1-ы Кадравы батальён БКА

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
1-ы Кадравы батальён БКА
Гады існаваньня 13 верасня 1944 — красавік 1945
Краіна Сьцяг Трэцяга райху Нямеччына
Падпарадкаваньне Францішак Кушаль
Уваходзіць у Беларуская краёвая абарона
Функцыя навучанне афіцэраў і унтэр-афіцэраў
Колькасьць 300 (снежань 1944)
Дысьлякацыя Бэрлін
Войны Другая сусьветная вайна
Вядомыя камандзіры Пётра Касацкі

1-ы Кадравы батальён БКА, школьны батальён БКА[1] — батальён Беларускай краёвай абароны, створаны ў Бэрліне з эвакуяваных беларусаў без дазволу нямецкіх уладаў. Батальён займаўся навучаньнем беларускіх ахвіцэраў і унтэр-ахвіцэраў.

Дасьледчык Юры Туронак лічыў, што батальён нельга ўважаць за паўнавартасную кадравую вайсковую адзінку, бо да канца студзеня 1945 году, акрамя ахвіцэраў і жаўнераў БКА, там былі сябры іхных сем’яў. Таксама частка вайскоўцаў уступала ў батальён, каб адпачыць пасьля шпіталю[2].

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другой палове ліпеня 1944 году БЦР атабарылася ў Бэрліне. Радаслаў Астроўскі жадаў аднавіць БКА, аднак гэта ўжо было немагчыма[3]. Ён выступіў перад нямецкім кіраўніцтвам з хадайніцтвам аб стварэньні Беларускага легіёну на ўзор ужо існых легіёнаў. Ідэя была ўхваленая Міністэрствам ў справах акупаваных усходніх абласьцей. У ліпені таго ж году начальніку Ўправы генэрала-інспэктара добраахвотных фармаваньняў пры Генэральным штабе сухапутных сілаў (па-нямецку: General der Freiwilligen- Verbände) генэралу кавалерыі Эрнсту Кёстрынrу быў пададзены адпаведны мэмарандум. Кёстрынг абяцаў яго разгледзець, аднак да сярэдзіны верасьня 1944 году так і не зрабіў гэтага[4].

Доўгае маўчаньне немцаў непакоіла сяброў БЦР. На адным паседжаньні Прэзыдыюму Рады выступіў генэрал-маёр[4] Езавітаў (са жніўня 1944 кіраўнік вайсковага аддзелу БЦР)[1] з праектам, каб прыступіць да арганізацыі першай вайсковай адзінкі, не чакаючы дазволу немцаў. Свой праект ён матываваў тым, што афіцыйна існуе БКА, кватэра ёсьць, харчаваньне можа быць часова арганізаванае па картках, таксама жаўнеры могуць часова быць ва ўласным адзеньні. Такім чынам, на ягоную думку, пад шыльдай БКА можна было паклікаць людзей і прыступіць да арганізацыі першага школьнага батальёну БКА[1].

Францішак Кушаль гэтага праекту не ўхваліў[1], аднак ён спадабаўся Радаславу Астроўскаму. Такім чынам, 13 верасьня 1944 году прэзыдэнт БЦР прыняў рашэньне стварэньня батальёну[1][4]. Езавітаў арганізаваў моцную канцылярыю і пачаў паклікаць людзей у беларускае войска[1].

Паводле Езавітавага праекту, батальён павінны быў мець наступную структуру:[1][5]

  • Афіцэрскі курс, на якім павінныя былі перападрыхтоўвацца афіцэры БКА і паліцыі;
  • Падафіцэрскі курс для перападрыхтоўкі падафіцэраў (унтэр-афіцэраў);
  • Афіцэрская школа, у якой павінныя былі вучыцца на афіцэраў маладзёны, якія не наведвалі ніякіх афіцэрскіх курсаў;
  • Падафіцэрская школа, для кандыдатаў на падафіцэраў, якія не наведвалі ніякіх падафіцэрскіх курсаў;
  • Гаспадарчая рота.

Шлях батальёну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На фармаваньне батальёна БЦР патраціла 12000 райхсмарак[1]. Батальён пачаў стварацца ў пачатку верасьня 1944 году. Асновай для батальёну сталі беларускія афіцэры і унтэр-афіцэры, якія паступова зьбіраліся ў Бэрліне[4]. Першым прыбыў у батальён капітан Пётра Касацкі, які быў вызначаны за камандоўца батальёну. Намесьнікам Касацкага стаў Сьцяпан Шнэк, які таксама прыбыў у батальён адным зь першых[6]. Батальён падпарадкаваўся Кушалю, як галаве БКА[1].

На думку Езавітава і іншых сяброў Рады, афармленьне батальёну перад нямецкімі ўладамі павіннае было адбыцца не пазьней як праз два тыдні[1]. БЦР безвынікова спрабавала дамагчыся дазволу на фармаваньне Беларускага легіёну, у які б увайшоў батальён, ажно да сьнежня 1944 году[1]. Да лютага 1945 году батальён не значыўся ў ніводным нямецкім вайсковым дакумэнце й не знаходзіўся на нямецкім харчаваньні[6].

У батальёне дзейнічалі ўсе заплянаваныя курсы і школы. Афіцэрская школа была пад камандай Барыса Рагулі[1].

Да сьнежня 1944 году, у батальёне набралося 300 чалавек, зь іх 50 ахвіцэраў[1].

Казармы ў батальёну былі добрыя, аднак былі сур’ёзныя праблемы з рыштункам: у жаўнераў не было зімняй формы, толькі летняя[1][6].

У дывізіі СС «Беларусь»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другой палове студзеня 1945 г. Зыглінг прыслаў у школьны батальён у Бэрлін штумбанфюрэра Гэнігфэльда, які, прыбыўшы ў батальён, выбраў наймаладзейшых і найлепшых афіцэраў і падафіцэраў, паглядзеў на стральцоў і заявіў, што хутка яны паедуць на месца арганізацыі брыгады СС «Беларусь». Пасьля было яшчэ некалькі такіх партыяў, а сярод пакінутых афіцэраў былі выбраныя вярбоўнікі, а рэшта ў ліку 18 чалавек была звольненая з войска[1].

У школьным батальёне ў Бэрліне засталіся старэйшыя векам афіцэры й некалькі стральцоў. Бальшыня з гэтых людзей была не прыдатная да вайсковай службы.

На перамовах з Астроўскім Зыглінг паабяцаў захаваць у дывізіі афіцэрскую й падафіцэрскую школу батальёна. Аднак ён парушыў пагадненьне, панізіўшы афіцэрскую школу да падафіцэрскай, а падафіцэрскую школу разьмеркаваўшы па гаспадарчых функцыях[1].

У першай палове[2] або сярэдзіне[1] красавіка 1945 году батальён спыніў сваё існаваньне.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]