Перайсьці да зьместу

Іван Чарота

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іван Чарота
Дата нараджэньня 16 верасьня 1952(1952-09-16) (72 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак перакладнік, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, славіст, гісторык культуры, грамадзкі дзяяч, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра літаратуразнаўства і крытыка[d]
Месца працы
Сябра ў Саюз пісьменьнікаў СССР, Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d], Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Саюз пісьменьнікаў Беларусі
Навуковая ступень доктар філялягічных навук[d]
Узнагароды

Іван Аляксеевіч Чарота (16 верасьня 1952, Лышчыкі, Кобрынскі раён) — беларускі славіст, перакладчык, літаратуразнавец, доктар філялягічных навук, прафэсар, акадэмік Сэрбскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык катэдры славянскіх літаратур БДУ.

З 1969 па 1974 год вучыўся на аддзяленьні расейскай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту БДУ. Пасьля заканчэньня яго працаваў тры гады настаўнікам у Паляцкіскай сярэдняй школе Воранаўскага раёну. У 1977 годзе прыняты на працу ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе займаў, адпаведна, пасады выкладчыка — старшага выкладчыка, дацэнта, а потым, прайшоўшы на працягу 1991 па 1994 гады навучаньне ў дактарантуры, стаў загадваць новастворанай катэдрай славістыкі (славянскіх літаратур). Кандыдацкую дысэртацыю «Творчество М. А. Шолохова и литературный процесс Югославии (1956-1986)» абараніў у ЛДПІ (Ленінград, 1986), доктарскую — «Беларуская літаратура ХХ стагодзьдзя і працэсы нацыянальнага самавызначэньня» у БДУ (Менск, 1998).

Перакладае з сэрбскай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і расейскую, а таксама з беларускай і расейскай на сэрбскую. Заснавальнік, укладальнік і перакладчык сэрыі «Сэрбскае багаслоўе ХХ стагодзьдзя»[1].

Навуковыя працы і кнігі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Свае навуковыя інтарэсы засяродзіў перш за ўсё на літаратурах і культурах славянскіх народаў. Дасьледуючы іх генэтычныя, тыпалягічныя і кантактныя ўзаемадзеяньні, ён сьцьвердзіўся як вядучы югаславіст Беларусі, высокааўтарытэтны спэцыяліст у галіне параўнальнага літаратуразнаўства і культуразнаўства, аўтар каля 600 навуковых прац, сярод якіх кнігі «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (Менск, 1988 — у сааўтарстве), «Пошук спрадвечнай існасьці: Беларуская літаратура ХХ стагодзьдзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэньня» (Менск, 1995), «Сэрбская Праваслаўная Царква» (Менск, 1998), «Беларуская мова і Царква» (Менск, 2000), «Косовская битва продолжается» (Менск, 2000), «Антологија белоруске поезије», (Београд: 1993; 2-е выданьне — 2012), «Югаславянскія казкі» (Менск, 1999), «Антологија лирике источних Словена» (Београд, 2000), «Насустрач Духу. Анталёгія беларускай хрысьціянскай паэзіі» (Менск, 200]), «Насустрач Духу. Анталёгія беларускай хрысьціянскай прозы» (Менск, 2002), «Слово и Дух. Антология русской духовной поезии ХХ -ХХ вв.» (Менск, 2003, 2005, 2010), «Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў» (2013), «Српска књижевност. Антологија текстова. Књ.І -V» (Менск, 2002—2007 — на сэрбскай мове), «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу» (Менск, 2012), «Испод крила роде. Антологија савремене белоруске поезије» (Подгорица, 2014), «Беларусы пра Сербію-Югаславію» (Менск, 2015, « Белорусија и Србија: Трагом узајамног упознавања и деловања»(Шабац, 2016).[2]

