Пераклады Бібліі на беларускую мову
Бі́блія на белару́скіх зе́млях пачаткова распаўсюджвалася на стараславянскай мове. Першыя вядомыя пераклады на тагачасную беларускую мову датаваныя пачаткам XVI стагодзьдзя.
Першыя пераклады на сучасную беларускую мову зьявіліся пасьля доўгага перапынку на пачатку XX стагодзьдзя. З тае пары створаны цэлы шэраг перакладаў Бібліі, аднак агульнапрынятага і прызнанага ўсімі канфэсіямі перакладу не існуе.
Зьяўленьне Бібліі на беларускіх землях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі сучаснай Беларусі сьпісы асобных кніг Бібліі або іх фрагмэнтаў зьявіліся верагодней за ўсё пасьля хрышчэньня Русі (986—988). Агульнадаступным у моўных адносінах і дасканалым у багаслоўскім сэнсе перакладам доўгі час зьяўлялася Біблія Кірылы й Мятода на царкоўнаславянскай мове. Вядомыя дзясяткі рукапісаў XI—XV стагодзьдзяў, напісаных царкоўнаславянскай мовай.
Біблія распаўсюджвалася шляхам працаёмкага перапісваньня ў манастырскіх, царкоўных, княскіх майстэрнях-скрыпторыях. Магчыма, перапісваньнем сьвятых кніг займалася Эўфрасіньня Полацкая ў XII стагодзьдзі. Пра сталую біблійную традыцыю сьведчаць рукапісныя помнікі: Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, Смаленскі псалтыр і інш[1].
Першыя спробы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як паказваюць дасьледаваньні (акадэмік Яўхім Карскі і інш.), ужо з XI стагодзьдзя робяцца спробы прыстасаваць кірыла-мятодаўскі пераклад да мясцовых асаблівасьцяў мовы, яе царкоўна-літургічнага стылю, удакладненьня тэксту і выпраўленьня памылак перапісчыкаў на аснове старажытнагабрэйскага і старажытнагрэцкага арыгіналаў[2]. З захаваных такога кшталту тэкстаў можна адзначыць Эвангельлі: Тураўскае (XI ст.), Полацкае (XII ст.), Аршанскае (XII—XIII стагодзьдзі), Лаўрышаўскае, Пінскае, Мсьціскае (XIV ст.), Друцкае, Ваўкавыскае, Кобрынскае, Лемяшэвіцкае, Слуцкае (XVI ст.), Жухавіцкае (XVII ст.) — і Псалтыры: Амсьціслаўскі/Смаленскі (1395), Віцебскі (1492), Пінскі (1543)[3].
Вядомыя некалькі ўрыўкаў перакладаў са старажытнагабрэйскае мовы невядомых аўтараў даскарынаўскага пэрыяду: «Песьня Песьняў» (XIV—XV стагодзьдзі), 9 кніг Старога Запавету (2 палова XV — пачатак XVI стагодзьдзяў)[4][5].
Вельмі важным трэба лічыць стварэньне ў Беларусі самастойнага поўнага біблійнага зводу, які быў складзены Мацьвеем Дзясятым («Дзясятаглаў», 1502—1507) і Фёдарам Янушэвічам (гістарычныя кнігі і «Пяцікніжжа Майсеева», 1514). У адрозьненьне ад так званага Генадзеўскага збору Бібліі (Ноўгарад, 1499), які грунтаваўся пераважна на баўгарскай рэдакцыі кірыла-мятодаўскага перакладу і перакладзеных з Вульгаты недастатніх кніг, беларускі збор узыходзіў да больш раньняе і дастаткова поўнае мараўскае рэдакцыі перакладу.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Віленскі зборнік канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў, акрамя ўласна летапісаў, зьмяшчае пераклад з габрэйскае мовы кніг Ёва, Рут, Псалтыры, Найвышэйшае Песьні, Эклезіяста, Выслояў Саламонавых, Ераміінага Плачу, прарока Данііла і Эстэр. У мове сустракаюцца беларускія і ўкраінскія рысы. Літаральны пераклад з арыгіналу зрабіў тэксты малазразумелымі[6].
Пераклады Скарыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданьнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснае беларускай, была Біблія беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Пераклад быў зроблены ім з Вульгаты Гераніма або з чэскага перакладу 1506 року. 6 жніўня 1517 Скарына выдаў Псалтыр, пасьля амаль кожны месяц па новай кнізе Бібліі. Да 1521 року выйшлі 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету (у пасьлядоўнасьці: Псалтыр, Ёў, Прытчы, Ісус Сірахаў, Эклезіяст, Песьня Песьняў, Выслоўі Саламонавы, 4 кнігі Царстваў, Ісус Навін, Эдыт, Судзьдзі, Быцьцё, Другазаконьне, прарока Данііла, Эстэр, Рут, Ераміін Плач, Выхад, Лявіт, Лічбы) пад агульнай назвай «Біблія руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(е)сти и людым посполитым к доброму научению». У першую беларускую Біблію выдавец улучыў амаль паўсотні ілюстрацыяў: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элемэнты, гармануючыя з шыхтоўкай старонак, шрыфтам і тытульнымі аркушамі.
Як вынікае са Скарынавай прадмовы да першай кнігі Царстваў, на беларускую мову ім былі перакладзеныя ўсе кнігі Старога і Новага Запаветаў, «на руські язык выложенных»[2]. Гэта пацьвярджаецца знойдзенымі ў XIX стагодзьдзі Якавам Галавацкім ў Львоўскім Ануфрыеўскім манастыры рукапісамі, сярод якіх знаходзіліся дадаткова 30 кніг, ідэнтыфікаваных паводле прадмоваў як скарынінскія.
Пераклад Скарыны кананічна дакладны ў перадачы літары й духу біблійнага тэксту, не дапускае вольнасьці й дапісак тлумачальніка, зьберагае адпаведны старажытнагабрэйскаму і старажытнагрэцкаму арыгіналу іменны стан мовы. Перакладнік намагаўся спрасьціць мову біблійных тэкстаў з тым, каб зрабіць іх даступнымі для разуменьня простых людзей. У мове ягонае Бібліі шмат беларускіх рысаў. Кнігі Скарыны заклалі грунт для ўнармаваньня беларускае літаратурнае мовы, сталі першым у сьвеце перакладам Бібліі на ўсходнеславянскую і чацьвертым — на набліжаную да гутарковай мовы народу (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай)[1].
Яшчэ больш набліжаныя да жывой беларускай мовы выдадзеныя Скарынам «Псалтыр» (1517, 1522) і асабліва «Апостал» (1525), якія складаюць асобную групу не перакладных, але адаптаваных зь іншых царкоўнаславянскіх крыніцаў кніг з набліжэньнем да народнае мовы[4]. Тым ня менш, тэоляг і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая адной з прычынаў таго, чаму Біблія Скарыны не адыграла культуратворчай ролі для тагачаснай Беларусі, называе факт перакладу «не на жывую мову»[7].
Пазьнейшыя пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераклады сярэдзіны — апошняе чвэрці XVI стагодзьдзя ахопліваюць выключна новазапаветныя кнігі (Эвангельле і Апостал), што зьвязана з распаўсюджаньнем пратэстанцтва на тэрыторыі Рэчы Паспалітае і рэфармацыйнаю практыкай перакладу Сьвятога Пісаньня на нацыянальныя мовы[5]. Пасьля выданьня Берасьцейскай Бібліі (1563) зьявіліся рукапісныя пераклады розных частак гэтай кнігі па-беларуску[8].
Наступным значным перакладам зьявілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў ва ўласным маёнтку Цяпіна друкарню. Каля 1580 року Цяпінскі выдаў Эвангельлі паводле Мацьвея, Марка і пачатак паводле Лукі ў два слупкі: царкоўнаславянскай і беларускай мовамі. Гэтыя працы захаваліся да нашага часу ў двух асобніках. Паводле Карскага, беларускі пераклад зроблены з польскамоўнага тэксту Сымона Буднага 1572 року, царкоўнаславянскі — паводле нейкага паўднёва-заходняга ізводу[4].
Пазьней выданьнем біблійных кніг займаліся Сымон Будны, Іван Федаровіч і Пётра Мсьціславец, Канстантын-Васіль Астроскі, Стэфан Зізаній, Мялеці Сматрыцкі[9], Сьпірыдон Собаль, Максім Вашчанка і інш[10]. Паказальна, што Іван Федаровіч і Пётар Мсьціславец пры выданьні ў Заблудаве «Эвангельля вучыцельнага», як вынікае з прадмовы, напачатку рыхтавалі яго на беларускай мове, імаверна, у перакладзе Францішка Скарыны.
Рэч Паспалітая і Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З надыходам Контрарэфармацыі беларуска-ўкраінскія пераклады Бібліі зьнікаюць[5], і на працягу XVII—XIX стагодзьдзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову.
На пачатку XX стагодзьдзя супрацоўнік Брытанскага Біблійнага таварыства Ўілфрыд Ўайзман пісаў:
Беларусы — адзін зь першых народаў, якія надрукавалі Пісаньне на сваёй мове. Гэта было ў 1517 року, на восем гадоў раней за першае друкаванае выданьне па-ангельску. Можна ўявіць, якімі былі б цяпер беларусы, калі б перасьлед і ўціск веры ў канцы XVI ст. не прывялі народ да заняпаду. Разам з забаронай і зьнішчэньнем Бібліі пачалі згасаць сьвятло і надзея. | ||
—Ўілфрыд Ўайзман, 500 год беларускай Бібліі // Новы Запавет. Кніга Прыповесьцяў / Бокун А., пераклад на беларускую мову. — Мн.: Пазітыў-цэнтр, 2016. — С. 7. — ISBN 978-985-6983-69-9 |
XX стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку XX стагодзьдзя з нацыянальным адраджэньнем пачалося і эвангельскае прабуджэньне. Першыя заклікі да перакладу і выданьня беларускамоўнага Сьвятога Пісаньня зьяўляюцца ў пэрыёдыцы ў 1913 року. Першую спробу перакласьці Эвангельле на літаратурную беларускую мову зьдзейсьніў каталіцкі сьвятар Ільдэфонс Бобіч у 1912—1921 роках. Ягоныя «Niadzielašnija Ewanhielii i Nawuki» ўяўлялі збор казаньняў (навукаў), складзеных на аснове Новага Запавету, і былі прызначаныя ў дапамогу сьвятарам дзеля выкарыстаньня ў казаньнях[11]. Аднак ягоная кніга не атрымала прызнаньня[12].
У 1920—1930-я ідэя перакладу Сьвятога Пісьма на беларускую мову становіцца нацыянальнай справай. Ёй зацікавіліся такія вядомыя беларускія дзеячы, як Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Радаслаў Астроўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Гальяш Леўчык, Аляксандар Уласаў, Кастусь Езавітаў[13].
Пераклад Дзекуць-Малея
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адным зь першых у пратэстанцкім асяродку, хто зьвярнуўся да ідэі перакладу, быў баптысцкі прэсьбітар зь Берасьця Лукаш Дзекуць-Малей. На пачатку 20-х рокаў XX стагодзьдзя ён пераклаў на сучасную беларускую мову чатыры Эвангельлі, выдадзеныя «тарашкевіцай» цягам 1926—1930 рокаў. Пазьней свае паслугі перакладу прапанаваў Антон Луцкевіч, і ў 1931 року выйшаў іх супольны пераклад Новага Запавету і псальмаў.
Пераклад Гадлеўскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод каталіцкага духавенства найбольш чынна працаваў над стварэньнем беларускай Бібліі рымска-каталіцкі сьвятар Вінцэнт Гадлеўскі. Ягоны камэнтаваны пераклад быў зроблены яшчэ да 1930 року, аднак супрацьстаяньне каталіцкіх уладаў дазволіла выдаць ягоныя «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» лацінкай толькі ў 1938. Перакладнік выкарыстоўваў уласьцівую для польскай мовы рэлігійную тэрміналёгію і карыстаўся польскай тапанімікай.
Гадлеўскі пачаў працу над перакладам і Старога Запавету, аднак загінуў падчас савецка-нямецкай вайны ад рук гестапа. Ягоную працу працягнуў Пётар Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме камэнтаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau». Аднак ягоны пераклад, зазнаўшы значны ўплыў выданьня Гадлеўскага, таксама моцна насычаны палянізмамі.
Пераклад Станкевіча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першым, хто пераклаў усю Біблію на сучасную беларускую мову, стаў вядомы гісторык мовы, лексыкограф і дасьледнік беларускіх старадаўнасьцяў Янка Станкевіч. Выкананы ў супрацоўніцтве зь вельмі кваліфікаваным гэбраістам Майсеем Гітліным, пераклад зроблены з арыгіналу[14] (Стары Запавет — з габрэйскай, Новы Запавет — з грэцкай моваў) і тэкстуальна не саступае ў даставернасьці пераўтварэньня клясычным перакладам. Ён, аднак перанасычаны дыялектызмамі і наватворамі. Сьпярша ў 1970 року ў Нью-Ёрку быў выдадзены «Новы Закон», а ў 1973 — і ўся «Сьвятая Біблія».
Пераклад Чарняўскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1968 року дабраславеньне на пераклад Бібліі ад Папы рымскага Паўла VI атрымаў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі[15]. Ягоны пераклад ствараўся на аснове польскае «Бібліі тысячагодзьдзя» з выкарыстаньнем тэкстаў лацінскай «Вульгаты», расейскага Сынадальнага перакладу і польскае Бібліі Якуба Вуйка. У 1995—1998 роках Уладзіслаў Чарняўскі перадаў рукапісы Антонію Бокуну, цяпер пастару пратэстанцкае царквы «Ян Прадвесьнік», які ў 1997 року зьдзейсьніў выданьне Кнігі Роду, у 1999 — Новага Запавету ў арыгінале і ў 2002 — Пяцікніжжа[16]. Вэрсія Чарняўскага зьмяшчае больш беларускіх паняткаў, азначэньняў, канструкцыяў у параўнаньні зь іншымі «апалячанымі» каталіцкімі перакладамі[12].
Іншыя пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У эміграцыі перакладамі біблійных тэкстаў займаліся а. Леў Гарошка, арцыбіскуп БАПЦ Мікалай (Мацукевіч) («Напрастольнае сьвятое Эвангельле» тарашкевіцай, Таронта, 1988), а. Аляксандар Надсан («Боская літургія між сьвятымі Айца нашага Яна Залатавуснага», 1999), Ян Пятроўскі («Гэнэзіс», 1984, «Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка», 1987, «Эвангеле паводля Сьв. Яна», 1991), Міхась Міцкевіч. Пасьля закону аб веравызнаньнях у СССР да перакладу Бібліі зьвярнуўся Анатоль Клышка (Новы Запавет).
Існуе Дзіцячая Біблія на беларускай мове ў ананімным перакладзе, выдадзеная ў 1992 року стакгольмскім Інстытутам перакладу Бібліі (Швэцыя)[17].
XXI стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікім штуршком да павелічэньня колькасьці беларускіх перакладаў стала адзначэньне ў 2017 року 500-годзьдзя выданьня Францішкам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі. За 2016—2017 гады зьявіліся праваслаўны і каталіцкі пераклады Новага Запавету, другое выданьне Бібліі Беларускага біблійнага таварыства[18], Новы Запавет у перакладзе Антонія Бокуна[19], факсымільнае выданьне ўсіх вядомых кніг Скарыны[20]; а выданьне Новага Запавету, зьдзейсьненае «Гедэонавымі братамі» накладам 30 тысячаў асобнікаў[21], стала самым масавым беларускім перакладам.
