Пераклад Бібліі Беларускага біблійнага таварыства
Біблія | |
---|---|
Поўная назва: | |
Мова: | беларуская |
Поўная Біблія апублікаваная: | 2012 |
Апакрыфічныя кнігі: | 1-я і 2-я Макавейскія, Мудрасьць Сіраха, Тобіт, Юдзіт, Баруха |
Аўтар(ы): | Уладзіслаў Чарняўскі/Беларускае біблійнае таварыства |
Канон: | каталіцкі |
Перакла́д Белару́скага біблі́йнага тавары́ства — поўны пераклад Бібліі на беларускую мову, выдадзены Беларускім біблійным таварыствам у 2012 року. Пераклад створаны на аснове рукапісаў каталіцкага сьвятара Ўладзіслава Чарняўскага.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1995—1998 роках Уладзіслаў Чарняўскі перадаў рукапісы свайго перакладу Бібліі Антонію Бокуну, цяпер пастару пратэстанцкае царквы «Ян Прадвесьнік». У ягонай апрацоўцы выйшлі «Кніга Роду» (1997), «Новы Запавет» (1999) і Пяцікніжжа (2002)[1].
Далей Антоні Бокун дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблійнага таварыства з ксяндзом Чарняўскім. Пазьней да гэтае справы далучыліся айцец Андрэй Абламейка і айцец Сяргей Гаек[2]. Незадоўга да сваёй сьмерці, пры канцы 2001 року, Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблійнаму таварыству правы на выданьне ўласных рукапісаў. Дасьледчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор, і ўжо ў 2003 року выйшла новае выданьне Новага Запавету. Цягам наступных рокаў вялася праца па рэдагаваньні тэксту поўнае Бібліі, да якое былі прыцягнутыя навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Тацяна Федасеева. Падчас іхняе працы тэкст Чарняўскага зьвяраўся з Новай Вульгатай, быў набліжаны да сынадальнага перакладу і пазбавіўся дыялектызмаў з гаворак Гарадзеншчыны і Валожыншчыны, дзе Ўладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся і мешкаў значную частку жыцьця[1].
Выданьне поўнае Бібліі паводле тэксту Ўладзіслава Чарняўскага адбылося напачатку 2012 року афіцыйным правапісам. Пераклад Біблійнага таварыства стаў першым беларускім выданьнем, якое мае спасылкі на паралельныя месцы ў Бібліі і мапы тагачасных дзяржаваў і мясьцінаў; тэкст у квадратных дужках, які, хоць і адсутнічае ў старажытных грэцкіх рукапісах Новага Запавету, аднак утрымліваецца ў г. зв. «Тэкстах большасьці»; у канцы дададзены невялічкі тлумачальны слоўнік паняткаў, якія могуць быць незразумелыя сучаснаму чытачу. Назвы, нумарацыя і разьмяшчэньне кніг Бібліі пададзеныя паводле заходняе традыцыі; нумарацыя псальмаў падвойная: у дужках падаецца нумар паводле Сэптуагінты[3].
Вэрсія Чарняўскага зьмяшчае больш беларускіх паняткаў, азначэньняў, канструкцыяў у параўнаньні зь іншымі «апалячанымі» каталіцкімі перакладамі[4]. Варыянт перакладу Біблійнага таварыства крытыкуе каталіцкі сьвятар Сяргей Сурыновіч, які таксама займаецца праблематыкай беларускіх перакладаў Бібліі. Хібамі выданьня ён лічыць непасьлядоўнасьць трансьлітарацыі і перакладу ўласных імёнаў і геаграфічных назваў, а таксама пазбаўленьня перакладу індывідуальнасьці праз залішняе выкарыстаньне літаратурнай лексыкі (у адрозьненьне ад гутарковай мовы ксяндза Чарняўскага) і, як вынік, ускладненьня чытаньня канчатковага варыянту тэксту[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в а. Сяргей Сурыновіч. (7 красавіка 2012) Біблія, што зачыніла стагоддзе… Блог Сяргея Сурыновіча. LiveJournal. Праверана 11 жніўня 2013 г.
- ^ Сяргей Абламейка. (29 сьнежня 2001) Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Ўладыслава Чарняўскага? Сымбаль веры. Радыё «Свабода». Праверана 11 жніўня 2013 г.
- ^ Издана первая Библия на современном белорусском языке (рас.) Грамадства. TUT.BY (10 красавіка 2012). Праверана 11 жніўня 2013 г.
- ^ А. А. Турилов. (2 верасьня 2009) БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. На славянские языки. Белорусский (рас.) Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 11 жніўня 2013 г.
|