Перайсьці да зьместу

Сьвіньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвіньня
Сьвіньня і яе парася
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаСысуны
АтрадПарнакапытныя
ПадатрадНяжвачныя
СямействаСьвіньні
РодДзікі
ВідДзік
Бінамінальная намэнклятура
Sus

Сьвіньня (па-лацінску: Sus) — жывёла клясы сысуноў, разнавіднасьць дзіка, які быў адамашнены чалавекам каля 7 тысячаў гадоў назад (паводле некаторых даследаваньняў — значна раней), і распаўсюджаныя галоўным чынам у краінах Захаду, Усходняй Азіі й Акіяніі. Зьдзічэлыя сьвіньні сустракаюцца ў Паўночнай Амэрыцы, Аўстраліі й Новай Зэляндыі. Сьвіньні вырошчваюцца ў асноўным дзеля атрыманьня мяса. Сусьветная вытворчасьць сьвініны ў 2005 склала 97,2 млн тон паводле зьвестак Мінсельгасу ЗША.

Сьвіньні даволі разумныя жывёлы, і яны навучаюцца нават лягчэй, чым сабакі й коткі. У апошні час дэкаратыўныя карлікавыя пароды сьвіньняў, то бог мініпігаў, сталі папулярнымі жывёламі для ўтрыманьня ў хаце. У Францыі адмыслова навучаныя сьвіньні вышукваюць труфэлі.

Біялягічныя асаблівасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы сваёй тонкай назіральнасьці й кемлівасьці, свойская сьвіньня ставіцца да разумных жывёлаў. Паводле біяхіміі, формулы крыві, усёяднасьці, складу й засваяльнасьці ежы сьвіньня ставіцца бліжэй да чалавека чым іншыя жывёлы, за выключэньнем малпаў. Сьвіньня хварэе на тыя ж хваробы, што й чалавек і лячыць яе можна такімі ж лекамі, што й чалавека.

Чэрап свойскай сьвіньні

У свойскіх парод захаваліся некаторыя біялягічныя асаблівасьці, уласьцівыя дзікім сьвіньням, як то слабы зрок, востры слых, тонкі нюх, здольнасьць добра плаваць, высокая пладавітасьць, здольнасьць да хуткага росту й тлушчаадкладаньне. Але пакуль ёсьць і пэўныя адрозьненьні свойскай сьвіньні ад дзіка, сярод якіх адной з галоўных зьяўляецца тое, што свойскія пароды наогул дзённыя жывёлы, тады як у дзіка вялікая частка сярэднясутачнай актыўнасьці прыпадае на начны час. Такое адрозьненьне зьяўляецца сьледзтвам працэсу адамашненьня, што ў прыватнасьці таксама прывяло да значных адрозьненьняў у марфалёгіі.

У першы пэрыяд пасьля адамашненьня прыблізна каля 3000—1200 гадоў да н. э. сьвіньні па форме цела яшчэ мала чым адрозьніваліся ад дзіка. Для іх былі характэрныя плоскае цела, высокія ногі, вялікая галава з доўгім прамым лычом і стаялыя вушы, высокі грэбень шчаціньня на шыі, карку й сьпіне. У сьвіней рот падоўжаны, з кароткім рухомым хабатком, што заканчваецца голым плоскім «пятаком», які дае магчымасьць рыць зямлю ў пошуках каранёў расьлін, чарвякоў і іншай ежы. Сьвіньня мае 44 зуба, чатыры зь іх зьяўляюцца добра разьвітымі ікламі. Канцавіны чатырохпалыя. Вымя мае 14 смочкаў, разьмешчаных у два шэрагі. Валасяны полаг рэдкі, грубы, у асноўным з шчаціньня. Страўнік у сьвіньні просты й аднакамерны. Жывёлы зьяўляюцца ўсяеднымі, сілкуюцца расьліннай і жывёльнай ежай.

Паводле некаторых анатамічных і фізыялягічных парамэтрах сьвіньні вельмі падобныя на чалавека, з гэтае прычыне іх выкарыстоўваюць у мэдычных і дасьледчых мэтах.

Парасяты і сьвінаматка

Да злучваньня маладых сьвінаматак пускаюць у 8—9-месячным узросьце, калі яны важаць 130—150 кг, самцоў — не маладзей за падгадаваны ўзрост, калі яны важаць 180—200 кг. Дзякуючы параўнальна кароткаму пэрыяду цяжарнасьці (114—115 дзён) й недоўгачасоваму пэрыяду кармленьня (ад 26 да 60 дзён) у шэрагу гаспадарак кожная матка двойчы на год дае парасеньне і, такім чынам, атрымлівае больш за 20 парасятаў за год.

Пры адпаведным харчаваньні й выгадваньні сьвіньні да 6—7-месячнага ўзросту дасягаюць масы ў 100—110 кг і больш. Лепшыя сьвінагадоўчыя гаспадаркі пры пагалоўе ў 2—6 тысяч матак атрымліваюць ад кожнай зь іх штогод у сярэднім па 15-20 цэнтнэраў і больш сьвініны, а ад асобных жывёлаў і значна больш. Дзякуючы высокай пладавітасьці сьвіней, а таксама іхнай здольнасьці ў маладым узросьце даваць прыплод ствараецца магчымасьць штогадовай бязбольнай рэалізацыі на мяса больш 100—150% жывёлаў, якія былі ў гаспадарцы на пачатак году. Дзякуючы тым жа біялягічным асаблівасьцям сьвіней ў сьвінагадоўлі ствараюцца шырокія магчымасьці для хуткага ўдасканаленьня статку шляхам замены менш прадуктыўных жывёлаў на больш прадуктыўныя, якія даюць прадукцыю, адпаведную зьмянялым патрабаваньням.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвіньнясховішча мультымэдыйных матэрыялаў