Перайсьці да зьместу

Аршанскае Эвангельле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аршанскае Эвангельле, пачатак XIII ст.
Цэнтральная навуковая бібліятэка
Акадэміі навук Украіны, Кіеў

Аршанскае Эвангельлебеларускі рукапісны помнік канца XII — пачатку XIII стагодзьдзяў Выяўленае ў Воршы ў 1812 годзе.

Верагодна, створанае на Полаччыне. Зьберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пэргамэнце. У Аршанскім Эвангельле зьмешчаны 2 мініяцюры з выявамі эвангелістаў Лукі і Мацьвея (найбольш раньнія ва ўсходне-славянскіх рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старабізантыйскіх і першапачатковых тэраталягічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэлігійнай абалонкай праглядаецца жывая народная аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Эфрасіньнеўскага манастыру ў Полацку.

Ад рамы захавалася дубовая дошка, расколатая ўздоўж напалову, з трыма выпуклымі меднымі дэкаратыўнымі элемэнтамі. Рукапіс зьмяшчае чытаньні на працягу ўсяго году, без пачатку (першыя 25 старонак страчаны); пачынаецца з чытаньняў у суботу 7-га тыдня пасьля Вялікадня. Пасьля асноўнай часткі разьмешчаны месяцаслоў і нядзельныя ранішнія Эвангельлі.

Рукапіс патрапіў у музэй Кіеўскай духоўнай акадэміі ад памешчыка І. С. Мелянеўскага ў 1874 годзе.

Рукапіс зьберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Украіны, Ф. 301, № 555 п.