Перайсьці да зьместу

Беліца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беліца (вёска)»)
Беліца
лац. Bielica
Агульны выгляд вёскі
Агульны выгляд вёскі
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Лідзкі
Сельсавет: Беліцкі
Насельніцтва: 560 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1561
Паштовы індэкс: 231314
СААТА: 4236804006
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°39′0″ пн. ш. 25°19′0″ у. д. / 53.65° пн. ш. 25.31667° у. д. / 53.65; 25.31667Каардынаты: 53°39′0″ пн. ш. 25°19′0″ у. д. / 53.65° пн. ш. 25.31667° у. д. / 53.65; 25.31667
Беліца на мапе Беларусі ±
Беліца
Беліца
Беліца
Беліца
Беліца
Беліца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бе́ліца[1] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Нёмана. Цэнтар сельсавету Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 560 чалавек. Знаходзіцца за 30 км на паўднёвы ўсход ад Ліды, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Нёман, на шашы Слонім — Ліда.

Беліца — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася капліца Маці Божай Ружанцовай, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XIX ст.

Можна меркаваць, што тапонім Беліца ўтварыўся ад словаў: белая, беліца, бяліць. Белая — чыстая, велічная, свабодная ад павіннасьцяў. Беліца — міранка, якая жыве ў міры, сьвецкім, неманаскім жыцьцём. Бяліць — апрацоўваць, рабіць белым. Ільняныя тканіны, каб яны адбяліліся, расьсьцілалі на паплавах. У Беліцы XVI стагодзьдзя выраблялі ільняное валакно і алей, магчыма вырошваньнем ільну займаліся і ў папярэднія стагодзьдзі. Назва вёскі губляецца ў глыбокай даўніне. Як можна, напрыклад патлумачыць старажытны тэкст: «вжо не чарніцаю, ено беліцаю, знову да белякоў вярнула се…». Толькі ў сучасным Лідзкім раёне ёсьць шэраг варыянтаў назваў пасяленьняў з коранем «бел-» (Белеўцы, Белевічы, Белагруда, Бельскія).

Улічваючы старажытнасьць вёскі, можна выказаць гіпотэзу, што першыя белічане прыйшлі з-за Нёмана з хрысьціянскай часткі краю, яны ў арозьненьне ад навакольных няхрышчаных («чорных») паселішчаў назвалі сваю хрышчаную вёску Беліцай.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калісьці ў Беліцы існаваў замак, які 24—25 сьнежня 1377 году трымаў ў аблозе камтур Балгі з аддзелам у 600 ваяроў[2], пазьней на яго месцы збудавалі сядзібу (1-я палова XVII ст.). У XV ст. Беліца была вялікакняскім уладаньнем, у 1431—1500 гадох тут збудавалі касьцёл. У канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў мястэчка было цэнтрам староства і павету, пазьней уваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.

У розны час Беліца знаходзілася ў валоданьні Юрыя Ільлініча, Юрыя Радзівіла, пазьней вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў мястэчка гетману вялікаму Мікалаю Радзівілу «Рудому», які каля 1553 году заснаваў тут кальвінскі збор. У 2-й палове XVII ст. у Беліцы часта праходзілі кальвінскія сыноды. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1659 годзе каля мястэчка шляхта Лідзкага павету дала бой 30-тысячнаму маскоўскаму войску. На 1669 год тут было 134 дымы (112 мяшчанскіх, 20 юдэйскіх і 2 вольныя), на 1752 год — 174 (140 хрысьціянскіх і 34 юдэйскія).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Беліца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце. У гэты час яна знаходзілася ў валоданьні Вітгенштэйнаў, пазьней перайшла да Трубяцкіх. На 1810 год у мястэчку было 185 двароў (128 хрысьціянскіх: «грунтовых» — 89, «агародных» — 32, «лясьнічых» — 7; 52 юдэйскія і 5 магамэтанскіх), на 1829 год — 117 будынкаў (80 хрысьціянскіх і 37 юдэйскіх).

За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1831 годзе аддзел павятовага маршалка Язэпа Кашыца на пэўны час вызвалі Беліцу з-пад расейскага панаваньня[3]. На 1838 год у мястэчку было 187 двароў («пляцавых»: юдэйскіх — 55, хрысьціянскіх — 36; «грунтовых» — 86; «лясьнічых» — 7; «сялянскіх» — 3), на 1854 год — 187 двароў (124 хрысьціянскія: «чыншавых» — 86, «лясьнічых» — 7, «халупных» — 28, вольных — 3; 55 юдэйскіх і 8 магамэтанскіх), на 1863 год — 164 жылыя дамы, на 1865 год — 179 двароў, на 1886 год — 100 двароў, школа, царква, касьцёл, сынагога, 3 карчмы; штогод праводзіліся 4 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Беліцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Беліца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[4]. Паводле Рыскай мірнай дамовай 1921 году Беліца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лідзкім павеце Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Беліца ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Лідзкага раёну. На 1970 год у вёсцы было 285 двароў, на 1991 год — 356, на 2006 год — 278. 15 верасьня 2002 году грамадзкія актывісты паставілі памятны крыж і ўсталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар Беліцкай бітвы 1659 году, але празь месяц улады зьнішчылі іх. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XIX стагодзьдзе: 1829 год — 701 чал., зь іх 436 хрысьціянаў і 265 юдэяў[5]; 1854 год — 632 чал.; 1863 год — 877 чал.; 1869 год — 564 чал.[6]; 1880 год — 877 чал.[7]; 1886 год — 883 чал.; 1897 год — 1685 чал., у тым ліку 679 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 1230 чал.; 1921 год — 2,1 тыс. чал.; 1970 год — 913 чал.[8]; 1991 год — 852 чал.[9]; 1999 год — 734 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 684 чал.; 2008 год — 684 чал.; 2010 год — 560 чал.

У Беліцы працуюць сярэдняя школа, сельскі клюб, лякарня, пошта.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Чырвонаармейская вуліца ?
? Рынак пляц

З урбананімічнай спадчыны Беліцы да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Лідзкая.

Беліца — цэнтар сельскагаспадарчага прадпрыемства. Апроч таго, тут працуе пякарня.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Царква

У ваколіцах Беліцы ёсьць значныя археалягічныя помнікі — бескурганны могільнік і стаянкі старажытнага чалавека (Беліца I, Беліца II).

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Кляштар дамініканаў
  • Сынагога (XIX ст.)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 255.
  2. ^ «Наш край» № 2. — Менск, 1997. С. 119.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 325.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  6. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
  7. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 212.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 79.
  9. ^ Шаблюк В. Беліца // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 494.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]