Гарадзенская ратуша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Гарадзенская ратуша
Гарадзенская ратуша
Гарадзенская ратуша
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′41″ пн. ш. 23°49′53″ у. д. / 53.67806° пн. ш. 23.83139° у. д. / 53.67806; 23.83139Каардынаты: 53°40′41″ пн. ш. 23°49′53″ у. д. / 53.67806° пн. ш. 23.83139° у. д. / 53.67806; 23.83139
Дата заснаваньня XV стагодзьдзе
Стан разбураная ў 1946 годзе
Гарадзенская ратуша на мапе Беларусі
Гарадзенская ратуша
Гарадзенская ратуша
Гарадзенская ратуша
Commons-logo.svg Гарадзенская ратуша на Вікісховішчы

Гарадзе́нская ра́туша — помнік архітэктуры XV—XVIII стагодзьдзяў у Горадні, адзін з сымбаляў места. Знаходзілася на Рынку. Твор архітэктуры рэнэсансу і клясыцызму. Існавала да сярэдзіны XX ст., калі яе зруйнавалі савецкія ўлады.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1496 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Горадні Магдэбурскае права. Згодна з прывілеем у месьце ўводзілася пасада войта. Мяшчане выводзіліся з-пад юрысдыкцыі земскіх і іншых судовых установаў. Штогод ім дазвалялася праводзіць тры кірмашы і збудаваць млын на беразе Нёмана, важніцу, васкабойню, а таксама ратушу.

Час пабудовы і месца знаходжаньня першай ратушы ў Горадні канчаткова ня высьветленыя. З прывілея 1496 году вынікае, што места атрымала дазвол на пабудову ратушы: «узьвядуць нават ратушу на годным месцы, на каторым які пакой або камору для пастыганьня сукна выгатаваць і мець ім не забараняем. Будуць таксама мець на ратушы меру збож, г.зн.: бочку ратушную і мёду г.зн. медніцу». Першая і пакуль што адзіная зьвестка пра ратушу ў Горадні адносіцца да 1539—1540 гадоў. Можна меркаваць, што збудавалі яе адразу па атрыманьні местам Магдэбурскага права, як было, напрыклад, у Менску (наданьне ў 1499 годзе — першы ўпамін пра ратушу ў 1503 годзе).

Гравюра на медзі Адэльгаўзэра-Цюндта 1568 году — першая іканаграфічная выява Горадні прадстаўляе ратушу як архітэктурную дамінанту ня толькі Рынку, але і ўсяго места. У час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў захопнікі моцна зруйнавалі Горадню разам зь іншымі местамі Вялікага Княства Літоўскага. «Таму як места Гарадзенскае з фальваркамі і прадмесьцямі ад войск маскоўскіх ушчэнт зруйнаванае і спустошанае, каб да дасканалага дабрабыту дайсьці магло, ад падаткаў на тым сойме і на потым звальняем» — паведамляецца ў канстытуцыі сойму 1661 году. «Непрыяцель» зьнішчыў мескую ратушу. Згодна з соймавай канстытуцыяй 1678 году, «мяшчане гарадзенскія ратушу паводле мінулых камісіяў узводзяць, таксама мураваць, будаваць, і ранейшыя будынкі маюць выстаўляць».

На даручэньне каралеўскіх камісараў магістрат Горадні меў распачаць пабудову ратушы. На гэта прызначылі суму 4800 злотых, у тым ліку гарадзенскія жыды мелі даць 300 злотых, а таксама 20 000 штук цэглы, 100 мерак вапны. Аднак справа замаруджвалася з прычыны браку сродкаў. За невыкананьне даручэньня зь места меркавалася спагнаць 2000 коп літоўскіх грошаў. Галоўнай прычынай недахопу грошай на будаваньне былі цяжкасьці зь іх зборам, пра што паведамляе канстытуцыя сойму 1690 году. Сродкі мелі зьбірацца прымусова, «абы ратуша была пабудавана коштам места».

Першая выява ратушы на плянах Горадні датуецца 1706 годам. На пляне, выкананым у гэтым годзе, на Рынку паказаны будынак з надпісам «базар» (былая ратуша), а на рагу Рынку з вуліцай Замкавай разьмяшчаецца будынак з надпісам «ратуша». З чаго вынікае, што на руінах першай ратушы зьявіліся гандлёвыя крамы, а магістрат пераехаў у дом лентвойта. Занядбаньне справы адбудовы ратушы скарысталі гарадзенскія жыды, якія занялі яе пашкоджаны будынак крамамі і не хацелі фінансаваць адбудову. Пра гэта ўскосна паведамляла канстытуцыя сойму 1690 году. У 1713 году жыды атрымалі загад «гандаль свой у Рынку тым жа ў Горадні каб не вялі», апроч таго, каб «на ратушу 50 тысяч цэгел і іншых матэрыялаў да рэстаўрацыі прысуджаных абы адразу далі». Праблему адбудовы ратушы закрануў у сваім прывілеі 1718 году кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны, які некалькі разоў наказваў пачаць направу і патраціць на гэта грошы, якія засталіся ад выплачаных скарбу падаткаў.

Здымак 1926 году

Па разбурэньнях Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Горадню вызвалілі на дзесяць гадоў ад сплаты да скарбу «чыншаў … капшчызны ад напояў». Гэтыя сродкі таксама мелі пайсьці «на рэпарацыю ратушы і аздобу места». Як сьведчыць унівэрсал надворнага каралеўскага падскарбія Асалінскага 1720 году «ратуша ў месьце тутэйшым Горадні, так даўно пустуючая да як найхутчэйшай мае прыйсьці пэрфэкцыі», у чым мелі дапамагаць таксама і ўладальнікі крамаў на Рынку. Але ратуша стаяла надалей без усялякага рамонту і паціху разбуралася гандлярамі. Так, жыд Зэльман Беркавіч «капаючы падмуркі на свае крамніцы ў шкоду места асьмеліўся і выразаць казаў трубы, якія з даўніх часоў сядзяць і ўфундаваныя для бясьпекі места ад агню выпадковага». Фрагмэнты памянёнага ўнівэрсалу сьведчыць пра заняцьце жыдоўскімі гандлярамі будынку ратушы, якая ж да таго знаходзілася ў зруйнаваным стане.

У Гарадзенскіх актах 1730 году ўпамінаецца: «старая ратуша … неадрамантаваная і цяпер пустуе і да рэшты руйнуецца». Таму мескі магістрат распачаў выдаляць крамы з будынку ратушы. Жыды, уладальнікі крамаў, што не згаджаліся з пастановай уладаў, у час спробы рамонтных работ закідалі муляроў і нават бурмістра Войцеха Цяхлевіча камянямі і цэгламі. Вывесьці гандляроў з руін ратушы так і не ўдалося. Падарожнік Вільгельм Шлемюлер, які наведаў Горадню ў час сойму 1752 году, у сваім дзёньніку зьвяртае ўвагу на ратушу толькі ў канцы апісаньня забудовы места, ляканічна натуючы: «некалькі яшчэ значнейшых дамоў мураваных у Рынку. У сярэдзіне відаць руіны велізарнага гмаху, дзе купцы раскладваюць свой тавар».

Згодна з плянам Горадні 1753 году на Рынку разьмяшчалася «ратуша, цэхгауз, крамы жыдоўскія і пляцы мескія». Як на гэтым, так і на пляне 1758 году, добра відаць прыбудовы да паўднёвага фасаду ратушы. Магчыма, што мескія ўлады дамовіліся з жыдамі. І ідучы на саступкі, дазволілі ім збудаваць крамы, «а іншыя крамы коштам места мураваныя магістрат як усеагульную мескую ўласнасьць … жыдам арандуючы, даход ратушы справіў». Такім чынам, места, аддаючы ў арэнду жыдам свае крамы, знайшло сродкі на адбудову ратушы.

Здымак да 1939 году

На пляне Горадні 1780 году ратушны будынак на Рынку адсутнічае, хаця Рынак і названы «ратушным», а «ратушны дворык» у той час разьмяшчаўся на вуліцы Калючынскай, якая пачыналася ад Рынку. Магчыма, у гэты час на месцы руінаў старой ратушы рыхтавалі пляцоўку пад будаваньне новай. Будаваньне мураванай ратушы з крамамі і гаўптвахтай скончылася ў 1784 годзе. Пацьверджаньне існаваньня новай ратушы сустракаецца ў 1791 годзе. Вядома, што яна мела дзьве брамы «з фацыятамі». Відаць, гэта і была клясыцыстычная ратуша, якая праіснавала да сярэдзіны XX ст. будынак ратушы адзначаны таксама на плянах Горадні 1793, 1795, 1798 гадоў. Як «ратуша» ці «ратуша з лаўкамі»[1].

Іканаграфічны матэрыял XVI ст. (гравюры Матэвуша Цюндта, зробленая на падставе малюнка Ягана Адэльгаўзэра ў 1568 годзе, а таксама яе копіяў XVI—XVIII стагодзьдзі) не дазваляе вызначыць дакладнае месца пабудовы ратушы канца XV — пачатку XVI стагодзьдзі Гарадзенскі гісторык Юзэф Ядкоўскі і гісторык архітэктуры Юры Якімовіч асьвятлілі гісторыю ратушы і прааналізавалі яе архітэктурны воблік, але нічога ня пішуць пра яе месца знаходжаньня. Алена Квітніцкая разьмясьціла будынак ратушы на скрыжаваньні Рынку і вуліцы Замкавай. Больш імаверным здаецца меркаваньне Аляксандра Краўцэвіча, які разьмясьціў яго ў сярэдзіне Рынку. Гэтую думку можна пацьвердзіць наступнымі аргумэнтамі. Згодна зь люстрацыяй Горадні 1675 году мескія ўлады мелі збудаваць ратушу на тым самым месцы, дзе разьмяшчаўся яе стары будынак, разбураны ў часы вайны 1654—1667 гадоў Менавіта ў цэнтры Рынку і ўзьвялі новую ратушу ў XVIII ст., што знайшло адлюстраваньне на плянах места XVIII — першай паловы XX стагодзьдзя.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры рэнэсансу, пазьней перабудаваны ў стылі клясыцызму. Адзінымі графічнымі крыніцамі, якія дазваляюць уявіць аўтэнтычны выгляд ратушы, зьяўляюцца гравюры Матэвуша Цюндта 1568 году і Тамаша Макоўскага 1600 году. Гэта быў 2-павярховы будынак, завершаны вежай з назіральнай пляцоўкай. У ёй разьмяшчаўся мескі гадзіньнік, пра які ўпамінаецца ў прывілеі каралевы Боны 1541 году, якая паказвала на неабходнасьць догляду за гадзіньнікам спэцыяліста-рамесьніка. Па адным з пажараў у 1753 годзе гадзіньнік перанесьлі на вежы езуіцкага касьцёла. Уздоўж другога паверха будынка ратушы ішла галерэя, якая мела выконваць функцыю назіральнай пляцоўкі для пажарнай варты. Другі паверх традыцыйна адыгрываў ролю рэпрэзэнтацыйнага цэнтру, дзе адбываліся паседжаньні рады і войта з лавай. Да галоўнага аб’ёма гэтага паверха далучалася невялікая прыбудова, дзе, магчыма, разьмяшчалася капліца. На першым паверсе, згодна з прывілеем 1496 году, мелі знаходзіцца крамы, медніца, ратушная бочка і камора для пастрыганьня сукна. З-пад падмуркаў ратушы ў бок вуліцы Маставой ішло падзямельле, якое магло выконваць функцыю вязьніцы.

Па адбудове ў 1784 годзе будынак быў 1-павярховым і меў форму карэ. Паўночны і паўднёвы фасады ўпрыгожвалі рызаліты з 6-калённымі дарыцкімі портыкамі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гардзееў Ю. Да пытання аб гісторыі Гродзенскай ратушы (канец ХV—ХVІІІ стст.) // Краязнаўчыя запіскі. Вып. 4. — Горадня, 1997.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гардзееў Ю. Да пытання аб гісторыі Гродзенскай ратушы (канец ХV—ХVІІІ стст.) // Краязнаўчыя запіскі. Вып. 4. — Горадня, 1997.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гарадзенская ратушасховішча мультымэдыйных матэрыялаў