Рагвалод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рагвалод
Rahvałod, Rahnieda (Połacak). Рагвалод, Рагнеда (Полацак).jpg
Мініятура Радзівілаўскага летапісу: сваты князя наўгародзкага Ўладзімера ў Рагвалода (налева); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсьці замуж за Ўладзімера (направа)
полацкі князь
сярэдзіна X стагодзьдзя або 960—970-я — 978 або 980
Наступнік Ізяслаў Уладзімеравіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 920
Памёр 978 або 980,
Нашчадкі дачка:
Рагнеда

Рагвалод (каля 920—978[1]) — першы гістарычна вядомы полацкі князь (сярэдзіна X стагодзьдзя або 960—970-я[2] — 978 або 980).

Паводле летапісаў прыйшоў з-за мора. Вёў незалежную палітыку, спрабаваў выкарыстаць супярэчнасьці паміж Кіевам і Ноўгарадам. Бацька Рагнеды і трох сыноў. Загінуў у часе захопу Полацку Ўладзімерам Сьвятаславічам.

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рагвалод (імя)

Імя Рагвалод зьмяшчае той жа фармант (-раг-), што і літоўскае імя Сьвінтарог[3]. Зь іншага боку, фармант -валд- (-вольт-) зьвязвае Рагвалода зь імёнамі літоўскіх баяраў Валімонта і яго сына Рамвольта[4]. Гэты ж фармант ёсьць у рускіх імёнах Валадар і Ўладзімер (Вальдэмар)[5].

Яшчэ літоўскі (беларускі) пераклад пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага сьведчыў: «…бо Феафіл Полацак узяў <…> па Васілю Рагвалодзе [унуку Ўсяслава Полацкага], каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[6][7].

Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» залічвае Рагвалода да імёнаў германскага паходжаньня[8], але прытым супастаўляе полацкага князя зь Вількінам — адным з водцаў люцічаў паводле «Сагі пра Тыдрэка Бэрнскага», запісанай у XIII стагодзьдзі у Скандынавіі[9]. Імя Рагвалод, паводле Паўла Урбана, азначала «Магутны ўладай» або «Справядлівы гаспадар» і адпавядала паўночнагерманскаму (скандынаўскаму) імю Rögnval[10].

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, фармант -раг- (-рог-) паходзіць ад гоцкага raginon 'гаспадарыць, судзіць, выракоўваць', ragin 'вырак', а фармант -валд- (-вольт-) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[11]. Такім парадкам, імя Рагвалод азначае «вырак улады»[12].

Формы імя ў гістарычных крыніцах: Рогъволод (980 год), Роговолод (1128 год).

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аповесьць мінулых часоў (XII ст.) пад 980 годам паведамляе, што «Рагвалод прыйшоў з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку» («Рогъволодъ перешелъ изъ заморья, имяше волость свою Полотьске»). Іншых зьвестак пра паходжаньне Рагвалода ў крыніцах няма. У Аповесьці мінулых часоў разам з Рагвалодам упамінаецца тураўскі князь Тур, што можа сьведчыць пра іх агульнае паходжаньне.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магчыма, Рагвалод быў сынам полацкай княгіні Прадславы, памянёнай у дамове, якую ў 945 годзе падпісалі Бізантыя і кіеўскі князь Ігар[13].

Рагвалод зьявіўся ў Полацку «ў дні Сьвятаслава Ігаравіча» — 945—972 гады, але не пазьней за лета 971 году калі Сьвятаслаў пасадзіў Уладзімера ў Ноўгарадзе, бо ўжо ў той час «Рагвалод трымае і ўладае і княжа ў Полацкай зямлі». Але імаверней за ўсё гэта адбылося недзе да 947 году, бо ў тым годзе Вольга перамогшы яцьвягаў, займалася справамі Пскова, паставіла пагосты па рэках Мсьце і Лузе, а паводле паданьня нават збудавала ў якасьці кіеўскага фарпоста Віцебск — такім чынам наведаўшы амаль ўсе землі, акаляючыя Полацак, але не наведаўшы гэтага гораду, між рэчы аднаго з найбуйнейшых ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Імаверна, на падставе гэтага магчыма зрабіць выснову, што ў гэты час Вольга ўжо не валодала Полацкай зямлёй, а займалася ўмацаваньнем межаў зь ёй. Летапісы ж нічога не паведамляюць пра Рагвалода да падзеяў 978/980 году.

Таму трэба зьвяртаць увагу на тыя падзеі. Яраполк у другой палове 975 году забіў свайго брата, драўлянскага князя Алега. Другі Яраполкаў брат, Уладзімер, спалохаўся падобнага лёсу і ў канцы 975 году ўцёк з Ноўгарада за мора да нарманаў. Яраполк прызначыў у Ноўгарад свайго намесьніка і пасаднікаў і пачаў адзін уладарыць Русьсю. Увесну 978 году Ўладзімер вярнуўся з наймаванай нарманскай дружынай з-за мора ў Ноўгарад, забіў намесьніка і прагнаў пасаднікаў Яраполка, сказаўшы ім: "Ідзіце да брата майго і кажыце: «Уладзімер ідзе на цябе, рыхтуйся зь ім біцца». Абодва браты пачалі шукаць хаўрусьнікаў.

Для Полацка выгодней быў хаўрус з Кіевам, які абяцаў ўзмацненьне за кошт Ноўгарада — натуральнага геапалітычнага супраціўніка на так званым «шляху з вараг у грэкі». Хаўрус жа з Ноўгарадам насупраць ня быў бы плённым, бо калі Ноўгарад узмацніцца за кошт Кіева, то наступнай ахвярай будзе Полацак. Імаверна, гэтыя абставіны добра бачыў і Рагвалод. Да гэтага ж Яраполк першым даслаў сватаў у Полацак, такім чынам прапанаваўшы дамову полацкаму князю.

Рагвалод у сьвятле вышэйзгаданых акалічнасьцяў прыняў прапанаваную Яраполкам дамову. Гэты хаўрус выявіўся ў тым, што Рагвалод амаль адразу пачаў «ваяваць воласьці Ноўгародзкія». Вельмі цікавае пытаньне, якія менавіта ноўгародзкія воласьці ён ваяваў, бо ў той час паміж Полацкім княствам і Ноўгародзкай зямлёй былі вялікія нічыйныя яшчэ абшары. Адзінае месца дзе яны больш менш сутыкаліся гэта вярхоўі Ловаці, імаверна, на гэтыя землі і былі скіраваны напады Рагвалода. Яраполк жа адразу па складаньні дамовы паслаў на дапамогу Рагвалоду свае войска каб «ня даць Уладзімеру ваяваць Крыўскую зямлю». Разам з ваяводамі адправіў і паслоў, каб схіліць брата да міру.

Рагвалод. Марка Белпошты, 1993

Па нападах Рагвалода і Ўладзімер паслаў у Полацак сватоў з словамі: «Жадаю дачку тваю ўзяць сабе ў жонкі». Аднак Рагнеда, як вядома «была ўжо змоўлена за Яраполка». Рагвалод спытаў у дачкі: «Ці жадаеш за Ўладзімера?». Яна ж адказала: «Не жадаю разуць рабычыча, а жадаю Яраполка». Няслушна было б думаць, што абразьлівыя словы належаць самой дванаццацігадовай Рагнедзе, хоць яны і былі сказаныя ёю. Гэтак жа няслушна лічыць, што словы Рагнеды паслужылі падставай для вайны. Падставай было тое, што Рагвалод стаў у барацьбе паміж Уладзімерам і Яраполкам на бок апошняга. Адказ Рагнеды быў своеасаблівай дэклярацыяй намераў полацкага князя, у той сытуацыі гэта немінуча вяло да вайны Ноўгарада з Полацкам, якая фактычна ўжо вялася Рагвалодам.

Калі «отракі» — сваты Ўладзімера паведамілі яму адказ Рагнеды, ён з войскам з нарманаў, ноўгародцаў, чудзі і крывічоў (ізборска-пскоўскіх) прыйшоў пад Полацак, калі «Рагнеда ужо сабралі да Яраполка». Рагвалод выйшаў на сустрэчу Ўладзімеру, але атрымаў паразу ў бітве і зачыніўся ў горадзе, спадзяючыся дачакацца кіеўскіх войскаў. Уладзімер жа ўзяў Полацак недзе ў траўні 978 году, «і паланілі Рагвалода і сыноў яго, і жонку яго, і дачку. І зьневажаў Дабрыня яго, і ўзгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабычычам, і загадаў Уладзімеру быць зь ёю перад бацькам і маці. Потым жа Ўладзімер забіў бацьку, братоў і маці яе, а саму ўзяў у жонкі».

Але бітва з войскам Рагвалода і ўзяцьце гораду, відаць, шмат каштавала войску Ўладзімера, бо калі ўжо ў Полацку ён даведаўся, што побач войскі пасланыя Яраполкам, то спалохаўся і жадаў зьбегчы ў Ноўгарад. Дабрыня, ведаючы, што Яраполк не падабаецца паганцам, утрымаў пляменьніка і паслаў да яраполкавых ваяводаў з дарункамі, прапануючы перайсьці на свой бок. Ваяводы абяцалі перайсьці і выканалі сваё абяцаньне ў бітве пры «рацэ Друці, за тры дні шляху ад Смаленску». Такім чынам ваяводы Яраполка спазьняліся да Полацку, імаверна, недзе на 5-10 дзён.

Яраполк, які застаўся бяз войскаў, што часткай перайшлі на бок Уладзімера, а часткай былі зьнішчаныя, неўзабаве быў здрадліва забіты. Уладзімер 11 чэрвеня 978 году быў абвешчаны вялікім князям кіеўскім.

У тым, што Рагвалод загінуў, і яго геапалітычныя і эканамічныя пляны пацярпелі няўдачу, вінаваты толькі зьбег фатальных акалічнасьцяў.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бясспрэчна, што Рагвалод пакінуў па сабе добрую памяць ў Полацкай зямлі. Пра яго памяталі нашчадкі, сярод якіх таксама былі Рагвалоды, названыя ў ягоны гонар. Імаверна, гэтая памяць мела нейкія матэрыяльныя падмуркі. Магчыма, што менавіта ў часы Рагвалода пачаўся, традыцыйны ў пазьнейшыя часы, полацкі наступ на захад — на Ніжняе Падзьвіньне і Літву, бо паводле зьвестак археалёгіі, менавіта тады былі заснаваныя Герцыке, Лагойск і магчыма іншыя гарады на балтыйскіх землях.

Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Князь полацкі
945—978/980
Наступнік
Ізяслаў I

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Новікаў Я. Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.). Т. 1. — Менск: Логвінаў, 2007.
  2. ^ Штыхаў Г. Рагвалод // ЭГБ. — Менск: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 43.
  3. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 133, 184, 203—204.
  6. ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 17. — Менск: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 37.
  8. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 71.
  10. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 184.
  11. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17—18.
  12. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  13. ^ Арлоў Ул. Таямніцы Полацкай гісторыі. — Менск: Полымя, 2000. — С. 31. — ISBN 985-07-0302-4

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]