13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД
Weissruthenische-Polizei(SD)-Bataillon № 13
13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД. Weissruthenische-Polizei(SD)-Bataillon № 13.jpg
Батальён на парадзе ў Менску, 1 траўня 1944 году
Гады існаваньня 1943—1945
Краіна Трэці райх Трэці райх
Падпарадкаваньне Райхскамісарыят Остлянд
Уваходзіць у СД (беларуская дапаможная паліцыя)
Тып дапаможная паліцыя
Функцыя антыпартызанскія апэрацыі
Колькасьць да 1000 чалавек (восень 1943)
да 600 чалавек (восень 1944)
Дысьлякацыя Меншчына, Вялейшчына,
Лідчына, Глыбоччына, Баранавіччына Нямеччына
Мянушка Батальён СС
Колеры чырвона-белыя
Узбраеньне вінтоўкі Мосіна й іншае
Войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна
Удзел у Апэрацыя «Котбус»
Вядомыя камандзіры СС-штурмбанфюрэр Юнкер
Іван Орсіч
Іван (або Васіль) Мялешка 
Антон Бандык
С. Бобка
Л. Якубёнак

13-ы Белару́скі паліцы́йны батальён СД — калябаранцкі аддзел дапаможнай паліцыі ў часе Другой сусьветнай вайны, складзены зь беларусаў Меншчыны, Вялейшчыны, Глыбоччыны й шмат якіх іншых мясьцінаў Беларусі. Самі ж беларусы звычайна называлі яго батальёнам СС[1]. Таксама батальён часам называўся 1-м беларускім. Гэтая баёвая адзінка была адной з самых баяздольных (сярод беларускіх) і, у нейкім сэнсе, элітным беларускім фармаваньнем. Адно з найлепшых беларускіх калябарацыйных фармаваньняў[2][3].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле ўспамінаў Францішка Кушаля, у сьнежні да яго зьявіўся ў вайсковым рэфэраце кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску гаўптштурмфюрэр Шлегель і прапанаваў стварыць беларускі батальён СД:[1]

Я хацеў бы, каб пры СД у Менску быў зарганізаваны беларускі вайсковы аддзел у сіле батальёну, які б пасьля вышкаленьня нёс ахоўную службу ў Менску і апрача таго мог быць ужыты для змаганьня з партызаншчынай. Ці Вы не маглі б узяць на сябе арганізацыю гэтага батальёну?

На што Кушаль адказаў, што падумае. Пазьней ён параіўся ў заступніка старшыні Самапомачы Валькевіча, старшыні Менскага акруговага кіраўніцтва Самапомачы Юльяна Саковіча й іншых. Было пастаноўлена пісьмова прадставіць Шлегелю ўмовы, на якіх мае арганізоўвацца беларускі батальён. Гэтыя варункі былі апрацаваныя Кушалем і прадстаўленыя супольна з Саковічам Шлегелю. Умовы былі наступныя:[1]

  • Камандзір батальёну і ўсе ніжэйшыя камандзіры — беларусы.
  • Каманднай і службовай мовай у батальёне — беларуская.
  • Кандыдатаў на камандзіраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы.
  • Маральную апеку над батальёнам і прапаганду маюць беларусы.
  • Узбраеньне, абмундзіраваньне і выжывеньне нямецкае, паводле нямецкіх вайсковых нормаў.
  • Адзнакі на мундзірах павіны быць аднак беларускія, на шапках Пагоні, а бел-чырвона-белыя сьцяжкі на левым рукаве.
  • Батальён можа быць ужыты толькі на Беларусі й толькі супроць ворагаў беларускага народу бальшавіцкіх партызанаў.

Калі Шлегель прачытаў гэтыя патрабаваньні, ён на ўсё пагадзіўся, апрача таго, што камандоўцам батальёну павінны быць беларус. Ён лічыў, што камандоўцам фармаваньня мусіць быць немец, але ніжэйшыя чыны маглі б цалкам займаць беларусы[1]. На што Кушаль і Саковіч пагадзіліся, ня бачачы іншых магчымасьцяў стварыць беларускую вайсковую адзінку. Такім чынам, Кушаль і Саковіч прыйшлі да згоды са Шлегелем[1].

У тым жа месяцы між начальніка паліцыі бясьпекі й СД генэральнай акругі Беларусі СС-обэрштурмбанфюрэра Эдуарда Штраўха й кіраўніцтва БНС было падпісанае пагадненьне пра стварэньне асобнага беларусага батальёну СД, у задачы якога ўваходзіла б выключна барацьба з партызанамі.

Набор у батальён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На наступны дзень пасьля падпісаньня загаду пра стварэньне батальёну (сьнежань 1942 году) Францішак Кушаль выехаў у акругі, каб на месцы паразумецца з акруговымі рэфэрэнтамі БСА й кіраўнікамі Самапомачы. Запэўніўшы акрэсленую колькасьць добраахвотнікаў з кожнае акругі, Кушаль вярнуўся ў Менск і пачаў чакаць іхнага прыбыцьця[1].

У пачатку лютага 1943 году добраахвотнікі пачалі прыбываць. Кушаль адзначаў, што немцы далі яму вялікую свабоду ў арганізацыі батальёну[1]. Ужо ў першай палове сакавіка быў сфармаваны батальён, да якога далучылі прапагандыста лейтэнанта Віктара Чабатарэвіча, дзеля Кушалевай прапановы. Батальёнаў склад на той момант:[2]

  • 1-я рота (камандовец — старшы лейтэнант Іван Орсіч) — 200 человек.
  • 2-я рота (камандовец — старшы лейтэнант Мазур) — 200 человек.

У некаторых навуковых працах, якія тычацца батальёну, Мазур і Орсіч маюць годнасьці старшых лейтэнантаў[4], але паводле Кушаля, яны былі падлейтэнантамі[1].

Пра батальён Кушаль пісаў:[1]

Батальён гэты быў добра абмундзіраваны й знаходзіўся на ваенным харчаваньні. Справа ўзгадаваньня жаўнераў была пастаўленая вельмі высока. Усё беларускае грамадзянства зьвяртала на батальён вялікую ўвагу, для батальёну ладзіліся тэатральныя паказы, вечарыны й іншае. Саюз моладзі з свайго боку даваў для жаўнераў аматарскія паказы. Адным словам, гэта быў узорны вайсковы аддзел — улюбёнец беларускага грамадзянства.

Нямецкім камандоўцам батальёну прызначылі афіцэра з апарату Штраўха — СС-штурмбанфюрэра Юнкера[2] (або Юнкерса)[5].

Змаганьне з польскім уплывам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеля пазбаўленьня польскага ўплыву, беларускія нацыяналісты праводзілі вельмі строгую сэлекцыю кандыдатаў у 13-ы Беларускі батальён пры СД. Збольшага гэты захад быў пасьпяховым і ўдачным. Але нават беларуская рота СД, якая ахоўвала Калдычэўскі ляге­р і была вельмі ляяльнай да немцаў, не была пазбаўленая агентуры Арміі Краёвай. Напрыклад, у 1943 годзе быў выкрыты й арыштаваны паліцыянт Ян Сухажэўскі, які ўзначальваў польскую агентурную ячэйку ў Калдычэве[2].

Шлях батальёну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Урачыстае пахаваньне аднаго з камандоўцаў.

У траўні 1943 году батальён пайшоў у акцыю супраць партызанаў[5] у ваколіцах Менску[2]. У акцыі як камандоўцы, так і стральцы паказалі сябе з найлепшага боку. Пасьля колькітыднёвай акцыі батальён вярнуўся ў Менск. Немцы, у тым ліку й камандовец батальёну, вельмі хвалілі падначаленых беларусаў. У часе акцыі былі забітыя некалькі дзясяткаў[2] беларускіх ваяроў. Гэтыя ахвяры вельмі ўрачыста былі пахаваныя ў Менску пры ўдзеле беларускага грамадзтва й немцаў. Батальён паказваў сябе вельмі добра[2], з-за чаго Кушаль разьлічваў на сфармаваньне яшчэ падобных беларускіх адзінак[1].

Канфлікты зь немцамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гэтым самым часе, калі здавалася, што ўсё для калябарацыяністаў ідзе цудоўна, пачалі здарацца канфлікты паміж камандоўцам батальёну, немцам, і беларускімі афіцэрамі. Кушаль, як апякун гэтага батальёну, мусіў выступаць пры кожным канфлікце ў якасці пасярэдніка між іх[1][2].

Кушаль вызначаў дзьве прычыны гэтакіх канфліктаў:[1]

…Адна тая, што немцы папрыдзялялі да ротаў сваіх падафіцэраў, якія называліся шэфамі ротаў і інструктарамі. Вось гэтыя шэфы ротаў і пачалі ўваходзіць у кампэтэнцыі камандзіраў ротаў і зьвязаў. Нашыя афіцэры не хацелі зрачыся сваіх правоў і прывілеяў камандзіраў на карысьць нямецкіх падафіцэраў. Ізноў нямецкія падафіцэры пры кожным асаджэньні іх, у выпадку, калі яны мяшаліся ў правы нашых камандзіраў, жаліліся камандзіру батальёну. Немец, камандзір батальёну, заўсёды прымаў бок сваіх нямецкіх падафіцэраў і нападаў на афіцэраў беларусаў, хоць бы яны мелі стопрацэнтовую рацыю. Нашыя афіцэры ў такім выпадку адклікаліся да мяне. Другая прычына канфлікту была тая, што на ўсіх гаспадарскіх функцыях у батальёне стаялі нямецкія падафіцэры, якія абкрадалі нашых жаўнераў. Я асабіста сцьвердзіў некалькі раз крадзеж нямецкімі падафіцэрамі харчоў, аб чым дакладваў нямецкім вышэйшым уладам. З гэтай прычыны камандзір батальёну меў частыя няпрыемнасьці й канфлікт гэты паміж ім і намі што раз больш паглыбляўся.

