Манаполія
Манапо́лія (па-грэцку: μονο (mono) — «адзін» і па-грэцку: πωλέω (poleo) — «прадаваць») — выключнае (так званае «манапольнае») права ў якой-небудзь сфэры дзейнасьці дзяржавы або арганізацыі. У эканоміцы манаполія зьявілася, калі манархі даравалі вызначанаму купцу (рамесьніку, цэху) прывілей на вытворчасьць або гандаль вызначаным таварам. Фірма, якая працуе ва ўмовах манаполіі, кантралюе рынак (галіну) цалкам або ў значнай ступені.
Антыманапольнае заканадаўства шматлікіх краінаў разглядае кантраляваньне адной фірмай 30-70% рынку як манапольнае становішча і ўводзіць розныя санкцыі: рэгуляваньне коштаў, прымусовы падзел фірмы й г.д.
Праявы: уздым цаны, скарачэньне вытворчасьці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка збыту, рэклямы і якасьці тавару. Мае дастатковы запас грошай і маёмасьці для ўкараненьня вынікаў распрацоўкі, павелічэньня прыбытку, паніжэньня выдаткаў вытворчасьці за кошт буйнога абсягу выпуску тавара, выкарыстаньня больш дасканалых сродкаў працы і кваліфікаванай працоўнай сілы. Аднак можа прывесьці да застою. Прычына: уплыў маштабу (ашчаджэньне праз пашырэньне вытворчасьці), заканадаўчая перашкода стварэньню (уваходу) новага прадпрыемства ў галіне, ліцэнзійнае і патэнтнае абмежаваньне, несумленныя паводзіны ўдзельніка рынку і імкненьне атрымаць звышпрыбытак. Абмежавальнікамі манаполіі ёсьць выдаткі і рынкавы попыт, што замінае адвольна павышаць цану на тавар. Урад можа перашкодзіць узьнікненьню і ўмацаваньню манаполіі праз заканадаўства. У выпадку натуральнай манаполіі ў забесьпячэньні вадой, прыродным газам і электраэнэргіяй урад можа прыбягаць да пераводу прадпрыемства ў дзяржаўную ўласнасьць[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 3-м разьдзеле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году зьмяшчаўся артыкул 51 «Аб манаполіі, гэта значыць нявыдачы адной асобе ў арэнду і кіраваньне даходаў, якія належаць усёй рэчы паспалітай». Паводле 51-га артыкула Статуту, «падаткаў і пабораў ніякіх на маёнтках нашых… і радаў духоўных і сьвецкіх, таксама мытаў новых у местах нашых… у Літве і ва ўсіх землях панства нашага, складаць і ўстанаўліваць не павінныя без дазволу ўсіх станаў на Сойме вальным, ані таксама манаполію гэтых даходаў якія з панстваў нашых… літоўскіх паходзяць, устанаўліваць і дапускаць не павінныя. А хто б адважыўся, нягледзячы на гэтую пастанову, лісты нашыя з Канцылярыі нашай атрымаць, той павінны быць пакараны штрафам у скарб наш земскі ста копамі грошаў. А такія лісты нашыя ніякая сілы не павінныя мець, і тая асоба тым валодаць ня будзе магчы»[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 33-га артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году, «Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца»[3]. 16 сьнежня 2002 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб натуральных манаполіях». Паводле 3-га артыкула Закону, «Сфэрамі натуральных манаполіяў прызнаюцца: траспартаваньне нафты і нафтапрадуктаў па магістральных трубаправодах; транспартаваньне газу па магістральных і разьмеркавальных трубаправодах; перадача і разьмеркаваньне электрычнай і цеплавой энэргіі; цэнтралізаванае водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне; паслугі электрасувязі і паштовай сувязі агульнага карыстаньня; паслугі чыгуначнага транспарту агульнага карыстаньня, якія аказваюцца з выкарыстаньнем інфраструктуры чыгуначнага транспарту агульнага карыстаньня, чыгуначныя перавозкі; паслугі транспартных тэрміналаў, аэрапортаў; аэранавігацыйныя паслугі». Згодна з 6-м артыкулам Закону, натуральныя манаполіі «ня маюць права: ажыцьцяўляць дзеяньні, якія прыводзяць або могуць прывесьці да немагчымасьці аказаньня паслугаў… або да замены іх іншымі паслугамі; адмаўляцца ад заключэньня дамовы з асобнымі спажыўцамі на аказаньне паслугаў… пры наяўнасьці ў іх тэхнічнай магчымасьці аказаць такія паслугі; спаганяць за аказваныя паслугі плату, што перавышае памер, усталяваны органам рэгуляваньня дзейнасьці суб’ектаў натуральных манаполіяў». Паводле 10-га артыкула, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь (МАРГ Беларусі) «утварае і вядзе Дзяржаўны рэестар суб’ектаў натуральных манаполіяў»[4]. На 10 ліпеня 2018 году ў Дзяржрэестар уваходзіла 196 прадпрыемстваў у 4 галінах:
- траспартаваньне нафты, нафтапрадуктаў і газу па трубаправодах (10) — ААТ «Гомельтранснафта Сяброўства», ААТ «Полацактранснафта Сяброўства» (Наваполацак), ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», УП «Мінгаз» і 6 абласных УП «Берасьцеаблгаз», «Віцебскаблгаз», «Гомельаблгаз», «Горадняаблгаз», «Магілёўаблгаз» і «Менскаблгаз»;
- электра-, цепла- і водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне (175) — 6 абласных УП «Берасьцеэнэрга», «Віцебскэнэрга», «Гомельэнэрга», «Горадняэнэрга», «Магілёўэнэрга» і «Менскэнэрга», 169 мясцовых жыльлёва-камунальных гаспадарак у гарадах і раёнах;
- электрасувязь і паштовая сувязь (2) — УП «Белтэлекам» і УП «Белпошта»;
- чыгуначныя і паветраныя перавозкі (9) — УП «Белаэранавігацыя», УП "Нацыянальны аэрапорт «Менск» (Смалявіцкі раён), ДА «Беларуская чыгунка» («БЧ») і 6 чыгуначных УП «Баранавіцкае аддзяленьне БЧ» (Берасьцейская вобласьць), «Берасьцейскае аддзяленьне БЧ», «Віцебскае аддзяленьне БЧ», «Гомельскае аддзяленьне БЧ», «Магілёўскае аддзяленьне БЧ» і «Менскае аддзяленьне БЧ»[5].
12 сьнежня 2013 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб процідзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі». Паводле 6-га артыкула Закону, «Паноўным прызнаецца становішча гаспадарчага суб’екта, доля якога на таварным рынку складае 35 і болей адсоткаў». Таксама «Паноўным прызнаецца становішча кожнага зь некалькіх гаспадарчых суб’ектаў» (алігаполія), калі «цягам прынамсі аднаго году… сукупная доля ня больш як 3-х гаспадарчых суб’ектаў, доля кожнага зь якіх болей за долі іншых гаспадарчых суб’ектаў на адпаведным таварным рынку, перавышае 50% або сукупная доля ня больш як 5 (найбольшых) гаспадарчых суб’ектаў… перавышае 75%». Пагатоў «Ня можа быць прызнана паноўным становішча гаспадарчага суб’екта, доля якога на таварным рынку не перавышае 15%». Адпаведна «Усталяваньне паноўнага становішча гаспадарчага суб’екта цягне за сабой улучэньне ў Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках», які вядзе МАРГ Беларусі. Згодна з 18-м артыкулам Закону, паноўным прадпрыемствам пад пагрозай судовага падзелу (артыкул 50) забараняліся 10 дзеяньняў:
- «стварэньне іншым гаспадарчым суб’ектам перашкодаў доступу на таварны рынак або сыходу з таварнага рынку;
- усталяваньне, падтрыманьне манапольна высокай або манапольна нізкай цаны, усталяваньне манапсанічна (калі адзін купец) нізкай цэны;
- зьняцьцё тавару з абарачэньня, калі вынікам такога зьняцьця стала павышэньне цаны;
- эканамічна або тэхналягічна не абгрунтаваныя скарачэньне або спыненьне вырабу тавару, калі на гэты тавар ёсьць попыт або разьмешчаныя заказы на яго пастаўкі пры наяўнасьці магчымасці яго рэнтабэльнага вырабу;
- эканамічна або тэхналягічна не абгрунтаваныя адмова або ўхіленьне ад заключэння дамовы з асобнымі спажыўцамі пры наяўнасьці магчымасці вырабу і паставак адпаведнага тавару;
