Перайсьці да зьместу

Герб Менску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Менску
лац. Hierb Miensku
Унебаўзяцьце Панны Марыі
Апісаньне
Зацьверджаны 12 студзеня 1591 году

Герб «Унебаўзяцьце Панны Марыі» — адзін з сымбаляў Менску разам зь мескімі сьцягам і гімнам. Герб месту надаў у сваім прывілеі ад 12 студзеня 1591 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пячаць з выявай мескага гербу Менску, 1591 г.

Яшчэ ў першым прывілеі на Магдэбурскае права Менску, выдадзеным каралём і вялікім князем Аляксандрам 14 сакавіка 1499 году, агаворвалася, што месьцічы «на месцу годнам маюць справіці ратуш… на ратушу, маюць меці бочку мерную і медніцу з знаменем мескім». У наступным прывілеі караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста таксама ўпамінаецца «знаменьне мескае», аднак яго выгляд дагэтуль дакладна не вядомы.

12 студзеня 1591 году выйшаў чарговы вялікакняскі прывілей, у першай частцы якога тлумачыліся прычыны яго наданьня. У ім гаворыцца, што мяшчане «места… меньскага» мелі з даўніх часоў «герб на пячаць мескую», які быў у першым прывілеі, у якім «герб мескі апісан і вымалеван быў», згарэў пры пажары ў менскім замку, у зьвязку з чым месьцічы «невядомасьцю сваею і да таго часу да ўжываньня ўласнага гербу прыйці ня могучы, уніжоне прасілі нас, гаспадара, абыхма ім, аб’ясьняючы і ва ўжываньня прыводзячы герб на іх пячаць мескую надалі…». Далей ішоў пераказ зьместу папярэдніх прывілеяў і толькі ў канцы гаварылася «Ку таму, паказуючы ім у том ласку нашу гаспадарскую, ку аздобе і ўчціваму захаваньню таго места нашага Меньскага надаем ім на герб да пячаці мескае на ратуш фіґуру ўнебаўзяцьця панны Марыі, і ў сем лісьце нашам вымалеваці есьма тую фіґуру вялелі… каторае ўжо ані за герб у пячаці мескай вечне ўжываці… маюць».

Мескія ўлады Менску у XVI—XVIII стагодзьдзях карысталіся ня менш як пяцьцю рознымі пячацямі, на чатырох зь якіх ужываўся мескі герб. Стыль і тлумачэньне выявы мескага гербу, таксама ягоная мова і зьмест легенды на пячацях залежалі ад агульнапалітычных фактараў таго або іншага пэрыяду, прытым сама ідэя гербу і яго зьмест заставаліся бязь зьменаў.[1]

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Расейскі герб Менску, 1840-я гг.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у студзені 1793 году Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. 22 студзеня 1796 году, загадам маскоўскай гаспадыні Кацярыны II быў «пакінуты» герб Менску «бязь зьмены: а для абазначэньня далучэньня й падданства гэтага краю да Расейскай імпэрыі, малюецца Дзяржаўны герб, гэта значыць, двухгаловы арол, на грудзі ж яго пакладзены герб Менску».

Марка Беларускай пошты з гербам Менску і нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам, 1993 г.

Па Кастрычніцкім перавароце за часамі савецкай акупацыі Беларусі герб не выкарыстоўваўся.

5 верасьня 1991 году менскія ўлады пацьвердзілі гістарычны герб места[2]. Гістарычны герб аднавілі ў якасьці афіцыйнага мескага сымбаля пастановай Менскага гарадзкога Савету народных дэпутатаў № 160 ад 27 сакавіка 2001 году «Аб зацьвярджэньні палажэньня пра герб места Менску і палажэньня пра сьцяг места Менску».

Афіцыйнае апісаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
« Герб места Менску — гэта барокавы шчыт, у блакітным полі якога выява Маці Божай на срэбным воблаку ў чырвона-сінім адзеньні, два анёлы і два херувімы. »

«Об утверждении Положения о гербе города Минска и Положения о флаге города Минска», 27.03.2001 г.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Менску на фасадзе Чырвонага касьцёла
  • Магчыма, у аснову гербу паклалі цудоўны абраз Маці Божай Менскай, які зьявіўся на берагах Сьвіслачы 13—26 жніўня 1500 году, захоўваўся у замкавай царкве Раства Багародзіцы і стаў заступнікам Менску і яго жыхароў[3]
  • Менскі герб — адлюстраваньне вельмі папулярнага, асабліва ў каталіцкім сьвеце (15 жніўня каталікі сьвяткуюць Унебаўзяцьце Панны Марыі) культу Маці Божай; у эпоху Контрарэфармацыі гэты сюжэт стаў адным з найбольш улюбёных у каталіцкай іканаграфіі[4]
  • Усе вядомыя выявы менскага гербу ў стылістычным пляне можна ўмоўна падзяліць паводле канфэсійнага чыньніку, адрозьненьні паміж імі крыліся ў выкананьні вобраза Панны Марыі: выява на пачатковым варыянце гербу (1591 год) больш адпавядала традыцыйнаму трактаваньню Маці Божай у праваслаўных, у 1697 годзе зьявіўся новы варыянт гербу, на якім Панна Марыя была апранутая накшталт каталіцкай манашкі[5], у 1730-я гады ізноў пачалі карыстацца пачатковым «праваслаўным» варыянтам, аднак ужо з 1770 году зьявілася новая каталіцка-вуніяцкая рэдакцыя менскага гербу
  • Паседжаньне з зацьвярджэньня гербу Менску, што адбылося 27 сакавіка 2001 году, не абышлося бяз спрэчак:


« Галоўным і, імаверна, адзіным яблыкам раздору быў стыль Панны Марыі — праваслаўны ці каталіцкі, што адлюстроўвалася ў пазыцыі рук, погляду… »

—Вечерний Минск. № 57 (9620), 28 марта 2001 г.

На розных пячацях менскага магістрату рукі Панны Марыі то зьведзеныя, то разьведзеныя. На гербе, які быў прыняты ў 2001 годзе, рукі Багародзіцы разьведзеныя — па-праваслаўнаму. На фасадзе Чырвонага касьцёла Маці Божая склала рукі «лодачкай» — па-каталіцку[6].

  1. ^ Цітоў А. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 216
  2. ^ Рашэнне Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 5 верасня 1991 г. № 167 «Аб гербе г. Мінска і аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск»
  3. ^ Яцкевіч З. Невядомая вуніяцкая царква ў Менскім замку // Каштоўнасці мінуўшчыны. Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.
  4. ^ Сцепулёнак А. Сучасная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі / А. В. Сцепулёнак // II Машеровские чтения: региональная научно-практическая конференция студентов, магистрантов и аспирантов, Витебск, 24—25 апреля 2007 г.: в 3 т. / Вит. гос. ун-т. им. П. М. Машерова; редкол.: Г. И. Михасёв [и др.]. Т. 2. — Витебск, 2007. — С. 59—60.
  5. ^ Цітоў А. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 215
  6. ^ Вайтоўская Е. Горад Дзевы Марыі // «Новы Час» № 30 (114), 12 верасня 2008 г.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  73БЛ000033