Перайсьці да зьместу

60-ы батальён дапаможнай паліцыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

60-ы беларускі батальён дапаможнай паліцыі (палявы)[1]калябаранцкі аддзел дапаможнай паліцыі ў часе Другой сусьветнай вайны, складзены зь беларусаў Баранавіччыны.

60-ы батальён дапаможнай паліцыі
Weiss-Schuma-Bataillon F/60
Гады існаваньня 1943 — 1944
Краіна Сьцяг Трэцяга райху Трэці райх
Падпарадкаваньне начальнік паліцыі парадку Беларусі[2]
Уваходзіць у шуцманшафт (беларуская дапаможная паліцыя)
Тып дапаможная паліцыя
Функцыя антыпартызанскія апэрацыі
Колькасьць 562 чалавек (сьнежань, 1943)
562 чалавек (студзень, 1944)
526 чалавек (люты, 1944)
Дысьлякацыя Баранавіччына
Талісман бел-чырвона-белы сьцяжок на левым рукаве
Войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна

Батальён арганізоўваўся на ўзор 48-га. Прапагандыстым, зь беларускага боку у гэтым батальёне быў Васілевіч, настаўнік паводле прафэсіі, былы падхарунжы польскай арміі.

Батальён існаваў са жніўня (паводле іншых зьвестак зь верасьня) 1943 году й кватараваў у Снове, пад Баранавічамі, а зь лютага 1944 году ўжо ў Баранавічах. Вядома, што ў лістападзе 1943 году браў удзел у сутыкненьнях з партызанамі. Дзякуючы выхаваўчай працы Васілевіча, 60-ы батальён існаваў аж да эвакуацыі зь Беларусі. Афіцыйна быў расфармаваны 19 красавіка 1944 году, а жаўнеры былі пераведзеныя ў брыгаду Зіглінга, а потым у 30-ю грэнадэрскую дывізію СС.

У складзе брыгады Зіглінга і СС

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 10 жніўня 1944 году фармаваньне знаходзілася ў акрузе Астэродэ (Усходняя Прусія). 6 жніўня брыгада атрымала загад накіравацца ў Варшаву, каб узяць удзел у ліквідацыі паўстаньня. Дакумэнты, аднак, не пацьвярджаюць знаходжаньня злучэньня ў Варшаве. Праўдападобна, загад быў адкліканы з палітычных прычынаў незадоўга пасьля яго выданьня, бо пэўная частка жаўнераў падтрымлівала кантакты з польскім падпольлем. Асабліва гэта датычылася палякаў і каталікоў-беларусаў — былых паліцыянтаў з Заходняе Беларусі. Напэўна, былі сярод іх і закансьпіраваныя жаўнеры АК. У сувязі з гэтым падчас знаходжаньня фармаваньня ў Польшчы пачасьціліся выпадкі масавага дэзэртырства цэлых суполак узброеных вайскоўцаў і пераходу іх на бок польскіх партызанаў. Так жаўнеры колішняга 60-га батальёну пасьля ўцёкаў удзельнічалі ў нападзе польскіх партызанаў на абоз адной зь нямецкіх дывізіяў на шашы Бабіцы — Забораў.

У гэты час у мясцовасьці Мюнзінген адбывалася фармаваньне 1-й пяхотнай дывізіі Расейскай вызвольнай арміі (РВА). На папаўненьне гэтага злучэньня было вырашана накіраваць рэшткі іншаземнага пэрсаналу 30-й грэнадэрскай дывізіі СС. Паводле афіцыйных дадзеных, у Мюнзінген было перададзена каля 5 тыс. жаўнераў. Шэраг дасьледнікаў сьцьвярджае, што сярод прыбылых у Мюнзінген знаходзіліся колішнія паліцыянты з 60-га, 64-га й 65-га беларускіх батальёнаў.

Францішак Кушаль адзначаў высокую нацыянальную сьвядомасьць у фармаваньні. Калі ён прыехаў на інспэкцыю гэтага батальёну, то стральцы, якія, паводле Кушаля, атрымалі вельмі прыгожую нямецкую аснаду, катэгарычна прасілі яго, каб ён скарыстаў свой уплыў на немцаў, каб немцы дазволілі нашыць на левым рукаве бел-чырвона-белы сьцяжок. «Мы хочам вонкава выглядаць на беларускіх жаўнераў», — гаварылі яму стральцы.

Немцы доўга ўпіраліся, але нарэшце ўступілі, i жаўнеры з трыюмфам насілі сваю нацыянальную беларускую адзнаку.

  1. ^ Сьпіс назоваў батальёнаў
  2. ^ Романько О. В. Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941-1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 320. — 426 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Грыбоўскі, Ю. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць / Юры Грыбоўскі // Беларускі Гістарычны Агляд. — 2007. — Т. 14. — Сш. 1 — 2 (26 — 27). — Снежань. — С. 97 — 140.
  • Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Юры Туронак; пераклад з польскага В. Ждановіч; каментарыі А. М. Літвіна. — Мн.: Беларусь, 1993. — 236 с.