Лейтэнант Мазур[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш няўступлівым быў камандовец 2-гой роты старшы лейтэнант[4] (або падлейтэнант)[1] Мазур, чалавек досыць амбіцыйны й імпульсіўны, з-за чаго камандоўца батальёну прасіў Кушаля, каб ён адклікаў Мазура й даў на ягонае месца іншага афіцэра. Аднак Кушаль праігнараваў ягоную просьбу. Празь некаторы час камандовец батальёну паведаміў Кушалю, што Мазур высылаецца ў афіцэрскую школу ў Бэрлін на перашкаленьне, што Кушаля вельмі зьдзівіла, але ён паверыў. Аднак, калі Мазур перад ад’ездам пайшоў у аддзяленьне СД па дакумэнты, ён таямніча зьнік, беларускія жаўнеры болей яго ня бачалі[1]. Прыблізна праз два тыдні пасьля гэтага выпадку камандовец фармаваньня паведаміў афіцэрам батальёну, што Мазур быў забіты ў часе бамбаваньня Потсдаму, дзе знаходзілася ягоная школа. Але Потсдам быў пабамбардаваны толькі ў красавіку 1945 году, таму сьмерць Мазура засталася загадкай[1].

Вялейка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папаўненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі камандовец індывідуальна вучыць жаўнера.

Усё лета 1943 году батальён прымаў удзел у акцыях. Былі ахвяры ў людзях, але батальён стаўся незвычайна баёвай адзінкай. Восеняй таго ж году батальён быў пераведзены зь Менску ў Вялейку. У Вялейцы яго папоўніла рота, якая была створаная пры СД у гэтым жа месьце, пад камандаваньнем лейтэнанта Аркадзія Качана[1]. Апрача таго, з Глыбоцкае акругі прыбыло каля 150 чалавек на чале зь лейтэнантам Л. Якубёнкам[1]. Такім чынам, у Вялейцы батальён разгарнуўся ў вялікую адзінку ў складзе каля тысячы чалавек.

Тамака ж батальён атрымаў нумар 13 і афіцыйна стаў называцца «13-ы Беларускі Паліцыйны Батальён пры СД». Аднак беларусы звычайна называлі яго «Батальён СС»[1].

У траўні 1943 году ў батальёне зьявілася вучэбная рота, якая пазьней будзе перайменаваная ў школу СД. Курсанты вывучалі мэтады антыпартызанскай барацьбы, тактыкі, шыхтовай падрыхтўокі, савецкай й нямецкай зброі[5].

Перавод зьвязаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля кароткага зьбіраньня батальёну ў адну цэласьць і ягонага адпачынку ад баявых дзеяньняў, невялікія часткі батальёну, звычайна ня больш зьвязу[1], былі парассыпаныя па акруговых СД, дзе несьлі ахоўную службу. Большая частка батальёну засталася ў Вялейцы й усьцяж прымала ўдзел у супроцьпартызанскіх акцыях. Гэтаксама бралі ўдзел у супроцьпартызанскіх акцыях і зьвязы, якія знаходзіліся пры акруговых СД.

Бандыкаў бунт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прычыны бунту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць батальёну знаходзілася ў Вялейцы. Тутака ён вельмі часта прымаў удзел у супроцьпартызанскіх акцыях. Аднак камандовец батальёну, немец, вельмі тэндэнцыйна ставіўся да беларускіх афіцэраў. Значэньне афіцэраў-беларусаў ён увесь час стараўся зьвесьці да нуля, супроцьстаўляючы ім нямецкіх падафіцэраў. Гэткае стаўленьне вельмі абурала беларускіх афіцэраў.

Бунт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Начальнік Вялейскага СД обэрштурмфюрэр Рудольф Гравэ наехаў на міну й быў такім чынам забіты (прыкладна ў студзень—травень 1944 року)[1][2]. На пахаваньне Гравэ прыгатавалася ісьці й рота беларускага батальёну. Камандовец гэтае роты лейтэнант Антон Бандык вышыхтаваў яе й, калі прыйшоў да роты камандовец батальёну, здаў таму рапарт. Але камандовец фармаваньня загадаў Бандыку ўступіць у шыхт, а камандаваньне ротай перадаць падафіцэру-немцу. Бандык у шыхт не ўступіў. Бачачы гэтае, камандоўцы зьвязаў, лейтэнанты, гэтаксама выступілі з шыхту й далучыліся да Бандыка. Такім чынам, ротай камандаваў нямецкі падафіцэр, а беларускія афіцэры на пахаваньні прысутнічалі асобнай суполкай. Гэты ўчынак Бандыка й ягоных афіцэраў камандовец батальёну палічыў за адкрыты бунт, прыгразіў ім палявым судом і напісаў адпаведны рапарт начальніку СД Беларусі ў Менску[2].

Наступствы бунту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На другі дзень пасьля гэтага інцыдэнту Францішак Кушаль прыехаў у Вялейку на інспэкцыю батальёну. Лейтэнант Бандык зьявіўся да яго са сваімі афіцэрамі й распавёў пра інцыдэнт. Кушаль неадкладна напісаў адпаведны рапарт Прэзыдэнту БЦР і прасіў яго зьвярнуцца па гэтай справе да начальніка СД. Радаслаў Астроўскі перамовіў зь немцамі, і ў рэшце рэштаў беларускія афіцэры былі прызнаныя невінаватымі. Камандовец батальёну сказаў Бандыку, што ён пагарачыўся, але стасункі паміж імі яшчэ болей пагоршыліся[1].

Ліда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лідзе знаходзіўся зьвяз батальёну пад камандаваньнем Івана[2] (або Васіля)[3] Мялешкі.

У студзені 1944 году фюрэр СС паліцыі Лідзкай акругі вырашыў правесьці апэрацыю супраць тутэйшых партызанаў. З гэтаю мэтаю ён стварыў баёвую суполку, у якую, акрамя зьвязу Мялешкі, увайшлі іншыя фармаваньні з болей нізкімі баявымі якасьцямі. У апэрацыі мусілі ўдзельнічаць:[2]

  • Зьвяз 13-га Беларускага паліцыйнага батальёну пры СД;
  • рота ваенна-будаўнічай арганізацыі Тодту (Todt Organisa­tion);
  • атрад тутэйшай дапаможнай паліцыі;
  • Зводны атрад жаўнераў акруговага камісарыяту.

Камандоўцам гэтае суполкі быў прызначаны Мялешка. Акрамя таго, за 10 км ад Ліды стаяла нямецкая пяхотная рота, якая таксама мусіла ўдзельнічаць у апэрацыі. Але ініцыятар ак­цыі, фюрэр СС і паліцыі, не паведаміў нямецкаму камандоўцу, зь якога накірунку прыйдзе суполка Мялешкі. У скутку, нямецкі камандовец атрымаў ад свайго дазору данясеньне, што да раёну іх разьмяшчэньня набліжаецца падазроны атрад. Калі камандовец роты паглядзеў у бінокаль, то ўбачыў узброеных людзей у рознай уніформе. Жаўнеры арганізацыі Тодту насілі мундзіры, колерам падобныя да польскіх. А з-за таго, што пад Лі­дай дзейнічала шмат польскіх партызанаў, камандовец нямецкае роты, вырашыўшы, што гэта ворагі, прыказаў адкрыць агонь. На чале атраду ішоў лейтэнант Мялешка, і ён жа першым быў цяжка ранены. Жаўнер, які кінуўся на дапамогу свайму камандоўцу, быў адразу ж забіты. Непаразуменьне хутка высьветлілася, аднак Мя­лешка сканаў ад ранаў на месцы[2].

Глыбокае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 1943 году першы зьвяз 1-е роты й частка другога зьвязу былі накіраваныя ў Глыбокае, дзе вартавалі будынкі СД ды вязьніцы, канваявалі арыштаваных і вялі баявыя дзеяньні супраць партызанаў у навакольных вёсках[5]. Камандоўцам гэтага злучэньня быў ужо надлейтэнант[1] Орсіч, адзін з найвыдатнейшых афіцэраў батальёну. Ягоны зьвяз праводзіў вучэбнае вострае страляньне зь мінамёта, якое было прыкладна ў адзін час з пахаваньнем Гравэ[1]. Але адна міна ўзарвалася ў мінамёце, таму ўсе людзі, якія знаходзіліся побач, былі цяжка параненыя, у тым ліку й камандовец Орсіч, якому аскепак прабіў лёгкія навылёт. Паводле ўспамінаў Кушаля, Орсічаў стан у лязарэце быў амаль безнадзейны, хаця ў гэты момант, паводле тагачасных чутак, ён паправіўся й знаходзіўся ў лязарэце ў Баварыі на вылячэньні[1].

Эвакуацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы чэрвеня (паводле Сяргея Чуева, восені[5], а, паводле Туронка, у ліпені[6]) 1944 году распачалася эвакуацыя зь Беларусі. 13-ы батальён пачаў адступаць на захад разам зь нямецкім войскам. Па дарозе далучаліся да яго часткі, якія былі аддзеленыя ад батальёну.

Бандыкава дэзэрцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стасункі паміж камандоўцам батальёну, немцам, і беларускімі афіцэрамі штораз горшаліся й сталі немагчымымі. Нямецкія афіцэры былі поўнымі панамі становішча ў ротах. Гэткі стан рэчаў не задавальняў беларускіх афіцэраў. У Аўгустове на пастою лейтэнант Антон Бандык заалярмаваў сваю роту. Да паўстанцаў далучыліся афіцэры Іваніцкі, Дрозд і Мохарт і пад камандай Бандыка адлучыліся ад батальёну й пайшлі ў лес. Такім чынам 150 стральцоў і 4 афіцэры сыйшлі з батальёну[2].

