Леў I (папа рымскі)
па-лацінску: Leo PP. I | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 390 |
Памёр | 11 лістапада 461 або 10 лістапада 461[1] |
Пахаваны | |
Дэнамінацыя | хрысьціянства[2] |
Заняткі | пісьменьнік, каталіцкі сьвятар |
Дзень памяці | 10 лістапада[3] |
Сьвяціцель Леў I Вялікі (па-лацінску: Leo PP. I; 390 — 10 лістапада 461) — папа рымскі з 29 верасьня 440 году да 10 лістапада 461 году. Дні памяці — 18 лютага, 12 лістапада. Леў быў рымскім арыстакратам і першым папам, якога называлі Вялікім. Вядомы тым, што ў 452 годзе сустрэўся з Атылам і пераканаў яго адступіць пасьля ўварваньня ў Італію. Ён таксама ёсьць доктарам Касьцёлу, найбольш вядомы з тэалягічнага пункту гледжаньня за выданьне «Томасу да Флявіяна», дакумэнта, які стаў асновай дэбатаў Халькідонскага сабору, то бок чацьвертага сусьветнага сабору. Гэтая сустрэча датычылася перш за ўсё хрысталёгіі і высьвятляла праваслаўнае вызначэньне існасьці Хрыста як іпастаснага зьвязу дзьвюх прыродаў, боскай і чалавечай, аб’яднаных у адной асобе. Таксама ўнёс значны ўнёсак у разьвіцьцё ідэяў папскай улады.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньняе жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з «Кнігай пантыфікаў», ён быў ураджэнцам Тасканы. Да 431 году меў чын дыякана, але быў дастаткова вядомы па-за межамі Рыму. Гэтак Ян Касіян прысьвяціў яму трактат супраць Нэсторыюса, напісаны на замову Лява. Прыблізна ў гэты час Кірыл Александрыйскі зьвярнуўся ў Рым з нагоды спрэчкі аб юрысдыкцыі зь Ювэналем Ерусалімскім, але не зусім зразумела, ці прызначаўся гэты ліст Ляву ў якасьці арцыдыякана[4] або беспасярэдне папу Цэлестыну I. Бліжэй да канца пантыфікату папы Сыкста III Леў быў накіраваны на просьбу імпэратара Валентыніяна III урэгуляваць спрэчку паміж Аэцыюсам, адным з галоўных вайскаводаў Галіі, і галоўным магістратам Альбінам. Дасьледнік Ёган Пэтэр Кірш разглядае гэтае даручэньне як доказ даверу, які меў імпэратар да здольнага дыякана[5].
Пантыфікат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За часам адсутнасьці Лява ў Галіі папа Сыкст III памёр 11 жніўня 440 году. 29 верасьня Леў быў аднагалосна абраны народам ягоным пераемнікам[5]. Неўзабаве пасьля ўзрушэньня на папскі сталец Леў даведаўся, што ў Аквілеі пэлягіяне былі прынятыя ў царкоўную грамаду без фармальнага адрачэньня ад сваёй гарэзіі. Ён асудзіў гэту практыку і загадаў зладзіць правінцыйны сынод, на якім ад былых пэлягіянаў патрабавалася адназначнае адрачэньне ад сваіх былых догмаў[5].
Леў сьцьвярджаў, што маніхейцы, якія, магчыма, зьбеглі з вандальскай Афрыкі, прыбылі ў Рым і таемна стварылі сваю суполку[6]. У канцы 443 году ён выступіў з сэрыяй пропаведзяў, асуджаючы маніхейцаў і заклікаючы рымлянаў выкрываць падазраваных у гарэзіі і інфармаваць аб гэтым сваіх сьвятароў[7]. У рэшце рэшт, падазраваных гарэтыкаў прыцягнулі да суда, і, верагодна, пад катаваньнямі яны прызналіся ў розных злачынствах[8]. У пачатку 444 году Леў абвесьціў біскупам Італіі, што маніхейства ў Рыме было вынішчанае[9]. Паводле словаў ягонага сучасьніка Праспэра Аквітанскага, Леў выкрыў маніхейцаў і спаліў іхныя кнігі[10]. Гэтак жа цьвёрда папа ставіўся да секты прысцыліянаў. Біскуп Турыбіюс з Асторгі, зьдзіўлены распаўсюдам дзейнасьці секты ў Гішпаніі, зьвярнуўся з гэтай тэмай да іншых гішпанскіх біскупаў, даслаўшы копію свайго ліста Ляву, які скарыстаўся магчымасьцю, каб напісаць пашыраны трактат у 447 годзе, выступіўшы супраць секты і дэталёва дасьледаваўшы ейнае ілжэвучэньне і заклікаўшы генэральны сабор у Гішпаніі выкрыць прыхільнікаў секты у эпіскапаце.
Леў займаўся дабрачыннымі справамі ў Рыме, які быў ахоплены голадам, наплывам уцекачоў і беднасьцю. Акрамя таго, ён павязаў практыку посту з дабрачыннасьцю і міласьцінай[4]. Менавіта за час ягонага папства сам тэрмін «папа», які раней азначаў любога біскупа, стаў выключна стасавацца толькі да біскупа Рыму[11].
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Леў памёр 10 лістапада 461 году, і, паколькі ён жадаў быць пахаваны як мага бліжэй да магілы сьвятога Пятра, ягонае цела было зьмешчанае ў портыку старой Базылікі сьвятога Пятра[12], стаўшы першым папам пахаваным у гэтай царкве[12]. У 688 годзе папа Сэргіюш I загадаў перанесьці парэшткі Лява ў паўднёвы трансэпт базылікі. Відавочна, гэты перанос быў абумоўлены вялікай колькасьцю пахаваньняў пазьнейшых папаў, якія зацянялі вядомасьць, якую, на думку Сэргіюша, мусіла была мець магіла Лява[13].
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Захавалася амаль 100 пропаведзяў і 150 лістоў Лява I.
«Томас да Флявіяна»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Другім Эфэскім саборы ў 449 годзе прадстаўнікі Лява перадалі ягоны знакаміты «Томас да Флявіяна»[14]. Гэты твор уяўляў сабою выклад веры рымскай царквы ў форме ліста, адрасаванага канстантынопальскаму арцыбіскупу Флявіяну. У ім паўтараецца форма заходняй хрысталёгіі, якая была сфармуляваная Аўгустынам. Аднак, на саборы ліст ня быў прачытаны, не зважаючы на пратэсты легатаў Лява. Гэта была адной з прычынаў таго, што сабор аніколі ня быў прызнаны экуменічным, а пазьней быў адхілены Халькідонскім саборам. На тым жа пазьнейшым саборы, гэты ліст зноў быў прадстаўлены як разьвязаньне хрысталягічных спрэчак, якія меліся паміж усходняй і захадняй часткамі царквы[15].
Халькідонскі сабор
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку канфлікту Эўтыхі зьвярнуўся да Лява і накінуўся з асуджэньнем на Флявіяна, але, атрымаўшы вычарпальную інфармацыю ад Флявіяна, Леў рашуча стаў на ягоны бок. Ён запатрабаваў ад імпэратара зладзіць у Італіі сусьветны сабор, і праз пэўны час на рымскім сынодзе ў кастрычніку 449 году адхіліў усе рашэньні разбойніцкага сыноду, якім быў названы Другі Эфэскі сабор. У сваіх лістах да імпэратара ды іншых асобаў Леў патрабаваў адлучэньня Эўтыха як маніхейца і дакетыка-гарэтыка. Халькідонскі сабор 451 году адхіліў гарэзію Эўтыха, які адмаўляў сапраўдную чалавечую прыроду Хрыста, і зацьвердзіў канцэпцыю ад злучэньні ў адной асобе, без зьмяшаньня і падзелу, дзьвюх прыродаў, чалавечай і боскай.
Вучэньне аб Хрыстосе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творы Лява, як то ягоныя пропаведзі і лісты, пераважна тычацца багаслоўскіх пытаньняў, павязаных на асобе Ісуса Хрыстоса і ягонай ролі пасярэдніка і выратавальніка, што часткова зьвязана з Халькідонскім саборам, на якім рымскія легаты прадстаўлялі пазыцыю папы. У далейшым праз шматлікія лісты да біскупаў і родзічаў імпэратарскай сям’і Леў няспынна працаваў дзеля распаўсюду і паўсюднага прыняцьця веры ў Хрыста, якая была зацьверджаная на Халькідонскім саборы, асабліва ва ўсходняй частцы Рымскай імпэрыі. Леў абараняў як сапраўдную боскасьць, гэтак і сапраўдную чалавечнасьць Хрыстоса ад гарэзьлівай аднабаковасьці.
Ён таксама закранаў гэтую тэму ў многіх сваіх пропаведзях і з гадамі разьвіў уласныя арыгінальныя канцэпцыі. Цэнтральнай ідэяй, вакол якой папа паглыбляўся і тлумачыў сваю тэалёгію, ёсьць прысутнасць Хрыстоса ў Касьцёле, у прыватнасьці ў вучэньні і пропаведзі веры, у літургіі, у жыцьці асобнага верніка і Касьцёла агулам, асабліва на саборах.
Леў і Атыла
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля невырашальнага выніку бітвы на Каталяўнскіх палях 451 году Атыла ўварваўся ў Італію ў наступным годзе, разрабаваўшы такія гарады, як Аквілея, і накіраваўся да Рыму. Ён нібыта запатрабаваў, каб яму даслалі сястру кіроўнага імпэратара Валентыніяна III з пасагам. У адказ імпэратар накіраваў дзеля перамоваў з Атылам трох паслоў, як то Генадзя Авіена, аднаго з консулаў 450 году, Мэміюса Эміліюса Трыгецыюса, былога гарадзкога прэфэкта, і Лява. Пра асаблівасьці перамоваў, у выніку якіх Атыла адступіў, сёньня мала вядома. Большасьць старажытных і сярэднявечных гісторыкаў адзначалі ўплыў Лява, аддаючы яму ўсе заслугі ў гэтым пасьпяховым пасольстве. Паводле словаў Праспэра Аквітанскага, які быў сучасьнікам гэтай падзеі, Атыла быў настолькі ўражаны Лявом, што адышоў[16]. Іншым блізкім сучасьнікам быў гісторык Прыск, які запісаў, што Атылу адгаварылі ад нападу на Рым ягоная ўласныя людзі, таму што яны баяліся, што ён падзеліць лёс вэстгоцкага караля Алярыха, які памёр неўзабаве пасьля разрабаваньня гораду ў 410 годзе[17]. Павал Дыякан у канцы VIII стагодзьдзя распавядаў, што велізарны мужчына, апрануты ў сьвятарскае адзензьне і ўзброены мячом, бачны толькі Атыле, пагражаў яму і ягонаму войску сьмерцю падчас размовы зь Лявом, і гэта прымусіла Атылу падпарадкавацца ягонай просьбе.
Пішучы ў пачатку XX стагодзьдзя, рэлігійны скептык Джон Багнэл Б’юры адзначаў, што сам факт выправы пасольства не выклікае сумневу. Высокія паслы наведалі лягер гунаў каля паўднёвага берага возера Гарда. Вядома таксама, што Атыла раптоўна адступіў. Б’юры падкрэсьлівае, што няма дакладных зьвестак наконт меркаваных прапановаў Атыле, якія змусілі яго сысьці, але неразумна меркаваць, што гэты паганскі кароль клапаціўся б пра грымоты або перакананьні Касьцёла. Імпэратар адмовіўся выдаць Ганорыю, і не зафіксавана зьвестак аб нейкіх грашовых выплатах гунам. Вартая даверу хроніка перадае іншую інфармацыю, якая не супярэчыць таму факту, што было накіраванае пасольства, але, відавочна, дае сапраўдныя прычыны, якія падштурхнулі Атылу прыхільна паставіцца да імпэратарскіх прадстаўнікоў. Б’юры мяркуе, што ў барбарскім войску пачалася чума, а таксама ў іх бракавала ежы, і ў той жа час з усходу прыбылі войскі, дасланыя Маркіянам на дапамогу Італіі. Б’юры настойвае, што менавіта гэта вымусіла Атылу адступіць. Але якія б умовы не былі прынятыя, кароль гунаў не рабіў выгляду, што складае адвечны мір. Пытаньне Ганорыі засталося нявырашаным, і ён прыгразіў, што прыедзе зноў і зробіць горшыя справы Італіі, калі яму не аддадуць жанчыну і належную частку імпэрскіх уладаньняў[18].
Заступніцтва Лява ня здолела прадухіліць разрабаваньне гораду каралём вандалаў Гайзэрыхам у 455 годзе, але забойствы і падпалы празь ягоны ўплыў зьменшыліся. Папа ды іншае духавенства выйшлі насустрач захопнікам, каб прасіць іх адмовіцца ад злачынстваў. У той час як вандалы рабавалі горад, гэты жэст, тым ня менш, не дапусьціў спаленьня Рыму і пакінуў базылікі сьвятога Пятра, сьвятога Паўла і сьвятога Яна некранутымі. Частка напалоханага насельніцтва гораду менавіта там шукала прытулку і знайшла яго. Пасьля Леў дапамагаў аднавіць Рым, у тым ліку парупіўшыся аб базыліцы сьвятога Пятра[19].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ BeWeB
- ^ Catholic-Hierarchy.org (анг.) — USA: 1990.
- ^ Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typica — Civitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 31.
- ^ а б Butler, Alban (1866). «St. Leo the Great, Pope». Butler’s Lives of the Saints. vol. IV.
- ^ а б в Kirsch, Johann Peter (1910). «Pope St. Leo I (the Great)». In Herbermann, Charles (ed.). Catholic Encyclopedia. Vol. 9. New York: Robert Appleton Company.
- ^ Cohen 2020. С. 156.
- ^ Cohen 2020. С. 139.
- ^ Cohen 2020. С. 152.
- ^ Cohen 2020. С. 153.
- ^ Cohen 2020. С. 140.
- ^ Asimov, Isaac (1967). «The Roman Empire». Houghton Mifflin: Boston. — С. 236.
- ^ а б Reardon 2004. С. 11.
- ^ Reardon 2004. С. 40.
- ^ «Philip Schaff: NPNF2-14. The Seven Ecumenical Councils». Christian Classics Ethereal Library.
- ^ «Extracts from the Acts: Session II (cont.)». The Nicene and Post-Nicene Fathers, 2nd series. Vol XIV edition by H.R. Percival. Medieval Sourcebook. Fordham University
- ^ «Medieval Sourcebook: Leo I and Attila». Fordham University.
- ^ Given, John (2014). «The Fragmentary History of Priscus: Attila, the Huns and the Roman Empire, AD 430-476». Merchantville, New Jersey: Evolution Publishing. — С. 107. — ISBN 978-1-935228-14-1.
- ^ Bury, J. B. (1923). «History of the Later Roman Empire». Macmillan. — С. 295—296.
- ^ Neil, Bronwen (2009). «Leo the Great». Routledge. — С. 49. — ISBN 978-0415394819.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Cohen, Samuel Nostra Civitas: Heresy, Charity, and Community in Fifth-century Rome. — Jahrbuch für Antike und Christentum, 2020. — ISBN 978-3-402-10717-1
- Reardon, Wendy J. The Deaths of the Popes: Comprehensive Accounts, Including Funerals, Burial Places and Epitaphs. — McFarland & Co., Publishers, 2004. — ISBN 978-0-7864-1527-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леў I. Catholic Encyclopedia