Перайсьці да зьместу

Маніхейства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Маніхе́йства — рэлігія, якая паўстала на схіле антычнасьці і раньняга Сярэднявечча дый дэкляравала аб’яднаньне ўсіх сусьветных рэлігіяў. Ідэалягічны падмурак закладзены ў III ст. старажытнапэрсыдзкім мысьляром Мані. Маніхейства вучыць, што матэрыя створаная злым богам (дэміюргам), і толькі дух створаны добрым і вечным Богам. Маніхеі дзеляцца на дзьве групы — сьвецкія людзі і манахі, прычым манахі займаюцца толькі духоўнай дзейнасьцю і не зьвязаныя ні з чым матэрыяльным.

Маніхейскі сьвятар (манах, «абраны») не ўжывае ў ежу мяса, віна, малака (глядзіце таксама — вэгетарыянства), чытае на працягу дня вялікую колькасьць малітваў. Яму варта ўхіляцца ад любой працы, акрамя зьвязанай з напісаньнем або перакладам тэкстаў, бо ў гэтым сьвеце толькі словы нематэрыяльныя. Сьвецкія людзі ня маюць асаблівых абавязкаў і па-сутнасьці не ўваходзяць у царкву, але ім рэкамэндуецца падтрымліваць сьвятароў і чытаць рэлігійныя кнігі.

Гісторыя маніхейства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова маніхейства падтрымлівалася шахамі Пэрсіі, але зораастрыйскія сьвятары дамагліся рэпрэсіяў супраць гэтай рэлігіі і нават забойства самога Мані. Пры жыцьці Мані прапаведаваў ня толькі ў Пэрсіі, але і ў Індыі, а пасьля яго сьмерці маніхейства распаўсюдзілася таксама ў Рымскай імпэрыі, дзе прыхільнікам маніхейства быў пэўны час Аўгустын. Вядомы прапаведнік гэтай рэлігіі ў Рымскай імпэрыі — манах-біскуп Фаўст Нумідыйскі.

Пасьля замацаваньня пазыцыяў каталіцызму ў Рымскай імпэрыі маніхейства было забароненае, але маніхейскія і падобныя групы — паўлікане, багамілы, альбігойцы — захоўваліся ў Эўропе амаль да пачатку эпохі Адраджэньня.

Маніхейства было дзяржаўнай рэлігіяй Уйгурскага і Хакаскага каганатаў да часоў мангольскіх заваёваў, а ў пэўных частках Сыбіры захоўвалася і да часоў расейскіх заваёваў. На Енісеі маніхеі мелі вялікія храмы і багатыя бібліятэкі. Усё гэта было разбурана качэўнікамі ў XII—XIII стагодзьдзях.