Расправа немцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дрозд і Мохарт, аднак, перадумалі й на наступны дзень вярнуліся. Выходзячы зь лесу, яны далучыліся да калёны ўцекачоў, у якой быў бацька лейтэнанта Мохарта. Тутака іх і знайшоў патруль (два нямецкія афіцэры й беларускі унтэр-афіцэр)[2], пасланыя для хапуну дэзэртыраў. Лейтэнанты былі арыштаваныя й расстраляныя на наступны дзень беларускім унтэр-афіцэрам, які, каб выслужыцца перад немцамі, выканаў ролю ката[2].

Акрамя Мохарта й Дразда, у рукі немцам патрапілі яшчэ некалькі унтэр-афіцэраў і шарагоўцаў, якія адсталі ад паўстанцаў. Зь імі немцы расправіліся на месцы. Пасьля гэтага інцыдэнту камандовец батальёну звольніў ад выкананьня сваіх абавязкаў усіх беларускіх афіцэраў і аддаў ім апошні прыказ — ісьці ў падпарадкаваньне камандаваньня РВА. Атрымаўшы чыгуначныя квіткі, большасьць так і зрабіла. Але лейтэнанты Сасукевіч, Кушнеровіч і Клінцэвіч замест таго, каб ехаць да РВА, паехалі ў Бэрлін да БЦР, дзе ўступілі ў 1-ы Кадравы Беларускі Батальён, які тамака фармаваўся[1][2].

Пра падзеі дэзэрцыі ў Аўгустове Кушаль успамінаў:

Афіцэры, якія пакінулі батальён у Аўгустове, ня мелі намеру здрадзіць. Да гэтага распачлівага кроку яны былі вымушаныя толькі неадпаведнымі адносінамі да іх немцаў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што два афіцэры, лейтэнант Дрозд і Мохарт, пакінуўшы батальён, далучыліся да калёны ўцекачоў і разам з калёнай адступілі ў Нямеччыну. Калі даведаўся аб гэтым камандзір батальёну, то паслаў патруль, зложаны з немцаў, каб арыштаваць Дразда й Мохарта. Патруль прыбыў у калёну, забраў лейтэнанта Дразда й Мохарта, і, адвёўшы іх ад калёны, на вачох бежанцоў, абодвух застрэліў. Кажуць, што быццам лейтэнант Мохарт быў толькі паранены й уцёк. Ці гэта праўда, ня ведама.[1]

Італія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Івана Каўтуна, батальён пачаў эвакуацыю адразу пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі ў Беларусь (23 верасьня 1943 году). Потым ужо з Польшчы фармаваньне было накіраванае ў Італію, дзе яно ваявала супраць 2-га польскага корпусу пад Монтэ-Касына, а ўжо толькі потым частка беларусаў, найбольш верных немцам, была перакінутая ў Нямеччыну[3]. Але з гэтай думкай не пагаджаюцца іншыя навукоўцы і сам Кушаль пра падобнае не пісаў, на іх думку, эвакуацыя адбылася не раней за чэрвень.

Таксама, паводле Сяргея Чуева, у ліпені 1944 году на барацьбу з партызаншчынай на Чэхаславаччыне й Італіі была адпраўленая толькі 3-я рота батальёну[5].

Нямеччына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі лейтэнант Сасукевіч і іншыя прыбылі да БЦР і распавялі пра падзеі, усхваляваны тымі расповедамі[2] Кушаль адразу ж паехаў на месца пастою батальёну, каб праверыць усё на мейсцы. Было гэта ў кастрычніку 1944 году. Частка батальёну стаяла ў мясцовасьці Альбэртсдорфе (Усходняя Прусія), але гэта была толькі адна рота. Камандовец гэтае роты, гаўптштурмфюрэр-немец, вельмі ўсьцешыўся з Кушалевага прыезду, бо трэба было падняць настрой у людзей, які быў упаў[1]. У гутарцы з Кушалем камандовец батальёну на Кушалевы запытаньні, чаму гэтак здарылася, што беларускіх афіцэраў нямашака ў батальёне, даў вельмі няясны адказ. Немец абвінаваціў беларускіх афіцэраў у тым, што яны не жадалі падпарадкавацца нямецкім падафіцэрам. Ён загадаў сабраць усіх людзей, каб Францішак Кушаль мог зь імі гаварыць. Калі ён пачаў размаўляць зь беларусамі, то сьцьвердзіў сапраўды благі настрой у іх. Кушаль так пісаў пра размову зь імі:[1]

Першае, на што мне жаліліся стральцы, гэта на адсутнасьць пры іх сваіх афіцэраў. «Мы жадаем, казалі мне стральцы, каб БЦР прылажыла ўсіх стараньняў, каб нашыя афіцэры вярнуліся да нас».

