Штаб Беларускай краёвай абароны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Штаб БКА, таксама вядомы як Цэнтральны штаб БКА[1], Галоўнае кіраўніцтва БКА[2], Беларускі штаб[2], — кіроўны орган Беларускай краёвай абароны, які, аднак, быў залежны ад нямецкага штабу і быў абмежаваны ў сваіх дзеяньнях[2]. 5 кастрычніка 1944 году вайсковы аддзел БЦР быў ператвораны ў Кіраўніцтва вайсковых справаў БЦР, якому быў падпарадкаваны штаб, які ўжо існаваў толькі намінальна[3].

Пры самым пачатку арганізацыі БКА немцы стараліся як найбольш абмежаваць кампэтэнцыі беларускага штабу. Так, у штабе БКА не было апэрацыйнага аддзелу, што зводзіла ягоную ролю на другараднае месца. Паводле нямецкага пляну, заданьнем штабу БКА, апрача правядзеньня мабілізацыі, была праца прапагандовая. З гэтым поглядам беларускі штаб безупынна змагаўся[2].

Немцы штаб спачатку называлі «аддзелам БКА», з чым не магла пагадзіцца БЦР. Немцы не хацелі згадзіцца на назву «штаб», таму БЦР вырашыла называць штаб «Галоўным Кіраўніцтвам БКА»[2].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад самага пачатку стварэньня БКА паміж БЦР і Генэральным камісарыятам распачаліся разнагалосьсі. Немцы ўважалі, што БЦР мае толькі правесьці мабілізацыю, а кіраваць змабілізаванымі людзьмі будуць яны самі. БЦР не пагаджалася з такім станам, а ўважала, што пры арганізацыі і кіраўніцтве БКА павінная браць удзел і БЦР пры дапамозе свайго штабу. Па доўгіх дыскусіях паміж прэзыдэнта Астроўскага і кіраўніком палітычнага аддзелу генэральнага камісара д-рам Маркусам было прынята канчатковае разьвязаньне.

Пры БЦР павінны быў стварыцца аддзел БКА, які б падрыхтаваў і правёў мабілізацыю ў БКА. У далейшым гэты аддзел будзе супрацоўнічаць са штабам Готбэрга ў справах БКА датычна прапаганды, вайсковага падрыхтаваньня ды гаспадарчай і санітарнай частак. Увесь апэрацыйны бок БКА павінны быў належаць толькі да нямецкага штабу Готбэрга, які прыняў на сябе абавязак належнага ўзбраеньня БКА.

Прэзыдэнт Астроўскі прыняў на сябе абавязак абмундзіраванюня, якое мела быць цывільным, з нашыўкамі на каўняры паводля ўзору, апрацаванага БЦР. Харчаваньне БКА мелі забясюпечыць старшыні паветаў у паразуменьні з акруговымі камісарамі.

Па гэтым узгадненьні ў палове лютага 1944 году начальнік галоўнага кіраўніцтва БКА Ф. Кушаль распачаў арганізацыю штабу.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 1944 году Готбэрг паведаміў пра хуткую мабілізацыю ў сакавіку. Галоўнае кіраўніцтва БКА хутка распачало падрыхтоўку мабілізацыі і арганізацыю афіцэрскіх і падафіцэрскіх курсаў у Менску. Штаб БКА нахутка апрацоўваў усё неабходнае да арганізацыі i вайсковага падрыхтаваньня, бо не было адпаведных беларускіх структураў, праграмаў. Камандоўцам курсаў зь нямецкага боку быў вызначаны штабам Готбэрга капітан Шнайдэр, а зь беларускага боку — лейтэнант Чабатарэвіч.

10 сакавіка 1944 году была агалошаная мабілізацыя ў БКА.

У канцы траўня нямецкі штаб пастанавіў ужываць лепш падрыхтаваныя батальёны БКА ў вялікіх апэрацыях супраць партызанаў. Першым быў 15-ты батальён з павету Гарадзішча, які стаяў у вёсцы Вольнай. Атрымаўшы загад са штабу Готбэрга, акруговы камандант нямецкае паліцыі Баранавічаў зьвярнуўся да намесьніка БЦР, а той — да начальніка Галоўнага кіраўніцтва БКА па справе выкананьня загаду Готбэрга. Начальнік БКА і намесьнік згадзіліся і батальён быў перавезены ў Менск, абмундзіраваны, пераўзброены і рэарганізаваны. Камандовец батальёну Мануэй быў мала вядомы Галоўнаму кіраўніцтву БКА, таму да батальёну быў прызначаны адмыслова ўпаўнаважаны ад Галоўнага кіраўніцтва БКА надлейтэнант У. Родзька. Батальён быў далучаны да апэрацыйнай акцыі.

