Эдвард Вайніловіч
![]() Эдвард Вайніловіч, 1903 | |
![]() Герб «Вайніловіч» («Сыракомля адрозны») | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 кастрычніка 1847 Сьляпянка Менскага павету |
Памёр | 16 чэрвеня 1928 (80 гадоў) Быдгашч, Польшча |
Пахаваны | Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены (Менск) |
Род | Вайніловічы |
Бацькі | Адам Вайніловіч Ганна з Ваньковічаў |
Жонка | Алімпія з Узлоўскіх |
Дзеці | Алена, Сымон |
Дзейнасьць | палітык |
Подпіс | ![]() |
Рэгаліі | |
![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() |
Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч (па-польску: Edward Woyniłłowicz; 13 кастрычніка 1847, маёнтак Сьляпянка каля Менску — 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Польшча) — беларускі й польскі палітычны і грамадзкі дзяяч.
Адзін з найбагацейшых абшарнікаў Меншчыны (маёнткі Савічы, Пузаў Цімкавіцкай воласьці Слуцкага павету і іншыя), фундатар шэрагу бажніцаў, у тым ліку касьцёла Сьвятых Сымона й Алены ў Менску.
Радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік старажытнага беларускага[1] шляхецкага роду Вайніловічаў гербу ўласнага — «Сыракомля адрозны», сын Адама і Ганны з Ваньковічаў. Гістарычна Вайніловічам належалі вялікія зямельныя ўладаньні ў Наваградзкім ваяводзтве, галоўным маёнткам былі Савічы ў Слуцкім павеце.
![]() |
…я мушу адзначыць што быў наш род мясцовым, беларускім, гербу ўласнага… | ![]() |
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 году ў маёнтку Сьляпянка пад Менскам, які належаў бацькам ягонай маці Эдварду Ваньковічу і Міхаліне з Манюшкаў. Немаўля назвалі ў гонар дзеда.
З мэдалём скончыў Слуцкую гімназію (1861). У 1865 годзе паступіў у Пецярбурскі імпэратарскі тэхналягічны інстытут, які скончыў ў 1869 годзе. А ў 1872 годзе стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Стажыраваўся на заводах Нямеччыны і Бэльгіі[2], пазьней працаваў інжынэрам-тэхнолягам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу.
Па сьмерці бацькі пераехаў у Савічы, дзе займаўся арганізацыя сельскагаспадарчай працы на аснове найноўшых дасягненьняў у гэтай галіне.
У 1883 годзе прызначаны ганаровым міравым судзьдзём Слуцкага павету, а ў 1888 годзе абраны віцэ-старшынём Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі. Старшынём арганізацыі афіцыйна мог быць толькі расеец, аднак, Э. Вайніловіч, па сутнасьці, кіраваў працай таварыства, пакуль забарону не скасавалі і ён не ўзначаліў таварыства.
Тройчы абіраўся ў расейскую Дзяржаўную Думу. У 1906 годзе — чалец Дзяржаўнага Савету Расеі ад Менскай губэрні. Адмовіўся ад прапанаванай П. Сталыпіным пасады віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі [3].
Асабістае жыцьцё і харытатыўная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1882 годзе пабраўся шлюбам з Алімпіяй Узлоўскай. У сям’і нарадзілася двое дзяцей — Алена (1884—1903) і Сымон (1885—1897). Іх заўчасная сьмерць зрабілася для Э. Вайніловіча вялікай трагедыяй. У памяць пра сваіх дзяцей ён вырашыў збудаваць на тагачасным ускрайку Менску касьцёл. Будова касьцёла сьвятых Сымона й Алены ў Менску завешылася ў 1910 годзе.
Заснавальнік камітэту абароны жыдоў і татараў-мусульманаў у Клецку, тамака ж збудаваў сынагогу. Выступаў фундатарам ня толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў.
На ніве беларушчыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сымпатызаваў беларускаму руху, фінансава падтрымліваў яго, але будучы абшарнікам, земляўласьнікам, ня мог падтрымліваць тыя левыя погляды, якія дамінавалі ў беларускім руху таго часу.
