Перайсьці да зьместу

Стакгольм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стакгольм
швэдз. Stockholm
Уверсе: выгляд на цэнтар Стакгольму з востравам Рыдаргольмэн на пярэднім пляне. Зьлева: карабель Af Chapman і мост Шэпсбрун. Справа: арэна Глюбэн. Унізе: Каралеўскі палац.
Уверсе: выгляд на цэнтар Стакгольму з востравам Рыдаргольмэн на пярэднім пляне. Зьлева: карабель Af Chapman і мост Шэпсбрун. Справа: арэна Глюбэн. Унізе: Каралеўскі палац.
Герб Стакгольму Сьцяг Стакгольму
Першыя згадкі: 1252
Краіна: Швэцыя
Лэн: Стакгольм
Кіраўнік: Карын Вангард[d]
Плошча: 187,16 км² [1]
Вышыня: 102 м н. у. м.
Унутраны падзел: 14 раёнаў
Насельніцтва
колькасьць: 988 943 чал. (2023)[2]
шчыльнасьць: 5283,94 чал./км² (2023)
аглямэрацыя: 1 617 407 чал. (2020)[3]
мэтраполія: 2 454 821 чал. (2023)
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +46 8
Паштовы індэкс: 100 00–200 00
Геаграфічныя каардынаты: 59°19′46″ пн. ш. 18°4′7″ у. д. / 59.32944° пн. ш. 18.06861° у. д. / 59.32944; 18.06861Каардынаты: 59°19′46″ пн. ш. 18°4′7″ у. д. / 59.32944° пн. ш. 18.06861° у. д. / 59.32944; 18.06861
Стакгольм на мапе Швэцыі
Стакгольм
Стакгольм
Стакгольм
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.stockholm.se

Стакго́льм (па-швэдзку: Stockholm; швэдзкае вымаўленьнеˈstɔkːˈhɔlm, ˈstɔkːˈɔlm, ˈstɔkːɔlm[4] Аўдыё Слухаць ) — сталіца і найбуйнейшы горад Швэцыі, з насельніцтвам каля 1 мільёну чалавек (на канец 2023 году). Разьмешчаны на ўсходзе краіны, паміж возерам Мэлярэн і Балтыйскім морам. Гістарычна істотным аказалася геаграфічнае разьмяшчэньне гораду на 14 астравах паўднёва-ўсходняга ўзьбярэжжа Швэцыі.

Стакгольм зьяўляецца культурным, палітычным і эканамічным цэнтрам Швэцыі. Тут знаходзяцца галоўная рэзыдэнцыя швэдзкага караля, швэдзкага ўраду і парлямэнту. У горадзе пражывае каля 22% насельніцтва краіны. У 2008 годзе амэрыканскі часопіс Foreign Policy склаў сьпіс гарадоў, якія граюць найбольш значную ролю ў міжнародных інтэграцыйных стасунках, — «Global Cities Index» — у якім Стакгольм займаў 24-е месца ў сьвеце, 10-е ў Эўропе і першае ў Скандынавіі[5]. Разьмешчаны на шэрагу астравоў, горад вядомы сваёй прыгажосьцю, выдатнаю архітэктураю і шматлікімі паркамі[6]. Гэтыя і іншыя фактары далі падставу назваць Стакгольм «Паўночнаю Вэнэцыяй»[7] і «Каралеваю Мэлярэну».

У горадзе знаходзіцца вялікая колькасьць музэяў, шэраг тэатраў і вышэйшых навучальных установаў. Тут праводзяцца шматлікія фэстывалі і спартовыя спаборніцтвы як нацыянальнага, так і міжнароднага ўзроўню. Стакгольм — другі пасьля Капэнгагену горад Скандынавіі па колькасьці наведвальнікаў (каля 1 млн турыстаў штогод).

На гербе Стакгольму выяўлены заступнік гораду Эрык IX Сьвяты.

Ад Ледніковага пэрыяду да XII стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэгіён сучаснага Стакгольму каля 3000 да н. э.
Графік гісторыі ўзроўню вады ў раёне сучаснага Стакгольму ў параўнаньні з мастом Вэстэрбрун

18 000 гадоў таму ледавік на тэрыторыі Эўропы пачаў раставаць, і прыкладна 11 500 гадоў таму яго мяжою становіцца месца, дзе цяпер знаходзіцца Стакгольм[8]. Наступнымі тысячамі гадоў гэтае месца заставалася дном мора. Прыкладна ў той самы час пачынаецца працэс гляцыяізастацыі (узьняцьця сушы), які працягваецца дагэтуль (з хуткасьцю 3,8 мм за год у раёне Стакгольму)[9]. Мяркуецца, што чалавек на тэрыторыі сучаснага Вялікага Стакгольму зьявіўся ў эпоху мэзаліту, каля 6000 гадоў да н. э. (гэтым часам датуецца стаянка, знойдзеная на тэрыторыі Гудынге)[10].

Зь сярэдзіны жалезнага веку і да часоў вікінгаў (500—1100 гады) узровень мора быў прыкладна на 5 м вышэйшым за сучасны. У часы вікінгаў у раёне возера Мэлярэн ужо ўзьніклі гарады Бірка і Сыгтуна. На тэрыторыі сучаснага Стакгольму таксама існавалі невялічкія населеныя пункты — найчасьцей гэта былі хутарападобныя паселішчы, аднак, мяркуецца, што сярод іх была і найбуйнейшая вёска — Агнэфіт, якая, імаверна, дала пачатак Стакгольму[11]. Яна знаходзілася ў цэнтры сучаснага гораду: альбо на востраве Рыдаргольмэн, або на Стадсгольмэне.

XIII—XV стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стакгольм упершыню згадваецца ў двух дакумэнтах 1252 году: першы датуецца ліпенем, другі — 19 жніўня. Гэта адзіныя на цяперашні момант крыніцы, якія дакладна пазначаюць дату афіцыйнага заснаваньня гораду. Зрэшты, у хроніцы Вісьбю Стакгольм згадваецца яшчэ раней — у 1187 годзе. Аднак гэтыя зьвесткі выклікаюць сумнёўнасьць сярод гісторыкаў, бо першы подпіс на гэтым дакумэнце датуецца толькі 1410 годам.[12] Між іншым, існуе і іншая, легендарная дата, паводле якой Стакгольм быў заснаваны ў сярэдзіне XIII стагодзьдзя ярлем Біргерам як умацаванае паселішча пры ўваходзе з Балтыйскага мора ў возера Мэлярэн для абароны гандлёвых гарадоў ад замежных захопнікаў.

Вялікі пляц (Стурторгет) у Старым горадзе

Ужо напрыканцы 1250-х гадоў стакгольмцы заключылі гандлёвае пагадненьне зь Любэкам, а ў 1261 — з Гамбургам, што значна паўплывала на яго разьвіцьцё як гандлёвага гораду ў другой палове XIII—XIV стагодзьдзях[13]. Напачатку XV стагодзьдзя насельніцтва Стакгольму складала каля 5 тысячаў чалавек, у ім пражывалі швэды, фіны й немцы. Апошнія мелі значны ўплыў на жыцьцё гораду: у прыватнасьці, існаваў закон, згодна зь якім палову сяброў гарадзкой рады мусілі складаць немцы, а палову — швэды[14]. У гэты час Стакгольм становіцца важным гандлёвым цэнтрам Ганзы: горад імпартуе соль, спэцыі, піва, віно, вопратку, зброю. На экспарт ішлі жалеза й медзь з Бэргсьлягену, вэнджаная рыба, масла, скуры.

1 траўня 1436 году Стакгольм атрымаў гарадзкія прывілеі — гэтую дату прынята лічыць пачаткам гісторыі Стакгольму ў якасьці сталіцы Швэцыі[15]. Вынікам дацкага панаваньня, пад якім Стакгольм, як і ўся Швэцыя, апынуўся пасьля Кальмарскай уніі, стала Бітва пры Брункебэргу, што адбылася 10 кастрычніка 1471 году і скончылася перамогай швэдаў.

XVI—XVII стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку XVI стагодзьдзя яшчэ большае значэньне сярод жыхароў гораду набывае нямецкая мова (ніжненямецкія дыялекты). У 1520 годзе Швэцыя зноў была захопленая датчанамі на чале з Крыстыянам II. Абарону Стакгольма трымала ўдава Стэна Стурэ малодшага Крыстына Нільсдотэр (Юленшэрна). Крыстыян II не жадаў доўгай аблогі і вырашыў атакаваць. 7 верасьня 1520 Стакгольмскі замак быў пакінуты датчанам, а 4 лістапада Крыстыян II каранаваўся швэдзкім каралём. Ужо 8 лістапада 1520 году шэраг удзельнікаў супраціву (кіраўнікі гораду, прадстаўнікі шляхты, два біскупы) былі забітыя ў час гэтак званай Стакгольмскай крывавай лазьні[16]. Аднак ужо ўлетку 1523 году Густаў Ваза, які раней падняў у правінцыі Далярна паўстаньне супраць дацкага панаваньня, вызваліў Стакгольм. Пасьля прыходу да ўлады Густаў Ваза ўзяў курс на стварэньне моцнай цэнтралізаванай улады, цэнтрам якой стаў Стакгольм. У гэты час насельніцтва гораду пачало расьці і ў 1600 годзе складала каля 9000 жыхароў[17].

Стакгольмскі замак Трэ Крунур у 1661 годзе. З малюнку нідэрляндзкага мастака Говэрта Кампгёйзэна.

У лістападзе 1592 году памірае швэдзкі кароль Юган III. Яго сын, кароль польскі й вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза цяпер меў спадчыннае права на швэдзкі пасад[18]. Атрымаўшы дазвол сойму наведаць Швэцыю, Жыгімонт прыбыў у верасьні 1593 году ў Стакгольм і ўжо ў лютым 1594 году стаў каралём Швэцыі (яго каранацыя адбылася ва Ўпсальскім саборы). Аднак палітыка караля-каталіка не задавальняла швэдзкую эліту, якая прытрымлівалася лютэранскага веравызнаньня, у выніку чаго ўжо праз год уладу ў Швэцыі захапіў суродзіч Жыгімонта — сын Густава Вазы і брат Югана III, герцаг Карл. У 1604 годзе ён афіцыйна стаў каралём Швэцыі. Гэтыя падзеі паклалі пачатак Першай Паўночнай вайне, альбо Бітве за Інфлянты — шматгадоваму вайсковаму канфлікту паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй.[19] Гэты канфлікт выявіў сур’ёзныя разыходжаньні між Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай і прывёў да сэпаратнай дамовы ВКЛ са Швэцыяй, падпісанай у 1627 годзе, якая пазбаўляла юрыдычнай сілы Люблінскую унію.[20] У гэты час Стакгольм становіцца сталіцаю магутнае імпэрыі, якая ўключала ў сябе тэрыторыю сучасных Швэцыі, Фінляндыі, Эстоніі, частак Латвіі, Польшчы, Расеі, Нямеччыны і Нарвэгіі[21]. Нягледзячы на войны (Першая Паўночная вайна, Трыццацігадовая вайна) і на Вялікі пажар 1625 году, з 1610 да 1680 году колькасьць насельніцтва Стакгольму павялічылася ў 6 разоў.[22] 17 чэрвеня (27 паводле новага стылю) 1682 году ў Стакгольмскім замку Трэ Крунур (даслоўна «Тры кароны») нарадзіўся будучы кароль Швэцыі Карл XII — чалавек, які пакінуў сьлед у гісторыі шэрагу эўрапейскіх краінаў, у тым ліку Беларусі. Шмат падзеяў пабачыў Стакгольм у 1697 годзе: 5 красавіка памёр кароль Карл XI, 7 траўня згарэў стары замак (пазьней, на тым месцы быў пабудаваны новы замак), а 14 сьнежня ў Стакгольмскім саборы каранаваўся сын Карла XI — пятнаццацігадовы Карл XII.

Краявід Старога гораду з альбому «Швэцыя старажытная і сучасная» (XVII стагодзьдзе).
Краявід Старога гораду з альбому «Швэцыя старажытная і сучасная» (XVII стагодзьдзе).

XVIII—XIX стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1700 годзе пачалася Вялікая Паўночная вайна: сярод краінаў, якія яе распачалі, выступіўшы супраць Швэцыі, была і Рэч Паспалітая. Аднак частка вялікалітоўскай шляхты на чале з Сапегамі падтрымала швэдаў. У сакавіку 1702 году Казімер Ян Сапега і Карл XII дамовіліся аб вайсковым хаўрусе, а ў кастрычніку 1703 году Казімер Сапега выдаў маніфэст, згодна зь якім перадаў усе свае маёнткі пад швэдзкі пратэктарат і прыняў швэдзкае падданства. Тэкст гэтага маніфэсту быў надрукаваны ў Стакгольме 3 лістапада 1703 году[23]. За гэта Сапегі былі канчаткова пазбаўленыя ўсіх пасадаў.

Саму швэдзкую сталіцу Вялікая Паўночная вайна даволі доўга не закранала. Аднак на яе сканчэньні, у 1719 годзе, калі ўсё ўсходнешвэдзкае ўзьбярэжжа цярпела ад расейскіх нападаў, пагроза навісла і над Стакгольмам. Напачатку жніўня расейцы атакавалі абаронцаў гораду, на чале якіх стаяў Бальтзар фон Дальгэйм. Колькасная перавага была за расейцамі, сытуацыя для швэдаў была ўжо вельмі сур’ёзнай, аднак дзякуючы Сёдэрманляндзкаму палку Рутгера Фукса, які своечасова прыйшоў на дапамогу, яны ўсё ж здолелі адкінуць ворага і адстаяць горад[24].

У XVIII стагодзьдзі Стакгольм становіцца значным індустрыйным цэнтрам[25]. У гэты пэрыяд цэнтар гораду знаходзіцца ў раёне Нармальм (па-швэдзку: Norrmalm). Але XVIII стагодзьдзе — гэта яшчэ й Век Асьветы і Век Волі. Імкненьне да сыстэматызацыі — тыповая для гэтага часу зьява — знайшло адлюстраваньне, у прыватнасьці, у зробленай у 1731—1733 гадох картографам Пэтрусам Тылеюсам мапе Стакгольму, на якой былі пазначаныя ня толькі вуліцы й пляцы, але й назвы гарадзкіх кварталаў, аптэкі й школы[26]. У час кіраваньня караля Густава III (1771—1792) Стакгольм становіцца значным цэнтрам культуры: у ім, між іншым, былі заснаваныя Музычная акадэмія, Акадэмія мастацтваў (маляваньня й скульптуры), Швэдзкі тэатар, Опэра Густава III, Каралеўскі балет, Швэдзкая акадэмія і іншыя.

Дамы, пабудаваныя ў 1880-х гг. у Стакгольмскім раёне Эстэрмальм.

Першая палова XIX стагодзьдзя была пэрыядам стагнацыі гораду й Швэцыі ў цэлым. У гэты час актуальнымі праблемамі былі галеча, голад, хваробы. Акрамя таго, многія сяляне імкнуліся перасяліцца ў сталіцу ў пошуках лепшага жыцьця: насельніцтва гораду расло, адчуваўся недахоп жыльля. Вельмі кепскай была санітарная сытуацыя. Сярэдняя працягласьць жыцьця была ўсяго 20 гадоў для мужчын і 26 гадоў для жанчын[27]. Але пачынаючы з 1860-х гадоў горад перажывае сапраўдны бум: ствараюцца новыя працоўныя месцы, прыцягваецца капітал, павялічваецца колькасьць насельніцтва (136 000 у 1870 годзе[28], 246 000 чалавек у 1890 годзе)[29]. Яшчэ ў 1853 годзе ў горадзе зьявіўся першы вулічны газавы ліхтар, у 1861 — першая помпавая і першая электрастанцыі, а таксама чыгунка ды грамадзкі транспарт: конныя трамваі й аўтобусы. У 1880—1890-я гады вырас новы раён гораду — Эстэрмальм, дзе будаваліся каменныя дамы́ для заможнай клясы грамадзтва. У 1890-я гады Стакгольм ужо меў найвялікшую ў параўнаньні зь іншымі буйнымі гарадамі сьвету колькасьць тэлефонаў[30].

XX і XXI стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак XX стагодзьдзя — час пратэстаў працоўных і шматлікіх страйкаў, найбольш значным зь якіх быў г.зв. Вялікі страйк 1909 году. У 1912 Стакгольм прымаў V Летнія Алімпійскія гульні. Горад працягваў расьці, дасягнуўшы ў 1920 годзе колькасьці насельніцтва ў 420 000 чалавек, што адлюстравалася на катастрафічным недахопе жыльля[31]. Гэта прывяло да ўзьнікненьня Руху за ўласнае жыльлё, мэтай якога было забясьпечваньне сем’яў рабочых уласнымі, хай і невялікімі па памерах, хатамі. У 1923 годзе, да 400-х угодкаў узяцьця Стакгольму Густавам Вазам была пабудаваная Стакгольмская ратуша — сучасны сымбаль гораду.

У цэнтры Стакгольму ў дзень пераходу Швэцыі на правабаковы рух 3 верасьня 1967

У 1930 годзе ў Стакгольме праводзілася Швэдзкая нацыянальная выстава архітэктуры й мастацтва, якая стала штуршком для папулярызацыі функцыяналізму. У гэты час праводзіцца сацыяльная палітыка, разьвіваецца інфраструктура, будуецца жыльлё, уводзіцца цэнтралізаванае ацяпленьне. У 1940 годзе колькасьць насельніцтва Стакгольму дасягнула 590 000 чалавек. У час Другой сусьветнай вайны адчуваўся недахоп бэнзіну, а ў незвычайна халодную зіму 1941—1942 гадоў — яшчэ й харчаваньня. 22 лютага 1944 году савецкая авіяцыя скінула на горад тры бомбы: ці была гэта памылка, застаецца невядома[32].

У 1950—1970 гадах, згодна з новым плянам разьвіцьця гораду, частка старых раёнаў была зьнесеная, на іх месцы ўзьніклі новыя канторы й гандлёвыя цэнтры. У 1950 годзе ўводзіцца ў эксплюатацыю першая частка Стакгольмскага мэтро, з 1960-х гадоў пачынаюць хутка расьці прадмесьці. Зь верасьня 1967 году Швэцыя перайшла на правабаковы рух, у сувязі з чым трамвайныя маршруты ў цэнтры гораду былі скасаваныя. 28 лютага 1986 году ў цэнтры Стакгольму быў забіты прэм’ер-міністар Швэцыі Улёф Пальмэ.

У XXI стагодзьдзі быў распрацаваны новы плян разьвіцьця гораду, адаптаваны да хуткага яго росту. 3 студзеня 2006 году была ўведзеная гэтак званая «Стакгольмская спроба» — увесьці падаткі на аўтамабільны транспарт у цэнтры швэдзкай сталіцы з адначасовым павелічэньнем колькасьці грамадзкага транспарту з мэтай паляпшэньня экалёгіі гораду. Пасьля рэфэрэндуму верасьня 2006 году гэтыя правілы сталі пастаяннымі з 1 жніўня 2007 году. У 2010 годзе Стакгольм стаў першай Экалягічнай сталіцай Эўропы.

Стакгольмская ратуша

Stock азначае драўляныя ўмацаваньні ў выглядзе сваяў, а holme — (невялічкі) востраў.

Паколькі Стакгольм прыгожа разьмешчаны на шэрагу астравоў, а таксама таму, што Стакгольмская ратуша была пабудаваная паводле прыкладу вэнэцыянскіх Палацу Дожаў і царквы Сьвятога Марка, яго называюць «Паўночнай Вэнэцыяй». Іншая мянушка гораду — «каралева Мэлярэну»[33].

Сучасным слоганам гораду зьяўляецца «Сталіца Скандынавіі».

У Стакгольмскіх шхэрах

Стакгольм — гэта зялёны горад, каля 40% яго плошчы займаюць паркі ды зялёныя абшары[34]. Нягледзячы на тое, што чалавек тут жыве ўжо больш за 1000 гадоў, недалёка ад цэнтру Стакгольма можна знайсьці некранутую прыроду. Першы Нацыянальны парк паблізу швэдзкай сталіцы — Энгшэ — зьявіўся ў 1909 годзе. Сёньня на тэрыторыі Стакгольмскага лэну два нацыянальныя паркі ды каля 240 прыродных рэзэрватаў, 7 зь якіх знаходзяцца ў межах гораду.

У 1994 годзе на тэрыторыі камунаў Стакгольм, Лідынгё й Сольна быў утвораны першы ў сьвеце Нацыянальны гарадзкі парк — Каралеўскі Нацыянальны гарадзкі парк, у які ўваходзяць шэраг астравоў Стакгольмскіх шхэраў і паркаў гораду. Але ў межах гэтага Нацыянальнага парку знаходзяцца й забудаваныя тэрыторыі, у тым ліку жылыя кварталы, прадпрыемствы, Стакгольмскі ўнівэрсытэт, пралягаюць чыгункі ды аўтабаны.

На тэрыторыі Стакгольму знаходзяцца шмат азёраў, рэк ды ручаёў. Важная частка Стакгольмскай прыроды — шхэры, у якіх налічваецца каля 30 000 астравоў[35].

Назіраньні за тэмпэратурамі ды ападкамі вядуцца ў Старой Стакгольмскай Абсэрваторыі з 1756 году — адзінага ў сьвеце месца, дзе падобныя назіраньні вядуцца больш за 250 гадоў[36].

Нягледзячы на тое, што Стакгольм ляжыць на той самай шыраце, што самы паўднёвы пункт Грэнляндыі, горад мае яскрава выражаныя чатыры сэзоны. Галоўная прычына — ва ўплыве Гальфстрыму. З канца чэрвеня да пачатку жніўня Стакгольм зьяўляецца адным з найцяплейшых месцаў Швэцыі[37][38][39]. Летам у Стакгольме звычайна цёпла, сярэднія тэмпэратуры складаюць +20…+23°, а ўначы — +11…+13°. Зімы халодныя, зь сярэднімі тэмпэратурамі −3°. Гадавая колькасьць ападкаў складае 539 мм, колькасьць дзён у годзе з ападкамі — 173, зь якіх 16 дзён — са сьнегам. Колькасьць сонечных гадзінаў у Стакгольме перавышае 1800 у год[40].

Найвышэйшая тэмпэратура (+36°) у Стакгольме была зарэгістраваная 3 ліпеня 1811 году, у бліжэйшы да нас час — +35,4° — напачатку жніўня 1975 году. Найніжэйшая тэмпэратура (-31°) — 20 студзеня 1814 году. З 10 студзеня 1987 году тэмпэратура ў горадзе не апускалася ніжэй за −25,1°[41].

 Кліматычныя зьвесткі для Стакгольму 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 11,5 12,2 17,8 26,1 29,0 32,2 34,2 35,4 27,9 20,2 13,2 12,4 35,4
Сярэдні максымум t, °C −1 −1 3 9 16 21 22 20 15 10 5 1 10,3
Сярэдняя t, °C −2,6 −2,7 0,5 5,0 11,1 15,3 17,6 16,6 11,7 7,2 2,5 −1,3 6,7
Сярэдні мінімум t, °C −5 −5 −3 1 6 11 13 13 9 5 1 −3 3,6
Абсалютны мінімум t, °C −25,1 −25,5 −23,5 −10 −3,8 2,0 6,0 2,7 −4 −8,7 −14 −24 −25,5
Норма ападкаў, мм 39 27 26 30 30 45 72 66 55 50 53 46 539
Крыніца: Яндекс Погода, Погода и Климат

Дакладна невядома, колькі чалавек пражывала ў межах гарадзкога муру Стакгольма ў раньнім сярэднявеччы, бо статыстыка ў той час не вялася, аднак абапіраючыся, між іншым, на кнігі падаткаў, гісторыкі мяркуюць, што ў час заснаваньня Стакгольму (1252) яго насельніцтва складала прыкладна 100 чалавек, а ў 1290 годзе — ужо каля 3000[42].

Асабліва насельніцтва Стакгольму павялічвалася ў наступныя пэрыяды: падчас Швэдзкага Вялікадзяржаўя (XVII — пачатак XVIII стагодзьдзя), Індустрыяльнай рэвалюцыі ды пасьля Другой сусьветнай вайны.

Паводле Швэдзкага статыстычнага бюро, насельніцтва камуны Стакгольм складае 955 397 жыхароў (30 чэрвеня 2018)[43].

Насельніцтва ўрбаністычнай адзінкі (то бок шчыльназабудаванай тэрыторыі, у якой адлегласьць паміж будынкамі не перавышае 200 м) — 1 515 017 жыхароў[44] (такім чынам, гэта найбольш населеная ўрбаністычная адзінка ня толькі Швэцыі, але й усёй Паўночнай Эўропы). Варта адзначыць, што з-за вышэйпрыведзеных крытэраў некаторыя прадмесьці Стакгольму не ўваходзяць ва ўрбаністычную адзінку, нягледзячы на непасрэдную блізкасьць да цэнтральных раёнаў гораду: гэта тычыцца найперш востраву Лідынгё. Урбаністычную адзінку ня варта блытаць з паняткам Вялікі Стакгольм — аглямэрацыяй, межы якой з 2005 году цалкам адпавядаюць Стакгольмскаму лэну, а насельніцтва складае на 30 чэрвеня 2018 году 2 325 663 чалавекі[43].

Ніжэй у табліцы прыведзеныя зьвесткі пра колькасьць насельніцтва Стакгольму з 1900 па 2010 гады з 10-гадовымі інтэрваламі:
Крыніца: Stockholms Stads Utrednings- och Statistikkontor AB: Rapporten befolkningen i Stockholm 1252—2005

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Горад (камуна) Стакгольм падзяляецца на 14 раёнаў:

Цэнтар гораду Поўдзень Захад

Варта заўважыць, што кожны з гэтых адміністрацыйных раёнаў складаецца зь некалькіх гістарычных раёнаў. Напрыклад, у склад Сёдэрмальму ўваходзіць ня толькі гістарычны Сёдэрмальм, але й Стары горад, Рыдаргольмэн і інш.

Архітэктура. Назвы вуліц і кварталаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Царква Рыдаргольмчурка
Каралеўскі палац у Стакгольме

У архітэктурным абліччы Стакгольму знайшлі адлюстраваньне розныя эпохі і стылі: эпоха Ганзы, швэдзкага Вялікадзяржаўя (XVII — пачатак XVIII стагодзьдзя, Індустрыяльная рэвалюцыя, функцыяналізм. Адным з найбольш старажытных захаваных будынкаў Стакгольму зьяўляецца царква Рыдаргольмсчурка (літаральна «Царква Рыцарскага востраву»), узьведзеная напрыканцы XIII стагодзьдзя[45]. Найстарэйшым будынкам зьяўляецца царква ў раёне Брумма (1160-я гады).

У XV стагодзьдзі Стакгольм і, у тым ліку, яго архітэктура, апынуліся пад моцным нямецкім уплывам. У гэты час быў пабудаваны Дом нямецкай купецкай гільдыі, які ў 1570-я гады быў перабудаваны ў царкву, вядомую цяпер як «Нямецкая кірха» (па-швэдзку: Tyska kyrkan). Ужо ў XV стагодзьдзі Стакгольм выйшаў за свае першапачатковыя межы, то бок за межы Гамля Стану (Старога гораду), а з XVII стагодзьдзя Стакгольм становіцца значным эўрапейскім горадам: ён хутка расьце, таму ўзьнікла неабходнасьць у гарадзкой пляніроўцы. Яе ажыцьцявіў архітэктар Кляс Лярсан Флемінг, які, натхняючыся ідэямі Рэнэсансу, стварыў сетку з прастакутных кварталаў. Зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя ў швэдзкую сталіцу сталі запрашаць архітэктараў з замежжа, сярод якіх былі французы Сымон дэ ля Вале й яго сын Жан, немец Нікадэмус Тэсын Старэйшы і інш. Апошні ў 1661 годзе становіцца першым у гісторыі Стакгольму ды й усёй Швэцыі гарадзкім архітэктарам.

У 1697 годзе згарэў сярэдневечны замак Трэ Крунур (Тры Кароны). На яго месцы Нікадэмус Тэсын Малодшы (сын Старэйшага) пабудаваў каралеўскі палац (завершаны ў 1750 годзе), які па архітэктуры зьяўляецца сумесьсю рымскага палацавага барока й францускага рэнэсансу[46]. Замкі будаваліся ў гэты час і па-за межамі гораду, сярод якіх — сучасная рэзыдэнцыя швэдзкай каралеўскай сям’і Дротнінггольм і Скуклёстэрскі замак. Стурчурка (літаральна «Вялікая царква»), якая зьяўляецца Саборам дыяцэзы Стакгольму, першапачаткова была пабудавана ў XIII стагодзьдзі, але мае барочны экстэр’ер XVIII-га, яна знаходзіцца побач з каралеўскім палацам.

Хмарачосы на пляцы Гёторгет

У Густавіянскую эпоху (то бок напрыканцы XVIII стагодзьдзя, у час кіраваньня Густава III) у Стакгольме зьявілася шэраг будынкаў культурнага значэньня, як напрыклад, будынкі Опэры Густава III і Тэатру ў Дротнінггольме. Пачынаючы зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя сярод заможных стакгольмцаў становіцца модным будаваць сабе сядзібы. У наш час у швэдзкай сталіцы захавалася 38 такіх сядзібаў, большасьць зь якіх сканцэнтравана ў раёне Сёдэрмальм (адразу на поўдзень ад Старога гораду)[47].

Хутка горад рос і ў XIX стагодзьдзі, у пэрыяд індустрыялізацыі. Прыкладам для гарадзкога плянаваньня й архітэктуры Стакгольму былі ў гэты час Санкт-Пецярбург, Бэрлін, Вена. У першай палове стагодзьдзя будаваліся пераважна службовыя будынкі: лякарні, казармы, турмы. У 1866 годзе архітэктар Альбэрт Ліндгаген распрацаваў генэральны плян разьвіцьця гораду, згодна зь якім у Стакгольме павінны былі зьявіцца шырокія бульвары ды эсьплянады, зь вялікай колькасьцю зялёных насаджэньняў, асноўным зь якіх мусіў стаць бульвар Свэавэген, шырынёю ў 70 мэтраў, створаны па прыкладзе Элісэйскіх палёў у Парыжы[48].

Напрыканцы XIX і напачатку XX стагодзьдзя ў горадзе былі ўзьведзены шмат манумэнтальных будынкаў, як то: Цэнтральнай чыгуначнай станцыі, Каралеўскай бібліятэкі, Драматычнага тэатру. Стакгольмская ратуша была пабудавана ў 1911—1923 гадах архітэктарам Рагнарам Эстбэргам. У той самы час узьніклі Алімпійскі стадыён (архітэктар Турбэн Грут), будынак Стакгольмскай гарадзкой бібліятэкі (архітэктар Гунар Асплюнд) й Лясныя могілкі (архітэктар Сыгурд Левэрэнц). Праведзеная ў 1930 годзе Нацыянальная выстава архітэктуры, на якой галоўным архітэктарам быў Гунар Асплюнд, стала пачаткам прарыву функцыяналізму, які задаваў тон у швэдзкай архітэктуры й дызайну не адно дзесяцігодзьдзе.

Пасьля Другой сусьветнай вайны, у сувязі з увядзеньнем у эксплюатацыю Стакгольмскага мэтро, пабачылі сьвет новыя прадмесьці гораду: Орста, Вэлінгбю, Фарста. Была цалкам перабудавана й адна з цэнтральных частак гораду: Ніжні Нормальм. Гэтак зьявіліся пляц Сэргелю й Гёторгсіці. У 1960-я гады будавалася шмат жыльля, узьнікалі новыя раёны (Рынкебю, Тэнста, Шэргольмэн). Адным з найпрыкметных будынкаў таго часу стаў Wenner-Gren Center — 25-павярховы стальны хмарачос, разьмешчаны ў паўночнай частцы бульвару Свэавэген. Пабудаваны ён быў у 1959—1961 гадох як інтэрнацыянальны цэнтар для навукоўцаў, якія наведвалі Стакгольм. Фінансаваў праект былы віцэ-дырэктар Electrolux Аксэль Вэнэр-Грэн. Яшчэ адзін хмарачос — 26-павярховы Skatteskrapan — зьявіўся ў 1959 годзе ў раёне Сёдэрмальм.

У 1970-я гады настае час постмадэрнізму: у моду ўваходзяць экалягічна чыстае жыльлё, раёны з абмежаванай колькасьцю аўтамабіляў. У Стакгольме першым такім раёнам становіцца Чыста (па-швэдзку: Kista), пабудаваны ў 1975—1980 гадох; за ім зьявіліся Скарпнэкс горд і Дален. 1989 год быў азначаны зьяўленьнем у швэдзкай сталіцы сфэрычнага будынку арэны Глубэн (літаральна, «Глёбус»), у якім праводзяцца шэраг значных спартовых ды музычных мерапрыемстваў.

У 1990-я гады жыльля ў Стакгольме будавалася няшмат[49]. Затое ў горадзе зьявіліся некалькі пабудоваў культурнага значэньня: Музэй карабля Ваза (1990), будынкі Музэю сучаснага мастацтва і Архітэктурнага музэю (абодва ў 1998 годзе).

Напачатку XXI стагодзьдзя быў прапанаваны шэраг плянаў разьвіцьця гораду. Прадугледжваецца, што да 2030 году Стакгольму спатрабуецца 80 000 адзінак жыльля. Магчымымі раёнамі для іх будаўніцтва называюцца Ліндгаген, Лільегольмскаен, Паўночны Юргордсстадэн ды раён на поўнач ад галоўнага вакзалу. Адным з праектаў, якія пакуль знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі, зьяўляецца будаўніцтва г. зв. Заходняга гораду (па-швэдзку: Västra City) з канторамі, гатэлямі, крамамі і жылымі дамамі. З найбольш прыкметных будынкаў, зьявіўшыхся ў вышэйазначаны пэрыяд, варта назваць пабудаваны ў 2002 годзе 32-павярховы Kista Science Tower, вышыня якога 117 мэтраў, а з антэнаю — 156 м. Такім чынам, гэта трэці па вышыні будынак у Скандынавіі (ён саступае толькі Turning Torso ў Мальмё ды Victoria Tower у тым самым стакгольмскім раёне Чыста).

Назвы вуліц і кварталаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Шыльда з назвай кварталу (уверсе) й вуліцы (унізе)

Назвы Стакгольмскім вуліцам пачалі надаваць у 1637 годзе, калі было вырашана пазначыць галоўны шлях раёну Нармальм, на захад ад Брункебэрскага ўзгорку — яго назвалі Вялікай Каралеўскай вуліцай (у тагачаснай швэдзкай артаграфіі Stoore Konnungz gatun). Ужо ў 1639 годзе яна зьмяніла назву на вуліцу Каралевы (па-швэдзку: Drottninggatan; імаверна ў гонар будучай каралевы Крыстыны, якая на той час была няпоўнагадовай[50]). У наш час яна стала галоўнай турыстычна-гандлёвай вуліцай гораду. На ўсход ад Брункебэрскага ўзгорку была пракладзена вуліца Ўраду (па-швэдзку: Regeringsgatan). Да пачатку XVIII стагодзьдзя якога-небудзь парадку ў назвах стакгольмскіх вуліцаў не было, але са зьяўленьнем у 1733 годзе мапы Стакгольму Пэтруса Тылеюса вызначыўся пэўны парадак. У 1885 годзе ў ходзе Рэвізіі назваў у значнай часткі вуліцаў ды пляцаў Стакгольму назвы былі заменены на новыя.

Гісторыя назваў стакгольмскіх кварталаў бярэ пачатак у 1650-я гады, калі згодна пляну гораду, ініцыятарам якога быў Кляс Флемінг, Стакгольм складаўся зь сеціва простакутных вуліцаў ды кварталаў. У той самы час было вырашана катэгарызаваць іх па назвах. У дачыненьні да Старога гораду (Gamla Stan) былі выкарыстаны каля 90 назваў з грэцкай ды рымскай міталёгіі, а назвы астатніх раёнаў больш датычыліся іх (раёнаў) гісторыі. Сёньня ў межах Вялікага Стакгольму налічваецца каля 6500 назваў кварталаў, у тым ліку 1200 — у межах былых мытняў[51].

Stockholm Waterfront Congress Centre

У мінулым Стакгольм быў важным прамысловым цэнтрам, аднак цяпер пераважная большасьць насельніцтва гораду (85%) занятая ў галіне паслугаў. Горад забясьпечвае трэцюю частку эканамічнага росту Швэцыі, шэраг найбуйнейшых швэдзкіх ды замежных прадпрыемстваў маюць свае галоўныя канторы ў Стакгольме. Гэта, напрыклад, канцэрн па продажу адзежы H&M, мэдыяканцэрн Bonnier, а ў галіне тэлекамунікацыяў гэта Ericsson, «Нокія», TeliaSonera, IBM. Акрамя іх, існуе шэраг дробных прадпрыемстваў у гэтай галіне, якіх зь цягам часу становіцца ўсё больш.[52]

Стакгольм — гэта таксама фінансавы цэнтар Швэцыі, большасьць банкаў маюць тут свае галоўныя канторы. Сярод іх: Swedbank, Handelsbanken, Nordea і SEB, а таксама канторы найбуйнейшых швэдзкіх страхаваых фірмаў: Folksam, Skandia, TryggHansa. У Стакгольме знаходзіцца й галоўная біржа Швэцыі.

Стакгольм зьяўляецца папулярным і пасьпяховым горадам кангрэсаў: напрыклад у 2008 годзе тут адбылося 150 кангрэсаў, гэта паставіла яго на восьмае месца ў сьвеце паводле клясыфікацыі International Congress and Convention Association (ICCA).[53] Адным з найбуйнейшых кангрэс-цэнтраў зьяўляецца Стакгольмскі кірмаш у Эльўша. У студзені 2011 у цэнтры гораду адкрыўся яшчэ адзін падобны цэнтар — Stockholm Waterfront Congress Centre.

Швэдзкая сталіца мае добры патэнцыял для міжнароднай канкурэнцыі ў галіне інавацыяў, значная частка насельніцтва гораду — людзі высокаадукаваныя. Адначасова ў Стакгольме пакуль існуюць такія праблемы, як выкарыстаньне кампэтэнцыяў той часткі насельніцтва гораду, што нарадзілася за мяжою (інакш кажучы, замежнікаў), а таксама пэўныя праблемы з жыльлём.[54]

Каралеўская гвардыя перад Стакгольмскім каралеўскім палацам

Важнай часткай эканомікі Стакгольму зьяўляецца турызм: сярод рэгіёнаў Швэцыі ён прыцягвае найбольшую колькасьць турыстаў, абыходзячы Вэстра Ёталянд.[55] У 2000 годзе ў Стакгольме налічвалася 82 гатэлі з агульнай колькасьцю ў 8663 пакоі (у Стакгольмскім лэне гэтыя лічбы былі адпаведна 174 і 17 058)[56], а таксама 12 гостэляў і 20 кэмпінгаў (апошнія разьмешчаны па-за межамі гораду). У 2009 годзе ў Стакгольме было зарэгістравана 6,28 мільёну гатэльных начовак ды 180 000 начовак у кэмпінгах. Усяго ў лэне было 8,6 мільёну начовак рознага тыпу — толькі на гэта было выдаткавана больш за 6 мільярдаў швэдзкіх крон.[57]

Сярод турыстаў, што наведалі Стакгольм у летні пэрыяд 2004 году, наперадзе швэды (1 223 394 чалавекі), немцы (116 786) і амэрыканцы ЗША (106 422 наведвальнікі).[58] У сярэднім кожны турыст выдаткуе 1000 швэдзкіх крон падчас свайго прыбыцьця ў Стакгольме.[59]

Паводле «Visitors Board» сярод 10 найпапулярнейшых выдатных мясьцінаў Стакгольму знаходзяцца Стары горад, Стакгольмскі каралеўскі палац, Музэй карабля Ваза, Стакгольмская ратуша, Музэй сучаснага мастацтва, Скансэн.[60]

Унівэрмагі й гандлёвыя цэнтры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Унівэрмаг NK на вуліцы Гамнгатан

У Стакгольме ёсьць шырокі выбар буйных гандлёвых цэнтраў ды ўнівэрмагаў. Напрыклад, ва ўнівэрмагу NK, які адчыніў свае дзьверы яшчэ 22 верасьня 1915 па вуліцы Гамнгатан, можна знайсьці найбуйнейшыя гандлёвыя маркі. Яшчэ адзін унівэрмаг — Åhléns Söder (Аленс Паўднёвы) — быў адчынены прадпрымальнікам Юганам Пэтэрам Аленам у тым самым 1915 годзе на вуліцы Ётгатан. 50 гадамі пазьней быў адчынены Åhléns City, на скрыжаваньні вуліцаў Дротнінггатан і Кларабэргсгатан у самым цэнтры гораду.

Бізнэс-ідэя прадаваць шырокі выбар тавараў і паслуг пад адным дахам была ўведзена ў Стакгольме ў 1898 годзе з адкрыцьцём унівэрмагу KM Lundbergs varuhus на пляцы Стурэплян. Дагэтуль у швэдзкай сталіцы існаваў базар, па якім любіў шпацыраваць «вытанчаны народ», а каля кніжнай крамы Альбэрта Баньера сустракаліся мастакі, пісьменьнікі, вучоныя, артысты.[61] Апасьля Другой сусьветнай вайны зьявіўся шэраг гандлёвых цэнтраў у стакгольмскіх прадмесьцях, як напрыклад цэнтры ў Вэлінгбю і Фарста. Найнавейшым гандлёвым цэнтрам зьяўляецца Bromma Blocks, узьведзены ў 2006 годзе на месцы старых гангараў аэрапорту Брума.

Дом культуры й Шкляны абэліск на пляцы Сэргелю
Карлсан, які жыве на даху ў Юнібакене (Музэі казак Астрыд Ліндгрэн)
Музэй карабля Ваза

Стакгольм — гэта буйны горад з актыўным культурным жыцьцём. Паколькі ён зьяўляецца сталіцаю краіны, ў ім разьмешчаны шэраг культурных установаў нацыянальнага значэньня, сярод якіх — Дом Культуры (па-швэдзку: Kulturhuset) на пляцы Сэргелю ў цэнтры гораду.[62] Тры аб’екты Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО знаходзяцца ў раёне Стакгольму: два зь якіх (Бірка й Дротнінггольм — у камуне Экерэ, ды адзін (Лясныя могілкі) — у камуне Стакгольм. Адным з найпапулярнейшых турыстычных атракцыёнаў Стакгольму зьяўляецца швэдзкая каралеўская гвардыя, якая нясе службу каля каралеўскіх палацаў у цэнтры Стакгольму й Дротнінггольме. У 1998 годзе Стакгольм быў культурнай сталіцай Эўропы.

Стакгольм натхняў на творчасьць такіх пісьменьнікаў, як скальда Карла Мікаэля Бэльмана, Аўгуста Стрындбэрга, Яльмара Сёдэрбэрга і іншых. Астрыд Ліндгрэн пражыла тут большую частку жыцьця й напісала шэраг сваіх твораў. Пэр Андэрс Фогельстрэм стварыў сэрыю раманаў аб Стакгольме, дзеяньне якіх адбываецца з пачатку XIX да сярэдзіны XX стагодзьдзя. Са Стакгольмам зьвязаны й шэраг сусьветнавядомых літаратурных пэрсанажаў, як то: Карлсан, Мартын Бэк, Доктар Гляс і іншыя.

Стакгольм — горад з адной з найвышэйшых у сьвеце шчыльнасьцю музэяў: агулам іх налічваецца каля 70. Штогод стакгольмскія музэі наведваюць 9 мільёнаў чалавек.[63] Найбольш папулярнымі зьяўляюцца Скансэн і Музэй карабля Ваза (у абодвух больш за мільён наведвальнікаў штогод).[64]

Этнаграфічны музэй Скансэн — першы ў сьвеце музэй пад адкрытым небам, ён быў адчынены ў 1891 годзе швэдзкім філёлягам Артурам Гасэліюсам. Музэй карабля Ваза прысьвечаны вельмі добра захаванаму галіёну XVII стагодзьдзя — адзінаму ў сьвеце. На востраве Юргордэн знаходзяцца яшчэ два музэі: Тэхнічны й Марской гісторыі.

У Нацыянальным музэі знаходзіцца найвялікшая ў Швэцыі калекцыя мастацкіх твораў: малюнкаў, скульптураў, графікі, дызайну. Сярод іншых музэяў гораду можна ўзгадаць Музэй Паўночных краінаў (па-швэдзку: Nordiska museet), Гістарычны, Каралеўская скарбніца (па-швэдзку: Livrustkammaren), Прыродна-Гістарычны, Паліцыі, Пошты, Музэй Гораду, Сярэдневечча, Нобэлеўскі, Юнібакен (па казках Астрыд Ліндгрэн), Музэй ABBA (фармальна музэям не зьяўляецца) і інш.

Акрамя Музэю Сучаснага мастацтва й Нацыянальнага музэю розныя кірункі мастацтва шырока прадстаўлены таксама і ў іншых музэях, галерэях ды парках Стакгольму, як то: у Парку скульптураў Карла Мілеса, разьмешчаным на востраве Лідынгё, у Тыльскай галерэі, у Вальдэмарсудэ, у прыватнай калекцыі партрэтаў, якая належыць сям’і Баньераў, і інш. Музэй Паўночных краінаў таксама валодае значнай калекцыяй твораў мастацтва, у тым ліку карцінамі Аўгуста Стрындбэрга: з 16 студзеня 2012 году ў музэі адкрылася пастаянная выстава, прысьвечаная творчасьці гэтага славутага швэдзкага пісьменьніка, мастака й фатографа.[65]

Каралеўскі драматычны тэатар («Драматэн»)

Стакгольм мае шэраг тэатраў, сярод якіх знакаміты Каралеўскі драматычны тэатар (скарочана па-швэдзку: Dramaten), у якім доўгі час працаваў Інгмар Бэргман (у тым ліку ў якасьці дырэктара з 1963 да 1966)[66], Каралеўская Опэра, Стакгольмскі гарадзкі тэатар, Народная опэра, Тэатар сучаснага танцу, тэатар Göta Lejon (літаральна «Ёцкі (то бок зь Ёталянду) Леў»), Тэатар Вазы, Тэатар Оскара (названы ў гонар швэдзкага караля Оскара II) і іншыя.

Кінатэатры й кінастужкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы кінасалён зьявіўся ў швэдзкай сталіцы падчас Стакгольмскай выставы 1897 году. Ужо ў 1905 годзе ў горадзе налічвалася 10 кінатэатраў, у 1909 — 25, а ў 1943—110.[67]

Найстарэйшым кінатэатрам гораду, які працуе з часу яго адкрыцьця ў 1913 годзе, зьяўляецца Zita. Найпрыгажэйшым лічыцца Skandia-Teatern, адчынены ў 1923. Шэраг сучасных кінатэатраў зьявіліся ў 1990-я гады.

З 1990 году штогод увосень ладзіцца Стакгольмскі кінафэстываль.

Каралеўская Опэра. Фае й парадная лесьвіца

Каралеўская Опэра зьяўляецца нацыянальнай сцэнай для опэры й балету. Яе будынак, разьмешчаны паміж пляцам Густава Адольфа й Каралеўскім садам, быў пабудаваны ў стылі нэабарока архітэктарам Аксэлем Андэрбэргам у 1898 годзе.

Стакгольмскі Дом канцэртаў знаходзіцца ў самым цэнтры гораду, на пляцы Гёторгет. Ён быў пабудаваны ў 1924—1926 гадах паводле пляну архітэктара Івара Тэнгбума й зьяўляецца адным з найлепшых узораў швэдзкага клясыцызму. Пачынаючы з 1926 году штогод 10 сьнежня ў Доме канцэртаў уручаюцца Нобэлеўскія прэміі па літаратуры, фізыялёгіі ці мэдыцыне, фізыцы й хіміі[68].

Пачынаючы з 1980 году, у Стакгольме штогод ладзіцца Джазавы фэстываль. Сярод іншых музычных фэстываляў варта адзначыць Фэстываль раньняй музыкі (Stockholm Early Music Festival), на якім прадстаўлена музыка ад антычнага пэрыяду да барока, фэстываль Popaganda і інш.

Вышэйшую музычную адукацыю можна атрымаць у Каралеўскай Вышэйшай Музычнай школе Стакгольму й у Вышэйшай Опэрнай школе.

Стакгольм — гэта таксама месцазнаходжаньне шматлікіх фірмаў звуказапісу й месца пражываньня зорак швэдзкай і сусьветнай велічыні, як то: E-Type, Доктар Албан, Vacuum, Army of Lovers, у мінулым таксама ABBA, Secret Service (некаторыя ўдзельнікі гэтых гуртоў дагэтуль жывуць у Стакгольме альбо яго прадмесьцях) і інш.

Рэстарацыя Stallmästaregården

У Стакгольме налічваецца больш за 1000 рэстарацыяў[69]. Сярод найбольш вядомых і дарагіх варта назваць Edsbacka, Esperanto, Fredsgatan 12, Leijontornet, Lux, Mathias Dahlgren, Operakällaren. Клясычнымі стакгольмскімі рэстарацыямі зьяўляюцца таксама Gondolen, Ulla Winbladh, Wedholms fisk, Ulriksdals Wärdshus і Stallmästaregården. Апошняя (у народзе скарочана «Stallis») зьяўляецца таксама найстарэйшай ва ўсім навакольлі Стакгольму й мае тыя самыя функцыі зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя.

Хакей зь мячом

У 1912 годзе Стакгольм прымаў Летнія Алімпійскія гульні. З гэтае нагоды ў горадзе быў пабудаваны Алімпійскі стадыён, які й дагэтуль выкарыстоўваецца для правядзеньня розных спартовых мерапрыемстваў (пераважна матчаў па футболе, які разам з хакеем зьяўляецца адным з найпапулярнейшых відаў спорту сярод стакгольмцаў). Найбольш значнымі клюбамі зьяўляюцца АІК, «Юргордэн» і «Гамарбю».

Глюбен (больш вядомы ў сьвеце як Stockholms Globe Arena) — спартовая арэна, якая знаходзіцца ў стакгольмскім раёне Юганэсгоў. Яна была здадзена ў эксплюатацыю 19 лютага 1989 і зьяўляецца найбуйнейшай у сьвеце пабудовай сфэрычнага тыпу[70]. Акрамя спартовых, у ёй праводзяцца таксама канцэрты й іншыя мерапрыемствы. Іншай значнай арэнай зьяўляецца стадыён «Расунда», які, аднак, неўзабаве будзе заменены Swedbank Arena i Stockholmsarena, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва.

Стакгольмскі маратон

Сярод найважнейшых спартовых мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў Стакгольме, варта адзначыць наступныя:

  • Стакгольмскі маратон, найбуйнейшы ў Швэцыі маратон, у якім прымае ўдзел больш за 15 000 чалавек.
  • DN-Galan (спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на прыз газэты Dagens Nyheter).
  • Гэтак званая «Дзявочая міля» (па-швэдзку: Tjejmilen) — забег на 10 км сярод жанчын.
  • Midnattsloppen (літаральна «паўночны (у сэнсе а 12 гадзіне начы) забег») — мерапрыемства, якое ладзіцца таксама ў Гётэборгу й Капэнгагене.
  • Спаборніцтва па плаваньні ў заліве Рыдарф’ердэн (праходзіць штогод на пачатку жніўня).

У Стакгольме выдаюцца ранішнія газэты Dagens Nyheter, Svenska Dagbladet i Dagens Industri, вячэрнія Aftonbladet i Expressen, а таксама бясплатныя Metro й Stockholm City.

Свае галоўныя канторы маюць у Стакгольме тэлеканцэрн TV4-gruppen, Швэдзкае тэлебачаньне (SVT), свае базы ў швэдзкай сталіцы маюць таксама MTG, ProSiebenSat.1 Media і інш.

У Стакгольме разьмешчана таксама галоўная рэдакцыя Радыё Швэцыі, якое вяшчае ня толькі па-швэдзку, але на шэрагу іншых моваў, сярод якіх — расейская. Некаторы час існавала й беларуская рэдакцыя, але з 1 верасьня 2009 яна была скасаваная.[71]

Дэмаграфія й мова

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стакгольмскі лэн мае найніжэйшы сярэдні ўзрост насельніцтва сярод лэнаў Швэцыі — 39 гадоў. Гэта таксама найбольш населены лэн — яго насельніцтва складае 21,5% ад насельніцтва краіны, аднак яго плошча займае толькі 1,5% плошчы Швэцыі. 49% стакгольмцаў — мужчыны і 51% — жанчыны.[72] Галоўная мова ў Стакгольме, як і ва ўсёй Швэцыі — швэдзкая, акрамя таго, значная частка насельніцтва валодае ангельскай.

Стакгольмскі дыялект (па-швэдзку: Stockholmska) — гэта агульная назва дыялектаў і сацыялектаў, на якіх размаўляюць у Стакгольме. Яны адрозьніваюцца ў залежнасьці ад пакаленьняў, паходжаньня і іншых фактараў. Тыповым для стакгольмскага дыялекту зьяўляецца, напрыклад, вымаўленьне гуку «ä» як «e», а кароткага «ö» як «u». Тыповым зьяўляецца таксама скарочаньне словаў: напрыклад, «bibblan» замест «biblioteket» (бібліятэка), і псэўдалацінскі канчатак «is» — «dagis» замест «daghem» (дзіцячы садок). Важна заўважыць, што ў адрозьненьне ад шэрагу іншых моваў, стакгольмскі дыялект не зьяўляецца асновай для нормаў літаратурнай швэдзкай мовы (па-швэдзку: Rikssvenska, літаральна «Дзяржаўная швэдзкая»), нягледзячы на тое, што ён сталічны. У найбагацейшых раёнах гораду (Эстэрмальм, Лідынгё, Дандэруд) існуе свой дыялект — эстэрмальмскі, а ў прадмесьцях зь вялікай колькасьцю замежнікаў ужываецца гэтак званы «Miljonsvenskan» (літаральна «мільённы швэдзкі дыялект», ад назвы праграмы, згодна зь якой у прадмесьцях плянавалася пабудаваць 1 000 000 кватэр).

Этнічныя меншасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

73% жыхароў лэну Стакгольм маюць швэдзкае паходжаньне, а 27% — замежнае (па краіне гэтыя лічбы адпаведна 84,5% і 15,5%).[72]

У горадзе Стакгольме 10% насельніцтва належаць да адной з нацыянальных меншасьцяў, якія традыцыйна пражываюць у Швэцыі: саамы, швэдзкія фіны, турнэдальцы, габрэі ды цыганы (рома).[73] У школах гораду існуе выкладаньне на мовах вышэйпералічаных меншасьцяў.[74] Усяго ў Стакгольмскіх школах выкладаецца 60 розных моваў.[75]

Вышэйшая школа гандлю, 1911

Адукацыя ў Стакгольме бярэ пачатак ад дзьвюх сярэдневечных кляштарных школ: адна пры францішканскім кляштары Ордэну шэрых братоў на Рыцарскім востраве, другая — пры кляштары Чорных братоў ордэну дамініканаў[76].

Раньняй формай пачатковай адукацыі былі Трывіяльныя школы — адна з падобных школ, «Nicolai skola», ужо існавала ў 1315 годзе (мяркуецца, што яна зьявілася яшчэ напрыканцы XIII стагодзьдзя)[77]. У 1576 кароль Юган III заснаваў вышэйшую школу «Collegium regium Stockholmense», аднак у 1593 яна была пераведзеная ва Ўпсальскі ўнівэрсытэт.

У XVIII стагодзьдзі былі заснаваныя шэраг Вышэйшых школ і акадэміяў, у тым ліку Каралеўская акадэмія свабодных мастацтваў (1735), Каралеўская акадэмія навук (1739), Каралеўская вышэйшая школа музыкі (1771) і інш.

Заснаваная ў 1818 «Sofia folkskola» стала першаю народнаю школаю, пабудаванай з ініцыятывы гораду. Да ўвядзеньня ў 1842 закону аб абавязковай пачатковай адукацыі ў Стакгольме ўжо існавала каля 40 школ як для дзетак зь сярэдняй, гэтак і працоўнай клясаў грамадзтва.

З 1882 абавязковым зьяўлялася ўжо шасьцігадовае навучаньне. У гэты час у Стакгольме былі пабудаваныя шэраг школ. У 1909 была заснаваная Вышэйшая школа гандлю.

Найважнейшым цэнтрам вышэйшай адукацыі гораду зьяўляецца Стакгольмскі ўнівэрсытэт (заснаваны ў 1878 як Стакгольмская вышэйшая школа, статус унівэрсытэту атрымала ў 1960). У 2009 у ім навучалася больш за 27 400 студэнтаў[78].

Акрамя вышэй згаданага, Стакгольм мае яшчэ два буйныя ўнівэрсытэты: Каралінскі інстытут (у галіне мэдыцыны) і Каралеўская тэхнічная школа. Горад мае таксама шэраг вышэйшых школ, сярод якіх: Вышэйшая школа дызайну Бэкмана, Вышэйшая школа танцу і цырку, Вышэйшая школа Чырвонага крыжа, Сёдэртэрнская вышэйшая школаГудынге; яе таксама называюць Унівэрсытэт Паўднёвага Стакгольму) і іншыя.

Стакгольм — найбуйнейшы ў Швэцыі транспартны вузел. Большая частка аўтамабільнага руху (як легкавога, гэтак і грузавога) паміж паўднёвай і паўночнай часткамі Швэцыі праходзяць праз Стакгольм. Горад таксама зьяўляецца натуральным портам на возеры Мэлярэн. Паміж Стакгольмам і Ўпсалай знаходзіцца найбуйнейшы ў Швэцыі аэрапорт Арлянда, а ў самім Стакгольме — аэрапорт Брума. У межах Вялікага Стакгольму шырока разьвіта сетка аўтабанаў. Горад таксама мае добраразьвітую сетку чыгунак.

Эсынская шаша

Геаграфічнае становішча Стакгольму на некалькіх астравах паміж возерам Мэлярэн і Балтыйскім морам спрыяла перавозу людзей і тавараў па вадзе. Аднак у адрозьненьне ад водных шляхоў, на сушы была доўгі час іншая сытуацыя: да 1670 адзіны Ёцкі шлях зьвязваў Стакгольм зь Ёталяндам на поўдні Швэцыі. Першую «сучасную» сетку дарог сплянаваў у сярэдзіне XVII стагодзьдзя Кляс Флемінг. Новыя правілы гарадзкога плянаваньня ўводзіліся пазьней напрыканцы XIX, напачатку XX стагодзьдзя і ў 1930-я гады.

У 1960-я гады было вырашана стварыць шырокую сетку аўтабанаў. Яшчэ з 1920-х гадоў вяліся дыскусіі аб стварэньні кальцавой дарогі, аднак гэты праект канчаткова незавершаны і ў нашыя дні: Паўночнае зьвяно знаходзіцца ў стадыі пабудовы (яго здача плянуецца ў 2015—2017 гадох)[79], а Ўсходняе зьвяно пакуль толькі ў праекце.

Найважнейшымі шляхамі на поўдзень цяпер (2011) зьяўляюцца Эсынская шаша (па-швэдзку: Essingeleden) і Сёдэртэльскі шлях (па-швэдзку: Södertäljevägen; частка Эўрапейскіх шляхоў E4 і E20), на захад — Дротнінггольмскі шлях і Бэргсьлягенскі шлях, на поўнач — Упсальскі шлях (Е4) і Русьлягенскі шлях (Е18), на паўночны ўсход Лідынгёйскі шлях (Е20), а на ўсход і паўднёвы ўсход вядуць Вэрмдойская шаша і Нюнэскі й Гудынскі шляхі.

Па Эсынскай шашы штодзённа праходзіць у сярэднім 160 000 адзінак аўтатранспарту (зьвесткі 2007)[80].

Грамадзкі транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Стакгольмскім мэтро

Грамадзкі транспарт Стакгольму складаецца зь цягнікоў мясцовага значэньня, мэтро, трамваяў, аўтобусаў і цеплаходаў.

Сетка мэтро знаходзіцца цалкам у межах гарадзкой аглямэрацыі. Па працягласьці (каля 105 км і 100 станцыяў) яно знаходзіцца на дваццаць пятым месцы ў сьвеце.[81] Стакгольмскае мэтро было заснаванае ў 1950 і дагэтуль зьяўляецца адзіным у Швэцыі, яно падзелена на сем лініяў трох колераў (чырвоны, зялёны й блакітны).

Работы па будаўніцтве тунэлю для Гарадзкой чыгункі ў цэнтры Стакгольму, сьнежань 2010

Стакгольм Цэнтральны — найважнейшы чыгуначны вузел Швэцыі, 80% цягнікоў у краіне праходзяць праз гэтую станцыю, у тым ліку шэраг рэгіянальных, напрыклад, на Ўпсалу, Эскільстуну, Еўле, Лінчэпінг, Арбугу. На большыя адлегласьці ходзяць, у тым ліку, хуткасныя цягнікі X2000 (на Гётэборг, Капэнгаген). Начныя цягнікі са спальнымі вагонамі ходзяць на поўнач Швэцыі, на яе поўдзень ды ў Осьлё.

На паўднёвы ўваход станцыі Стакгольм Цэнтральны штодзень прыходзяць каля 600 цягнікоў. Але ў гэтым месцы маецца толькі дзьве каляі, на якіх праходзяць як таварныя, гэтак і пасажырскія цягнікі, таму непаладкі на іх могуць прывесьці да праблемаў і спазьненьняў па ўсёй Швэцыі, з-за чаго гэтае месца атрымала мянушку «асінай таліі». Каб пазьбегнуць магчымых праблемаў у будучыні, з 2009 пачалося будаўніцтва некалькіх новых калеяў, г. зв. Гарадзкой чыгункі (па-швэдзку: Citybanan), якая дазволіць аддзяліць праход пасажырскіх цягнікоў ад іншых. Яна будзе пабудавана ў выглядзе шасьцікілямэтровага танэлю пад цэнтральнымі раёнамі Стакгольму. На ёй плянуецца адкрыць дзьве новыя станцыі. Гэты праект зьяўляецца вельмі складаным, бо ён патрабуе, між іншым, падрыўныя работы пад старой часткай гораду, што можа быць небясьпечным для старых будынкаў і інфраструктуры.[82] Завершыць будаўніцтва Citybanan плянуецца да 2017 году.

Найбуйнейшы Стакгольмскі аэрапорт Арлянда знаходзіцца прыкладна за 40 км на поўнач ад цэнтру гораду, у камуне Сыгтуна. Ён абслугоўвае як унутрышвэдзкія, так і міжнародныя напрамкі. У межах самаго Стакгольму (прыкладна за 10 км ад цэнтру) знаходзіцца яшчэ адзін аэрапорт — Брума. Ён значна саступае Арляндзе, аднак таксама мае некалькі міжнародных лініяў (Брусэль, Оргус). Яшчэ два аэрапорты — Скаўста пад Нючэпінгам, за 110 на паўднёвы захад ад Стакгольму, і Вэстэрос, за 105 км на захад, злучаюць швэдзкую сталіцу з шэрагам эўрапейскіх гарадоў. Яны абслугоўваюцца пераважна авіякампаніямі танных перавозак (Ryanair, Easyjet, Berlinair і інш). Спэцыяльныя аўтобусы зьвязваюць гэтыя аэрапорты з цэнтрам Стакгольму.

Юргордэнскі паром

Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу між возерам Мэлярэн і Балтыйскім морам, Стакгольм заўсёды быў важным партовым горадам. У 1670-я гады ў горадзе было зарэгістравана 28 буйных караблёў, калі ў той самы час ва ўсіх астатніх гарадах Швэцыі, якія мелі права весьці гандаль з замежжам, было толькі 22 такіх караблі.[83] Аднак у другой палове XIX стагодзьдзя набывае важнасьць гандаль праз Паўночнае мора, і Стакгольм саступае свой статус найбуйнейшага порту краіны Гётэборгу.[84]

Пачынаючы з 1960-х гадоў адначасова з паніжэньнем грузаперавозак пачалі павялічвацца пасажыраперавозкі: спачатку круізныя цеплаходы зьвязвалі Стакгольм зь Фінляндыяй, а пасьля распаду СССР — яшчэ й з краінамі Балтыі. У 2009 Стакгольмскі порт наведалі 274 круізныя судны з агульнай колькасьцю 430 000 пасажыраў. Мяркуецца, што ў 2011 Стакгольм наведаюць 300 такіх суднаў.[85]

Часткай Стакгольмскага пэйзажу зьяўляюцца таксама паромы, якія забясьпечваюць сувязь між астраўкамі Стакгольмскіх шхэраў, а таксама з адным з цэнтральных і папулярных у турыстычным пляне Стакгольмскіх астравоў Юргордэн. Яны належаць фірме Waxholmsbolaget. Штогод гэтыя паромы перавозяць 1,8 мільёну пасажыраў у шхэрах і 2,5 мільёну на Юргордэн.[86] Акрамя таго, у Стакгольме маецца шэраг турыстычных ды чартарных суднаў.

Міжнародныя дачыненьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыпляматычныя прадстаўніцтвы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будынак амбасады Гішпаніі

Паколькі Стакгольм зьяўляецца швэдзкай сталіцай, ён мае значную колькасьць замежных амбасадаў і іншых дыпляматычных прадстаўніцтваў. На 2008 год Стакгольм меў 103 амбасады, а яшчэ 64 краіны мелі акрэдытаваных амбасадараў, зь якіх многія маюць, аднак, рэзыдэнцыі ў іншых гарадох Эўропы (Бэрлін, Брусэль, Капэнгаген, Лёндан).[a]

Большая частка амбасадаў знаходзіцца ў раёне Эстэрмальм, частка зь якіх — у гэтак званым «Горадзе дыпляматаў» (квартале на паўднёвым усходзе вышэйузгаданага раёну): гэта напрыклад, прадстаўніцтвы ЗША, Нарвэгіі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі. Шэраг амбасадаў знаходзіцца яшчэ ў адным Эстэрмальмскім квартале — Лэркстадэн, як то Эстоніі, Латвіі, Швайцарыі, Бразыліі, Нігерыі і інш. Значную канцэнтрацыю амбасадаў мае гэтак званы «Горад вілаў» (па-швэдзку: Villastaden), таксама ў Эстэрмальме, напрыклад, Чэхіі, Польшчы, Румыніі, Калюмбіі, Тайлянду. Раней тамсама знаходзілася й амбасада Расеі, але цяпер яна пераехала ў Марыебэрг на востраве Кунгсгольмэн.[87] Амбасада Беларусі да швэдзка-беларускага дыпляматычнага крызісу 2012 году знаходзілася на высьпе Лідынгё[88]. У лістападзе 2017 году, пасьля паляпшэньня беларуска-швэдзкіх стасункаў, амбасада Беларусі ў Швэцыі была адчынена зноў і цяпер знаходзіцца па адрасе Vikdalsgränd 10A ў Наке[89].

Стакгольм і Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу стагодзьдзяў у Стакгольме не аднойчы адбываліся падзеі, якія непасрэдна тычыліся Беларусі (падрабязьней пра гэта глядзіце ў разьдзеле Гісторыя). У нашыя дні ў швэдзкай сталіцы жывуць і працуюць некаторыя вядомыя беларусы, сярод якіх гісторык Андрэй Катлярчук, журналіст і пісьменьнік Дзьмітры Плакс, два з трох удзельнікаў гурта Dreamgale — Міхаіл Сэндэр і Зьміцер Палагін. Дарэчы, у адной зь іх песень гучыць рэп па-беларуску, а яшчэ адна — Апошняе сонца — напісана цалкам па-беларуску для сайту Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2[90]. Акрамя таго, у Стакгольме рэгулярна ладзяцца культурныя ды палітычныя мерапрыемствы, зьвязаныя зь Беларусьсю[91][92][93].

Сучасная (2007) афіцыйная палітыка Стакгольму — лічыць усе эўрапейскія сталіцы гарадамі-сябрамі, аднак без падпісаньня афіцыйных пагадненьняў.[94] Выключэньне складаюць тыя гарады, зь якімі пагадненьні ўжо былі падпісаны дагэтуль (напрыклад, Стамбул, Санкт-Пецярбург).

Нарадзіліся ў Стакгольме

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьвязаныя са Стакгольмам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Tätorternas landareal, folkmängd och invånare per km2 2005 och 2010 (швэд.). Statistics Sweden (14 December 2011).
  2. ^ Folkmängd i riket, län och kommuner 31 december 2015. Statistics Sweden.
  3. ^ ”Tätorter; arealer, befolkning” Statistiska centralbyrån. 6 траўня 2013.
  4. ^ Per Hedelin Svenska uttals-lexikon. — Stockholm: 1997.
  5. ^ The 2008 Global Cities Index. Foreign Policy. Праверана 9 December 2008 г.
  6. ^ Stockholm facts
  7. ^ Adventures in the 'Venice of the North', CNN.com June 5, 2009
  8. ^ Музэй лэну Стакгольм
  9. ^ Baltiska issjön
  10. ^ Olle Magnusson. Huddinge till fots — Stockholm: Huddinge kommun, 2008. — S. 20. ISBN 978 91 977210 3 5
  11. ^ Паводле некаторых вэрсіяў Historia Norvegiæ, твору, напісаным між 1160 і 1170 гадамі, Агнэфіт была тым, што крыху пазьней стане Стакгольмам. Аднак атаясамленьне Агнэфіта са Стакгольмам было імаверна зроблена нарвэскім гісторыкам Густавам Стормам у яго выданьні гэтага твору ў 1880 годзе. Глядзіце Faulkes & Perkins (2001). A History of Norway and the passion and miracles of the blessed Olafr. Text Series Volume XIII. Viking Society for Northern Research.
  12. ^ Åke Abrahamsson Stockholm: en utopisk historia. — Stockholm: Bokförlaget Prisma, 2004. — С. 8. — ISBN 91-518-4264-5
  13. ^ Henrik Höjer (2002) Stockholm anno 1252 (швэд.). «Forskning och framsteg» №3.
  14. ^ Helena Friman, Göran Söderström Stockholm: en historia i kartor och bilder. — Stockholm: Wahlström & Widstrand, 2008. — С. 28. — ISBN 978-91-46-21843-2
  15. ^ Helena Friman, Göran Söderström Stockholm: en historia i kartor och bilder. — Stockholm: Wahlström & Widstrand, 2008. — С. 31. — ISBN 978-91-46-21843-2
  16. ^ Lars Ericson Wolke Stockholms blodbad. — Stockholm: Prisma, 2006. — С. 137-143. — ISBN 91-518-4380-3
  17. ^ Åke Abrahamsson Stockholm: en utopisk historia.. — Stockholm: Prisma, 2004. — С. 47. — ISBN 91-518-4264-5
  18. ^ Åke Andrén del 3 // Sveriges kyrkohistoria. Reformationstid. — Stockholm: Verbum, 1999. — С. 223.
  19. ^ Андрэй Катлярчук Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. — С. 69. — ISBN 985–6599–58–Х
  20. ^ Андрэй Катлярчук Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. — С. 70,73. — ISBN 985–6599–58–Х
  21. ^ Robert I. Frost The Northern Wars. War, State and Society in Northeastern Europe 1558-1721.. — Longman, 2000. — С. 133-134. — ISBN 978-0-582-06429-4.
  22. ^ Sven Lilja Städernas folkmängd och tillväxt, Sverige (med Finland) ca 1570-tal till 1810-tal. Historisk tätortsstatistik, del 2. — Stockholm: 1996. — С. 70.
  23. ^ Андрэй Катлярчук Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. — С. 91. — ISBN 985–6599–58–Х
  24. ^ Lars Ericson Svenska slagfält. — Wahlström & Widstrand, 2003. — С. 352.
  25. ^ Nilsson, Lars Alla svenska städer: befolkning (швэд.) Cybercity Праверана 2 лютага 2012 г.
  26. ^ Tillaeus, Petrus // Nordisk familjebok. — 1919. — 50 с.
  27. ^ Ann Katrin Pihl Atmer Sommarnöjet i Skärgården: sommarbebyggelse i Stockholms inre skärgård 1860-1915.. — Stockholm: Kommittén för Stockholmsforskning., 1987. — 43 с.
  28. ^ Nilsson, Lars (2008). Alla svenska städer: befolkning
  29. ^ Statistiska Centralbyrån (1969). Historisk statistik för Sverige: Del 1. Befolkning. Andra upplagan, 1720—1967
  30. ^ Lasse Brunnström Telefonen: en designhistoria. — Stockholm: Atlantis, 2006. — 16 с.
  31. ^ Helge, Marina. Stigtunahem «Framväxten av allmännyttan — krigsåren»
  32. ^ En tidstypisk dementi Umebladet, KB
  33. ^ Mälardrottningen: En skildring i ord och bild af Sveriges hufvudstad och dess omgifningar : Med inemot 400 illustr. 1:a-4:e hft.. — 1895.
  34. ^ Stockholms stad: Parker och grönområden.
  35. ^ Det totala antalet öar med någon form av beväxtlighet har uppskattas till över 200 000. Ref. Hydrographica AB.
  36. ^ Uppgift enligt Observatoriemuseet
  37. ^ Landskapsklimat
  38. ^ klimatnoteringstabell från SMHI, «Geografiska tabeller» Almkvist&Wiksell best.nr. för läromedel 21-04935-1 B, art nr 21-04935-1, ISBN saknas märkligt nog
  39. ^ Sveriges klimat
  40. ^ Soltimmar
  41. ^ Найніжэйшыя зімнія тэмпэратуры ў Стакгольме (швэд.) Праверана 5 лютага 2012 г.
  42. ^ Utrednings- och statistikkontoret. BEFOLKNINGEN I STOCKHOLM 1252—2005, старонка 55
  43. ^ а б "Folkmängd i riket, län och kommuner 30 juni 2018 "
  44. ^ «Tätorter; arealer, befolkning 2015»
  45. ^ Statens fastighetsverk - Riddarholmskyrkan
  46. ^ Bedoire 1977, sida 71
  47. ^ Birgit Lindberg 9789127354272/ Malmgårdarna i Stockholm. — 1985. — ISBN 9789127354272
  48. ^ Gösta Selling Esplanadsystemet och Albert Lindhagen: stadsplanering i Stockholm åren 1857-1887.. — Stockholm: 1970. — ISBN 9789149029530
  49. ^ Olof Hultin Guide till Stockholms arkitektur. — Stockholm: Arkitektur Förlag, 2002. — С. 263. — ISBN 91 86050-58-3
  50. ^ Nils-Gustaf Stahre, Per Anders Fogelström Stockholms gatunamn: innerstaden. — Stockholm: 1986. — С. 8. — ISBN 91-38-90777-1
  51. ^ Björn Hasselblad, Frans Lindström Stockholmskvarter: vad kvartersnamnen berättar. — Stockholm: Almqvist & Wiksell, 1979. — С. 5. — ISBN 91-20-06252-4
  52. ^ Зьвесткі паводле Stokab Праверана 17 студзеня 2012 г.
  53. ^ Restauratören av den 2009-05-28: Stockholm mot nytt kongressrekord
  54. ^ Ny rapport visar: Stark innovationsförmåga i Stockholmsregionen (швэд.) Праверана 17 студзеня 2012 г.
  55. ^ Uppgift enligt stockholm.lny.se
  56. ^ Uppgift enligt www.stockholmtown.com
  57. ^ Uppgift enligt DN den 2009-03-03
  58. ^ Uppgift enligt www.stockholmtown.com/
  59. ^ Uppgift enligt Sveriges Radio den 14 april 2009
  60. ^ Uppgift enligt beta.stockholmtown.com/
  61. ^ Dagens Nyheter om Norrbrobasaren, 2010-01-08
  62. ^ 100 Kulturhusdagar
  63. ^ Hitta lågprisflyg
  64. ^ Museibesökarna blev fler 2008
  65. ^ Nordiska Museet - Strindberg (швэд.) — Аб адкрыцьці выставы прысьвечанай Стрындбэргу на сайце Музэю Паўночных краінаў. Праверана 3 лютага 2012 г.
  66. ^ Сайт «Фундацыя Інгмара Бэргмана» (швэд.) Праверана 3 лютага 2012 г.
  67. ^ Kurt Berglund Stockholms alla biografer: ett stycke Stockholmshistoria från 90-tal till 90-tal.. — Stockholm: Svenska turistföreningen, 1993. — С. 170. — ISBN 91-7156-113-7
  68. ^ Сайт Стакгольмскага Дому канцэртаў (швэд.) — Аб Нобэлеўскіх урачыстасьцях. Праверана 3 лютага 2012 г.
  69. ^ У 1997 іх налічвалася 1123
  70. ^ Globen — världens största sfäriska byggnad
  71. ^ Radio Swedens webbplats, праверана 23 ліпеня 2009
  72. ^ а б Bakgrund(недаступная спасылка)
  73. ^ minoriteter
  74. ^ Stockholm.se
  75. ^ Stockholm.se Språkcentrum
  76. ^ De första skolorna
  77. ^ Stockholm Gamla stan allt du behöver veta
  78. ^ Universitet & Högskolor. Högskoleverkets årsrapport 2009 ISSN 1400-948X
  79. ^ Сайт Міністэрства транспарту Швэцыі (швэд.) — Артыкул аб Паўночным зьвяне. Праверана 3 лютага 2012 г.
  80. ^ Сайт Стакгольмскай Гандлёвай палаты (швэд.) — Аб Стакгольмскім аб’яздным шляху. Праверана 3 лютага 2012 г.
  81. ^ World Metro List
  82. ^ Uppgift enligt Markkontorets tjänsteutlåtande av den 2006-05-03, kapitel "Risker och osäkerhetsfaktorer"
  83. ^ Stockholms hamnar: 1600-talet, прачытана 2011-02-10
  84. ^ Stockholms hamnar: ”1850-1899”, прачытана 2011-02-10
  85. ^ Sveriges Radio, 14 juli 2010
  86. ^ Waxholmsbolagets webbplats
  87. ^ Diplomatlistan
  88. ^ Сайт амбасады Беларусі ў Швэцыі (рас.) Праверана 5 лютага 2012 г.
  89. ^ Аб адкрыцці Пасольства Беларусі ў Швецыі
  90. ^ Сяргей Будкін (12 верасьня 2011) Dreamgale: «Працаваць і думаць па-новаму». Тузін гітоўПраверана 30 студзеня 2012 г.
  91. ^ N.R.M. у Стакгольме. Наша Ніва (2 кастрычніка 2006). Праверана 30 студзеня 2012 г.
  92. ^ Алег Грузьдзіловіч (25 лістапада 2011) Пікеты за Бяляцкага ў Вільні й Стакгольме. Радыё «Свабода»Праверана 30 студзеня 2012 г.
  93. ^ Літаратурны марафон салідарнасьці з Беларусьсю ў Стакгольме. «Беларускія навіны» (20 сьнежня 2011). Праверана 30 студзеня 2012 г.
  94. ^ Stockholms stad, Internationell strategi
  95. ^ Сайт «Забытая гісторыя» (пол.) — Гісторыя «Стакгольмскага рулёну». Праверана 3 лютага 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]