Карл IX (кароль Швэцыі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Карл IX.
Карл IX
кароль Швэцыі
 
1604 — 1611
Папярэднік Ён сам (у якасьці рэгенту; да ягонага рэгенцтва каралём быў Жыгімонт III)
Наступнік Густаў II Адольф
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 кастрычніка 1550, Замак Трэ Крунур, Стакгольм, Швэцыя
Памёр 30 кастрычніка 1611, Замак Нючэпінгсгус, Нючэпінг, Швэцыя
Пахаваны 21 кастрычніка 1612, Стрэнгнэскі сабор, Стрэнгнэс, Швэцыя
Дынастыя Вазы
Сужэнец Ганна Марыя Пфальцская[d][1][5] і Крысціна Шлезвіг-Гольштэйн-Готарпская[d][1][5]
Бацька Густаў Ваза
Маці Маргарэта Эрыксдотэр (Леёнгувуд)

Карл IX (па-швэдзку: Karl IX; 4 кастрычніка 1550, Стакгольм30 кастрычніка 1611, Нючэпінг) — герцаг Сёдэрманляндзкі, рэгент Швэцыі з 1599, кароль Швэцыі з 1604 году, прадстаўнік дынастыі Ваза.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карл быў трэцім сынам Густава I Вазы ад другой жонкі Маргарэты Эрыксдотэр. Па завяшчаньні бацькі (1560) атрымаў у валоданьне герцагства, у якое ўваходзіў амаль увесь Сёдэрманлянд, большая частка Нэрке, некалькі прыходаў Вэстманлянду, частка прыходу Вадсбу ў Вэстэр’ётляндзе і ўвесь Вэрмлянд.

Ва ўзросьце ўсяго толькі 15 гадоў камандаваў артылерыяй пры захопе Варбэргу ў 1565 годзе.

Пасьля ўдзелу ў паўстаньні супраць Эрыка XIV, у якім ён адыграў не апошнюю ролю, набыў значны ўплыў у каралеўстве.

Неўзабаве пасьля зьвяржэньня Эрыка, Карл уступіў у канфлікт зь Юганам III, які жадаў абмежаваць яго значную ўладу ў герцагстве. Паколькі рыксрод падтрымаў караля, то Карлу прыйшлося саступіць.

Пасьля сьмерці Югана ў 1592 годзе і да прыбыцьця ў Швэцыю яго сына Жыгімонта, раней абранага польскім каралём, кіраваньне дзяржавай знаходзілася ў руках рыксроду, у якім Карл меў ролю «найпершага». З узыходжаньнем на сталец новага караля над Швэцыяй навісла пагроза правядзеньня контррэфармацыі, паколькі Жыгімонт вызнаваў каталіцтва. Карл усяляк перашкаджаў гэтаму, стаўшы адным з галоўных абаронцаў пратэстанцкай веры.

Пасьля ад'езду Жыгімонта ў Рэч Паспалітую рыксрод на час яго адсутнасьці ганараваў Карла тытулам «найпершай асобы Рады і рэгента дзяржавы». Калі ж кароль выказаў сваё незадавальненьне гэтым, Карл у 1595 годзе сабраў у Сёдэрчэпінгу рыксдаг, на якім саслоўі пацьвердзілі яго паўнамоцтвы, даручыўшы назіраць за выкананьнем Жыгімонтам каралеўскай клятвы, дадзенай ім пры ўзыходжаньні на прастол. Аднак супярэчнасьці зь сябрамі рыксроду прывялі да іх парыву з герцагам Карлам.

На рыксдагу, які сабраўся ў 1597 годзе ў Арбузе і байкатаваўся вышэйшым дваранствам (на ім прысутнічаў толькі адзін сябра рыксроду), Карлу як рэгенту былі прадстаўлены неабмежаваныя паўнамоцтвы. Яго канфлікт з каралём перайшоў у адкрытую фазу пасьля таго, як ён распачаў ваенныя дзеяньні супраць замкаў, якія знаходзіліся ў руках лэньнікаў караля. Вынікам гэтага стаў масавы ад'езд знаці да караля ў Рэч Паспалітую.

У 1598 годзе Жыгімонт высадзіўся ў Швэцыі на чале войска, якое, аднак, у бітве ля Стонгебру, якая адбылася 25 верасьня, пацярпела паразу ад арміі герцага. Кароль быў вымушаны выдаць Карлу пяцёрых сябраў рыксроду й вярнуўся ў Польшчу. У 1599 годзе рыксдаг зрынуў Жыгімонта.

Карл скарыстаўся гэтай перамогай, каб расправіцца са сваімі праціўнікамі. На рыксдагу ў Лінчэпінгу, які адбыўся ў 1600 годзе, быў арганізаваны суд над узятымі ў палон сябрамі рыксроду. На чале суда стаялі два верныя герцагу сябры Рады, што было парушэньнем дамоўленасьці з каралём. У якасьці абвінаваўцы выступаў сам герцаг. Чацьвёра абвінавачваных прызналіся ў здрадзе і былі памілаваны. Аднак яшчэ чацьвёра 29 сакавіка 1600 году былі пакараны сьмерцю (гэтая падзея ў швэдзкай гістарыяграфіі вядома як «Лінчэпінская крывавая лазьня»).

Статуя Карла IX у Карльстадзе.

Тым ня менш, герцаг, верны завяшчаньню бацькі, не сьпяшаўся з прыняцьцем каралеўскага тытула, пагатоў што малодшы сын Югана III герцаг Эстэр’ётляндзкі па праве стаяў бліжэй да трону, чым Карл. Толькі з 1603 году ён пачынае выкарыстоўваць тытул караля. Аднак шырока выкарыстоўвацца ён стаў толькі пасьля таго, як сын Югана ў 1604 годзе адмовіўся ад прэтэнзыяў на карону.

У 1607 годзе Карл быў каранаваны ва Упсале пад імем Карла IX.

У далейшым на зьнешнюю палітыку Карла IX дынастычнае пытаньне працягвала аказваць значны ўплыў, што прывяло да актывізацыі Швэцыі на ўсходнім кірунку. Яго спроба захапіць Лівонію прывяла да пагаршэньня адносінаў з Даніяй, Галяндыяй і Ангельшчынай, гандаль якіх нес з-за ваенных дзеяньняў страты. Распачаты ў 1611 годзе ваенны канфлікт паміж Даніяй і Швэцыяй (гэтак званая Кальмарская вайна, яна доўжылася да 1613 году), стаў для Карла нечаканасьцю; за прыступам гневу, выкліканым гэтай навінай, рушыў услед удар, а ў канцы кастрычніка 1611 году — сьмерць.

Карл IX быў пахаваны ў катэдральным саборы Стрэнгнэса.

Сям'я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карл быў двойчы жанаты. Яго першая жонка — Марыя Пфальцаўская (1562—1589).

Пасьля яе сьмерці ён ажаніўся з Крыстынай Гальштайн-Готарпскай (1573—1625), ад якой у яго нарадзіліся будучы кароль Густаў II Адольф (1594—1632) і прынц Карл Філіп (1601—1622), вядомы ў расейскай гісторыі як прэтэндэнт на царскую карону.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Nationalencyklopedin.
  • Nordisk familjebok. — B. 13 — Stockholm, 1910.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Almquist H. Sverige och Ryssland 1595—1611. — Uppsala, 1907.
  • Bergh S. Karl IX och svenska adeln 1607—1609. — Uppsala, 1882.
  • Boëthius S. J. Om den svenska högadeln under konung Sigismunds regering, I" (i «Hist. bibl.» 1877)
  • Hermansson Å. Karl IX och ständerna. — Stockholm, 1962.
  • Hildebrand E. Brytningen i Sveriges historia 1594 / Historisk Tidskrift, 1894).
  • Hildebrand E. Sveriges historia intill tjugonde seklet. Del. IV, 1904.
  • Ingman S. Kaarlo IX:nen Jäämeren politiikka", 1-2, 1894—1895.
  • Jonsson A. Hertig Karl och Sigismund 1597—1598. — 1906.
  • Larsen A. Kalmarkrigen. — 1889.
  • Lundqvist K.G. Hertig Karl af Södermanland. — 1898.
  • Palme S.U. Sverige och Danmark 1596—1611. — 1942.
  • Palme S.U. Söderköpings riksdag 1595. — 1952.
  • Söderqvist O. Johan III och hertig Carl 1568—1575. — Uppsala, 1898.
  • Westling G.O.F. Hertig Karls furstendöme under åren 1568-92. — 1883.
  • Öhman C. Nyköping och hertigdömet 1568—1622. — Stockholm, 1973.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і Karl IX (шв.) — 1917.
  2. ^ а б в г Charles IX // Encyclopædia Britannica (анг.)
  3. ^ а б в г Lundy D. R. Carl IX Vasa, King of Sweden // The Peerage (анг.)
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #119177315 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ а б Kindred Britain

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карл IX (кароль Швэцыі)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў