1-ы Ўсходні запасны полк «Цэнтар»
1-ы Ўсходні запасны полк «Цэнтар» | |
Гады існаваньня | ліпень 1942 — красавік 1944 |
---|---|
Краіна | Трэці райх |
Уваходзіць у | усходнія легіёны |
Тып | дапаможная паліцыя |
Функцыя |
папаўненьне іншых батальёнаў (спачатку) змаганьне з партызанамі |
Войны |
Другая сусьветная вайна Нямецка-савецкая вайна |
Вядомыя камандзіры | Н. Г. Яненка (або Янецкі) |
1-ы Ўсхо́дні запасны́ полк «Цэ́нтар» — калябарацыйнае падразьдзяленьне, утворанае з савецкіх ваеннапалонных у акупаваным Нямеччынай Бабруйску з дапамогай расейскіх белаэмігрантаў.
Утварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Буйное фармаваньне разьмяшчалася ў былой цэнтральнай сядзібе саўгасу за 20 км ад мястэчка Бабруйску.
22 ліпеня 1942 году ў корпусе войскаў бясьпекі тылу нямецкай арміі быў аддадзены загад аб стварэньні запаснога батальёну «Цэнтру», фармаваньнем якога займаўся адмысловы штаб капітана Гольфэльда ў Бабруйску. На камплектаваньне батальёну накіроўваліся добраахвотнікі зь лягераў ваеннапалонных. Людзі, якія траплялі ў «Цэнтар» зь лягераў ваеннапалонных, як і ў РННА, адмываліся, адкормліваліся й апраналіся ў паношаную, але чыстую форму. Потым іх разьбівалі па падразьдзяленьнях. Ахвіцэрам пасьля праверкі аднаўлялі годнасьць, якую яны мелі ў Чырвонай арміі. Пры гэтым годнасьці «старшы лейтэнант» і «лейтэнант» мяняліся на «паручніка» і «падпаручніка». Каманднай мовай у частцы была расейская.
Батальён павінны быў служыць рэзэрвам для папаўненьня дзейных на той момант у раёне Бабруйску ўсходніх батальёнаў «Дняпра», «Волгі» й «Бярэзіны». 18 жніўня 1942 камандаваньне суполкі арміяў «Цэнтар» аддало загад № 6431/42 аб фармаваньні ў цытадэлі на тэрыторыі Бабруйску добраахвотнага запаснога палку «Цэнтру» для «папаўненьня ўсіх зьмешчаных на тэрыторыі армейскай групы „Цэнтр“ і добраахвотных фармаваньняў, якія яшчэ ствараюцца».
Акрамя немцаў у фармаваньні палка ўдзельнічалі расейскія ахвіцэры-белаэмігранты.
Шлях палку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падразьдзяленьне Яненкі часта прыцягвалася да ахоўна-вартавой службы й антыпартызанскіх апэрацыяў.
У Бабруйску пад патранажам палку «Цэнтра» быў сфармаваны 604-ы ост-батальён «Прыпяць», конны эскадрон і некалькі «ўсходніх» артылерыйскіх батарэяў.
Папаўненьне ў полк паступала ня толькі з лягераў ваеннапалонных, але таксама й зь вёсак, папярэдне акружаных батальёнамі. У лік навабранцаў не траплялі кармільцы сем’яў, якім фэльчар палку выдаваў фіктыўныя даведкі пра хваробы. Часам самі добраахвотнікі папярэджвалі сельскіх старастаў аб правядзеньні такіх «добраахвотных» набораў.
«Цэнтар», як і ўсе ўсходнія часткі, перажыў масавы пераход сваіх падразьдзяленьняў да партызанаў. аднойчы дэзэртаваў ўвесь музычны зьвяз. Сышоў у лес і начальнік штабу маёр Качаткоў з двума ахвіцэрамі.
У кастрычніку 1943 году полк быў адпраўлены ў Францыю і падпарадкаваны 7-й арміі Вэрмахту. У красавіку 1944 году — расфармаваны (асабісты склад часткова перададзены ў школу па падрыхтоўцы асабовага складу Ўсходніх войскаў).
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У полк ўваходзілі два рэзэрвовыя батальёны: 1-ы (тры пяхотныя роты й рота цяжкае зброі) і 2-і (рэзэрвовая сапэрная рота, казачы рэзэрвовы эскадрон, рэзэрвовая батарэя, рэзэрвовая рота сувязі), а таксама расейская каманда (імаверна, рота) прапагандыстаў. Рота сувязі налічвала 100 чалавек, Батарэя — 150, усе астатнія роты — па 250. Да фармаваньня палку быў скарыстаны запасны батальён «Цэнтар». Забесьпячэньне й спажытак палка забяспечвала 203-я ахоўная дывізія Вэрмахту. У палку дзейнічала ахвіцэрская школа.
Паводле ўспамінаў тагачасніка, камандовец роты батальёну «Бярэзіны» паручнік Казанкін (з эмігрантаў) казаў сваім падначаленым:
…Сфармаваныя расейскія батальёны павінныя служыць пакуль (ён падкрэсьліваў гэтае слова) амартызатарам паміж нямецкай арміяй і насельніцтвам.Арыгінальны тэкст (рас.)…Сформированные русские батальоны должны служить пока (он подчеркивал это слово) амортизатором между немецкой армией и населением.
Паводле інфармацыі з той жа крыніцы, каштоўным папаўненьнем для палку былі былыя кадры арміі генэрала Бялова:
…гэтыя людзі яшчэ не былі зьнясіленыя лягерамі. Тым ня менш, многія зь іх ўліліся ў батальёны «Дняпро», «Бярэзіну», «Прыпяць» і іншых падобных фармаваньняў.Арыгінальны тэкст (рас.)…эти люди еще не были истощены лагерями. Тем не менее, многие из них влились в батальоны Днепр, Березина, Припять и других подобных формирований.
Афіцэрскі склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Камандоўцам палку быў прызначаны белаэмігрант, ахвіцэр Расейскай арміі (на 1920 год) Н. Г. Яненка (у некаторых крыніцах таксама Янецкі), які ў 1944 годзе меў годнасьць падпалкоўніка Вэрмахту. Начальнікам аддзяленьня сувязі ў штабе палку стаў гэтак жа былы белагвардзеец, Георгіеўскі кавалер Ігар Канстанцінавіч Саламаноўскі (у 1944 г. — маёр Вэрмахту).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зьніклі ў 1944 годзе
- 1942 год у Беларусі
- 1942 год у Бабруйску
- Ліпень 1942 году
- Вайсковыя фармаваньні, створаныя ў 1942 годзе
- Беларускія вайсковыя фармаваньні калябарантаў падчас Другой сусьветнай вайны
- Расейскія вайсковыя фармаваньні калябарантаў падчас Другой сусьветнай вайны
- Украінскія вайсковыя фармаваньні калябарантаў падчас Другой сусьветнай вайны
- Войска ў Бабруйску