Беларускі батальён чыгуначнай аховы
Беларускі батальён чыгуначны аховы | |
Гады існаваньня | 1942 — 1944 |
---|---|
Краіна | Нямеччына |
Уваходзіць у | Ахова чыгункі |
Тып | пяхота |
Функцыя | абарона чыгункі |
Колькасьць | каля 1000 чалавек |
Войны |
Другая сусьветная вайна Нямецка-савецкая вайна |
Вядомыя камандзіры | Францішак Кушаль |
Беларускі батальён чыгуначнай аховы — беларускае калябарацыйнае падразьдзяленьне аховы чыгункі.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напрыканцы верасьня (паводле Алега Раманька, кастрычніка[1]) 1942 г. дырэкцыя чыгункі ў Менску зьвярнулася да Ермачэнкі, як да кіраўніка БСА, па стварэньне батальёну, які б абараняў чыгунку. Спачатку на пасаду камандоўца быў пастаўлены Францішак Кушаль.
Праз тыдзень[1] былі таксама перамовы Кушаля і Ермачэнкі з двума нямецкімі прадстаўнікамі аховы чыгункі. На перамовах немцы былі даволі ўступлівыя. У выніку перамоваў са Штрымке (адзін з прадстаўнікоў) было ўстаноўлена, што:
- Батальён будзе разьмяшчацца наступным чынам: 1 рота ў Менску, 1 рота ў Стоўпцах, 1 рота ў Баранавічах, 1 рота ў Лідзе і 1 рота ў Каралеўшчыне Глыбоцкай акругі.
- У Менску мелася быць арганізаваная падафіцэрская школа для рыхтавання падафіцэраў чыгуначнай аховы.
- Павінна было набрацца 800 чалавек.
- Кожная зарганізаваная рота павінная была прайсьці 4-х тыднёвае перашкаленьне, пасьля чаго магла ўжывацца да службы на чыгунцы.
Аднак ня ўсе афіцэры БСА з энтузіязмам аднесьліся да гэтага праекту. Напрыклад, начальнік унтэр-афіцэрскай школы ў Наваградку лейтэнант Язэп Сажыч казаў Кушалю, што ня верыць немцам. Апошні ж адказаў, што «неабходна хапаць зброю, там, дзе гэта толькі магчыма»[2].
Фармаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя ахвотнікі прыбылі ў Менск са Слонімшчыны, дзе й пачалася арганізоўвацца першая рота. Камандоўцам роты ў Менску быў вызначаны лейтэнант Зьміцер (Дзімітры) Чайкоўскі. Чайкоўскі выказаў у арганізацыі роты шмат энэргіі й ініцыятывы, ягоная рота ў пачатку сьнежня 1942 году прыступіла да вышкаленьня і цягам месяца была навучаная[3].
У сьлед за Менскай ротай пачала арганізоўвацца рота ў Баранавічах. Камандоўцам роты ў Баранавічах быў вызначаны лейтэнант Барбарыч. Рота ў Баранавічах мела вялікія цяжкасьці з аснадай, не ва ўсіх быў абутак, з-за чаго да паловы жаўнераў не наведвалі практычныя заняткі. Па сканчэньні шкаленьня (студзень 1943[3])
У студзені-лютым 1943 году[2] немцы паведамілі, што чыгуначная дырэкцыя не згаджаецца, каб камандоўцам батальёну быў беларус і што камандовец батальёну будзе вызначаны Штрымке, а зь беларускага боку ім патрэбны толькі афіцэр для сувязі. Ермачэнка на гэта згадзіўся. Афіцэрам для сувязі быў вызначаны Віталь Мікула. Кушаль зьвязваў гэтакае паведамленьне ад немцаў з хуткім фармаваньнем адзінкі[4].
У студзені 1943 году зарганізавалася рота ў Лідзе, а ўжо ў лютым яна была вышкаленая[3]. Камандоўцам гэтай роты быў вызначаны лейтэнант Язэп Сажыч.
Да вясны 1943 году было набрана ў батальён разам з тымі, што былі перашколеныя і несьлі службу на чыгунках з навабранцамі ў Баранавічах і Менску – каля 1000 чалавек.
Шлях батальёну
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля сканчэньня арганізацыі і падрыхтоўкі кожная рота была падзеленая на невялікія суполкі (па 10-15 чалавек). Ужо да вясны 1943 году[3] ўсе чыгункі на Беларусі ад Арла да Берасьця й ад Полацку да Каленкавіч ахоўвалася беларусамі. Так жаўнеры баранавіцкай роты суполкамі былі накіраваныя на Палесьсе. Адна моцная група знаходзілася ў Калінкавічах і вяла бязупыннае змаганьне з партызанамі, якія знаходзіліся ў палескіх лясах.
Зь менскай роты 10 жаўнераў са зброяй ад БСА былі вылучаныя ў асабістую ахову Ермачэнкі ў галоўным кіраўніцтве БНС. Аднак хутка Штрымке забраў аснаду, з прычыны таго, што ня можа апраўдаць ягоную выдачу. Жаўнеры адмовіліся вартваць бяз зброі і вярнуліся ў роту
У хуткім часе немцы пачалі замяняць беларускіх афіцэраў сваімі падафіцэрамі. Такім чынам, былі выціснутыя са службы Барбарыч, Чайкоўскі, Сажыч і інш., а Мікула, пабачыўшы нямецкую палітыку адносна беларускіх камандоўцаў, кінуў сваю пасаду афіцэра для сувязі і паехаў у Нясьвіж на настаўніка нямецкае мовы ў настаўніцкую сэмінарыю. Месца ягонае заняў Чайкоўскі, але таксама ня доўга на ім заставаўся.
Намаганьнямі Кушаля на пасаду афіцэра-прапагандыста быў вызначаны беларус Язэп Сажыч. Атрымаў ён годнасьць кампаніфюрэра і на гэтай пасадзе заставаўся да эвакуацыі зь Беларусі. Мейсцам ягонага ўрадаваньня былі Баранавічы. Дзякуючы Язэпу Сажычу батальён захоўваўся.
Адной з апошніх апэрацыяў батальёну была ахова Другога Ўсебеларускага зьезду[5]. Былі вылучаныя найбольш надзейныя афіцэры, якія патрулявалі на чале зь Язэпам Сажычам навокал месца правядзяньня зьезду.
Пасьля эвакуацыі зь Беларусі, батальён быў перамешчаны ў Рэйнскую вобласьць. Тут салдаты батальёну былі скарыстаныя, як працоўная сіла на тамтэйшых чыгунках. Ужо ў жніўні 1944 году, даведаўшыся пра лёс чыгуначнага батальёну, БЦР спрабавала выратаваць адтуль людзей, аднак удалося выцягнуць толькі аднаго Сажыча. У сьнежні 1944 — студзені 1945 частка жаўнераў трапіла і ў брыгаду Зыглінга.
Нацыянальны фактар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле сьцьверджаньняў афіцэраў батальёну, ягоная роля была значнейшая за тую, якую яму адводзілі немцы. Ужо само зьяўленьне якой-небудзь зь ягоных ротаў у населеным пункце спрыяла ажыўленьню там беларускага нацыянальнага руху. Напрыклад, у Лідзе да зімы 1942 году ён знаходзіўся на паўлегальным палажэньні, але не з-за немцаў, а вялікае колькасьці палякаў, якія кантрявалі тутэйшую адміністрацыю і паліцыю і ў зручным выпадку тэрарызавалі беларусаў. Пасля ж арганізаваньня роты Язэпа Сажыча, тутэйшае беларускае насельніцтва, паводле яго, «адразу "падняло вушы" і пачало адважна размаўляць па-беларуску, і маючы за плячыма сваё войска». Палякі ж, наадварот, значна прыціхлі[5].
Беларуска-нямецкія дачыненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стаўленьне немцаў да людзей было вельмі благое. Нямецкія падафіцэры білі іх, акрадалі іхны паёк і т. п. Дзякуючы такому стаўленьню, шмат падафіцэраў звольніліся, а некаторыя, разжалаваныя, дэзэртыравалі з батальёну. Таксама немцы неахвотна прызнавалі за беларусамі асабістыя вайсковыя годнасьці, замяняючы іх пасаднымі.
З-за такога стаўленьня некаторыя беларускія афіцэры пакідалі батальён.
Таксама быў выпадак пераходу да партызанаў на станцыі Выгода — паміж Баранавічамі і Менскам. Тут камандовец беларускага зьвязу слонімскі унтэр-афіцэр разам са сваімі людзьмі ( 12 чалавек) напаў на нямецкае падразьдзяленьне, якое разам зь ім ахоўвала станцыю, раззброілі яго і сыйшлі ў лес, захапіўшы з сабой 5 ручных кулямётаў, 12 вінтовак, некалькі гранатаў і запас патронаў. Там былыя добраахвотнікі стварылі партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага, які некаторы час выступаў пад беларускімі нацыянальнымі споклічамі, але пазьней быў вымушаны далучыцца да буйнейшага камуністычнага партызанскага злучэньня[5].
Строй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Батальён аснаджаўся са складоў нямецкай чыгуначнай аховы ў Менску. Ягоны асабісты склад насіў стандартную сінюю ўніформу гэтай галіны нямецкай паліцыі, але зь беларускімі пятліцамі і цэшкамі[2]. Як і ў батальёнах беларускай самааховы, у якасьці цэшкі была абраная «Пагоня», а ў якасьці пятліцаў — падвойны «Ярылаўскі» крыж. Пагоны ў батальёне былі нямецкімі[3].
Зброя была таксама нямецкай, але яе тып залежыў ад аддаленнасьці ротаў батальёну ад Менску. Напрыклад, на ўзбраеньні жаўнераў Лідзкай роты былі савецкія кулямёты Дзегцярова ДП-27[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 167. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
- ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 168. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
- ^ а б в г д е Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 169. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
- ^ Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
- ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 170. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
- Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 167 — 171. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
Гэта — накід артыкула па гісторыі Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |