Рурыкавічы
Рурыкавічы лац. Rurykavičy | |
Краіна паходжаньня: | Русь |
Першы з роду: | Рурык |
Рурыкавічы — назва кіроўнай дынастыі ў княствах Русі ў X—XIII стагодзьдзях і княскіх родаў, што паходзілі ад Рурыка.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачынальнік роду — Рурык (? — 879), як мяркуецца, паходзіў з дацкага каралеўскага дому Ск’ёлдунгаў.
З часам род раздрабніўся на мноства галінаў. Большасьць выхаўцаў з дынастыі былі ўладарамі старажытнай Кіеўскай дзяржавы (Русі) і ўтвораных па яе распадзе княстваў-дзяржаваў. Выхадцы адной з галінаў (нашчадкі Расьціслава Міхайлавіча) былі ўдзельнымі ўладарамі Вугорска-Харвацкага каралеўства, некаторыя Рурыкавічы былі ўладарамі Вялікага Княства Літоўскага (Шварн), абвяшчалі сваю ўладу ў Баўгарскім царстве (Расьціслаў Міхайлавіч), былі суваладарамі Грузінскага царства (Юры Багалюбскі), Аўстрыі і Штырыі (Раман Данілавіч). Апошнімі валадарнымі Рурыкавічамі былі вялікія князі маскоўскія Фёдар Іванавіч і Васіль Шуйскі.
З дынастыі Рурыкавічаў таксама выдзялілася шмат княскіх родаў, зьвязаных зь беларускімі землямі: з дому князёў тураўскіх — Дольскія, з дому князёў чарнігаўскіх — Агінскія, Баратынскія, Масальскія і Пузыны, з дому князёў суздальскіх — Шуйскія, з маскоўскай лініі суздальска-ўладзімераўскіх князёў — Вярэйскія і Мажайскія, зь серпухаўска-бароўскай галіны суздальска-ўладзімераўскіх князёў — Яраславічы, з дому князёў разанскіх — Пронскія, з дому князёў смаленскіх — Вяземскія, Жыжэмскія і Саламярэцкія[1].
Служылыя князі Рурыкавічы, якія ў XV—XVI стагодзьдзях пераходзілі на службу ў Маскоўскую дзяржаву зь Вялікага Княства Літоўскага атрымалі азначэньне «рускія князі літоўскага роду»[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вяроўкін-Шэлюта Ў. Рурыкавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 518.
- ^ Беларусы: У 13 т. Т. 4. — Менск, 2001. С. 96.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0