Іван Фёдараў
Іван Фёдараў | |
Дата нараджэньня | каля 1510 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 5 (15) сьнежня 1583[1] |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | друкар, друкар, выдавец |
Подпіс | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Фёдараў.
Іва́н Фёдараў (Іван Федаровіч[3]; рас. Иван Фёдоров, укр. Іван Федорович, каля 1510—1583) — кнігавыдавец, асьветнік, заснавальнік кнігадрукаваньня ў Расеі і ва Ўкраіне.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Месца яго нараджэньня невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць зь беларускага роду Рагозаў. Паводле некаторых зьвестак, навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце, дзе ў 1532 годзе атрымаў ступень бакаляўра. Існуе гіпотэза пра нараджэньне Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вялейскага раёну[4].
Друкарская дзейнасьць у Маскве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1550-я гады працаваў у г. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. Зь 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 разам з Пятром Мсьціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расейскую друкаваную кнігу «Апостал» (захаваўся 61 асобнік). Рыхтуючы яе да выданьня, першадрукары правялі вялікую тэксталягічную і рэдактарскую работу, аб чым сьведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленьні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнамэнтальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнамэнтальныя прыёмы гэтай школы, Фёдараў і Мсьціславец стварылі г. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэньне ў мастацкім аздабленьні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала», які выкарыстоўваў Фёдараў і ў іншых сваіх выданьнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў.
29 верасьня і 29 кастрычніка 1565 Фёдараў і Мсьціславец выпусьцілі ў Маскве 2 выданьні «Часоўніка» (зьберагліся 6 асобнікаў) — кнігі для пачатковага навучаньня грамаце.
Выгнаньне з Масквы. Кнігадрукарства ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1566 годзе з прычыны ганеньняў з боку рэакцыйных расейскіх сьвецкіх і царкоўных колаў Фёдараў і Мсьціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве каля Беластоку (зараз Падляскае ваяводзтва ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага Княства Літоўскага Рыгора Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 1568—1569 імі надрукавана «Эвангельле вучыцельнае» (захаваліся 44 экз.) — зборнік гутарак і павучаньняў з тлумачэньнем эвангельскіх тэкстаў. У ім зьмешчана таксама «Слова на Ўшэсьце» Кірылы Тураўскага — першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага аркуша кнігі ў тэхніцы ксыляграфіі зьмешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася ў Беларусі. Пасьля ад’езду Мсьціслаўца ў Вільню Фёдараў надрукаваў у Заблудаве ў 1569—1570 Псалтыр з Часаслоўцам (зьберагліся 3 асобнікі). У канцы гэтай кнігі зьмешчаная Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Фёдараў, відаць, выкарыстаў Пасхалію з «Малой падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.
Пераезд у Львоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасьць, Фёдараў у канцы 1572 — пачатку 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Ўкраіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал» (захавалася 97 асобнікаў, што сьведчыць пра вялікі першапачатковы наклад кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выданьня 1564 з даданьнем некаторых уступных тэкстаў і пасьляслоўяў «Повесть… откуду начася и како сверится друкарня сия». Гэта пасьляслоўе — першы друкаваны твор рускай мэмуарнай літаратуры. У кнізе зьмешчаныя 3 гравюры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукаша, геральдычная кампазыцыя з гербам г. Львова і друкарскім знакам Фёдарава.
У тым жа 1574 Фёдараў надрукаваў у Львове «Азбуку» («Буквар») — першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваньнямі для навучаньня грамаце, прыкладамі спражэньня дзеясловаў, скланеньня назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстаньня «прасодый» (узоры выкарыстаньня над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацаваньня і разьвіцьця навыкаў чытаньня і пісьма, г. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі зь біблейскіх кніг у «Азбуцы» падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардзкага унівэрсытэта, ЗША, другі — у Лёндане).
На службе Канстанціна Астроскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1575 князь Канстанцін Астроскі запрасіў Фёдарава на службу да сябе, дзе той выконваў абавязкі аканома Дзерманскага кляштара. Каля 1578 Астроскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18 чэрвеня 1578 выйшла новае выданьне «Азбукі», дапоўненае ў параўнаньні з выданьнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэцкай мовай (захаваліся 2 асобнікі: у Капэнгагене і Гоце, Нямеччына; невялікі яе фрагмэнт — у Дзяржаўнай Расейскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданьні ўпершыню надрукаваны помнік старажытнабаўгарскай літаратуры «Аб писменах» Чарнарызца Храбра пад назвай «Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску». У 1580 Фёдараў надрукаваў у Астрогу Псальтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у «васьмёрку»; зьбераглося 68 асобнікаў). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны аркуш, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. У тым жа годзе Фёдараў выдаў паказальнік да гэтых кніг: «Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных…» — першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакумэнталістыкі альфабэтна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых словаў (зьбераглося 16 асобнікаў).
5 траўня 1581 у Астрогу лістоўкай Фёдараў надрукаваў «Храналёгію» Андрэя Рымшы — першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зьберагаецца ў Санкт-Пецярбургу). Да 12 жніўня 1581 надрукаваў 1-е поўнае выданьне славянскай Бібліі кірыліцкага шрыфту, г. зв. «Астроскую Біблію» (захавалася 275 экз.). У яе зьмесьце і аздабленьні адчуваецца ўплыў выданьняў Скарыны. Арнамэнтальнае аздабленьне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнамэнтыкі скарынінскіх выданьняў. Прасочваецца тоеснасьць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расейскай бібліятэцы зьберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасьляслоўяў Бібліі Скарыны).
З 1582 Фёдараў зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыцьцё новай друкарні, Фёдараў адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.
У 1583 ён пабываў у Кракаве, Вене і, магчыма, у Дрэздэне. Захаваўся ліст Фёдарава да саксонскага курфюрста Аўгуста, напісаны зь Вены 23 ліпеня 1583. У канцы 1583 Фёдараў вернуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры(uk). На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: «Друкар кніг дагэтуль нябачаных».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Русский биографический словарь (рас.) / под ред. А. А. Половцов, Н. П. Чулков, Н. Д. Чечулин, В. В. Мусселиус, М. Г. Курдюмов, Ф. А. Витберг, И. А. Кубасов, С. А. Адрианов, Б. Л. Модзалевский, Е. С. Шумигорский — СПб, Москва.
- ^ https://web.archive.org/web/20190505105116/https://lia.lvivcenter.org/uk/objects/st-onuphrius-church/
- ^ Саверчанка І. Хто заснаваў кнігадрукаванне ў Маскве? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 36.
- ^ Першадрукар Іван Фёдараў нарадзіўся на Вілейшчыне, Рэгіянальная газета
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — ISBN 985-11-0263-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі
- В. Лукомскі(ru). «Нацыянальнасьць і родапаходжаньне Івана Фёдарава, першадрукара ў Маскве»