Памір (АЭС)
Памі́р — мабільная атамная электрастанцыя, разьмешчаная на аўтамабільным шасі. Была распрацаваная ў Інстытуце ядзернай энэргетыкі АН БССР. Рэактарны і турбагенэратарныя блёкі былі разьмешчаныя на шасі двух аўтамабільных седлавых цягачоў МАЗ-537. Пульт кіраваньня і памяшканьні для пэрсаналу былі разьмешчаныя яшчэ на двух аўтамабілях. Усяго станцыю абслугоўвала 28 чалавек. Усталёўка была разьлічаная на перавозку чыгуначным, марскім і авіяцыйным транспартам — самым цяжкім кампанэнтам быў рэактарны аўтамабіль, які важыў 60 тон, што не перавышала грузападымальнасьць стандартнага чыгуначнага вагона.
У 1986 годзе, пасьля Чарнобыльскай катастрофы, бясьпека выкарыстаньня дадзеных комплексаў была падвергнутая крытыцы. Па меркаваньнях бясьпекі абодва існыя на той момант камплекты «Паміру» былі зьнішчаныя.