Кляштар
Кля́штар (ад лац. claustrum — замак, закрытае месца) — каталіцкі манастыр.
Кляштары належалі да пэўных манаскіх ордэнаў. Каталіцкія манахі-місіянэры і першыя адзінкавыя кляштары вядомыя на тэрыторыі сучаснае Беларусі зь сярэдзіны XIII стагодзьдзя. Многія ўзьніклі неўзабаве па хрышчэньні Літвы ў 1387 годзе.
Найбольш старажытныя кляштары:
- францішканаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505);
- аўгустынаў у Быстрыцы (цяпер Астравецкі раён), Берасьці і Горадні (заснаваны Вітаўтам);
- бэрнардынаў у Вільні (1471), Горадні і Полацку (1498).
Большасьць кляштараў заснаваная ў пэрыяд Контрарэфармацыі, іх фундатарамі былі каралі польскія і вялікія князі літоўскія, магнаты (Сапегі, Глябовічы, Радзівілы, Пацы ды іншыя), шляхта. У канцы XVIII стагодзьдзя на беларускіх землях (апроч Вільні) дзеялі кляштары і рэзыдэнцыі:
- аўгустынаў — 4,
- баніфратаў — 4,
- бэрнардынаў — 27,
- дамініканаў — 50,
- капуцынаў — 2,
- кармэлітаў — 22,
- картэзіянаў — 1,
- марыянаў — 1,
- місіянэраў — 4,
- рохітаў — 1,
- трынітарыяў — 6,
- францішканаў — 23,
- цыстэрыянаў — 3.
Таксама існавалі жаночыя кляштары:
- бэнэдыкцынак — 5,
- бэрнардынак — 4,
- брыгітак — 2,
- цыстэрцыянак — 1.
Мэтаю заснаваньня кляштараў фундатары звычайна называлі місіянэрства; асаблівае становішча займалі езуіцкія і піярскія калегіюмы, якія займаліся адукацыйнымі задачамі. Пры шматлікіх калегіюмах працавалі невялікія шпіталі.
Клясычны тып кляштару выпрацаваў ордэн бэнэдыктынаў. Гэта быў замкнёны ансамбль буды або памяшканьняў для жыцьця манаскае суполкі. Цэнтрам ансамблю быў касьцёл. Каля яго рабіліся абкружаныя крытаю галерэяю (клуатрам) чатырохкутны двор, сад. З усходу да клуатра далучалася заля капітула, з захаду — кельлі, або дарміторыюм. Насупраць касьцёла будавалі трапэзную залю (рэфэкторыюм). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гаспадарчыя пабудовы) разьмяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бэнэдыктынскі тып кляштару быў запазычаны большасьцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасьці.
Пераважную большасьць кляштараў колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна зачынілі па паўстаньнях 1830—1831 гадоў і 1863—1864 гадоў паводле зьвінавачаньня ў нелаяльнасьці манахаў да расейскіх уладаў. Апошнія кляштары дзеялі ў 1880—1890-я гады. Іх жылыя будынкі найчасьцей прыстасоўвалі пад шпіталі, казармы, лякарні; іх касьцёлы ператвараліся ў парафіяльныя або іх перараблялі пад цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2