Перайсьці да зьместу

49-ы батальён дапаможнай паліцыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

49-ы батальён дапаможнай паліцыі (вартавы)[1]калябаранцкі аддзел дапаможнай паліцыі ў часе Другой сусьветнай вайны, складзены зь беларусаў Меншчыны. Першае вайсковае фармаваньне такога тыпу на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусі.[2]

49-ы батальён дапаможнай паліцыі
Schuma-Bataillon W/49
Гады існаваньня 1942 — 1944
Краіна Сьцяг Трэцяга райху Трэці райх
Падпарадкаваньне начальнік ахоўнай паліцыі Менску
Уваходзіць у шуцманшафт (беларуская дапаможная паліцыя)
Тып дапаможная паліцыя
Функцыя вартаўніцтва
антыпартызанскія апэрацыі (зрэдку)
Колькасьць каля 2000 чалавек (1942)
каля 800 чалавек (1942)
каля 300 чалавек (травень, 1943)
327 чалавек (сьнежань, 1943)
322 чалавек (студзень, 1944)
314 чалавек (люты, 1944)
каля 200 чалавек
каля 500 чалавек
Дысьлякацыя Меншчына
Узбраеньне 50 стрэльбаў (1942)
Войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна

У жніўні 1942 году нямецкія паліцыйныя ўлады ў Менску паралельна з арганізацыяй БСА распачалі арганізацыю беларускага паліцыйнага батальёну, якому далі чарговы нумар чыгуначных батальёнаў 49. У гэтым часе ўжо была зарганізаваная сетка ўладаў БСА, на чале якой, як галоўны камэндант, стаяў Ермачэнка. Але немцы не хацелі карыстацца якой-колечы дапамогай беларусаў-калябарацыяністаў і ўзяліся за арганізацыю батальёну самі. Заданьне гэтае яны выканалі проста: нямецкі начальнік на Беларусі даў загад нямецкім акруговым начальнікам паліцыі, каб тыя набралі з гары ўстаноўленую колькасьць маладых беларусаў і пераслалі іx у Астрашыцкі Гарадок, які быў вызначаны месцам фармаваньня батальёну. Акруговыя начальнікі паліцыі выканалі загад найсумленьней: прымусова нахапалі маладых хлопцаў і пад канвоем выслалі ў вызначанае месца.

Такім чынам, у кашары ў Астрашыцкім Гарадку да верасьня, паводле ўспамінаў Францішка Кушаля, нагналі 2.000 чалавек. Але тамака не было аніводнага беларускага камандоўцы. Уся камандная абсада ад камандоўцы батальёну да камандоўцы дружыны складалася зь немцаў. Немцы не разумелі нічога па-беларуску, а беларусы нічога па-нямецку. Кашары не былі адпаведна падрыхтаваныя да закватэраваньня людзей, кухні ня ўсе былі здатныя да выкарыстаньня. Нямецкія афіцэры гутарылі з падначаленымі беларусамі толькі па-нямецку, што не спрыяла ўзаемаразуменьню й стварала дадатковыя цяжкасьці ў абучэньні. З-за гэтага немцы пачалі зьбіваць беларускіх жаўнераў, што ў далейшым прывяло да дэзэртырства. Таму паўнавартасна батальён быў зарганізаваны толькі да красавіка 1943 году.[2]

Батальён спачатку знаходзіўся ў Астрашыцкім Гарадку. Астрашыцкі Гарадок — гэта невялічкае мястэчка пад Менскам, пабудаванае сярод лясоў, у якіх было шмат партызанаў. У батальёне было толькі 50 вінтовак, зь якімі людзі ня ўмелі абыходзіцца. Пра гэтае даведаліся партызаны і ўначы напалі на батальён. Як жаўнеры-беларусы, так і камандоўцы-немцы разьбегліся, хто куды мог. На наступны дзень аднак батальён пачаў зьбірацца назад ізноў. Але, паводле ўспамінаў Францішка Кушаля, зь беларусаў у кашары з 2.000 чалавек вярнулася ня больш за 800. Каб не паўтарыўся напад, немцы перавялі батальён у Менск. У Менску ж немцы выкарасталі ўсе магчымыя сродкі, каб не было дэзэрцыі, але толькі чыста паліцыйнага характару, што праблемы з дэзэртырствам не разьвязвала. Немцы прыйшлі да высновы, што трэба зьвярнуцца па дапамогу да прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

Нямецкі начальнік паліцыі на Беларусі ўпаўнаважыў капітана Кумэра, каб той зьвярнуўся да Францішка Кушаля з просьбай даць параду, якім спосабам можна спыніць дэзэрцыю ў батальёне. Кушаль параіў, што адзіны спосаб спыніць дэзэрцыю, гэта прызначэньне ў батальёне камандоўцаў-беларусаў, пачынаючы ад камандоўцы батальёну да камандоўцы дружыны.

Камандоўцы-беларусы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На наступны дзень капітан Кумэр сказаў Кушалю, што камандоўца паліцыі згадзіўся, каб камандоўцы ротаў і зьвязаў былі ў батальёне беларусы й папрасіў Кушаля, каб той даў на гэтыя пасады кандыдатаў. Дзеля таго, што ў Францішка Кушаля не было пад рукою вольных афіцэраў, ён зьвярнуўся да курсантаў з прапановай пайсьці на камандоўскія пасады ў 49-ы батальён. Выпадкі, якія адбываліся ў 49-ым батальёне даходзілі да ведама курсантаў, таму згадзіліся ісьці ў батальён толькі 4 афіцэры.

Камандоўца батальёну вельмі ўсьцешыўся афіцэрамі-беларусамі й вызначыў іx камандоўцамі ротаў. Пасьля прыблізна тыдня гэтыя 4 афіцэры зьявіліся ў Кушаля й паведамілі, што камандоўца батальёну загадаў ім замэльдавацца ў Кушаля дзеля таго, што яны яму непатрэбныя. Францішак Кушаль быў вельмі зьдзіўлены гэтым фактам і запытаўся капітана Кумэра, чаму камандоўца батальёну адаслаў гэтых афіцэраў назад. Кумэр адказаў, што дзяржаўны Камісарыят у Рызе прыслаў на пасаду камандоўскага складу чужа-нацыянальных паліцыйных батальёнаў эстонскіх афіцэраў, і што 49-ы беларускі паліцыйны батальён абсаджаны гэтымі самымі эстонскімі афіцэрамі, якія знаюць расейскую мову.

Камандоўцы-эстонцы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Немцам здавалася, што калі камандоўцы патрапяць разгаварыцца з падначаленымі — то справа заладжаная. Аднак выйшла іначай. Эстонцы, якія гаварылі да стральцоў-беларусаў па-расейску, былі для іx гэтак ж чужымі, як і немцы. Дэзэрцыя працягвалася, такім чынам да траўня 1943 року ў батальёне засталося толькі 300 жаўнераў.[2]

У міжчасьсе распачаўся трэці беларускі афіцэрскі курс, які вёў Францішак Кушаль. Да гэтага курсу былі прыдзеленыя з мэтай перашкаленьня й эстонскія афіцэры з 49-га батальёну. Яны прыходзілі толькі на практычныя заняткі ў полі. Эстонцы казалі Кушалю, што ніяк ня могуць знайсьці зь беларускімі жаўнерамі «общаго языка» (па-нямецку: агульнай мовы). Камандоўцам батальёну быў падпалкоўнік, апрача яго ў батальёне было некалькі капітанаў і некалькі лейтэнантаў, разам дзесяць чалавек.

Мінула яшчэ тры тыдні, і склад стральцоў у батальёне зьменшыўся да 200 чалавек. Немцы пераканаліся, што эстонцы ніяк не зьмянілі сытуацыю. Тады начальнік нямецкае паліцыі на Беларусі палкоўнік Клепш зьвярнуўся да доктара Ермачэнкі з прапановай, каб у батальён прызначыць зь беларускага боку афіцэра, які б апекаваўся над батальёнам, вёў узгадавальную працу ў батальёне й быў лучнікам паміж батальёнам і беларускім грамадзтвам. Апрача таго, палкоўнік Клепш прасіў, каб галоўны рэфэрат БСА папоўніў батальён стральцамі. Ермачэнка даручыў залагодзіць гэтую справу Кушалю як галоўнаму рэфэрэнту БСА.

Камандоўца Дзядовіч

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На новую пасаду згадзіўся пайсьці паручнік Дзядовіч, курсант другога афіцэрскага курсу. Апрача таго, на ахвотніка пайшлі туды яшчэ два афіцэры. Кушаль распачаў набор новых кандыдатаў у батальён пры дапамозе акруговых рэфэрэнтаў БСА. Працэдура адбывалася такім парадкам: акруговыя начальнікі прысылалі партыямі ахвотнікаў у галоўны рэфэрат БСА ў Менск. Кушаль іx прыймаў, пры гэтым праводзіў зь імі высьвятляльныя гутаркі на тэму, чаму яны павінны сумленна выконваць свае абавязкі ў батальёне, а пасьля перадаваў Дзядовічу. Дзядовіч прывозіў іx у батальён і далей ужо апекаваўся над імі тамака. Такім чынам, дэзэрцыя зусім спынілася. Паводле гісторыка Юрыя Туронка, на сьнежань 1943 году ў батальёне ўжо было 327 жаўнераў.[3] Эстонскія афіцэры пачалі адзін за адным з батальёну зьнікаць: застаўся толькі адзін эстонец — капітан Цэмэль, бо нарадзіўся недалёка ад Менску й уважаў сябе напалову беларусам. Паводле Кушаля, склад батальёну быў даведзены да 500 чалавек, якія выконвалі вартаўнічую службу ў Менску й ваколіцы. Часамі батальён выяжджаў і на партызанаў, дзе паказваў сябе як баявы батальён з найлепшага боку.

Калі Дзядовіч прыступіў да выкананьня сваёй вышэй апісанай функцыі, ён быў перакананы, што атрымае адпаведна высокае й слушна яму належнае штатнае месца. Гэтаксама думалі й Ермачэнка з Кушалем. Але мінулі 2 месяцы, а Дзядовіч з батальёну ніякае ўзнагароды не атрымаў. На трэці Ермачэнка паехаў да палкоўніка Клепша, каб высьвятліць гэтую рэч. Палкоўнік Клепш выдаў загад аб залічэньні Дзядовіча на годнасьць фэльдфэбэля ў 49-ты батальён.

Калі Дзядовіч атрымаў гэты загад, ён вельмі абурыўся дэградацыі сваёй годнасьці да фэльдфэбэля й падаў Кушалю рапарт, што ён на гэтае не згаджаецца й просіць, каб яго звольнілі. Дзеля таго, што ані Кушаль, ані Ермачэнка не маглі нічога зрабіць, каб скасаваць загад Клепша, давялося Дзядовіча звольніць ад выкананьня ягоных абавязкаў. Але кіраўніцтва над батальёнам перайшло да Цэмэля, напалову беларуса, напалову эстонца, які выконваў свае абавязкі ажно да часу эвакуацыі зь Менску.

  1. ^ Сьпіс назоваў батальёнаў
  2. ^ а б в Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Юры Туронак.
  3. ^ Колькасьць жаўнераў у фармаваньнях з кнігі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]