Навукова-мэтадычная сфэра

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прафэсар Чарота зьяўляецца сябрам рэдкалегій 11 пэрыядычных выданьняў (6 замежных), навуковым кансультантам Беларускай Энцыкляпэдыі; сакратаром Біблійнай камісіі Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы і выканаўчым рэдактарам часопісу «Праваслаўе».[3]

У навукова-мэтадычнай сфэры плён яго складаюць такія дапаможнікі, як «Советская литература в связях и взаимодействиях: Начала сравнительного и системного анализа» (Менск, 1989), «Мастацкі пераклад на беларускую мову : Асновы тэорыі і практычныя рэкамэндацыі» (Менск, 1997), «Югаславянскія літаратуры і культуры» (Менск, 1999 — у сааўтарстве), Праграма «Гісторыя славянскіх літаратур» (2000), «Гісторыя сэрбскай літаратуры. Практыкум» (2007).[4]

Перакладчыцкая праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сябар Саюзаў пісьменьнікаў СССР (адпаведна, Саюзу пісьменьнікаў Беларусі), а таксама Расеі і Сэрбіі; актыўна выступае ў друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Больш за дваццаць пяць гадоў узначальвае бюро сэкцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, займаецца перакладам з сэрбскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і расейскую, а таксама з беларускай і расейскай на сэрбскую.

Яго наробак — больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданьняў, сярод якіх творы наступных аўтараў: Патрыярх Сэрбскі Павел, Нікалай Веліміравіч, Юсьцін Попавіч, Марка С. Маркавіч, Фадзей Штрбулавіч, Іва Андрыч, Браніслаў Нушыч, Радэ Драінац, Добрыца Чосіч, Нэвена Вітошавіч Чэкліч, Зоран Гаўрылавіч, Міра Радоевіч і Любадраг Дзіміч, Момір Лазіч, Драган Лакічавіч, Драгаслаў Міхаілавіч, Гроздана Олуіч, Горан Петравіч, Ліляна Хаб’янавіч-Джуравіч, Бена Зупанчыч, Прэжыхаў Воранц, Ёсіп Юрчыч, Драга Янчар і інш.

Заснавальнік, укладальнік і перакладчык сэрыі «Сэрбскае багаслоўе ХХ стагодзьдзя», у якой ужо выйшла больш за чатыры дзесяткі кніг. Перакладзены Чаротам зборнік «Мовы ўсяго жывога: Сэрбскія народныя казкі» (Менск, 2007) прызнаны найлепшай кнігай Беларусі ў галіне перакладу на 2008 год і адзначаны Нацыянальнай прэміяй.[5]

  • Іван Аляксеевіч Чарота // Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Гардзіцкі А. К. Чарота Іван Аляксеевіч // Беларускія пісьменьнік:Даведнік. Менск,1994.С.584.
  • Гарэлік Л.М, Махнач Т. М. Чарота Іван //Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 6. Менск, 1995. С. 275—277.
  • Ляшук В. Я., Снітко Г. Н. Літаратура Берасцейшчыны. Берасьце, 1999. С.326, 368.
  • Трус М. В. Чарота Іван Аляксеевіч // Беларуская Энцыкляпэдыя. У 18 т. Т. 17. Менск, 2003. С.245.
  • Б.п. Чарота Иван Алексеевич // Регионы Белоруссии. Энциклопедия. Т.1. Кн. 2. Менск, 2009. С. 453.
  • Б.п. // Філялягічны факультэт. Да 70-годдзя заснаваньня. Менск : БДУ, 2009. С. 133—136.
  • Сибиновић М. Чарота Иван // Енциклопедија српског народа. — Бялград, 2008. С.1249.
  • Навойчык П. Чарота Іван Аляксеевіч // Гісторыя славянскіх літаратур і праблемы іх параўнальнага вывучэньня: тэорыя і практыка. -Менск, 2015.С. 141—142.
  • Штэйнер І. З любоўю да славянскага пісьменства // Полымя.2017, № 9. С. 39-42.