У палове чэрвеня 1944 году быў узяты ў акцыю супраць партызанаў 34-ты батальён БКА са Стоўпцаў. Штаб Готбэрга выслаў загад акруговаму каманданту паліцыі і той сам паехаў у Стоўпцы для перавозу батальёну. Ня бачучы беларускага кіраўніцтва, жаўнеры разьбегліся. Прэзыдэнт Астроўскі заявіў прадстаўніку Готбэрга, што без папярэдняга паведамленьня беларускаму кіраўніцтву БКА батальёны БКА ня могуць быць забіраныя са сваіх кашараў. Да 34-га батальёну быў высланы маёр Мікула, які і выправіў яго ў акцыю.

У другой палове чэрвеня 1944 году загадам Готбэрга быў вызначаны нямецкі штаб лучнасьці, у складзе аднаго маёра, двух капітанаў i 4-х падахвіцэраў. Вызначаны штаб атрымаў памяшканьне да працы ў будынку штабу БКА. Заданьнем штабу лучнасьці было ня толькі тэхнічна ўтрымоўваць лучнасьць паміж беларускага штабу й штабу Готбэрга, але й унікаць ва ўсе патрэбы БКА i палягчаць цяжкасьці беларускага штабу адносна матэрыяльных патрэбаў БКА. Аднак штаб лучнасьці не пасьпеў пачаць сваю дзейнасьць з-за актыўных дзеянняў на фронце.

27 чэрвеня нямецкія ўлады атрымалі загад аб эвакуацыі Менску. Увечары таго ж дня начальнік нямецкага штабу палкоўнік Родэ паведаміў Кушалю, што па аўтастрадзе з Барысава на Менск ідуць масы дэзэртыраў нямецкай арміі і, каб іх спыніць, патрэбны батальён БКА. Побач былі два батальёны ў Рудзенску і Менску, але яны ня мелі абмундзіраваньня, таму іх нельга было кідаць на бой.

5 ліпеня Галоўнае кіраўніцтва БКА прыбыла ў Кёнігсберг разам з БЦР. Па праходзе некалькіх дзён Кушаль разам зь некалькімі ахвіцэрамі паехаў на фронт, дзе ён хацеў арганізаваць зборныя пункты, на якіх ахвіцэры зьбіралі б БКА ў групы i накіроўвалі б у Лодзь, дзе ў глыбокім тыле можна было б пераарганізаваць іх у баявыя адзінкі.

У пачатку верасьня 1944 году Кушаль са сваім ад’ютантам зьявіўся ў вайсковай камандатуры Бэрліну i запатрабаваў прыдзелу кватэраў для БКА. Сваё запатрабаваньне ён матываваў тым, што шмат жаўнераў БКА прыбывае і са шпіталяў у штаб БКА i для іх няма кватэр. Камэндатура прыдзяліла школьны будынак пры Ліхенерштрасэ 50, з поўным уладжаньнем кватэраваньня трохсот чалавек.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штаб выглядаў наступным чынам:[4]

Таксама зь 15 сакавіка 1944 году Анатоль Плескачэўскі загадам Астроўскага быў прызначаны шэфам інтэндантуры штабу БКА. Зь 1 ліпеня Астроўскі яго прызначае галоўным касірам Беларускай краёвай абароны. 13 студзеня 1945 году быў адкамандаваны афіцэрам сувязі штабу БКА пры 1-й беларускай дывізыі. 10 красавіка 1945 году быў прызначаны афіцэрам сувязі штабу БКА з кватэрай Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады[6].

Зь 17 верасьня 1944 да 27 лістапада 1944 Зьміцер Чайкоўскі быў ад’ютантам Францішка Кушаля[7].

Як адзначаў Францішак Кушаль, не было ніводнага спэцыяліста ў прынятай на сябе функцыі, апрача кіраўніка санітарнай часьці[2].

Некаторыя сябры прэзыдыюму БЦР стараліся дашукацца віны за недахопы ў батальёнах, у штабе БКА. Так, напрыклад, Усевалад Родзька закідаў штабу, што ён складаецца зю вельмі маладых ахвіцэраў i выглядае непаважна, з чым пагаджаўся й сам Кушаль[2].

Аддзелы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штаб складаўся з наступных аддзелаў:[2]

  • Аддзел арганізацыйны
  • Аддзел прапагандовы,
  • Аддзел санітарны,
  • Аддзел гаспадарчы,
  • Агульная канцылярыя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Натальля Голубева. Калабаранты. Якой была цана адраджэння ў перыяд нямецкай акупацыі  (бел.) // Звязда. — 12.03.2021 20:20.
  2. ^ а б в г д е ё ж Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі  (бел.) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
  3. ^ За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі: дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960 — С. 128.
  4. ^ а б Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 271.
  5. ^ Сяргей Ёрш. Забыты беларускі вайсковы дзеяч  (бел.) // Голас камбатанта. — Слонім: лістапад-сьнежань 2000. — № 5. — С. 7-8.
  6. ^ Анатоль Плескачэўскі. Людзі БКА
  7. ^ Андрэй Блінец. Дзмітрый Чайкоўскі – беларускі мастак у Мюнхене  (бел.) // Будзьма беларусамі!. — 17.11.2017.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]