Гісторыя Петрыкава
Петрыкаў — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны (частка Меншчыны), на ўсходзе Палесься.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выяўленае археолягамі селішча VI — VII стст. сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці. У пісьмовых крыніцах Петрыкаў (Петрыкавічы) упершыню ўпамінаецца ў ХV ст., калі паселішча ўваходзіла ў склад Слуцкага княства і знаходзілася ў валоданьні Алелькавічаў[1]. У 2-й пал. ХVI ст. мясьціна далучылася да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1523 Петрыкаў атрымаў статус мястэчка. Алелькавічы збудавалі тут замак, зьнішчаны ў 1535 маскоўскімі захопнікамі (пазьней адноўлены). У 1595 мястэчка разрабавалі казацкія загоны Налівайкі.
У пач. XVII ст. Петрыкаў перайшоў у валоданьне Хадкевічаў. У 1638 К. Хадкевіч збудаваў у мястэчку касьцёл. У 1649 казакі Б. Хмяльніцкага захапілі Петрыкаў і зьнішчылі каталіцкую сьвятыню. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 у замку стаяла залога з навакольнай шляхты і мяшчанаў, у 1664 — ня вытрымаў аблогі і на пэўны час трапіў у рукі казакаў. Паводле інвэнтару 1700 году ў мястэчку быў 21 дым.
У XVIII ст. у Петрыкаве быў разьвіты шавецкі промысел і выраб аўчынаў. У 1772 тут збудавалі царкву Сьвятога Міколы. 16 кастрычніка 1776 Хадкевічы атрымалі ад караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага прывілей на правядзеньне ў мястэчку вялікіх кірмашоў два разы на год — 20 ліпеня на сьвята Сьвятога Ільлі паводле каталіцкага календара і 1 кастрычніка на сьвята Покрыва паводле праваслаўнага календара.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Петрыкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. На 1795 у мястэчку было 272, на 1811 — 375 двароў. Тракт зьвязваў Петрыкаў зь Піншчынай, працавала паштовая станцыя. У 1816 у мястэчку збудавалі драўляную царкву Ўваскрэшаньня Хрыстова, у 1830 — мураваную Сьвятога Мікалая. У 1836 на могілкі зь вёскі Сотнічы перанесьлі драўляную царкву. Згодна з пастановай Сэнату ў 1848 жыхарам Петрыкава вярнулі статус мяшчанаў. З мэтаю маскалізацыя краю ў 1864 расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. На 1866 у мястэчку было 530 двароў, дзейнічалі 3 царквы і 2 сынагогі, працавалі 2 вадзяныя млыны, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. У 1877 пачала працаваць друкарня. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Петрыкаве было 1006 двароў, дзейнічалі 2 царквы, каліца, касьцёл і 3 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2 пачатковыя школы, лякарня, аптэка, пошта, 134 крамы, вяртак, 2 майстэрні апрацоўкі скуры, 3 карчмы, вінны магазын, прыстань, паромная пераправа. У склад мястэчка ўваходзілі сядзіба і вёскі Каленікі і Сялко. Жыхары займаліся будаваньнем барак і лодак, вырабам абутку, які прадаваўся на кірмашах і развозіўся ў суседнія вёскі. Улетку 1918 Петрыкаў занялі нямецкія войскі, у гэты час тут дзейнічаў партызанскі аддзел пад камандаю В. Талаша. У сакавіку — ліпені 1920 мястэчка займалі польскія войскі, 8 лістапада 1920 — аддзелы С. Булак-Балаховіча.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Петрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну[2]. 17 ліпеня 1924 Петрыкаў стаў цэнтрам раёну, а 3 ліпеня 1925 атрымаў статус места. На 1925 тут было 1063 двары, аграпункт і лясьніцтва, дзейнічала рамеснае таварыства. У міжваенны час у Петрыкаве працавалі цагельня (з 1932), паравы млын зь лесапільняй (з 1926), кравецкая (з 1928), шавецкая (з 1926) і суднабудаўнічая (з 1927) майстэрні, хлебапякарня (з 1928), 2 кузьні, ваўначоска, лясная і рыбная гаспадаркі. У Другую сусьветную вайну з 29 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1974 да Петрыкава далучылі вёскі Чырвоны Агароднік і Белкі. 13 кастрычніка 2001 адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла пад тытулам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Пане Марыі[3].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 428.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Петрыкаў — парафія Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Пане Марыі на Catholic.by
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя Петрыкава — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў