Базыліка Сьвятога Пятра
| Каталіцкая базыліка | |
Базыліка Сьвятога Пятра Basilica di San Pietro | |
| Краіна | Ватыкан |
| Пляц Сьвятога Пятра | Ватыкан[1] |
| Адрас | плошча сьвятога Пятра[d] |
| Каардынаты | 41°54′08″ пн. ш. 12°27′12″ у. д.HGЯO |
| Канфэсія | Каталіцтва |
| Эпархія | Рымская дыяцэзія[d] |
| Тып будынка | Катэдра |
| Архітэктурны стыль | Барока |
| Аўтар праекту | Данатэ Брамантэ, Антоніё Сангальлё Малодшы, Мікелянджэлё, Джакама да Ваньёля, Джакама дэльля Порта, Карлё Мадэрна, Джаваньні Лярэнца Бэрніні |
| Заснавальнік | Юліюс II |
| Дата заснаваньня | 18 красавіка 1506 |
| Будаваньне | 18 красавіка 1506—18 лістапада 1626 |
| Статус | частка аб’екту Сусьветнае спадчыны[d] |
| Сайт | Афіцыйны сайт |
Базыліка Сьвятога Пятра на мапе Ватыкану Базыліка Сьвятога Пятра | |
Базы́ліка Сьвято́га Пятра́ (італ. Basilica di San Pietro) — каталіцкая базыліка і найбуйнейшы будынак Ватыкану, які да апошняя часу лічыўся адным з найбольшых хрысьціянскіх храмаў у сьвеце. Гэты храм, таксама, — адна з чатырох патрыяршых базылікаў Рыму й цырыманіяльны цэнтар каталіцкай Царквы. Агульная вышыня храму складае 136 мэтраў. Паводле каталіцкай традыцыі, базыліка ёсьць месцам пахаваньня сьвятога Пятра, вярхоўнага сярод апосталаў Ісуса, а таксама першага біскупа Рыму. Магіла сьвятога Пятра, як лічыцца, знаходзіцца беспасярэдне пад высокім алтаром базылікі. З гэтае прычыны многія папы былі пахаваныя ў гэтым месцы з раньняга хрысьціянскага пэрыяду. Царква стаяла на гэтым месцы яшчэ з часоў рымскага імпэратара Канстантына Вялікага, то бок старая базыліка датуецца IV стагодзьдзем. Будаваньне цяперашняй базылікі пачалося 18 красавіка 1506 году й было завершанае 18 лістапада 1626 году[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Калісьці на тым месцы, дзе цяпер стаіць базыліка Сьвятога Пятра, разьмяшчаліся сады цырка Нэрону, дарэчы, ад яго застаўся абэліск з Геліёпалю, які да гэтага дня стаіць на пляцы ля будынку. Першая базыліка была пабудаваная ў 324 годзе, падчас панаваньня першага хрысьціянскага імпэратара Канстантына. Алтар храму быў разьмешчаны над магілай, у якой як лічыцца пахаваны Сьвяты Пётра, які прыняў у 66 годзе пакутніцкую сьмерць у цырку Нэрона. У другой базыліцы ў 800 годзе папа Леў III каранаваў Карла Вялікага Імпэратарам Захаду. Як і ўсе першыя цэрквы ў Рыме, і гэтая царква, і збудаваная пазьней мелі ўваход на ўсход і апсыду ў заходнім канцы храму[3]. З моманту пабудовы цяперашняй базылікі дзеля адрозьненьня гэтых двух будынкаў папярэдні будынак атрымаў назву Старая базыліка Сьвятога Пятра[4]. У XV стагодзьдзі базыліка, якая існавала ўжо адзінаццаць стагодзьдзяў, пагражала абрынуцца, і пры Мікалаю V яе пачалі пашыраць і перабудоўваць. Прычынай заняпаду былое тое, што рэзыдэнцыяй папаў у тыя часы быў Авіньён. Мікалай V замовіў працу над старым будынкам у Леона Батысты Альбэрці й Бэрнарда Расэліна, а таксама меў распрацаваны Расэліна плян цалкам новай базылікі альбо глыбокай мадыфікацыі старога будынку. Аднак пантыфікат гэтага папы быў перарваны палітычнымі праблемамі, і па сьмерці яго мала што было дасягнута. Кардынальна вырашыў гэтае пытаньне папа Юліюс II, які загадаў пабудаваць на месцы старажытнай базылікі велізарнае новае збудаваньне, якое павінна было зацямніць сабой як паганскія храмы, гэтак і існыя хрысьціянскія цэрквы, спрыяючы тым самым умацаваньню папскай дзяржавы й распаўсюджваньню ўплыву каталіцтва.

Амаль усе буйныя архітэктары Італіі па чарзе ўдзельнічалі ў праектаваньні й будаўніцтве базылікі Сьвятога Пятра. У 1506 годзе быў зацьверджаны праект архітэктара Даната Брамантэ, у адпаведнасьці зь якім пачалі ўзводзіць цэнтрычныя збудаваньні ў форме грэцкага крыжа, з роўнымі бакамі. Па сьмерці Брамантэ будаўніцтва ўзначаліў Рафаэль, які вярнуўся да традыцыйнай формы лацінскага крыжа, з падоўжаным чацьвертым бокам, затым Бальдасарэ Пэруццы, які спыніўся на цэнтрычным будынку, і Антоніё ды Сангальлё, выбраўшы базылікальную форму. Нарэшце, у 1546 годзе кіраўніцтва будаваньня было даручана Мікелянджэлё. Ён вярнуўся да ідэі цэнтральнакупальнага будынку, але ягоны праект прадугледжваў стварэньне шматкалённых уваходных портыкаў з усходняга боку. Усе апорныя канструкцыі Мікелянджэлё зрабіў больш масіўнымі й вылучыў галоўную прастору. Ён узьвёў барабан цэнтральнага купалу, але сам купал дабудоўвалі ўжо пасьля ягонай сьмерці ў 1564 годзе. Джакама дэльля Порта надаў яму больш выцягнутыя абрысы. З чатырох малых купалаў, прадугледжаных праектам Мікелянджэлё, архітэктар Джакама да Віньёля узьвёў толькі дзьве. У найбольшай ступені архітэктурныя формы менавіта ў тым выглядзе, як яны былі задуманы Мікелянджэлё, захаваліся з алтарнага заходняга боку.
На пачатку XVII стагодзьдзя на замову Паўла V архітэктар Карлё Мадэрна надтачыў усходнюю бакавіну крыжа — прыбудаваў да цэнтравога будынка трохнэфавую базылікальную частку, вярнуўшыся такім чынам да формы лацінскага крыжа, і пабудаваў фасад. У выніку купал апынуўся схаваным за фасадам, страціў сваё дамінуючае значэньне й успрымаецца толькі здалёк, зь вія дэля Канчыльяцыёне. Патрабаваўся пляц, які зьмяшчаў бы вялікую колькасьць вернікаў, якія сьцякаліся б да сьвятыні, каб атрымаць папскае добраслаўленьне альбо, каб прыняць удзел у рэлігійных сьвятах. Гэтую задачу выканаў Джаваньні Лярэнца Бэрніні, які стварыў у 1656—1667 гадох пляц перад базылікай — адзін з самых выдатных твораў сусьветнай горадабудаўнічай практыкі.
Фасад
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вышыня фасаду, пабудаванага архітэктарам Мадэрна, складае 45 мэтраў, шырыня — 115 м. Атык фасаду ўвенчвае велічэзныя, вышынёй 5,65 мэтраў, статуі Хрыста, Яна Хрысьціцеля і адзінаццаці апосталаў (акрамя апостала Пятра). З портыку пяць парталаў вядуць у базыліку. Створкі дзьвярэй цэнтральнага парталу былі выкананы ў сярэдзіне XV стагодзьдзя і паходзяць са старой базылікі. Насупраць гэтага парталу, над уваходам у портык, знаходзіцца ўслаўленая мазаіка Джота канца XIII стагодзьдзя «Навічэльля». Рэльефы ўскрайняга левага парталу, вядомай як «Брамы сьмерці», былі створаны ўжо ў 1949—1964 гадох вядомым скульптарам Джакама Манцу.
Пляц
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
На ўсход ад базылікі месьціцца пляц Сьвятога Пятра. Сучасная кампазыцыя пляца, створаная паміж 1656 і 1667 гадамі, ёсьць барочнай задумай Бэрніні, які пераўладкаваў месца, дзе ўжо ўзвышаўся эгіпецкі абэліск, разьмешчаны з пэўнай вынаходлівасьцю ў цэнтры адносна фасаду Мадэрна. Абэліск, вядомы як Сьведка, вышынёю 25,31 мэтраў і агульнай вышынёю 40 мэтраў разам з пастамэнтам і крыжам наверсе, ёсьць другім паводле велічыні з захаваных абэліскаў і адзіным, які заставаўся стаяць ад часу ягонага вывазу з Эгіпту і паўторнага ўсталяваньня ў цырку Нэрона ў 37 годзе, дзе, як лічыцца, ён быў сьведкам укрыжаваньня Сьвятога Пятра[5]. Ягоны перанос на цяперашняе месца на загад папы Сыкста V і з ініцыятывы Дамэніка Фантаны 28 верасьня 1586 году быў вельмі складанай апэрацыяй, якая ледзь ня скончылася катастрофай, калі мотузы, якія трымалі абэліск, пачалі дыміць ад церця. На шчасьце, гэтую праблему заўважыў Бэнэдэта Брэска, мараход з Сан-Рэма, і празь ягонае хуткае ўмяшальніцтва ягоны горад атрымаў прывілей штогод пастаўляць пальмавыя галінкі, якія выкарыстоўваюцца ў базыліцы на Вербную нядзелю[6].

Іншым аб’ектам на старым пляцы, зь якім Бэрніні давялося змагацца, быў вялікі фантан, спраектаваны Мадэрна ў 1613 годзе і разьмешчаны збоку ад абэліска, утвараючы лінію, паралельную фасаду. У пляне Бэрніні гэтая гарызантальная вось выкарыстоўваецца як асноўная асаблівасьць ягонай унікальнай, прасторава-дынамічнай і вельмі сымбалічнай кампазыцыі. Найбольш відавочнымі рашэньнямі былі або прастакутні пляц велізарных памераў, каб абэліск стаяў у цэнтры і каб фантан разам зь ягоным сымэтрычным аналягам мог быць улучаны ў кампазыцыю, або трапэцападобны пляц, які б разыходзіўся віялам ад фасада базылікі, падобна да той, як гэты было зроблена перад Палаца-Публіка ў Сіене. Праблемы квадратнага пляну палягала на тым, што неабходная шырыня дзеля ўлучэньня фантана пацягнула б за сабою знос шматлікіх будынкаў, у тым ліку некаторых будынкаў Ватыкану, і мінімізавала б уплыў фасада. Трапэцападобны плян, зь іншага боку, максымізаваў бы бачную шырыню фасада, што ўжо ўспрымалася як недахоп усёй канструкцыі[7].
Вынаходлівае рашэньне Бэрніні палягала на стварэньні пляцу з двух частак. Тая частка, якая знаходзіцца бліжэй да базылікі, мае форму трапэцыі, але замест таго, каб пашырацца ад фасада, яна звужаецца. Гэта стварае эфэкт супрацьдзеяньня звычайнай візуальнай пэрспэктыве. Гэта азначае, што з другой часткі пляца будынак здаецца бліжэйшым, чым ён ёсьць насамрэч, шырыня фасада візуальна зьмяншаецца, а ягоная вышыня падаецца большай прапарцыйна шырыні. Другая частка пляца нагадвае велізарнае эліптычнае кола, якое паступова спускаецца да абэліска ў цэнтры. Абедзьве выразна адрозныя зоны апраўленыя калянадаю з падвойнымі парамі калёнаў, што падтрымліваюць антаблемэнт простага тасканскага ордэра.

Частка калянады, якая знаходзіцца вакол эліпса, ня цалкам аточвае яго, а распасьціраецца двума дугамі, што сымбалізуе тое, што каталіцкая царква выпроствае рукі, каб вітаць сваіх вернікаў[7]. Абэліск і фантан Мадэрна пазначаюць найшырэйшую вось эліпса. Бэрніні ўраўнаважыў гэтую кампазыцыю яшчэ адным фантанам, які зьявіўся тут у 1675 годзе. Падыход да пляца раней пралягаў праз ланцуг з старых будынкаў, што дадавала элемэнт нечаканасьці панараме, якая адкрывалася пры праходзе праз калянаду. У нашыя дні доўгая шырокая вуліца, Вія-дэльля-Канчыліяцыёнэ, пабудаваная Бэніта Мусаліні па складаньні Лятэранскіх дагавораў, цягнецца ад ракі Тыбр да пляца і здалёк адкрывае відарысы базылікі для наведнікаў, а самая базыліка выступае як візуальная дамінанта пры набліжэньні[6].
Пераўтварэньне гэтага месца, зробленае Бэрніні, цалкам было барочным паводле задумы. Калі Брамантэ і Мікелянджэлё ўяўлялі сабе будынак, што стаіць у самадастатковай ізаляцыі, тады як Бэрніні прымусіў увесь комплекс шырока і адкрыта ўзаемадзеіць з накавольным асяродзьдзем[7]. Баністэр Флэтчэр адзначае, што аніводзін іншы горад ня даў такой шырокай і ўрачыстай пэрспэктывы да сваёй катэдры ды аніводзін іншы архітэктар ня здолеў б стварыць задуму больш высакароднай, зрабіўшы найвялікшы з усіх атрыюмаў перад найвялікшым з усіх храмаў хрысьціянства[8].
Статус
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Базыліка Сьвятога Пятра ёсьць адной з папскіх базылік, якія раней называліся патрыярхальнымі базылікамі, і адной з чатырох галоўных базылік Рыму, у той час як сярод астатніх уважаюцца базылікі Сьвятога Яна Лятэранскага, Сьвятой Марыі Вялікай і Сьвятога Паўла за мурамі. Ранг галоўнай базылікі дае базыліцы Сьвятога Пятра прыярытэт перад усімі малымі базылікамі сьвету. Аднак, у адрозьненьне ад усіх іншых галоўных папскіх базылік, яна цалкам разьмешчаная на тэрыторыі, а значыць, пад сувэрэннай юрысдыкцыяй дзяржавы-гораду Ватыкан, а не Італіі[9].

Гэта найвыбітнейшы будынак у Ватыкане, які займае плошчу 0,139 гектараў. Гэта адное з найсьвяцейшых месцаў хрысьціянства і каталіцтва, традыцыйна яно ўважаецца за месца пахаваньня Сьвятога Пятра, які быў адным з дванаццаці апосталаў Ісуса Хрыстоса і, згодна з традыцыяй, першым біскупам Антыёхіі, а пазьней першым біскупам Рыму, што робіць яго першым папам. Не зважаючы на тое, што ў Новым Запавеце ня згадваецца пакутніцтва Пятра ў Рыме, традыцыя, заснаваная на працах Айцоў Царквы, сьцьвярджае, што ягоная магіла знаходзіцца пад полагам і алтаром базылікі. З гэтае прычыны многіх папаў зь першых гадоў Царквы хавалі побач зь Сьвятым Пятром у нэкропалі пад базылікай. Будаўніцтва сучаснай базылікі на месцы старой Канстантынаўскай базылікі пачалося 18 красавіка 1506 году і скончылася ў 1615 годзе. Нарэшце, 18 лістапада 1626 году папа Урбан VIII урачыста асьвяціў навабуд[2].
Базыліка Сьвятога Пятра не ўважаецца ані за афіцыйную рэзыдэнцыю пантыфіка, ані першай паводле рангу сярод галоўных базылік Рыму. Гэты гонар належыць Папскай катэдры, Архібазыліцы Сьвятога Яна Лятэранскага, мацярынскай царкве ўсіх цэркваў, якія знаходзяцца ў еднасьці з Каталіцкай Царквой. Аднак базыліка Сьвятога Пятра функцыянальна ёсьць галоўнай царквою папы, бо большасьць папскіх літургіяў і цырымоніяў ладзяцца менавіта там праз памеры будынку, блізкасьці да папскай рэзыдэнцыі і разьмяшчэньня ў межах Ватыкану. У базыліцы маецца старажытная катэдра Сьвятога Пятра было падарункам ад Карла Лысага і выкарыстоўвалася многімі папамі. Яна сымбалізуе працяглую лінію апостальскай пераемнасьці ад Сьвятога Пятра да кіроўнага папы. Катэдра займае ўзвышанае месца ў апсыде базылікі, сымбалічна падтрымліваецца Доктарамі Царквы і сымбалічна асьвечанае Сьвятым Духам[10].
Як адная з складных структураў гістарычна і архітэктурна значнага Ватыкану, базыліка Сьвятога Пятра была ўлучаная ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў 1984 годзе ў адпаведнасьці з крытэрамі (i), (ii), (iv) і (vi)[11]. Вонкавая плошча базылікі складае 21 095 м²[12], а ўнутраная плошча сягае 15 160 м²[13]. Вяршыня купала сягае вышынёю 136,6 м, што ставіла гэтую царкву на другое месца ў Рыме на 2016 год[14]. Вышыня купала зрабіла яго адным з самых высокіх будынкаў Старога Сьвету. Не зважаючы на тое, што на момант завяршэньня будаўніцтва гэта быў найбуйнейшы купал у сьвеце паводле дыямэтру, ён больш ня мае першынства ў гэтай катэгорыі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ archINFORM (ням.) — 1994.
- 1 2 Baumgarten P. M. (1913). «Basilica of St. Peter» // Catholic Encyclopedia / Herbermann, Charles (ed.). — New York: Robert Appleton Company.
- ↑ Dietz, Helen (2005). «The Eschatological Dimension of Church Architecture». Sacred Architecture Journal. — С. 10.
- ↑ Boorsch, Suzanne (Winter 1982–1983). «The Building of the Vatican: The Papacy and Architecture». The Metropolitan Museum of Art Bulletin. 40 (3). — С. 4—8.
- ↑ St. Peter’s, the Obelisk. saintpetersbasilica.org. Архіўная копія ад 05.07.2017 г.
- 1 2 Lees-Milne, James Saint Peter’s – the story of Saint Peter’s Basilica in Rome. — London: Hamish Hamilton, 1967.
- 1 2 3 Gardner, Helen; Kleiner, Fred S.; Mamiya, Christin J. Gardner’s Art through the Ages: The Western Perspective. — Belmont: Wadsworth, 2005. — Т. 2. — С. 499–500, 571–575. — ISBN 978-0-495-00479-0
- ↑ Fletcher, Banister F. History of Architecture on the Comparative Method for the student, craftsman, and amateur. — London: Batsford, 1921.
- ↑ Williamson, Benedict The Treaty of the Lateran. — London, England: Burns, Oates, and Washbourne Limited. — С. 42–66.
- ↑ St. Peter's Basilica – Interior of the Basilica. Internet Portal of the Vatican City State. Архіўная копія ад 26.02.2009 г.
- ↑ Vatican City. UNESCO World Heritage Centre. Архіўная копія ад 25.12.2017 г.
- ↑ The Nave. St. Peter’s. Архіўная копія ад 16.07.2012 г.
- ↑ Ellis, Edward Robb The Epic of New York City: A Narrative History. — Basic Books. — ISBN 978-0-7867-1436-0
- ↑ Fodor’s Travel Guides, Fodor’s Italy 2015. — Travel Distribution, 2014. — ISBN 978-0-8041-4291-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт з выявамі і інфармацыяй пра Базыліку Сьвятога Пятра
- Сайт, прысьвечаны базыліцы