Язэп Найдзюк
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Найдзюк.
Язэп Найдзюк лац. Jazep Najdziuk | |
«Язэп Найдзюк. Дзяяч нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэньня ў Заходняй Беларусі. Выдавец, гісторык». 1996. ДВП, алей. 40х30 см. Мастак Анатоль Крывенка. | |
Дата нараджэньня | 15 траўня 1909 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 14 лютага 1984 (74 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | выдавец |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларуская народная самапомач |
Жонка | жанаты |
Дзеці | некалькі |
Язэ́п Найдзюк (пс. Бойдацкі, Цыпрыяновіч, Станіслаў[1], Юзаф Аляксандровіч; 12 ці 15 траўня 1909, в. Бойдаты[2] ці Рэпля[3], цяпер Ваўкавыскі раён, Беларусь — 13 лютага 1984, Інаўроцлаў, Польшча) — беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, рэдактар, гісторык.
У Заходняй Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках Ваўкавыскага павету. Па сканчэньні школы ў 1923 годзе паступіў у Ваўкавыскую настаўніцкую семінарыю, аднак зь фінансавых прычын быў вымушаны перапыніць навучаньне.
З дапамогаю крэўнага Фабіяна Ярэміча з 1926 году працаваў у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, быў яе дырэктарам. Апекаваўся кнігарняй «Пагоня». Рэдагаваў часопіс «Шлях моладзі» (1929—1939). Належаў да БХД. Ладзіў культурныя і рэлігійныя імпрэзы.
Арыштаваны польскімі ўладамі ў з пачаткам вайны ў верасьні 1939 году і зьняволены ў лягеры Картуз-Бяроза. Вызвалены пасьля падыходу савецкіх войск.
Вярнуўся ў Вільню. Працягваючы працу ў беларускіх арганізацыях пасьля перадачы Вільні Летуве. Аўтар папулярнага нарысу гісторыі Беларусі «Беларусь учора і сягоньня» (1940, лацінкай). У весну 1941 году беларуская друканя была зачынена.
Пасьля нападу фашыстаў на СССР, у восень 1941 году пераехаў у Менск. Працаваў у «Выдавецтве падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску», школьным інспэктарам, быў сябрам Цэнтральнай рады Беларускай народнай самапомачы. Заняўся выдавецтвам часопіса «Беларуская школа».
У 1943 годзе пісаў ў менскай газэце; «У гэтых варунках кожная новая беларуская кніга цешыць толькі сваім фактам зьяўленьня»[4]. За годы акупацыі яго выдавецтва здолела выдаць 24 беларускія кнігі.
У 1943 годзе (на вокладцы 1944 год) выдаў у Менску падручнік па гісторыі «Беларусь учора і сяньня» кірыліцай. Выданьне кнігі выйшла пад рэдакцыяй І. Сівіцы, польскага немца, працаўніка аддзелу культуры і палітыкі генэральнага камісара Беларусі. Сівіца паправіў тэкст падручніка ў кірунку, які адпавядаў нямецкай палітыцы ў Генеральнай акрузе Беларусь. Да гэтага часткі кнігі друкаваліся ў газэце «Голас вёскі».
У Народнай Польшчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Летам 1944 году выехаў у Нямеччыну, пакінуўшы жонку і дзяцей на Беларусі. Па вайне таемна пераехаў у Польшчу. Спыніўся ў горадзе Інаўроцлаў, дзе працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, якую пабудаваў у пачатку 1970-х, быў вядомым у горадзе адмыслоўцам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам[5]. Пакінуў дзёньнік і рукапіс «Paznavajma historyju biełaruskaha narodu» па гісторыі Беларусі, напісаную ў 1960-х і выдадзеная ў 2010 годзе ў Беластоку[6]. Сувязь зь беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у ЗША. Вёў ліставаньне з Л. Геніюш[7], Ю. Туронкам, Казімірам Грынкевічам і інш.
Пра тое, хто ён на самой справе польская служба бясьпекі выявіла толькі ў 1963 годзе, на той час ужо не чапала[8].
На 20-я ўгодкі (14 лютага 2004) сьмерці грамадзкасьць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыцьцём памятнай шыльды на друкарні, імшой у касьцеле сьв. Юзафа, навукова-папулярнай сэсіяй («'Józef Aleksandrowicz — Jazep Najdziuk (1909—1984). Osoba i dzieło'») і выставай прысьвечанай Язэпу Найдзюку (Юзэфу Александровічу). На мерапрыемствах прысутнічалі: генэральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску Міхаіл Аляксейчык, прадстаўнік беларусаў у Польшчы, знаёмы зь Я. Найдзюком — Сакрат Яновіч, таксама знаёмы зь Я. Найдзюком прафэсар Мікола Давідзюк з Лодзі, прадстаўніца беларусаў Вільні Людвіка Кардзіс-Вітушкава, дочкі Я. Найдзюка — Луцыя Харытон з унукам Андрэем зь Вільні і Люцына Александровіч-Пендіхова з сынам Марцінам зь Беластока, а таксама Алег Латышонак, Юры Туронак, Зьміцер Бартосік і іншыя[9].
У 2006 годзе на доме, дзе жыў Найдзюк, была таксама ўсталяваня памятная шыльда[10].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лявон Юрэвіч. Слоўнічак псэўдонімаў і крыптонімаў // Беларус : газэта. — Верасень 2003. — № 488. — ISSN 1054-9455.
- ^ Вайсковае пасьведчаньне 1934, Czasopis 2/2004
- ^ Энцыкляпэдыя Гісторыі Беларусі 5т.
- ^ Wspołczesny Skaryna, Юры Туронак, Czasopis 2-2004
- ^ Яна Запольская. У межах беларускіх чацьвяргоў пагутарым пра Язэпа Найдзюка // Радыё «Рацыя», 24 сакавіка 2011 г. Праверана 25 студзеня 2014 г.
- ^ Зьміцер Косьцін. Пабачыла сьвет кніга Язэпа Найдзюка па гісторыі Беларусі // Радыё «Рацыя», 9 кастрычніка 2010 г. Праверана 25 студзеня 2014 г.
- ^ Ларыса Геніюш. Думаю, што я з каменьня ці з жалеза (часткі: 1; 2) // Дзеяслоў : часопіс. — Ліпень, верасень 2010. — № 4 (47); 5 (48). — С. 282-294; 212-233. — ISSN 1054-9455.
- ^ Польскі этап, Алена Казлоўская, Czasopis 2-2004
- ^ Алена Глагоўская. Ушанаваньні ў Інаўроцлаве // Czasopis : часопіс. — 2004. — № 3. — С. 19-21. — ISSN 1230-1876.
- ^ Аляксей Дзікавіцкі. У Польшчы ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка // Радыё «Свабода», 19 траўня 2007 г. Праверана 25 студзеня 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 15 траўня
- Нарадзіліся ў 1909 годзе
- Нарадзіліся ў Ваўкавыскім павеце (Гарадзенская губэрня)
- Памерлі 14 лютага
- Памерлі ў 1984 годзе
- Памерлі ў Інаўроцлаве
- Пахаваныя ў Куяўска-Паморскім ваяводзтве
- Сябры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (Польшча)
- Сябры Беларускай народнай самапомачы
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Беларускія грамадзкія дзеячы
- Беларускія рэдактары
- Беларускія гісторыкі
- Беларусы ў Польшчы
- Беларусы ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)