Пераклад БПЦ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1989 годзе Менскі мітрапаліт Філарэт стварыў Біблійную камісію[22] Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. У 1991 годзе выйшаў беларускі пераклад Біблійнай камісіі Эвангельля паводле Мацьвея. Праз некалькі гадоў па-беларуску выйшлі астатнія тры Эвангельлі паводле Марка, Лукі і Яна. Пазьней надрукавалі кнігу Дзеяньняў апостальскіх. Усе гэтыя выданьні былі 4-моўнымі і зьмяшчалі па парадку: арыгінальны старажытнагрэцкі тэкст, царкоўнаславянскі (Елісавецінскай Біблііі), расейскі сынадальны пераклад 19-га стагодзьдзя і беларускі пераклад Біблійнай камісіі. У 2007 годзе выдалі па-беларуску богаслужэбнае Эвангельле ўсіх 4-х апосталаў-эвангелістаў. Выданьне зьмяшчала пазнакі ўрыўкаў, якія варта зачытваць сьвятарам у вызначаныя дні цягам году, таму стала выкарыстоўвацца ў храмах пры набажэнстве[23].
2 верасьня 2017 году на Дні беларускага пісьменства ў Полацку (Віцебская вобласьць) беларускі экзарх Павал прадставіў «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» ў новым перакладзе на беларускую мову[24]. Пераклад з арыгінальнага старажытнагрэцкага тэксту ажыцьцявіла Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы, у склад якой увайшлі 6 асобаў: протаярэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя протаярэй Аляксандар Пачопка, бакаляўр багаслоўя Іван Чарота, доктар філялягічных навук Уладзімер Васілевіч, кандыдат філялягічных навук Алесь Кароль і кандыдатка багаслоўя Тацяна Матрунчык. Выданьне на царкоўныя грошы выйшла накладам у 6000 асобнікаў з выявай Эўфрасіньнеўскага крыжа на вокладцы[23].
Пераклад Сёмухі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2002 року ў Менску выдадзеная поўная Біблія клясычным правапісам у перакладзе Васіля Сёмухі пад рэдакцыяй місіянэра Юркі Рапецкага (Канада) і з дапамогай мітрапаліта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікалая. Асновай для ягонага перакладу стаў расейскі Сынадальны пераклад 1840 року. Сёмухаў пераклад вельмі багаты моўна, аднак крытыкуецца за «непрыкрытую вольнасьць у перакладзе цяжкіх месцаў, дыялектнае напісаньне біблійных імёнаў, нярэдка да страты іх запаветнай этымалёгіі»[2]; акрамя таго, дасьледніца Ірына Дубянецкая, доктар сакральнае філязофіі, заўважае, што крыніца перакладу — расейская Сынадальная Біблія — мае сама па сабе шмат тэкстуальных памылак[14].
Пераклад Беларускага Біблійнага таварыства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Антоні Бокун дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблійнага таварыства з ксяндзом Чарняўскім. Пазьней да гэтае справы далучыліся айцец Андрэй Абламейка і айцец Сяргей Гаек[25]. Незадоўга да сваёй сьмерці, пры канцы 2001 року, Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблійнаму таварыству правы на выданьне ўласных рукапісаў. Дасьледчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор, і ўжо ў 2003 року выйшла новае выданьне Новага Запавету. Цягам наступных рокаў вялася праца па рэдагаваньні тэксту поўнае Бібліі, да якое былі прыцягнутыя навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Тацяна Федасеева. Падчас іхняе працы тэкст Чарняўскага зьвяраўся з Новай Вульгатай, быў набліжаны да сынадальнага перакладу і пазбавіўся дыялектызмаў з гаворак Гарадзеншчыны і Валожыншчыны, дзе Ўладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся і мешкаў значную частку жыцьця[16].
Выданьне поўнае Бібліі паводле тэксту Ўладзіслава Чарняўскага адбылося напачатку 2012 року афіцыйным правапісам. Пераклад Біблійнага таварыства стаў першым беларускім выданьнем, якое мае спасылкі на паралельныя месцы ў Бібліі і мапы тагачасных дзяржаваў і мясьцінаў; тэкст у квадратных дужках, які, хоць і адсутнічае ў старажытных грэцкіх рукапісах Новага Запавету, аднак утрымліваецца ў г. зв. «Тэкстах большасьці»; у канцы дададзены невялічкі тлумачальны слоўнік паняткаў, якія могуць быць незразумелыя сучаснаму чытачу. Назвы, нумарацыя і разьмяшчэньне кніг Бібліі пададзеныя паводле заходняе традыцыі; нумарацыя псальмаў падвойная: у дужках падаецца нумар паводле Сэптуагінты[26]. Варыянт перакладу Біблійнага таварыства крытыкуе каталіцкі сьвятар Сяргей Сурыновіч, які таксама займаецца праблематыкай беларускіх перакладаў Бібліі. Хібамі выданьня ён лічыць непасьлядоўнасьць трансьлітарацыі і перакладу ўласных імёнаў і геаграфічных назваў, а таксама пазбаўленьня перакладу індывідуальнасьці праз залішняе выкарыстаньне літаратурнай лексыкі (у адрозьненьне ад гутарковай мовы ксяндза Чарняўскага) і, як вынік, ускладненьня чытаньня канчатковага варыянту тэксту[16].
