Лазар Богша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лазар Богша
Дата нараджэньня XII стагодзьдзе
Занятак ювэлір
Гады дзейнасьці XII стагодзьдзе
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Манэта Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь. 2007 г.

Ла́зар Бо́гша — полацкі майстар-ювэлір 12 ст., вольны рамесьнік.

У 1161 для Спаса-Праабражэнскага сабору Спаскага манастыра стварыў шэдэўр[1] старажытнарускага мастацтва — напрастольны крыж Эўфрасіньні Полацкай. Мастацкія асаблівасьці крыжа сьведчаць пра сувязі з традыцыямі кіеўскай ювэлірнай школы.

Імя майстра і яго мянушка вядомыя з надпісу, пакінутага ім на адваротным боку крыжа:


« Г[оспод]и, помози рабоу своему Лазорю, нареченомоу Богъши, съделавшемоу крьстъ сии црькви стаго Спаса и Офросиньи »

Дакладная дата стварэньня вырабу і ўказаньне імя аўтара зьяўляецца рэдкім выключэньнем для мастацтва таго пэрыяду. Шэраг ананімных работ таго пэрыяду па тэхніцы вырабу таксама адносяць да твораў Лазара Богшы (напрыклад, мэдальён барм нагруднага княжацкага упрыгожваньня з Кіеўскага скарбу 1824 году, апісаны Н. Кандаковым), якія зьяўляюцца лепшымі ўзорамі эмалевага мастацтва Старажытнай Русі.

Вядомыя і працы больш позьняга пэрыяду створаныя ў традыцыях работаў Лазара — іх адносяць да твораў яго вучняў.

Па паходжаньні Лазар быў выхадцам з Паўднёва-Заходняй Русі[2] або з заходніх славян[3].

Лазар — гэта імя, атрыманае ім у хрышчэньні, а Богша — скарачэньне ад паганскага імя Багуслаў, распаўсюджанага ў заходніх славянаў у XII стагодзьдзі. Адносна таго дзе ён пазнаёміўся з мастацтвам перагародкавай эмалі называюцца як Бізантыя, так і Грузія (першая з краінаў, якая пераняла зь Бізантыі гэтае мастацтва). Да моманту стварэньня крыжа па замове княгіні Эўфрасіньні майстар быў не малады — надпісы на крыжы блізкія да датаваных надпісаў 1130-х гадоў і мяркуецца, што Лазар засвоіў манеру пісьма ў сваёй юнацкасьці і карыстаўся ёю ўсё жыцьцё.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Богша Лазарь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 67. — 737 с.
  2. ^ Тихомиров М. Н. Старажытнарускія гарады = Древнерусские города. — М.: 1946. — С. 85.
  3. ^ Толстой И., Кондаков Н. Рускія старажытнасьці ў помніках мастацтва = Русские древности в памятниках искусства. — СПб.: 1899. — С. 170.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алексеев Л. В. Лазар Богша - майстар-ювелір 12 ст. = Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в // Сов. археология. — 1957. — № 3.