![]() |
Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай, і стала ўжываючы яе ў стасунках зь вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску, дзе сустракаўся з Луцкевічам і Кастравіцкім, пазьней у Вільні і Петраградзе з В. Іваноўскім, Б. Шыпілам і г.д. Беручы ў беларускіх згуртаваньнях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў зь іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнаньня і нацыянальнага адраджэньня — «Лучынка», «Саха», «Загляне сонца і ў наша аконца» — напрыканцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лёзунгі, якім, насуперак сваім перакананьням, служыць я ня мог. | ![]() |
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
У 1917 годзе працаваў у земскіх арганізацыях разам зь дзеячамі беларускага руху А. Смолічам і Р. Скірмунтам, падтрымаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у пасяджэньнях Рады БНР.
У 1918 годзе ва ўмовах нямецкай акупацыі ад імя мясцовых абшарнікаў выступіў з плянам аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага. Стварыў «Зьвяз абшарнікаў Менскай губэрні». У сьнежні 1918 годзе выехаў у Варшаву, быў адным з арганізатараў «Зьвязу палякаў зь беларускіх ускраінаў», які ў студзені 1919 году прапанаваў усталяваць мяжу Польскай Рэспублікі да Дняпра і Заходняй Дзьвіны. У красавіку 1919 году ўдзельнічаў у пераўтварэньні «Зьвязу абшарнікаў Менскай губэрні» у «Зьвяз абшарнікаў у Літве і Беларусі ў Варшаве». У траўні 1919 году разам з В. і Л. Дубейкаўскімі стварыў у Варшаве «Польска-беларускае таварыства для культурнага і палітычнага супрацоўніцтва на Беларусі». У канцы жніўня 1919 выехаў у Менск, у верасьні вярнуўся ў маёнтак Савічы. Працягваў грамадзкую дзейнасьць у Слуцку, выяжджаў у Менск і Варшаву. У гэты час быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў зьвязе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі палякамі і бальшавікамі.
Беларускі зьезд Случчыны, які ўзьняў Слуцкае паўстаньне, праходзіў 14 і 15 лістапада 1920 году ў доме Вайніловіча ў Слуцку[4].
Выгнаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ваеннае ліхалецьце, Кастрычніцкі пераварот і Польска-савецкая вайна зрабіліся для Э. Вайніловіча часам новых выпрабаваньняў. 19—21 лютага 1918 году рэвалюцыйныя салдаты і падбухтораныя бальшавікамі сяляне навакольных вёсак учынілі жахлівы пагром Савічаў — радавой сядзібы Вайніловічаў.
![]() |
Загінуў плён культурнай працы 11-ці пакаленняў, загінула ўсё, што мы зьбіралі ад сярэдзіны 16 стагодзьдзя ў начыньнях, партрэтах, прадметах мастацтва, а галоўнае, у дакумэнтах, упарадкаваных і скаталягізаваных так, як гэта бывае хіба толькі ў славутых дзяржаўных архівах | ![]() |
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
Па адыходзе Случчыны пад кантроль бальшавікоў Э. Вайніловіч пакінуў Беларусь і пераехаў у польскі Быдгашч. Тут ён збудаваў вялікі дом для дзяцей-сіротаў, пакінутых і беспрытульных, і да канца свайго жыцьця апякаўся імі.
Эдвард Вайніловіч памёр ў Быдгашчы 16 чэрвеня 1928 году і быў пахаваны на мясцовых старафарных могілках. На надгробным помніку зьмясьцілі надпіс: «Traktatem ryskim z swej ziemi wygnany, deptać musiałem obce łany» (па-беларуску: Прагнаны з сваёй зямлі Рыскай дамовай, я мусіў хадзіць па чужых палёх).
Вяртаньне ў Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 2006 годзе з дазволу касьцёльных уладаў, міністэрстваў замежных справаў Беларусі і Польшчы парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перавезеныя з Быдгашча ў Менск. 11 чэрвеня 2006 году адбылося іх ўрачыстае перапахаваньне ля касьцёла сьвятых Сымона й Алены на Пляцы Незалежнасьці ў Менску.
У 2007 годзе касьцёльная грамада зьвярнулася да менскіх гарадзкіх уладаў з прапановай перайменаваць вуліцу Берсана, што праходзіць побач з касьцёлам у вуліцу Эдварда Вайніловіча. У верасьні 2008 году вуліца была перайменавая, аднак Камуністычная партыя Беларусі выказала пратэст з гэтай нагоды, і неўзабаве Міністэрства юстыцыі скасавала рашэньне Менгарвыканкаму[5].
Маральны ідэал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Памятаючы пра маральныя і чалавечыя якасьці Эдварда Вайніловіча, Каталіцкі Касьцёл у Беларусі рыхтуе дакумэнты для яго бэатыфікацыі[6].
Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 1882 год — ордэн сьвятога Станіслава III ступені
- 1886 год — ордэн сьвятой Ганны III ступені
- 1894 год — ордэн сьвятога Станіслава II ступені
- 1898 год — ордэн сьвятой Ганны II ступені
- 1902 год — ордэн сьвятога Ўладзімера IV ступені
- Срэбны мэдаль у памяць «царствования» расейскага імпэратара
Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- E. Woyniłłowicz. Wspomnienia, 1847—1928. — Wilno: Komitet Uczczenia s. p. E. Woyniłłowicza, 1931. — 365 s. (была надрукаваная толькі першая частка ўспамінаў).
- Э. Войнилович. Воспоминания: Пер. з польск. — Мн.: Выданьне Менскае рыма-каталіцкае парафіі сьв. Сымона і Алены, 2007. — 380 с. — 250 экз.
- R. Jurkowski. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego z lat 1905—1928, Cz. I. // Echa Przeszłości VIII. — Olsztyn: Uniwersytet Warmińsko-Mazurski w Olsztynie, 2007. — S. 209—220. — ISSN 1509-9873.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Р. Р. Баравы. Л. Л. Чарняўская. Вайніловічы // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 202.
- ^ А. П. Грыцкевіч. Вайніловіч Эдвард // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 201.
- ^ Уладзімер Арлоў. (5 сакавіка 2007) Эдвард Вайніловіч Радыё Свабода — Праграма "Імёны Свабоды". Праверана 26 траўня 2011 г.
- ^ А. П. Грыцкевіч. Вайніловіч Эдвард // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 202.
- ^ ТБМ працягвае змаганне за вуліцу Вайніловіча ў Мінску // «БелаПАН», 18 сьнежня 2007
- ^ Уладыслаў Завальнюк. Шукаем нашчадкаў роду Вайніловічаў. Згуртаваньне Беларусаў Сьвету Бацькаўшчына. Праверана 6 сакавіка 2011 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Ігар Ціткоўскі. Эдвард Вайніловіч // Інфа-Кур’ер, 15 чэрвеня 2006.
- G. Chmielewska. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie. — Łomianki: Wydawnictwo LTW, 2011. — 369 s. — ISBN 978-83-7565-128-7.
- Woyniłłowicz Edward // Encyklopedia polskiej emigracji i Polonii, pod red. K. Dopierały. T. 5. — Toruń, 2005. — S. 343—344.
- S. Augusiewicz. Rodowód Woyniłłowiczów na Sawiczach. Próba rekonstrukcji genealogii rodu w XVI—XX w // Przegląd wschodni. — Olsztyn: Gebethner i Ska, 2006. — Т. 10. — № 1 (37). — S. 21—42. — ISSN 0867-5929.
- Хмялеўская, Г. Церні Крэсаў : аповесьць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю / Гізэля Хмялеўская. — Мінск : Выдавец Віктар Хурсік, 2015.
- Leonard Drożdżewicz, ZNAD DOLINY ŁOSOŚNY: Proces beatyfikacyjny obywatela Kresów, „Znad Wilii”, nr 2 (66) z 2016 r., s. 30.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Эдвард Вайніловіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Marek Jerzy Minakowski. Edward Woyniłłowicz h. Syrokomla(пол.) Genealogia Potomków Sejmu Wielkiego. Przodkowie.com. — Serwis genealogiczny pod patronatem Stowarzyszenia Potomków Sejmu Wielkiego. Праверана 25 траўня 2011 г.
- Gizela Chmielewska. (20 сьнежня 2005) Święci nie potrzebują sutanny(пол.) Gazeta Bydgoszcz. Gazeta.pl. Праверана 25 траўня 2011 г.
- Aleksandra Lewińska. (8 сьнежня 2005) Z wielką tęsknotą(пол.) Gazeta Pomorska Праверана 25 траўня 2011 г.
- Adam Gajewski. (2005) Czy będzie "bydgosko-mińska" beatyfikacja?(пол.) Przewodnik Katolicki № 46. Drukarnia i Księgarnia Świętego Wojciecha. Праверана 25 траўня 2011 г.