Пераклад Каталіцкай царквы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перакладам займаецца «Сэкцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу» Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якая дзейнічае з 1992 року. Паводле дакумэнтаў Касьцёлу, пераклад можна рабіць толькі з арыгінальных моваў (габрэйская, арамэйская, грэцкая; літургічныя — з лацінскай); таксама варта кіравацца тэкстам Новай Вульгаты[27]. З 2011 року асобнымі выданьнямі выйшлі:
- Эвангельлі
- 7 апостальскіх пасланьняў
- Апакаліпсіс сьв. Яна
- Дзеі Апосталаў ды 7 пасланьняў апостала Паўла[4].
У 2017 року выйшла поўнае выданьне кніг Новага Запавету на аснове Novum Testamentum Graece 27 і 28 рэдакцыяў[28].
Параўнаньне перакладаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На прыкладзе 10 разьдзелу Эвангельля паводле Мацьвея — гэтая кніга прысутнічае ў большасьці перакладнікаў[29].
Дзекуць-Малей і Луцкевіч | Вінцэнт Гадлеўскі | Пётар Татарыновіч | Ян Станкевіч | Уладзіслаў Чарняўскі | Анатоль Клышка | Васіль Сёмуха | Міхась Міцкевіч | БПЦ | Касьцёл |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле[30] | Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша[31] | Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша[32] | Евангеля подле сьвятога Мацьвея[33] | Эвангелія паводле Матэвуша[34] | Паводле Мацвея Святое Дабравесце[35] | Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце[36] | Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле[37] | Святое Дабравесце паводле Матфея[38] | Святое Евангелле паводле Мацвея[39] |
1. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хворасьць і ўсякую немач. | 1. І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач. | 1. І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач. | 1. І пагука́ўшы двананцацёх ву́чанікаў Сваіх, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, выганяць іх, і ўздараўляць усялякую хваробу і ўсялякае няўздоленьне. | 1. Затым сазваўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, выганяць іх, аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач. | 1. І, паклікаўшы Сваіх дванаццаць вучняў, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. | 1. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач. | 1. І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хворасьць. | 1. І паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач. | 1. Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. |
2. А дванаццацёх апосталаў іменьні вось якія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якаў Завядзеяў і Іоан, брат яго, | 2. А дванаццацёх апосталаў імёны ёсьць гэтакія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, | 2. А імёны дванаццацёх апастолаў вось гэткія: Першы Сымон, які завецца Пятром, і Андрэй, брат ягоны; | 2. Вось жа двананцацёх апосталаў імёны гэткія: першы Сымон, званы Пётрам, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зэведэяў а Яан, брат ягоны, | 2. А імёна Дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, якога завуць Пятром, і Андрэй, брат яго. | 2. А імёны дванаццаці апосталаў вось якія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Якаў Завядзееў і Іаан, яго брат; | 2. А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны. | 2. А імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго; | 2. А дванаццаці Апосталаў імёны вось такія: першы Сіман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Іакаў Зевядзееў і Іаан, брат яго. | 2. Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і
Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, |
3. Філіп і Баўтрамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў і Ляўвей, празваны Фадзеем, | 3. Якуб Зэбэдэяў, і Ян, брат яго, Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэуш мытнік, Якуб Альфэяў і Тадэуш, | 3. Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат яго; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матауш кунойміт; Якуб Альфэяў і Тадауш; | 3. Піліп а Варфаламей, Хама а Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў а Леўвей, каторага мянушка была́ Хвадзей, | 3. Якуб, сын Зэбэдэяў ды Ян, брат ягоны; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэвуш, мытнік, Якуб, сын Алфея, і Тадэвуш. | 3. Філіп і Варфаламей; Фама і Мацвей, мытнік; Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем; | 3. Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем, | 3. Піліп і Баўтарамей, Хама й Мацьвей — мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем; | 3. Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мытнік, Іакаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем, | 3. Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, |
4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго. | 4. Сымон Кананэец і Юдаш Іскарыёт, каторы яго і выдаў. | 4. Сымон Кананэец ды Юдаі Іскарыёт, які яго й выдаў. | 4. Сымон Каноянін а Юда Іскарыёт, што й ізрадзіў Яго. | 4. Сымон Хананеец і Юда Іскарыёт, які яго выдаў. | 4. Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго. | 4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму. | 4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго. | 4. Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму. | 4. Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго. |
5. Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і наказваў ім, гаворачы: на шлях паганаў ня ўзыходзьце і ў места Самарыйскае не ўваходзьце; | 5. Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы ім, кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самаранаў не заходзьце, | 5. Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы й кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самарытанаў не ўваходзьце, | 5. Гэтых двананцацёх паслаў Ісус і расказаў ім, кажучы:
"На дарогу да паган не хадзіце і да места Самарскага ня ўходзьце; |
5. Гэтых Дванаццаць паслаў Езус загадваючы ім ды кажучы: "На дарогу паган не заходзьце і ў гарады самар’янаў не ўваходзьце. | 5. Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: на дарогу язычнікаў не хадзіце і ў Самаранскі горад не ўваходзьце; | 5. Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце; | 5. Іх дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: "У дарогу да паганаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не ўваходзьце. | 5. Гэтых дванаццаць паслаў Іісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзіце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце; | 5. Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: "На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. |
6. але ідзеце найбалей да загінуўшых авец дому Ізраілявага. | 6. але ідзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраілявага. | 6. але йдзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраэлевага. | 6. Але вале́й ідзіце да загінулых авец дому Ізраелявага. | 6. Але перш ідзіце да авец, якія прапалі з дому Ізраеля. | 6. Але ідзіце лепш да загінулых авечак Ізраілевага дому. | 6. а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага; | 6. Лепш ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага. | 6. а ідзіце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага; | 6. Але перадусім ідзіце да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. |
7. А ходзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае. | 7. А ідучы, абвяшчайце, кажучы, што прыблізілася каралеўства нябеснае. | 7. А йдучы прапаведуйце, кажучы, што прыблізілася валадарства нябеснае. | 7. І ходзячы, абяшчайце, кажучы: 'Дабліжылася гаспадарства нябёснае'. | 7. А ідучы прапаведайце і кажыце, што прыблізілася Каралеўства Нябеснае. | 7. Ідзіце і абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае. | 7. і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае; | 7. А праходзячы абвяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае. | 7. і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае; | 7. Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: «Наблізілася Валадарства Нябеснае». |
8. Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памёршых уваскрашайце, злых духоў выганяйце. Дарма дасталі, дарма давайце. | 8. Аздараўляйце хворых, ускрашайце ўмерлых, ачышчайце пракажаных, выганяйце д’яблаў. Дарма вы атрымалі, дарма давайце. | 8. Аздараўляйце хворых, ускрашайце мяртвых, ачышчайце запаветраных, дзяблаў выганяйце. Дарма вы атрымалі, дарма й давайце. | 8. Хворых уздараўляйце, пракажаных ачышчайце, мертвых ускрышайце, нячысьцікаў выганяйце; дарма́ адзяржалі, дарма́ давайце. | 8. Аздараўляйце хворых, ускрашайце памёршых, ачышчайце пракажоных, выганяйце дэманаў. Дарма атрымалі, дарма давайце. | 8. Хворых вылечвайце, пракажоных ачышчайце, памерлых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце. | 8. хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце. | 8. Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце — дарма атрымалі, дарма давайце. | 8. хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце. | 8. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце. |
9. Не бярэце з сабою ні золата, ні серабра, ні медзі ў поясы сваі, | 9. Ня мейце золата, ані серабра, ані грашэй у паясох вашых. | 9. Ня мейце золата, ані серабра, ані грошай у паясох вашых, | 9. Не бярыце із сабою ані золата, ані срэбла, ані медзі ў чарэслы свае, | 9. Не мейце ў капшукох вашых ані золата, ані серабра, ані грошай, | 9. Не бярыце золата, ані серабра, ані медзі ў свае паясы, | 9. Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, | 9. Не бярэце з сабою золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя; | 9. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, | 9. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, |
10. ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзежын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варт стравы сваёй. | 10. ані торбы ў дарозе, ані дзьвёх адзежын, ані абутку, ані кія; бо работнік варт сваей ежы. | 10. ані торбы ў дарозе, ані дзвёх адзежын, ані абутку, ані кія; годзен бо работнік пражытку свайго. | 10. Ані хатуля ў дарогу, ані дзьвюх сарочкаў, ані вобую, ані посаха, бо працаве́нь варты еміны свае. | 10. ані торбы, ані двух вопраткаў, ані сандалаў, ані кія. Бо працаўнік варт сваёй стравы. | 10. Ані торбы ў дарогу, ані двух адзенняў, ані абутку, ані кія. Бо варты работнік сваёй спожыці. | 10. ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму. | 10. Ні торбы ў дарогу, ні вопраткі ў запас, ні абутку, ні палкі; годзен бо працаўнік пражываньня свайго. | 10. ні торбы ў дарогу, ні дзве вопраткі, ні абутку, ні посаха. Бо хто працуе, той варты пракорму. | 10. ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы. |
Праблемы розных перакладаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- розныя правапісы («станкевічанка»[14], «тарашкевіца», «наркамаўка»)
- розныя варыянты назваў:
- «Паводле Іоана сьв. Эвангельле», «Сьвятое Дабравесьце паводле Іаана», «Паводле Яна сьв. Эвангельле», «Сьвятое Эвангельле паводле Яна», «Эвангеля паводле Яана», «Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце», «Паводля сьв. Яна Эвангеле», «Эванэлія паводля сьв. Яна»;[9]
- Сьвяшчэннае — Сьвятое, Пісаньне — Пісьмо, Завет — Запавет — Закон, Біблія — Бібля — Бівлія і да т. п.
- розныя каноны («пратэстанцкія» пераклады Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі не зьмяшчаюць «другакананічных» кніг, якія ўваходзяць у праваслаўныя і каталіцкія каноны[9])
Дзіцячыя Бібліі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У незалежнай Беларусі першы пераклад Бібліі для дзяцей зьявіўся ў 1992 року. Гэта выданьне Інстытуту перакладу Бібліі(en) ў Стакгольме (Швэцыя) ў перакладзе з расейскай мовы[40]. У гэтым жа годзе каталіцкая дабрадзейная арганізацыя «Царква ў патрэбе(de)» выдала ў Гішпаніі пераказ Бібліі пад назваю «Бог гаворыць да сваіх дзетак»[41]. У 1993 року пераказ Бібліі выйшаў ужо ў Беларусі ў выкладаньні Ўладзімера Ліпскага[42].
У 1994 року Міжнароднае біблейскае грамадзтва(en) выдала «Маю першую Біблію ў малюнках» ў паралельных беларускім і ангельскім тэкстах аўтара Кенэта Тэйлара(en)[43].
У 2012—2014 роках выйшла «Біблія для маленькіх» у трох частках, перакладзеная з «Beginner’s Bible»[44][45][46].
У 2017 року місіянэрскае таварыства «Дабравест» Беларускага зьвязу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў выдала два пераказы біблійных гісторыяў: «Першую Біблію» ў перакладзе з «Starter Bible»[47] і «Адчыненую Біблію» ў перакладзе з «My Key Verse Bible»[48].
У 2019 року Беларуская місія ў ЗША выдала «Вялікую карціну біблейскай гісторыі» ў перакладзе з «The Big Picture Story Bible»[49].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Севярынец, П. Біблія // Люблю Беларусь: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 520.
- ^ а б в Родаў Г. Я. (14 лістапада 2008) З гісторыі перакладу Бібліі на ўсходнеславянскіх тэрыторыях Катэхета. Ручнік Барыс Рыгоравіч. Праверана 12 красавіка 2012 г.
- ^ Чарота 2010. С. 497—498.
- ^ а б в г Аўдзяюк, Аляксандар (26 красавіка 2014) Бібліяграфія перакладаў Бібліі на беларускую мову Салавейкава хатка. Blogspot. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ а б в А. А. Турилов. (2 верасьня 2009) БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. На славянские языки. Белорусско-украинские переводы XV-XVI вв. (рас.) Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 29 траўня 2017 г.
- ^ А. А. Пичхадзе. (2 верасьня 2009) БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. Переводы Б. На древние языки. Церковнославянский (рас.) Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 5 студзеня 2013 г.
- ^ Urbi et Orbi: Ірына Дубянецкая «1000 гадоў без Бібліі: беларускія біблійныя пераклады і еўрапейская цывілізацыя» (відэа) // methodology.by
- ^ Бокун 2023. С. XVI.
- ^ а б в Юлія Інышава. (26 сакавіка 2012) Ірына Дубянецкая: Нацыя ня склалася, пакуль яна ня мае перакладу Бібліі на сваю мову. ЭўраБеларусь. Праверана 12 красавіка 2012 г.
- ^ Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. — ISBN 985-11-0108-7
- ^ Трацяк І. І. Шлях да беларускамоўнай Бібліі // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Горадня: ГрДУ, 2003. — С. 41. — ISBN 985-417-454-9
- ^ а б А. А. Турилов. (2 верасьня 2009) БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. На славянские языки. Белорусский (рас.) Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 6 студзеня 2013 г.
- ^ Трацяк І. І. Біблія ў беларускім перакладзе: праблема высокага стылю // Надзённыя пытанні лінгвістыкі (да 75-годдзя прафесара П.У. Сцяцко): матэрыялы міжнарод. навук. канф.. — Горадня: ГрДУ, 2005. — С. 94—98.
- ^ а б в Глеб Лабадзенка. (20 сакавіка 2012) Ірына Дубянецкая: Беларусь 1000 гадоў жыве без Бібліі Блог Глеба Лабадзенкі Праверана 12 красавіка 2012 г.
- ^ Выйшаў новы пераклад Бібліі на беларускую мову. Радыё Рацыя (16 лютага 2012). Праверана 12 красавіка 2012 г.
- ^ а б в а. Сяргей Сурыновіч. (7 красавіка 2012) Біблія, што зачыніла стагоддзе… Блог Сяргея Сурыновіча. LiveJournal. Праверана 29 лютага 2012 г.
- ^ Дзіцячая Біблія: Біблейскія апавяданьні з малюнкамі Кнігі поштай Праверана 12 жніўня 2013 г.
- ^ Міцкевіч, Павал (3 жніўня 2017) У 500-годдзе кнігадруку ў Беларусі выйдуць новыя выданні Бібліі Касьцёл. Ватыканскае радыё. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Да 500-годдзя беларускай Бібліі: новы пераклад Новага Запавету і Прыпавесцяў Беларуская мова. Будзьма беларусамі! (29 лютага 2016). Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ У Мінску прэзентавалі «Кніжную спадчыну Скарыны» // Krynica.info, 2 верасьня 2017 г. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Новы Запавет «Гедэонавых братоў» цяпер і па-беларуску // Krynica.info, 11 сьнежня 2017 г. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Архіпастыр і Беларусь // Зьвязда : газэта. — 20 сакавіка 2010. — № 51 (26659). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Ніна Шчарбачэвіч. «Для землякоў-беларусаў» // Ігуменскі тракт. — 12 верасьня 2017. — № 13 (192). — С. 10.
- ^ Аляксандар Хітроў. Дзень беларускага пісьменства ў Полацку // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 верасьня 2017 г. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Сяргей Абламейка. (29 сьнежня 2001) Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Ўладыслава Чарняўскага? Сымбаль веры. Радыё «Свабода». Праверана 26 красавіка 2012 г.
- ^ Издана первая Библия на современном белорусском языке (рас.) Грамадства. TUT.BY (10 красавіка 2012). Праверана 12 красавіка 2012 г.
- ^ Ян Крэміс, кс. др. (8 кастрычніка 2010) Гісторыя перакладу тэкстаў Сьвятога Пісаньня на беларускую мову, зьдзейсьненых Сэкцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу пры ККББ Даклад на Сымпозыюме, прысьвечаным Божаму Слову ў год сьв. апостала Паўла: «Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр. 4:12). Беларускі партал «Царква». Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Новы Запавет Бібліятэка. Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі (25 лістапада 2017). Праверана 12 сьнежня 2017 г.
- ^ Біблійныя пераклады Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле. Разьдзел 10 Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша. Раздзел 10 Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша. Раздзел 10 Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Евангеля подле сьвятога Мацьвея. 10 Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Эвангелія паводле Матэвуша. 10 Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Паводле Мацвея Святое Дабравесце. Раздзел 10 Часасловец Праверана 2 траўня 2019 г.
- ^ Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце. Разьдзел 10 Беларуская палічка Праверана 24 студзеня 2019 г.
- ^ Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле. Разьдзел 10 Беларускі хрысьціянскі партал «Царква» Праверана 6 лістапада 2012 г.
- ^ Святое Дабравесце паводле Матфея. Раздзел 10 Беларускі хрысьціянскі партал «Царква» Праверана 6 лістапада 2012 г.
- ^ Святое Евангелле паводле Мацвея. 10 (1-42). Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі. Праверана 6 лістапада 2012 г.
- ^ Дзіцячая Біблія. Біблейскія апавяданні з малюнкамі / Барыслаў Араповіч(sr) і Вера Маццёлмякі. — Трэцяе выданне. — Стакгольм, Швецыя: Інстытут перакладу Бібліі, 1992. — 542 с. — ISBN 91-88394-05-0
- ^ Бог гаворыць да сваіх дзетак. Біблейскія апавяданьні / Элеанора Бэк, Мірэн Сорнэ. — Эстэльля(es): Verbo Divino, 1992. — 96 с. — ISBN 84-7151-819-8
- ^ Уладзімер Ліпскі. Як Бог стварыў свет. Пераказ біблейскіх гісторый. — Мн.: Беларусь, 1993. — 80 с. — 50 000 ас.
- ^ Kenneth N. Taylor. Мая першая Біблія ў малюнках = My first Bible in pictures. — Мн.: Міжнароднае Біблейскае Грамадства, 1994. — 35 100 ас.
- ^ Біблія для маленькіх ад сатварэньня да Язэпа = Beginner’s Bible / Садоўская Т. — Мн.: Юніпак, 2012. — 88 с. — 1000 ас.
- ^ Біблія для маленькіх. Новы Запавет / Садоўская Т. — Мн.: Юніпак, 2013. — 240 с. — 1000 ас. — ISBN 978-985-6802-55-6
- ^ Біблія для маленькіх. Стары Запавет / Садоўская Т. — Мн.: Юніпак, 2014. — 184 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-6802-59-4
- ^ Чарлі Лінч, Б. А. Джоўнс. Першая Біблія = Starter Bible. — CLC Філадэльфія, 2017. — 40 с. — 1000 ас. — ISBN 978-5-9907076-4-1
- ^ Фабіяна Фьёрын, Сесілія Фодар, Ванэса Кэрал. Адчыненая Біблія = My Key Verse Bible. — CLC Філадэльфія, 2017. — 93 с. — ISBN 978-5-9907076-7-2
- ^ David R. Helm, Gail Schoonmaker. Вялікая карціна біблейскай гісторыі = The Big Picture Story Bible. — Вільня: WM Publishing, 2019. — 453 с. — ISBN 978-9984-153-92-6
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Пер. В. Сёмуха. — Duncanville (USA): World Wide Printing, 2002. — 1534 с. — 10 000 ас. — ISBN 1-58712-085-2
- Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пер. А. Бокун. — Мн.: Саюз эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў у Рэспубліцы Беларусі, 2023. — 1762 с. — 2500 ас. — ISBN 978-985-7033-32-4
- Иван А. Чарота. Переводы Священного Писания на белорусский язык (рас.) // Српска академија наука и уметности Јужнословенски филолог. — Београд: 2010. — В. LXVI. — С. 497—511.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Біблійныя пераклады розных аўтараў на сайце «Часасловец»
- Беларускі пераклад на бачыне «Біблія он-лайн»
- Родаў Г. Я. З гісторыі перакладу Бібліі на ўсходнеславянскіх тэрыторыях
- А. Аўдзяюк. Бібліяграфія перакладаў Бібліі на беларускую мову (актуальная вэрсія)
- А. Аўдзяюк. Бібліяграфія перакладаў Бібліі на беларускую мову (першая друкаваная вэрсія)
- Лекцыя Ірыны Дубянецкай Urbi et Orbi «1000 гадоў без Бібліі» на YouTube: часткі 1-я і 2-я
|