- эканамічна, тэхналягічна або іншым чынам не абгрунтаванае ўсталяваньне розных цэнаў на адзін і той самы тавар;
- навязваньне прадаўцу або спажыўцу эканамічна або тэхналягічна не абгрунтаваных умоваў дамовы, якія ёсьць нявыгаднымі для іх або не адносяцца да прадмету дамовы, у тым ліку згоды на заключэньне дамовы толькі пры ўмове ўнясеньня ў яе палажэньняў адносна тавараў, у якіх прадавец або спажывец не зацікаўленыя;
- заключэньне пагадненьняў, якія абмяжоўваюць свабоду удзельнікаў гэтых пагадненьняў на вызначэньне цэнаў і умоваў паставак тавараў у дамовах з трэцімі асобамі, а таксама навязваньне такіх умоваў або адмова ад заключэньня дамоваў па прычыне адмовы ў прыняцьці магчымым спажыўцом названых умоваў;
- заключэньне пагадненняў з прадаўцамі або спажыўцамі, якія цягнуць за сабой абмежаваньне або ўсталяваньне кантролю над вырабам тавару, ўсталяваньне кантролю над рынкамі збыту тавару, абмежаваньне рынку збыту тавару;
- стварэньне дыскрымінацыйных умоваў, у тым ліку прымяненьне да прадаўцоў або спажыўцоў няроўнага падыходу пры роўных умовах»[6].
На 10 ліпеня 2018 году ў Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках, уваходзіла 176 прадпрыемстваў на рэспубліканскім узроўні і звыш 400 на мясцовым (абласным) узроўні[7]. Паводле 33-га артыкула Закону «Аб процідзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі», згода МАРГ Беларусі патрабавалася на гаспадарчую канцэнтрацыю (зьліцьцё і паглынаньне, стварэньне холдынга і камэрцыйнай арганізацыі), калі балянсавы кошт актываў перавышаў 200 000 базавых велічыняў, а выручка за папярэдні год перавышала 400 000 базавых велічыняў[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Уладзімер Залатагораў. Манаполія // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 59. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
- ^ Разьдзел III. Аб вольнасьцях шляхецкіх і аб пашырэньні Вялікага Княства Літоўскага // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 / перакл. Алена Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — С. 56. — 207 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0243-8
- ^ А.Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 17 кастрычніка 2004 г. Праверана 8 жніўня 2018 г.
- ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб натуральных манаполіях» ад 16 сьнежня 2002 г. № 162-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 18 студзеня 2018 г. Праверана 8 жніўня 2018 г.
- ^ Дзяржаўны рэестар суб’ектаў натуральных манаполіяў па стане на 10 ліпеня 2018 г. (рас.) // Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь, 10 ліпеня 2018 г. Праверана 8 жніўня 2018 г.
- ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб процідзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі» ад 12 сьнежня 2013 г. № 94-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2 лютага 2018 г. Праверана 8 жніўня 2018 г.
- ^ Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках па стане на 10 ліпеня 2018 г. (рас.) // Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь, 10 ліпеня 2018 г. Праверана 8 жніўня 2018 г.
- ^ У Беларусі пашыраны пералік дзеяньняў, якія адносяцца да эканамічнай канцэнтрацыі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 жніўня 2018 г. Архіўная копія ад 3 жніўня 2018 г. Праверана 8 жніўня 2018 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бэрдшоў Дж. Эканоміка. Ч. 1: Уводзіны. Мікраэканоміка. / Мн.: Тэхналогія; Беларускі Фонд Сораса, 1996. ISBN 985-6022-14-2