У гэтым часе ў батальёне было яшчэ каля 600 чалавек, але людзі былі падзеленыя на адзінкі й раскінутыя па ўсёй Нямеччыне:[1]

Аднак, паводле Сяргея Чуева, 500—600 жаўнераў — гэта колькасьць падчас эвакуацыі, а ўжо пасьля яе, на ягоную думку, засталося толькі 150 жаўнераў[5].

У сьнежні 1944 — студзені 1945 рокаў рэшткі батальёну ўвайшлі ў склад 1-й грэнадэрскай брыгады войскаў СС[2].

Бандыкаўцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сустрэча з Арміяй Краёвай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад час эвакуацыі рота Антона Бандыка ўцякла ў Аўгустоўскі лес. Вядома, што бандыкаўцы стварылі нацыяналістычны партызанскі атрад з мэтаю вядзеньня ў далейшым баёў у тылу наступальнай Чырвонай арміі. Але гэты атрад самастойна дзейнічаў нядоўга. З дакумэнтаў АК (справаздача атраду 1-га ўланскага палку ад 25 лютага 1945 году) вядома, што 14 ліпеня 1944 году на ягоны бок перайшла суполка калішніх «беларускіх эсэсаўцаў» — каля 4 афіцэраў, 19 унтэр-афіцэраў і 90 шарагоўцаў[2].

Палякі ў сваёй справаздачы пасьпешаліся ставіць сабе ў заслугу гэты пераход. Нібыта ў дадзеным выпадку спрацавалі ўлёткі АК, што даволі сумнеўна, бо бунт роты адбыўся напрыканцы чэрвеня, а да палякаў бандыкаўцы перайшлі толькі праз два тыдні. Хутчэй за ўсё, беларусы сустрэліся зь імі ўжо ў лесе[2].

Ну службе ў Арміі Краёвай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палякі прынялі фармаваньне Бандыка, але не пакінулі яго самастойнай баявой адзінкай. На грунце гэтае няпоўнае роты быў сфармаваны атрад «Шчапа» пад камандаваньнем падпаручыка С. Кота. Цяпер новы атрад складаўся з 60 чалавек і дзейнічаў у раёнах Саенек — Аўгустоў і Балінка — Кальніца — Аўгустоў. З прычыны таго, што бандыкаўцы былі добра падрыхтаваныя, кіраўніцтва Арміі Краёвай кінула іх у бойку літаральна ўжо на наступны дзень — 15 ліпеня[2].

З дакумэнтаў вядома, што ў гэты дзень атрад «Шчапа» раззброіў пост нямецкай чыгуначнай аховы на станцыі Саенек, захапіўшы зброю, аснаду й сем палонных. У той жа дзень партызаны зладзілі засаду на шашы Саенек — Ліпск, у выніку якой яны здолелі зьнішчыць чатыры нямецкія самаходы. Падчас гэтых апэрацыяў ніводны беларус дый ніводны поляк з атраду ня быў забіты.

У далейшым, пасьля таго як выйшаў прыказ пра расфармаваньне Арміі Краёвай (студзень 1945), усе партызаны гэтага атраду былі дэмабілізаваныя й распушчаныя па хатах.

На службе ў Чорнага Ката[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Алега Раманька, дагэтуль яшчэ невядомы лёс самаго лейтэнанта Бандыка й астатніх (болей за паўсотню) былых беларускіх жаўнераў. Ён мае некалькі вэрсіяў: альбо палякі разьмеркавалі іх па іншых атрадах, альбо яны вярнуліся да немцаў, як лейтэнанты Мохарт і Дрозд, альбо сталі арганізавана бегчы ва Ўсходнюю Беларусь, каб пачаць тамака партызанку супраць бальшавікоў[2].

Гісторык Сяргей Ёрш і Сяржук Горбік, што напрыканцы 1946 атрад на чале з Антонам Бандыкам вызваліў больш за трыста беларусаў, якіх бальшавікі везьлі дзеля допытаў праз Варшаву зь Нямеччыны. Аднак дакумэнтальных крыніцаў пра гэтае няма, толькі расповеды нейкага інфарматара X[7].

Злачынствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сам батальён у расстрэлах ня ўдзельнічаў, а выкарыстоўваўся толькі ў антыпартызанскіх апэрацыях. У злачынствах, учыненых нацыстамі ў Беларусі супраць мірнага насельніцтва, беларусы ўдзельнічалі зрэдку. 13-ы Беларускі паліцыйны батальён ніколі не пасылаўся на карныя апэрацыі супраць мірнага насельніцтва[2], але магчыма, што маглі забіваць мірных людзей падчас антыпартызанскіх апэрацыяў, аднак дакумэнтальных сьведчаньняў гэтакіх выпадкаў няма. Дакумэнтальна вядомыя толькі злачынствы Бобкавай роты[3] (7-я рота)[2] і жаўнераў Якубёнкавай роты[3][8] (5-я рота)[8] батальёну.

Рота ў Калдычэве часам разглядаецца як асобная адзінка, бо падпарадкавалася пэўны час Баранавіцкаму аддзелу СД[2], хаця батальёнаў тагачасьнік і стваральнік Францішак Кушаль не ўспамінае пра іншыя асобныя беларускія фармаваньні СД[1]. Жаўнеры Баранавіцкага аддзелу таксама ўдзельнічалі ў апэрацыях «Герман», «Балотная ліхаманка», «Гамбург»[5].

Канцлягер у Калдычэве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баранавіцкая рота батальёну.

У 1942 годзе ў мястэчку Калдычэве (за 20 км ад Баранавічаў) быў створаны канцэнтрацыйны лягер. Лягер быў створаны на тэрыторыі колішняга маёнтка польскага шляхціча Салевіча. Для ўтрыманьня вязьняў тутака выкарыстоўвалі стайні, гумны й хлявы[3].

Тутэйшая ахова, паводле Сяргея Чуева, мела ў сваім складзе 120 вершнікаў, якія ўдзельнічалі на акцыях па-за лягерам[5].

Лейтэнант Бобка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камэндантам лягеру быў лейтэнант С. Бобка. Аднак на мяжы 1942—1943 гадоў функцыі камэнданта былі перададзеныя чыноўніку СД з Баранавічаў Францу Ёрну. Бобка ж быў пераведзены на пасаду начальніка лягернай аховы — усяго яму падпарадкавалася каля 100 чалавек. Ёрн меў даволі нізкую годнасьць — усяго толькі СС-штурмана[2], што раздражняла беларускі пэрсанал. Апрача таго, паводле Бобкі, ужо толькі тое, што «гэты прымітыўны чалавек з адной лычкай» меў над ім і ўсім лягерам такую ўладу, надта раздражняла беларусаў. Да таго ж, Ёрн часта ўмешваўся ва ўнутранае жыцьцё роты й публічна, нават перад вязьнямі, біў паліцыянтаў[2].

Аднак, як высьветлілася, рабіў ён гэта не таму, што быў самадурам або садыстам. Як вядома, у добраахвотныя фармаваньні шлі служыць розныя людзі. Не была выняткам і гэтая рота СД. Думаючы, што ім цяпер усё дазволенае, некаторыя зь яе сяброў зьдзекаваліся зь вязьняў, збольшага над жыдамі. Ёрн жа зьяўляўся тыповым нямецкім службоўцам і не цярпеў гармідару й сваявольства. У рэшце рэштаў, восеньню 1943 году Бобка, як галоўны «апазыцыяновец» Ёрна, быў пераведзены на пасаду камандоўца адной з ротаў 13-га батальёну, якая знаходзілася ў Новай Вялейцы.

Лейтэнант Калька[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камэндантам лягеру заставаўся Франц Ёрн, але ўжо ў годнасьці обэршарфюрэра[3] СС. Яму падпарадкаваліся беларускія сябры СД, якія прайшлі шкаленьне на унтэр-афіцэрскіх курсах у Менску. Ротай аховы (100 чалавек)[3] камандаваў Н. А. Калька (сын царскага жандарма). Разам зь ім вынішчалі жыдоў, камуністаў і партызанаў унтэр-афіцэры Л. А. Сянкевіч, М. М. Кухта, А. І. Каралевіч, а гэтаксама шараговыя супрацоўнікі СД — Варанчак, Дыра, Ждан, Пранчак, Гутырчыкідр і іншыя. У якасьці знаку адрозьненьня пэрсанал лягеру насіў на пілётках і фуражках эмблему мёртвай галавы. За «посьпехі», зробленыя ў хадзе ліквідацыі «ворагаў Райху», галоўны вайсковы рэфэрэнт БНС Францішак Кушаль дараваў Кальку ўзнагароду — Муаравую стужку[3].

За часам існаваньня лягеру супрацоўнікі беларускага СД і немцы забілі ў Калдычаве й ягоных ваколіцах (вёска Арабоўшчына, урочышча Лозы, хутар Нячэхі) каля 22 тысячаў чалавек[3].

Менскае гета[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Позьняй восеняй 1943 году беларусы, якія служылі ў 13-м Беларускім паліцыйным батальёне пры СД, удзельнічалі ў вынішчэньні жыдоў зь Менскага гета, дзе яны дзейнічалі разам са стралецкай дружынаю (15 чалавек) з 26-га палку паліцыі парадку[3].

Паводле допытаў удзельнічала каля 30 беларускіх жаўнераў зь 5-й роты[8].

Дзянісаў, адзін з тых жаўнераў, казаў на допыце пра забойствы:

Такім чынам, за адзін дзень, зрабіўшы тры рэйсы ў гета й Трасьцянец, Войтаў, Катовіч, Мілянцей, Віктар Баршчэўскі й іншыя паліцыянты нашае роты зьнішчылі й расстралялі ня менш за 180 жыдоў.[8]

Паводле Хадасевіча, іншага ўдзельніка злачынства:

Цягам двух-трох тыдняў паліцыянтамі 5-й роты 13-га беларускага батальёну СД штодзень на лясной паляне ў Трасьцянцы растрэльвалася ня меней за 15 чалавек.[8]

Афіцэрскі склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На восень 1943 году афіцэрскі склад батальёну быў наступны: надлейтэнант Іван Орсіч, лейтэнанты Іван[2] (або Васіль)[3] Мялешка, Антон Бандык, Дрозд, Н. А. Калька, Іваніцкі, Аркадзі Качан, Л. Якубёнак, С. Бобка, Мохарт, Сасукевіч, Кушнеровіч, Клінцэвіч[1].

Форма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле ўмоваў Францішка Кушаля, жаўнеры насілі бел-чырвона-белы сьцяжок на левым рукаве й пагоню ў якасьці цэшкі[1]. У якасьці пятліцаў быў — «Ярылаўскі крыж». Палікі ў батальёне былі нямецкія[2].

Але таксама батальён выкарыстоўваў сымболіку СС на шаломах, у тым ліку й адамаву галаву, што бачна на здымках.

Аснада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для экіпіроўкі паліцыянтаў выкарыстоўваліся шэрыя кіцелі частак узмацненьня СС мадэлі 1937 году, агульных СС мадэлі 1938 году, пазьней кіцелі Вафэн-СС. Каскі выкарыстоўваліся паліцыйныя (зь левага боку свастыка, з правага паліцыйная эмблема), агульных СС (зьлева руны СС, справа свастыка), так і W-SS (руны СС зь левага боку). Рыштунак, зброя выкарыстоўваліся як нямецкія, польскія, так і чырвонаармейскія (напрыклад, вінтоўкі Мосіна). Дзягі насіліся бальшавіцкія ці нямецкія са спаражкамі СС[9].

Беларускія афіцэры, падафіцэры й жаўнеры пры СД насілі наплечнікі СД з чорнага кардону. З 20 чэрвеня 1944 году афіцыйна немцам у СД і беларусам пры СД было дазволена выкарыстоўваць кіцелі Вафэн-СС зь пятліцамі СД і наплечнікамі СС з выпушкай паліцайвафэнфарбэ (зялёнага колеру). Шараговыя беларускія паліцыянты звычайна пятліцы й наплечнікі не насілі[9].

Газэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У артыкуле «Беларускія ваякі» батальён дэманструецца як ідэал, да якога трэба мкнуцца ўсім астатнім беларускім жаўнерам, і доказ таго, што беларусы гатовыя будаваць агульную будучыню з Трэцім Райхам:

Беларускія камандзеры, а гэтаксама і жаўнеры ў гэтым змаганьні паказалі высокія ваяцкія якасьці. Батальён зьяўляецца найлепшым доказам таго, што беларусы могуць быць добрымі жаўнерамі, бо беларусы гатовыя ахвяраваць усё трэбнае на будову Новае Эўропы і сваёй Бацькаўшчыны.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цікавінкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • З 27 сьнежня 2019 году, паводле пастанаўленьня МУС Беларусі, у Беларусі сымболіка батальёну патрапіла пад забарону, але ня згадваецца, што менавіта маецца на ўвазе пад ягонай сымболікаю (рашэньне ўступіла ў моц 1 лютага 2020 году)[10][11].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб Роман Вольнодумов. Боевой путь белорусских коллаборационистов (рас.). — 2016.
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к л Иван Ковтун. Беларусы на службе в «СС» (рас.) // Эхо войны. — 2008. — № 2. — С. 39—48.
  4. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Масква: «Вече», 2008. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
  5. ^ а б в г д е ё ж з Сергей Чуев. Белорусские полицейские батальоны (рас.) // Проклятые солдаты. Предатели на стороне III рейха. — 2004.
  6. ^ Юры Туронак. Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне // Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск: 1993.
  7. ^ Антон Рудак. Як два чалавекі прыдумалі міф пра Міхала Вітушку (бел.) // Будзьма беларусамі!. — 31.07.2017.
  8. ^ а б в г д Рассекреченные материалы из архива КГБ раскрывают имена убийц людей в Тростенце (рас.) // Савецкая Беларусь. — 2015. — № 215 (24845).
  9. ^ а б в Сяржук Кабрусеў. Schutzmannschafts Bataillon der SD 13. — 2009.
  10. ^ МВД Белоруссии запретило нацистскую символику (рас.). — REGNUM, 2020.
  11. ^ Опубликован перечень символики и атрибутики, запрещенной в Беларуси (рас.). — onlinebrest.by, 2020.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]