляхетны Якуб, сын Андрэя, Бікінг[22]. Пасьля гэты маёнтак, у шэрагу іншых, набыў судзьдзя гранічны Рэчыцкага павету Ігнацы, сын Тадэвуша, Горват[23]. У 1821 годзе тут адкрылася школа для дзяцей сялянаў[4]. Каля 1826 году Барбароў атрымаў у спадчыну Аляксандар, сына Ігнацыя, Горват.

Барбароў у паўстаньні 1831 г.

10 чэрвеня 1831 году, калі праз маёнтак Барбароў пана А. Горвата праходзіў невялічкі паўстацкі адзьдзел Фелікса Кеневіча, да яго далучыліся 12 чалавек — 5 з шляхты і 7 валасьцянаў[24].

На 1833 год працавалі карчма, 4 вадзяныя млыны і паромная пераправа. У 1834 годзе у вёсцы налічваўся 91 двор. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя на беразе ракі сфармавалася сядзіба — палац (не захаваўся), флігель і пэйзажны парк (5 дзесяцінаў). Дзейнічала каталіцкая капліца[4]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 369 жыхароў сяла Барбароў альбо Бабічы абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Усьпенскай царквы, а 4 асобы з двара Бабічы, 16 з маёнтку Барбароў і 9 зь мястэчка Барбароў былі вернымі парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Кімбараўцы[25].

Барбароў на мапе Ф. Шубэрта. Сярэдзіна XIX ст.

У парэформавы пэрыяд Барбароў належаў да Нараўлянскай воласьці Рэчыцкага павету. У 1863 годзе ў мястэчку адкрытая школа, якая месьцілася ў сялянскай хаце. Праз Барбароў праходзілі гасьцінцы зь Міхалкаў у Чарнобыль і Хвойнікі[4]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Усьпенскай царквы ў Барбарове названыя настаяцель а. Сава Сулкоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Юліян Прорвіч, просьфірня Ганна Турцэвіч[26]. На 1879 год прыход Усьпенскай царквы, да якога, акрамя мястэчка, належалі дзевяць паселішчаў, налічваў 742 душы мужчынскага і 786 жаночага полу верных[16]. У 1886 годзе ў Барбарове было 33 двары, 226 жыхароў[27]. Уладальнікам маёнтку Барбароў з 10 562 дзесяцінамі ўгодзьдзяў у даведніку 1889 году яшчэ названы Аляксандар, сын Ігнацыя, Горват[28].

Аляксандар Горват з жонкай Ядвігай Красіцкай і з дачкой Марыяй. Фота да 1917 г.

Паводле перапісу 1897 году ў Барбарове — 108 двароў, хлебазапасны магазын, 2 крамы. Побач знаходзіліся аднайменныя фальваркі, у якіх 16 двароў з 82 жыхарамі, сядзіба з броварам. Апрача земляробства і сплава лесу, жыхары займаліся бандарным рамяством[4]. У 1913 (1911) годзе уладальнікам маёнтку Барбароў у 10 222 дзесяцін быў Аляксандар, сын Аляксандра, Горват[29]. У 1912 годзе тутэйшая вінакурня сіламі паравога рухавіка і 8 работнікаў вырабляла прадукцыі на 19 303 рублі[30].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Барбароў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісання Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Барбароў у складзе Нараўлянскай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[31].

Барбароў на мапе 1924 г.

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Барбароў увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. У 1924 годзе мястэчка вярнулі БССР, дзе 20 жніўня яно стала цэнтрам сельсавету Нараўлянскага раёну Мазырскай акругі. Статус паселішча панізілі да вёскі. Тады на былых фальваркавых землях арганізаваны калгас «Серп і молат», у 1930 годзе — калгас «Новы Барбароў», працавалі дзьве кузьні[4]. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў навакольлях Барбарова дзейнічаў славацкі партызанскі адзьдзел, байцы якога раней прымусова ваявалі на баку Нямеччыны. Ад германскіх акупантаў паселішча вызвалена 11 студзеня 1944 году. На франтах загінулі 68 вяскоўцаў.

З 8 студзеня 1954 году Барбароў — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы налічвалася 520 жыхароў. Тут месьціўся цэнтр калгасу «Серп і молат», дзейнічалі цагельня, камбінат бытавога абслугоўваньня, няпоўная сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячыя ясьлі-сад, адзьдзяленьне сувязі[4]. Ад 19 верасьня 1963 году паселішча — у Мазырскім раёне.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1886 год — 226 чал.; 1897 год — 584 чал. у мястэчку Барбарове, 82 чал. у фальварках
  • XX стагодзьдзе: 1959 год — 520 чал.; 1990 год — 334 чал.[32]; 1995 год — 563 чал.[33]; 1999 год — 240 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 261 чал.[4]; 2009 год — 275 чал.[1] (перапіс)

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Барбарове працуюць базавая школа, дашкольная ўстанова, фэльчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Барбарова складаецца з простай, бессыстэмна забудаванай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Міхаіл Мацэпура (1908—1972) — навуковец у галіне мэханізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Не 1432 г., як пісаў С. В. Марцэлеў[4]
  2. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці (Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190).
  3. ^ Напэўна, – Юрыю, сыну Андрэя.
  4. ^ Дачка пана Філона Сямёнавіча Кміты, ваяводы смаленскага.
  5. ^ Раней запатрабаваў баніцыі Лукаша Сапегі, дзеля чаго той і зьвяртаўся да канцлера, маўляў, — дык дзе ж справядлівасьць?..
  6. ^ Менавіта так, замак, бо ў тагачаснай традыцыі неўмацаваная панская сядзіба — non-sens.
  7. ^ Крыпта былога касьцёлу Сьвятога Міхала Арханёла ў Мазыры.
  8. ^ Тут выкарыстана копія гранічнага дакумэнту, перааформленая ў Мазыры 13 сьнежня 1809 г., імаверна, для А. фон Гольста, бо разьмежаваньне праводзілася, калі маёнткам валодаў Я. Сівэрс; засьведчана подпісам менскага віцэ-губэрнатара С. Бэнэволенскага.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гомельская вобласьць, Перапіс насельніцтва Беларусі (2009)
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 232.
  3. ^ Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года. — Минск: БЭ, 1993. С. 381
  4. ^ а б в г д е ё ж з Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 89 – 90
  5. ^ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). / A. Baliulis ir kt.- Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. № 434, 464
  6. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 644
  7. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
  8. ^ Archiwum domu Sapiehów. T. I. Listy z lat 1575 – 1606. / Opracował dr. A. Prochaska. – Lwów, 1892. S. 484 – 486
  9. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 104, 124, 152, 278, 471
  10. ^ Гл.: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013
  11. ^ Чаропка С. Палесьсе ў полымі войнаў сярэдзіны XVII ст. // ARCHE. — 2011. № 3 (102). С. 23
  12. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. (далей: Джерела) Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 241, 242, 243, 264, 265, 267, 268, 273, 274, 292, 293, 296, 306
  13. ^ Джерела. Т. 2 (1650-1651). — Київ, 2013. С. 161, 371, 372, 408, 409, 433, 572
  14. ^ Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. Том 2. С середины XVII до конца XVIII века, до воссоединения с Россией / Под ред. А. И. Азарова, А. М. Карпачева, Е. И. Корнейчик. – Минск: Издательство Академии наук БССР, 1960. С. 398
  15. ^ Konfederacya Generalna omnium ordinum Regni et Magni Ducatus Lituaniae na Konwokacyi Głowney Warszawskiey uchwalona, dnia siodmego miesiąca maja, roku Pańskiego tysiącznego siedmsetnego szesćdziesiątego czwartego. (Konstytucye Wielkiego Xięstwa Litewskiego…)
  16. ^ а б в Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 16—19
  17. ^ Volumina Legum. Tom VII. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1860. S. 87
  18. ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 295
  19. ^ НГАБ у Менску. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 60. А. 31адв., 38
  20. ^ Радзюк А. Р. Пад скіпетрам Расейскай імперыі… — Гародня-Кракаў, 2017. С. 33
  21. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 12. S. 17–24
  22. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 6
  23. ^ Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар / А. Р. Раюк // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Сер. А. Гуманіт. навукі (гісторыя, філасофія, філалогія). — 2021. — Вып. 2. — С. 24—28
  24. ^ Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. — Warszawa, 1925. Tom II. S. 53—54
  25. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 425, 721
  26. ^ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1876. № 10. С. 462
  27. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
  28. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 366
  29. ^ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 107 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  30. ^ Список фабрик и заводов Российской империи. / Под ред. В. Е. Варзара. – С.-Петербург, 1912. Гр. XIб. С. 194
  31. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  32. ^ ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 306.
  33. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 303.
  34. ^ Jelski A. Barbarów // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 105.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]