104-ы батальён дапаможнай паліцыі
104-ы батальён дапаможнай паліцыі | |
Schutzmannschaftsbataillon 104 | |
Гады існаваньня | 1943 |
---|---|
Краіна | Нямеччына |
Уваходзіць у | шуцманшафт (беларуская дапаможная паліцыя) |
Функцыі |
ахова Каралеўскага каналу антыпартызанскія апэрацыі |
Колькасьць | ~ 1000 чал. |
Дысьлякацыя |
Кобрынь Дарагічын |
Узбраеньне | карабіны, вінтоўкі, кулямёты, мінамёты |
Войны | Другая сусьветная вайна |
Вядомыя камандзіры | Ляўковіч |
104-ы батальён дапаможнай паліцыі, 104-ы ахоўны паліцэйскі батальён (па-нямецку: SchutzmannschaftsBtl 104) — калябарацыйнае падразьдзяленьне нямецкай дапаможнай «ахоўнай паліцыі» (ням. Schutzpolizei).
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Батальён быў арганізаваны нямецкім акруговым камісарам Берасьцейшчыны напачатку 1943 року. Разьмяшчаўся ў Кобрыні і складаўся з добраахвотнікаў з суседніх населеных пунктаў — Пружаны, Бяроза, Косаў. Колькасны склад дасягаў 1000 жаўнераў[1].
Ачольваў батальён беларус Ляўковіч, лейтэнантамі таксама былі беларусы з Косава Луцэвіч, Гарашчык і іншыя[2]. Аднак неўзабаве ў склад батальёны былі пераведзеныя з Галіччыны 150 прыхільнікаў АУН (р). Яны занялі ўсе ніжэйшыя камандныя пасады, адхіліўшы ад кіраўніцтва беларусаў, і намагаліся ўкраінізаваць беларускіх жаўнераў: уся справаздачнасьць, абвесткі пачалі падавацца па-ўкраінску (дагэтуль — па-беларуску). Пасьля гэтага немцы, вырашыўшы разабрацца ў сытуацыі, зладзілі галасаваньне па нацыянальным складзе ўсяго батальёну, якое дало наступныя вынікі: 91,5% беларусаў і 8,5% украінцаў. Было вырашана, што батальён мусіць захаваць беларускі характар[2].
На ўзбраеньні жаўнеры мелі найчасьцей састарэлыя нямецкія карабіны, а таксама трафэйныя савецкія вінтоўкі, кулямёты і мінамёты. Батальён займаўся аховай шлюзаў Каралеўскага каналу, браў удзел у вайсковых апэрацыях супраць партызанаў; ладзілася навучаньне валоданьню зброяй, барацьбе супраць танкаў і іншай цяжкай зброі.
4 рота батальёну ў сярэдзіне студзеня 1943 ладзіла антыпартызанскія апэрацыі ў раёне Століна. Яна налічвала 147 жаўнераў, зь якіх 60 палякаў, 71 беларус і 16 украінцаў. 8 лютага 1943 частка аддзелу на чале з унтэр-афіцэрам Мікалаем Куніцкім ў ходзе пацыфікацыйнай апэрацыі ў вёсцы Воўчын зьліквідавала нямецкі камандзірскі склад з 16 чалавек і далучылася да савецкага партызанскага аддзелу імя Васіля Чапаева[3].
У траўні 1943 року батальён быў перадысьлякаваны ў Дарагічын. Пасьля аднае з апэрацыяў супраць савецкіх партызанаў ўкраінцы, якія прымалі ўдзел у акцыі, дэзэртыравалі, далучыўшыся да паўстанцкага руху[2]. Пасьля гэтага немцы расфармавалі 104-ы батальён. Былыя стральцы Палескай Сечы Тараса Бульбы-Бараўца ўвайшлі ў склад 105-га ахоўнага батальёну ў Сарнах, а астатнія жаўнеры былі ўключаныя ў склад іншых беларускіх батальёнаў шуцманшафт[1].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б siromanets. (9 сьнежня 2008) Охранные батальоны — «Шума» (Schutzmannschaft Bataillon — «Schuma») (рас.) Форум. REIBERT.info. Праверана 28 верасьня 2012 г.
- ^ а б в Найдзюк Язэп, Касяк Іван. Беларусь учора і сяньня. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 321—323. — ISBN 5-343-01458-5
- ^ Mieczysław Juchniewicz. Polacy w radzieckim ruchu partyzanckim 1941—1944. — С. 89.