Марфа Барэцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Марфа Барэцкая або Марфа-пасадніца (?, Ноўгарад, Наўгародзкая рэспубліка — 1503, Ніжні Ноўгарад, Вялікае княства Маскоўскае) — лідарка «літоўскай партыі» ў Ноўгарадзе.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў праваслаўнай баярскай сям’і Сямёна (Івана) Лашынскага, выйшла замуж за баярына Піліпа, потым за наўгародзкага пасадніка Ісака Барэцкага. Далучылася да г. зв. «літоўскай партыі» (процівагавай «маскоўскай») у 1470 годзе падчас выбараў новага архіяпіскапа Наўгародзкага. Падтрыманы ёю Пімен не атрымлівае сан, а перамагае маскаляфіл Феафіл, якога прысьвячаюць у Маскве, а ня ў Кіеве, як таго жадала літоўская партыя.

Марфа (якую падтрымалі ўплывовыя баярскія ўдовы Анастасія ды Яўхіма) ды яе сын, наўгародзкі сьцепенны (службовы) пасаднік Дзьмітры, у 1471 г. выступалі за выйсьце Ноўгараду з залежнасьці ад Масквы, якая была ўсталяваная Яжэлбіцкім мірам (1456). Марфа, якая мела значныя грашовыя сродкі, вяла перамовы зь вялікім князем літоўскім і каралём Польшчы Казімерам IV пра ўступ Ноўгараду ў склад Вялікага Княства Літоўскага на правах аўтаноміі пры захаваньні палітычных правоў Ноўгараду. Даведаўшыся пра перамовы пра далучэньне Ноўгараду да Вялікага Княства Літоўскага, вялікі князь маскоўскі Іван III абвясьціў вайну Наўгародзкай зямлі і ў Шэлонскай бітве (1471) разьбіў войска Ноўгараду. Дзьмітры Барэцкі быў пакараны сьмерцю як палітычны злачынец, аднак правы Ноўгараду на самакіраваньне ў яго ўнутраных справах былі захаваныя, а Марфа працягнула перамовы з Казімерам IV, які абяцаў ёй падтрымку, пра што стала вядома Івану III. У 1478 г. падчас новага ваеннага паходу Іван III канчаткова пазбавіў Наўгародзкія землі прывілеяў самакіраваньня, а вечавы звон быў вывезены ў Маскву.

Прыхільнікі ВКЛ вымушаны былі ратавацца ўцёкамі. Магчыма, яны заснавалі шэраг паселішчаў на ўзьбярэжжы Ледавітага акіяна і нават на Алясцы. «Злохітрева жена» Марфа была абвінавачаная ў тым, што хацела ўзяць шлюб зь «літоўскім панам», каб валодаць Ноўгарадам пасьля ягонага далучэньня да ВКЛ, і, таму яе землі (прыблізна 23 тысячы гектараў, 2250 двароў з 5-ці тысяч ва ўсёй зямлі Наўгародзкай) былі канфіскаваныя, а яна з унукам спачатку была вывезеная ў Маскву, а затым высланая ў Ніжні Ноўгарад, дзе яе пастрыглі ў манаства пад імем Марыі ў Зачацьеўскім манастыры, дзе і памерла (па іншай вэрсіі яна памерла ці была забітая па дарозе ў Маскву ў сяле Млева Цьвярскога княства). Ёй прысьвечаныя гістарычныя дасьледаваньні, літаратурныя творы, зьняты фільм (1910).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Баркоўскі А. «Якімі былі старарускія жанчыны». // Голас часу. Лондан. № 6. 1993. Б. 27-29.