Перайсьці да зьместу

Полацкае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Полацкае княства
лац. Połackaje kniastva

X—XIV стст.
Герб Полацкага княства
Герб
Месцазнаходжаньне Полацкага княства

Полацкае княства на мапе Эўропы

Сталіца Полацак
Форма кіраваньня манархія
Гісторыя
 • Заснаваньне
 • Уваход у склад ВКЛ
 • Скасаваньне княства

X стагодзьдзе
1307
1397
Канфэсійны склад хрысьціянства, язычніцтва
Русь у 1015-1113 гг.
Русь у 1015-1113 гг.

По́лацкае кня́ства — усходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэньне (фэадальная дзяржава) з сталіцай у горадзе Полацку. Узьнікла на аснове племяннога княжаньня (правадырства) полацкіх крывічоў з прыкметным уплывам групаў іншаземнага насельніцтва, перш за ўсё балтаў[1]. Існавала з другой паловы X да пачатку XIV стагодзьдзя і ахоплівала (за часамі найвышэйшага ўздыму) поўнач і цэнтар сучаснай Беларусі, а таксама Ніжняе Падзьвіньне (прыдзьвінскія тэрыторыі сучаснай Латвіі). У склад княства, апроч Полацку, уваходзілі такія гарады, як Віцебск, Друцак, Менск, Заслаўе, Лагойск, Барысаў, Браслаў, Кукенойс (цяпер Кокнэсэ) ды іншыя.

У наш час, паводле наяўных гістарычных зьвестак, Полацкае княства разглядаецца ў якасьці вытоку Беларускай дзяржаўнасьці, увасабленьня ідэі незалежнасьці беларускага народу[2][3][4]. У замежнай гістарыяграфіі існуе меркаваньне пра тое, што на Русі было дзьве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[5][6][7]. Навуковец з Даніі Адольф Стэндэр-Пэтэрсэн лічыў, што на Русі ўтварылася дзьве скандынаўска-славянскія дзяржавы — Наўгародзка-Кіеўская і Полацкая. Аўтар падмацоўвае гэта сьведчаньнем з Аповесьці мінулых часоў пра княжаньне ў Полацку Рагвалода, пра скандынаўскае паходжаньне яго імя. Амэрыканскі гісторык Амельян Прыцак лічыў, што полацкая дынастыя была адзінай з старажытных скандынаўскіх дынастыяў, якая змагла захавацца ў змаганьні з Рурыкавічамі[8].

У летапісах XII стагодзьдзя Полацкае княства не лічылася Русьсю[9]. Напрыклад Аповесьць мінулых часоў нават супрацьпастаўляе «Рускай зямлі» Полацкую і Смаленскую. У пісьмовых крыніцах жыхары Полацкага княства да другой паловы XII ст. выступалі пад старой племянной назвай — крывічы[10].

Сярод параўнальна шматлікіх дакумэнтаў уласна Полацку, складзеных у першай палове XV ст., зусім не ўжываецца азначэньне «рускі»: жыхары места ідэнтыфікуюць сябе проста як «палачане» альбо ўжываецца вызначэньне «нашы»[11].

Дакладную дату ўзьнікненьня княства вызначыць цяжка. У VIІІ—X стагодзьдзях у крывічоў існавала правадырства (англ. chiefdom) — дадзяржаўнае этнапалітычнае ўтварэньне на чале з князем-правадыром, якое на працягу другой паловы Х стагодзьдзя перарасло ў раньнефэадальную дзяржаву.

Першая пісьмовая згадка пра Полацак датуецца 862 годам у зьвязку з раздачай Рурыкам гарадоў сваім дружыньнікам. У Лаўрэнцеўскім летапісе паведамляецца:

« У лета 862 прыняў уладу Рурык і пачаў раздаваць мужам сваім гарады: гэтаму Полацак, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера. І па тых гарадох варагі — прышлыя, а першае насельніцтва ў Ноўгарадзе — славене, у Полацку — крывічы, у Растове — меры, у Белым возеры — весь, у Мураме — мурамы, і ўсімі тымі валодаў Рурык »

У скандынаўскіх сагах пра Полацак паведамляецца як пра моцнае ўладаньне, якое мела свайго князя Палтэса. Князь Палтэс — мітычная асоба, але пра тое, што ў Полацку рана былі вялікія князі, гаворыцца ў Аповесьці мінулых часоў[12].

Уладзімер і Рагнеда, 1770 г.

Першы вядомы полацкі князь — Рагвалод, незалежны ад Кіева. Гісторыкі спрачаюцца пра ягонае паходжаньне: адныя называюць яго славянінам (Валадар Рогу), іншыя — варагам (Рунгвальд). Аднак, у кожным разе, гэта дазваляе зрабіць выснову пра княжаньне ў Полацку мясцовай дынастыі, а ня кіеўскага намесьніка.

У Аповесьці мінулых часоў пад 980 годам паведамляецца, што Рагвалод «имяше власть свою в Полотьске». У Лаўрэнцеўскім летапісы больш падрабязна тлумачыцца, што Рагвалод «держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю». Тут падкрэсьліваецца поўная незалежнасьць Полацкай зямлі, якой «валодаў», г. зн. кіраваў князь Рагвалод.

З князем Рагвалодам зьвязаныя драматычныя падзеі міжусобнага змаганьня на Русі. У 972 годзе, па сьмерці князя Сьвятаслава Ігаравіча, пачалося замаганьне за ўладу між ягонымі сынамі: Ноўгародзкім князем Уладзімерам і Кіеўскім князем Яраполкам. Абодва бакі намагаліся атрымаць падтрымку ад Полацкага княства. З гэтай мэтай Уладзімер прапанаваў Рагвалоду аддаць за яго сваю дачку Рагнеду. Яму адмовілі, што азначала пераход на бок Кіева, тады Ўладзімер захапіў і спаліў Полацак, забіў Рагвалода і гвалтам узяў Рагнеду сабе ў жонкі. Мясцовая полацкая дынастыя была, такім чынам, зьнішчаная.

Неўзабаве па хрышчэньні Русі сын Рагнеды ад Уладзімера Ізяслаў атрымаў ад бацькі Полацкую зямлю, дзе для яго збудавалі горад Ізяслаў. Пазьней Ізяслаў пераехаў у Полацак і аднавіў Полацкае княства, але цяпер у ім ужо кіравала дынастыя Ізяславічаў — нашчадкаў Рурыка.

Усяслаў Полацкі, манэта НБ Беларусі

У 1003 годзе пачалося княжаньне Брачыслава Ізяславіча. За яго кіраўніцтвам Полацак бесьперапынна намагаўся пазбавіцца залежнасьці ад Кіева. У 1020 годзе Брачыслаў учыніў напад на Ноўгарад, абрабаваўшы горад, але на зваротным шляху быў разьбіты кіеўскім князем Яраславам. Той прымусіў Брачыслава падпарадкавацца Кіеву, атрымаўшы за гэта ў валоданьне Віцебск і Усьвят.

1044—1101 гады былі часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства, калі ім кіраваў Усяслаў Брачыславіч. Першыя гады свайго кіраваньня ён не сварыўся зь Яраславічамі, але зь сярэдзіны 1065 году ізноў распачаў змаганьне з Кіевам за першынства на ўсходне-славянскіх землях. Усяслаў учыніў напады на Пскоў і Ноўгарад. У 1067 годзе на рацэ Нямізе пад Менскам адбылася бітва з войскам Ізяслава Яраславіча, у якой палачане пацярпелі паразу. Пазьней, у часе мірных перамоваў, Усяслава па-здрадніцку захапілі ў палон і кінулі ў вязьніцу ў Кіеве. Але прабыўшы там некалькі месяцаў, ён быў вызвалены народам і абраны кіеўскім князям. Аднак Ізяслаў, з дапамогай Польшчы, вярнуў сабе ўладу спачатку ў Кіеве, а потым, у 1069 годзе, авалодаў і Полацкам, выгнаўшы Ўсяслава і паставіўшы замест яго на княжаньне свайго сына Мсьціслава. Ужо ў 1071 годзе Ўсяслаў вярнуўся ў Полацак і, нягледзячы на некалькі паразаў ад Ізяслава, здолеў там утрымацца.

