Перайсьці да зьместу

Газавы канфлікт 2010 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Расейска-беларускі газавы канфлікт у 2010 годзе — зьніжэньне паставак газу расейскага «Газпраму» ў Беларусь у чэрвені 2010 году ў сувязі з рознагалосьсямі па аплаце паставак і транзыту газу. У адказ Беларусь спыніла транзыт газу ў Эўропу. Па меркаваньні некаторых аналітыкаў, мэтай канфлікту было прымусіць Беларусь увайсьці ў Мытны саюз.[1][2][3]

Сутнасьць канфлікту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля адмовы Беларусі падпісаць дакумэнты Мытнага саюзу і безвыніковых сустрэчаў Аляксандра Лукашэнка з Уладзімерам Пуціным і Дзьмітрыем Мядзьведзевым, 15 чэрвеня 2010 году прэзыдэнт Расеі выставіў Беларусі ўльтыматум — разьлічыцца за газ на працягу 5 дзён.

Паводле «Газпраму», запазычанасьць Беларусі за газ складае 192 мільёны даляраў ЗША. Паводле Белстату — пратэрмінаваная зьнешняя запазычанасьць за газ на 1 траўня 2010 году склала 133 мільёны даляраў ЗША. Запазычанасьць узьнікла праз тое, што Беларусь у аднабаковым парадку ў 2010 годзе вырашыла плаціць за газ па цане 2009 году — 150$ за 1 тысячу кубамэтраў, у той час як паводле кантракту фактычная сярэдняя цана ў студзені — красавіку складала 174$ за 1 тыс. кубамэтраў.

22 чэрвеня А.Лукашэнка загадаў перакрыць транзыт газа за $260 млн запазычанасьці «Газпрама» (Масква, Расея)[4].

  • 15 чэрвеня — прэзыдэнт Расеі паставіў прэзыдэнту Беларусі ўльтыматум — за пяць дзён Беларусь павінна разьлічыцца за пастаўкі газу.
  • 19 чэрвеня — у Санкт-Пецярбургу беларуска-расейскія перамовы наконт аплаты і транзыту газу скончыліся нічым[5].
  • 21 чэрвеня — на сустрэчы з прэзыдэнтам РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым кіраўнік «Газпраму» Аляксей Мілер паведаміў, што:

Беларусь прызнае доўг за газ, але прапаноўвае аплату зрабіць машынамі, абсталяваньнем і рознымі іншымі таварамі[6].

На гэта Мядзьведзеў заўважыў: у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце — інакш гэта супярэчыць закону. Прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў:

«Газпром» нічым ня можа прымаць аплату за доўг: ні пірагом, ні маслам, ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў[6].

У 9:00 па беларускім часе пастаўкі газу на Беларусь былі зьменшаныя на 15% ад аб’ёмаў плянавай сутачнай пастаўкі газу.

«Газпрам» накіраваў паведамленьне Эўрапейскай камісіі пра верагодныя праблемы з транзытам газу ў Эўропу з-за абмежаваньняў паставак у Беларусь. Уладзімер Пуцін заявіў, што магчыма павесьці транзыт з газаправоду «Ямал-Эўропа» ў ГТС Украіны, а пастаўкі на Беларусь могуць быць скарочаныя і больш за 85%.

Уладзімер Сямашка назваў суму запазычанасьці за транзыт Расеі перад Беларусьсю — 217 мільёнаў даляраў, але паабяцаў разьлічыцца з Расеяй за газ на працягу 2 тыдняў.

  • 22 чэрвеня — «Газпрам» павялічыў абмежаваньне паставак газу ў Беларусь да 30%[7].

Абвешчана, што Беларусь цалкам разьлічылася за травеньскі газ.

Беларускі бок спыніў транзыт расейскага газу ў Эўропу да поўнага разьліку Расеі за транзыт праз тэрыторыю Беларусі[8]. Кіраўніцтву беларускіх рэгіёнаў загадана тэрмінова рыхтавацца да магчымых экстрэмальных сытуацыяў[9].

Эўракамісія абвясьціла пра скліканьне надзвычайнай сустрэчы з экспэртамі ў сувязі з газавай спрэчкай Расеі і Беларусі[10].

Дзьмітры Мядзьведзеў даў неабходныя ўказаньні кіраўніку «Газпрама» Аляксею Мілеру ў дадатак да рашэньня кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі перакрыць транзыт расейскага газу.

Сямашка зрабіў заяву, што загад на адбор транзытнага газу быў дадзены, каб падтрымаць беларускія прадпрыемствы. Аляксандар Лукашэнка правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі Азэрбайджану і Казахстану, падчас якіх патлумачыў ім пазыцыю Беларусі ў газавай спрэчцы з Расеяй.

  • 23 чэрвеня — у 9:00 па менскім часе пастаўкі расейскага газу ў Беларусь скарочаныя на 60% ад пляну[11].

Уладзімер Сямашка абвясьціў, што Беларусь у 16:00 па менскім часе цалкам пагасіла доўг за пастаўкі газу. Беларускі бок патрабаваў ад «Газпрама» да 10:00 24 чэрвеня аплаціць доўг за транзыт газу ў памеры $260 млн[12].

  • 24 чэрвеня — раніцай Газпрам аднавіў пастаўкі газа на Беларусь у поўным аб’ёме[13]. «Газпрам» аплаціў $228 млн за транзыт газу.[14]
  1. ^ Газавы канфлікт — апэрацыя «па змушэньні да Мытнага зьвязу», Радыё Свабода
  2. ^ Лукашэнка: Расея хоча нахіліць, прыціснуць і ўдушыць, Радыё Свабода
  3. ^ Аналитик: Газовый конфликт с Белоруссией продлится 2-4 недели, Росбалт Бизнес  (рас.)
  4. ^ Уладзімер Мацвееў.. А.Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзіт расейскага газу праз Беларусь // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 чэрвеня 2010 г. Праверана 30 жніўня 2013 г.
  5. ^ Масква пагражае ад панядзелка перакрыць газ для Беларусі // Наша Ніва, 20 чэрвеня 2010
  6. ^ а б Мядзьведзеў даручыў Мілеру абмежаваць пастаўкі газу ў Беларусь // Наша Ніва, 22 чэрвеня 2010
  7. ^ Газавая вайна: Беларусь пачала адбор транзытнага газу // Радыё Свабода, 22 чэрвеня 2010
  8. ^ Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзыт расейскага газу цераз Беларусь // Наша Ніва, 22 чэрвеня 2010
  9. ^ Рэгіёны рыхтуюцца да газавай атакі // Радыё Свабода, 22 чэрвеня 2010
  10. ^ Еўракамісія склікае экстранную сустрэчу з эксьпертамі ў сувязі з газавай спрэчкай Расеі і Беларусі // Наша Ніва, 22 чэрвеня 2010
  11. ^ Пастаўкі газу ў Беларусь скарочаныя ўжо на 60% // Наша Ніва, 23 чэрвеня 2010
  12. ^ «Белтрансгаз» пагасіў запазычанасьць, патрабуе грошай за транзыт // Наша Ніва, 23 чэрвеня 2010
  13. ^ «Газпром» аднавіў пастаўкі газу ў Беларусь у поўным аб’ёме // Наша Ніва, 24 чэрвеня 2010
  14. ^ «Газпром» аплаціў $228 млн за транзыт газу // Наша Ніва, 24 чэрвеня 2010

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]