Слонімскі батальён БСА
Слонімскі батальён беларускае самааховы | |
Гады існаваньня | 1942—1943 |
---|---|
Краіна | Трэці райх |
Падпарадкаваньне | Райхскамісарыят Остлянд |
Уваходзіць у | Слонімская брыгада БСА |
Тып | дапаможная паліцыя |
Уключае ў сябе | 3 роты, 1 конны эскадрон |
Функцыя | антыпартызанскія баі |
Колькасьць | каля 1000 чалавек |
Дысьлякацыя | Слонім |
Войны |
Другая сусьветная вайна Нямецка-савецкая вайна |
Удзел у | Бой у Гавенавічах |
Вядомыя камандзіры | капітан Язэп Дакіневіч |
Слонімскі батальён БСА — адно з найлепшых фармаваньняў БСА, якое існавала цягам 1942—1943 гадоў.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слонімскі батальён самааховы быў падзелены на тры роты й эскадрон коньніцы (агулам каля 1000 чалавек). У кожнай роце было па 100—120 чалавек, а ў эскадроне — каля 100. Зь беларускага боку камандоўцам батальёну быў капітан Дакіневіч, але быў і нямецкі камандовец. Беларускіх афіцэраў не ставала, былі падафіцэры. Беларусы былі камандоўцамі зьвязаў, але заўсёды зь імі былі й нямецкія камандоўцы.
Эскадронам камандаваў немец лейтэнант Кройзер, а беларускага камандоўца эскадрон ня меў. Спачатку немцы камандавалі й зьвязамі, але потым зьявіліся беларускія камандоўцы.
Шлях батальёну
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цягам 5 дзён у 1942 годзе ў Слоніме былі створаныя новыя беларускія вайсковыя аддзелы зь пяхоты й коньніцы з жыхароў Слоніму й навакольных вёсак. Адразу ж зарганізаваны батальён узяўся за шыхтовую й баёвую падрыхтоўку. Хадзілі яны на заняткі ў бок Шылавічаў, у лясы. Вучылі нямецкія каманды, разварочваліся фронтам. Хоць і не стралялі, а бэльгійскія вінтоўкі мелі, але й без набояў. Нават у лес, на заняткі, бяз набояў хадзілі. У немцаў яны былі, а ў беларусаў — не. Беларусам аснаду збольшага не давалі.
У ліпені 1942 году, як адзначаецца ў артыкуле «У змаганьні з бандытамі» («Беларус на варце», №1, 1943 год), батальён сутыкнуўся 5 разоў з «бандытамі», дзе перамагаў іх ушчэнт.
Некалькі разоў у батальён прыяжджалі разам Рыгор Зыбайла й Сяргей Хмара, якія ўлетку 1942 году зарганізавалі Слонімскую брыгаду БСА насуперак нямецкім акупантам. Хутка, аднак, брыгада была расфармаваная.
У 1943 годзе беларускі батальён расфармавалі. Частка вайскоўцаў паехала ў Баранавічы, а частка засталася на месцы.
Форма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Батальён насіў літоўскую форму, як і ў польскага войска, зялёнага колеру. У беларускіх падафіцэраў і афіцэраў былі пятліцы. Былі прывезеныя кавалерыйскія боты, але іх не выдавалі. На занятках хадзілі ў ботах і абмотках. На пілёткі беларусы чаплялі Пагоню, што рабілі самі, без прымусу. Многія самаахоўцы мелі цэшку Пагоню на пілотках. Свайго сьцяга батальён ня меў.
У друку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слонімская самаахова хвалілася ў тагачаснай беларускай калябарацыйнай прэсе, як выдатны прыклад беларускага змаганьня з бальшавікамі. З аднаго з тагачасных часопісаў:
Вуліцамі беларускіх гарадоў маршыруюць усё новыя і новыя, усё мацнейшыя і вялікшыя збройныя аддзелы.
Праз беларускую самаахову, батальёны СС, чыгуначныя батальёны і апорныя пункты магутнее беларуская збройная сіла. Беларускі народ бярэ у собскія рукі зброю, каб самому бараніць сваю радзіму ад ворага. Яшчэ у 1942 годзе у Слонімскай акрузе былі створаныя збройныя аддзелы Беларускае самааховы. З кажным месяцам беларускае войска Слонімшчыны расло і мацнела. У канцы мінулага году беларускі вайсковы рэфарат Слонімшчыны паклікаў на абарону бацькаўшчыны жыхарства акругі. На працягу 5 дзён у Слоніме былі створаныя новыя беларускія вайсковыя аддзелы з пяхоты і коньніцы. Адразу-ж новаарганізаваны батальён узяўся за шыхтовую і баёвую падрыхтоўку. Побач з баёвай вучобай, з дапамогай беларускіх культурных сілаў, праводзілася і праводзіцца нацыянальнае узгадаваньне жаўнераў. Цяпер у Слонімшчыне разгарнулася утварэньне гэтак званых абаронных вёсак, абвешчанае спадаром Генэральным Камісарам, Группэнфюрэрам СС фон Готтбэргам. Ваякі Слонімшчыны бароняць акругу ад бандытаў. Яны змагаюцца за сьветлую прышласьць бацькаўшчыны. |
||
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Расповед былога жаўнера
- Слонімская самаахова на фотаздымках
- ВАЯКІ СЛОНІМШЧЫНЫ. Часопіс «Новы шлях» № 4 (40), люты 1944 году. (129).
- Беларуская Народная Грамада і Беларуская Народная Партызанка ў 1942-1943 гадах