У XI стагодзьдзі Полацкая зямля сфармавалася як моцная дзяржава ва Ўсходняй Эўропе. Полацак быў стольным горадам гэтага буйнога княства, якое мела сваю княскую дынастыю, моцнае войска, даволі разьвітую гаспадарку і значныя дасягненьні ў галіне культуры. У 1050-я гады тут збудавалі грандыёзны Сафійскі сабор, які сымбалізаваў сілу і незалежнасьць Полацку[3].

Фэўдальная раздробленасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Полацкага княства Пагоня з гербоўніка 1586 г.

Па сьмерці Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці. Зь яго выдзяліліся Віцебскае, Друцкае, Менскае ды іншыя. Уласна Полацак атрымаў Давыд Усяславіч. Амаль адразу ж між князямі пачынаецца змаганьне.

У 1127 годзе кіеўскі князь Мсьціслаў Уладзімеравіч учыніў выправу на Полацак, захапіў яго і выслаў усіх полацкіх князёў у Бізантыю. Але ўжо празь пяць гадоў у Полацак ізноў прыйшоў князь з Ізяславічаў: Васілька Сьвятаславіч. Па яго сьмерці пачалося чарговае змаганьне за горад між прадстаўнікамі віцебскай, менскай і друцкай лініяў нашчадкаў Усяслава Чарадзея. Паступова ў Полацку зацьвердзілася Віцебская лінія, але час ад часу Полацак трапляў у залежнасьць ад Смаленску, які ставіў сваіх намесьнікаў.

Герб Полацкага княства з Маскоўскага Тытулярніка (1672 г.)

Літоўскія плямёны былі заходнімі суседзямі Полацкага княства. Прыкладна зь сярэдзіны XII ст. пачаліся і ўзмацніліся напады літоўцаў на Полацак. Полацак разам зь іншымі княствамі ў адказ зьдзяйсьніў паходы супраць Літвы.

На пачатку XIII стагодзьдзя ў Полацку і Літвы зьявіўся агульны вораг — крыжакі. Зьяўленьне крыжакоў прыйшлося на час княжаньня Вальдэмара. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыгу, чым перакрылі магістральны гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку, Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў.

Герб Полацкага ваяводзтва з Сэнатарскай залі (каля 1720 г.)

У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступалі ў зьвязе зь літоўцамі супраць крыжакоў. З пачатку 1240-х гадоў (паводле іншых крыніцаў — яшчэ з 1190-х гадоў) у Полацку зацьвердзіліся літоўскія князі. Як дакладна гэта было зроблена — шляхам узброенага захопу ці пагадненьня — невядома. З гэтага часу Полацак бярэ ўдзел у спрэчках літоўскіх князёў. Датай уваходжаньня Полацку ў склад Вялікага Княства Літоўскага лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.

У канцы XIV ст. Полацкае княства спыніла сваё існаваньне, пазьней замест яго ўтварылася Полацкае ваяводзтва.

Дзяржаўны лад Полацкага княства прайшоў на працягу стагодзьдзяў паступовую трансфармацыю. За Ізяславам і Рагвалодам Веча, імаверна, ня мела палітычнай ролі. Ужо пры Брачыславе яно атрымала вылучнае значэньне. Пра гэта сьведчыць Эймундава сага: «Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, бо яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу». Такім чынам, ужо ў XI ст. Веча палачанаў атрымала надзвычай важнае значэньне.

Існавала таксама і Рада князя. Рада ня мела яўна акрэсьленых паўнамоцтваў. Князь узгадняў з Радай усе пытаньні, што меў разьвязваць сам. Апроч таго, Рада ня мела акрэсьленага складу. Князь запрашаў на раду да сябе ўсіх, каго пажадае. Найперш гэта былі найбуйнейшыя герархі царквы і палацавыя службоўцы.

