Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура Мінфін РБ
Дата ўтварэньня 25 жніўня 1991 (32 гады таму)
Штаб-кватэра Менск, вул. Савецкая, д. 7
Міністар Юры Селівёрстаў
Першы намесьнік Зьміцер Кійко
Намесьнікі Уладзіслаў Татарыновіч, Вольга Тарасевіч, Алена Печань[1]
Зьвязаныя кампаніі «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант»
Бюджэт 278 млрд рублёў[2] (2009 год; 99,2 млн $[3])
Сайт minfin.gov.by

Міністэ́рства фіна́нсаў Рэспу́блікі Белару́сь (Мінфін Беларусі) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае кіраваць дзяржаўным скарбам. Міністар фінансаў прызначаецца й здымаецца з пасады прэзыдэнтам, а намесьнікі міністра — Радаю міністраў па ўзгадненьні з прэзыдэнтам.

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Цэнтральны апарат — 9 галоўных управаў, 2 дэпартамэнты, 9 управаў, па адной інспэкцыі, скарбніцы ды групе, а таксама адзін аддзел[1];
  • 7 управаў выканаўчых камітэтаў вобласьцяў ды Менску;
  • Прадпрыемствы «Белдзяржстрах», «Беларуская нацыянальная перастрахавальная арганізацыя», «Белэксімгарант», «Гомельскі Крышталь», «Інфармацыйна-вылічальны цэнтар Мінфіну РБ», «Папяровая фабрыка дзяржаўных знакаў» (Барысаў), «Крыптатэх», «Менская фабрыка друку», «Белбланкавыд», «Рэспубліканскі цэнтральны дэпазітарый каштоўных папер»;
  • Навучальныя ўстановы — Менскі фінансава-эканамічны каледж, Цэнтар падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ЦППКПК) Мінфіну[4].

Задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • парадкаваньне, кіраваньне ды ўзгадненьне фінансавай дзейнасьці ведамстваў ураду;
  • выкарыстаньне скарбу для павышэньня выніковасьці вытворчасьці ды дзяржаўных прыбыткаў;
  • распрацоўка прапановаў аб пазычаньні;
  • павышэньне выніковасьці падаткаабкладаньня ды выкананьня дзяржаўнага каштарысу;
  • прыцягненьне, выкарыстаньне й пагашэньне вонкавых дзяржаўных пазыкаў;
  • нагляд за захаваньнем зацікаўленасьцяў дзяржаўнага скарбу;
  • парадкаваньне гандлю каштоўнымі мэталамі й камянямі ды стварэньне іх запасу;
  • парадкаваньне распрацоўкі й вытворчасьці бясьпечных папераў;
  • нагляд за страхаваньнем;
  • ліцэнзаваньне й нагляд за выкананьнем выдадзеных дазволаў;
  • парадкаваньне рахункаводзтва й справаздачнасьці;
  • парадкаваньне й нагляд за выкананьнем заканадаўства аб аўдыце;
  • нагляд за выпускам, абаротам ды пагашэньнем каштоўных папераў.

Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • атрыманьне на свой запыт ад установаў зьвестак аб выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў, а таксама рахункаводчыя справаздачы аб выкананьні абавязкаў перад дзяржаваю;
  • атрыманьне на свой запыт ад выканаўчых камітэтаў вобласьцяў ды Менску зводы мясцовых каштарысаў ды справаздачы аб іх выкананьні;
  • прыпыненьне выдаткоўваньня дзяржаўных сродкаў атрымальнікам, якія не падаюць ва ўстаноўленыя тэрміны справаздачы аб іх выкарыстаньні, выкарыстоўваюць іх не па прызначэньні або атрымалі іх незаконна;
  • выдача пазыкаў паводле дзяржаўнага каштарысу ды ўкладаньне вольных сродкаў у каштоўныя паперы ды гаспадарчую дзейнасьць;
  • выдача на запыт выканаўчых камітэтаў вобласьцяў ды Менску пазыкаў на выкананьне мясцовых каштарысаў, абумоўленых іх пагашэньнем да канца справаздачнага году;
  • пакрыцьцё стратаў зводных каштарысаў вобласьцяў ды Менску пры зьмяншэньні прыбыткаў або павелічэньні выдаткаў мясцовых каштарысаў;
  • спагнаньне са зводных каштарысаў вобласьцяў ды Менску сродкаў у дзяржаўны каштарыс пры ўхваленьні Радамі дэпутатаў пастановаў, што зьмяншаюць прыбыткі або павялічваюць выдаткі дзяржаўнага каштарысу;
  • спагнаньне незаконна атрыманых або не па прызначэньні скарыстаных сродкаў каштарысу, а таксама запазычанасьцяў ды адсоткаў па каштарысных пазыках;
  • выдаткоўваньне сродкаў да ўхваленьня закона аб рэспубліканскім каштарысе на бягучы год у памеры 1/12 ад мінулагодніх выдаткаў;
  • выпатрабаваньне дадзеных аб прыбытках ды выдатках дзяржаўных пазабюджэтных сродкаў ды сродкаў ад прыбытковай дзейнасьці бюджэтных установаў;
  • выдача банкам загадаў аб прыпыненьні разьлікаў рахункаў распарадчыкаў дзяржаўных сродкаў пры парушэньні імі заканадаўства;
  • праверка выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Кіраўніцтва Міністэрства фінансаў. Міністэрства фінансаў РБ. Праверана 20 лістапада 2020 г.
  2. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2009 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (13 лістапада 2008). Праверана 26 жніўня 2010 г.
  3. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2009 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэдняе за 2009 год цаны (2803,27) набыцьця даляра за рублі на валютным рынку. Праверана 26 жніўня 2010 г.
  4. ^ Арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству фінансаў (рас.). Міністэрства фінансаў РБ. Праверана 26 жніўня 2010 г.
  5. ^ Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2001 г. № 1585 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 26 жніўня 2010 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]