Перайсьці да зьместу

Аўгустоўская пушча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа польскай дзялянкі пушчы

Аўгустоўская пушча — прыродна-лясная тэрыторыя на памежжы трох дзяржаваў — Беларусі, Польшчы і Летувы. Плошча пушчы складае каля 160 тыс. га (у межах Беларусі разьмешчаныя каля 12 тыс. га).

Ранейшыя назвы абшару — Гарадзенская пушча, Перстунская пушча. Пушча некалі займала тэрыторыю ад Горадні на паўднёвым усходзе да Балтыйскага мора на поўначы.

У часы ВКЛ пушча знаходзілася ва ўласнасьці вялікага князя. Ён мог надзяліць баярына кавалкам лесу, дазволіўшы яму стварыць там паселішчы, займацца земляробствам ці засноўваць борці.

У кірунку пушчы ішла славянская калянізацыя земляў. Ужо ў пачатку XVI ст. русінскія паселішчы зьявіліся на другім баку пушчы, у ваколіцах прускай мяжы (у Даўспудзе і Рачках былі закладзеныя праваслаўныя цэрквы), і такім чынам, продкі сучасных беларусаў атрымалі супольную мяжу зь немцамі. Аднак, русінскія анклявы праіснавалі там нядоўга і зьніклі пасьля спусташальных войнаў XVII—XVIII стст.

Па меры высяканьня Гарадзенскай пушчы і аддаленьня яе ад Горадні, пушча стала называцца Перстунскай. Назва зьвязаная зь мясцовасьцю Перстунь, якая была адміністрацыйным цэнтрам мясцовых вялікакняскіх валоданьняў.[1]

Прыродны рэзэрвуар Перкуць (Польшча)

Беларуская частка пушчы — адзін з найбольшых хваёвых лясных масіваў Беларусі. Ён займае паўночна-заходнюю частку Гарадзенскага раёну на поўнач ад Аўгустоўскага канала. У пушчы склаўся ўнікальны прыродны комплекс з рэдкімі відамі расьлінаў і жывёлін: 22 віды сысуноў, 121 — птушак, 17 — амфібіяў і рэптыліяў, 103 — мохападобных, 13 — лішайнікаў, 371 від судзінкавых расьлінаў. 27 відаў расьлін і жывёлін занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, шэраг відаў зьмешчаны ў Эўрапейскі Чырвоны сьпіс расьлінаў і жывёлін. У 1978 року на беларускай частцы пушчы быў створаны біялягічны заказьнік дзяржаўнага значэньня Сапоцкінскі.

Польская частка пушчы складае каля 114 тыс. га. У яе паўночнай частцы, якая за ўнікальнасьць ляндшафту была названая паўночным Палесьсем, утвораны Вігерскі Нацыянальны Парк, разьмешчаны вакол возера Вігры. На астатніх плошчах былі ўтвораныя пятнаццаць запаведнікаў, зь якіх большасьць знаходзіцца ў зоне, якая прылягае да Аўгустоўскага канала. Паўднёвы адцінак канала пралягае па тэрыторыі, што належыць да Бебжанскай катлавіны, мяжуе зь Бебжанскім Нацыянальным Паркам. Гэты раён быў ахоплены Рамсарскай Канвэнцыяй.

  • А. Вашкевіч, Дз. Нарэль. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай. Гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы. — Менск, 2006. ISBN 985-6783-18-6
  • Августовская пуща // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
  • Надежда Вашкелевич. Гродненская Terra Incognita(недаступная спасылка) // «Народная Газета» №103 (4771), 06.06.2008