Асобамі цэнтральнага кіраваньня былі ключнік, падвойскі, тысяцкі, пасаднік (пра яго паведамляе толькі Тацішчаў), цівун ды інш. Тысяцкі кіраваў войскамі — земскім апалчэньнем. Ключнік адказваў за гаспадарскую дзейнасьць і зьбіраў падаткі. Падвойскі сачыў за выкананьнем пастановаў князя і Веча. Цівуны былі прадстаўнікамі князя на вызначаных тэрыторыях і кіравалі імі ад яго імя.

У XII ст. узрасла роля Веча. Да ягоных прэрагатываў пачалі адносіць абраньне і выгнаньне князя, складаньне міру і абвяшчэньне вайны. За князем засталася судовая і вайсковая ўлада. Войска князя складалася з дружыны і земскага апалчэньня. Дружына падзялялася на дзьве часткі: «старэйшую» (баляры) і «малодшую» (отракі, дзецкія). Старэйшая Дружына мела вылучны ўплыў на князя, баляры ўваходзілі ў склад Рады, часта выступалі супроць князя. Малодшая дружына была важным апірышчам князя ў змаганьні з балярамі і Вечам.

У канцы XII — пачатку XIII стагодзьдзяў у Полацку сфармавалася рэспубліка. Яе можна называць Вечава-тэакратычнай. Улада сканцэнтравалася вакол япіскапа, зь якіх у крыніцах ўпамінаецца Якаў (1300 г). Князі ў Полацку маглі і быць, але ў крыніцах не ўпамінаюцца. Зноў яны зьяўляюцца ў горадзе толькі ў часе княжаньня Гедзіміна.

Полацкае княства ўзьнікла і разьвівалася на шляху з варагаў у грэкі, гандлявала прадукцыяй сельскай гаспадаркі. Да Балтыйскага мора хадзілі гандлёвыя караблі. У Полацку, Віцебску, Менску і іншых гарадох канцэнтраваліся рамесьніцкія майстэрні.

Культура і рэлігія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак быў адным з найважнейшых культурных і рэлігійных цэнтраў у рэгіёне. У 992 годзе тут заснавалі Полацкую япархію, збудавалі некалькі цэркваў. З імём Эўфрасіньні Полацкай зьвязаныя збор і перапіс кніг, будаваньне манастыра, названага потым Эўфрасінеўскім. Для Эўфрасіньні Полацкай ювэлір Лазар Богша зрабіў знакаміты крыж, які стаў нацыянальнай сьвятыняй беларусаў. У сярэдзіне XI ст. у Полацку збудавалі Сафійскі сабор. У горадзе, імаверна, вялося летапісаньне, але Полацкі летапіс не захаваўся.

З разьвіцьцём Вільні ў XIV ст. Полацак згубіў значэньне цэнтру. У сярэдзіне XVI ст. тут заснавалаі езуіцкі калегіюм, які меў істотнае адукацыйнае значэньне. У другой палове XVIII ст. Полацак на пэўны час стаў сталіцай езуітаў.

Германскае паходжаньне маюць пашыраныя сярод княскай эліты Полацку імёны Рагвалод, Глеб, Валадар, Рагнеда. Захаваліся зьвесткі пра такія імёны палачанаў, як Богша, Віскоша, Войнег[13].

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 448.
  2. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 66.
  3. ^ а б Штыхаў Г. Палітычная гісторыя Полацка ў 9-11 ст. // Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 58.
  4. ^ Арлоў У. 862. Першыя летапісныя звесткі пра Полацак // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  5. ^ Stender-Petersen А. Varangica. — Aarhus, 1953. Р. 130—131.
  6. ^ Pritsak О. The Origin of Rus'. — Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
  7. ^ Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. — Leiden, 2004. Р. 126—127.
  8. ^ Мартынюк А. В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (Х—ХVI вв.). — Москва, 2015. С. 9.
  9. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 57.
  10. ^ Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 23.
  11. ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 72—75.
  12. ^ Штыхаў Г. Палітычная гісторыя Полацка ў 9-11 ст. // Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 51.
  13. ^ Варонін В. Гордин А. М. «…А потом забралася до Рыма». Граффито полоцкого странника XII века в Италии. Полоцк, 2023. 79 с. // Беларускі гістарычны агляд, 2024.