Перайсьці да зьместу

Пётра Мсьціславец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пётра Мсьціславец
Імя пры нараджэньні Пётра Цімафеевіч Мсьціславец
Род дзейнасьці Друкарства
Дата нараджэньня невядома
Месца нараджэньня Амсьціслаў, Вялікае Княства Літоўскае
Дата сьмерці не раней за 1578
Месца сьмерці Астрог, Валынскае ваяводзтва, Польскае каралеўсва, Рэч Паспалітая
Занятак друкар
Бацька Цімафей Мсьціславец
Маці Эўдакія Мсьціславец

Пётра (Пётар) Цімафе́евіч Мсьцісла́вец (пачатак XVI стагодзьдзя — па 1602) — беларускі[1] і ўсходнеславянскі першадрукар і гравёр.

Нарадзіўся ў Амсьціславе ў сям’і купца Цімафея і Эўдакіі, у якіх апроч Пятра было двое дзяцей. Па сконе бацькі стрыечны брат маці — майстра будаўнік Васіль узяў хлопчыка да сябе вучнем. Магчыма разам зь дзязькам і апынуўся ў Маскве.

У 1564 годзе разам з Іванам Фёдаравым (Хведаровічам) выдаў у Маскве «Апостал» — першую датаваную расейскую друкаваную кнігу. У 1565 годзе таксама разам з Іванам Фёдаравым зрабіў два выданьні «Часоўніка» — кнігі якая выкарыстоўвалася ў тым ліку і для пачатковага навучаньня грамаце. У 1566 годзе празь зьвінавачваньні ў «пашырэньні ерасі», пагрозы фізычнай расправы і руйнаваньне друкарні[2] першадрукары мусілі былі пакінуць Маскву і вярнуцца ў Вялікае Княства Літоўскае.

На Айчыне на грошы і ў Заблудаўскім маёнтку Рыгора Хадкевіча разам з Івана Фёдаравым заснаваў новую друкарню, дзе яны карысталіся ўратаванымі з Масквы шрыфтам, дошкамі, застаўкамі і літарамі. У 1568—1569 гадох у Заблудаўскай друкарні яны выдалі «Эвангельле вучыцельнае» — зборнік размоваў і павучэньняў з тлумачэньнем эвангельскіх тэкстаў.

Улетку 1569 году пакінуў Івана Фёдарава і на прапанову братоў Зарэцкіх ад’ехаў у Вільню, дзе на грошы і ў доме віленскіх купцоў, братоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў пабудаваў новую друкарню і стварыў новы шрыфт, дошкі, застаўкі і літары. У 1575 годзе ў віленскай друкарні Мамонічаў выдаў «Эвангельле Напрастольнае». Першым зрабіў шрыфт падобны да буйнога паўуставу, у наступным яго капіявалі паўсюдна дзе друкавалі «Эвангельле Напрастольнае». У 1576 годзе ў віленскай друкарні Мамонічаў выдаў «Псалтыр», які карыстаўся вялікім попытам у ВКЛ, Маскоўшчыне, ва ўкраінскіх землях.

У пасьляслоўях да гэтых двух выданьняў пералічвае імёны сваіх фундатараў — двух Зарэцкіх і двух Мамонічаў. З удзячнасьцю піша пра Зарэцкіх, пра тое як здолелі пасунуць яго да пачатку самастойнай працы — «понежа понудили есте нас недостойных выше наглея меры на сие дело». Таксама з удзячнасьцю піша пра Мамонічаў, якія забясьпечылі яго памяшканьнем у сваім доме і ва ўсім «изобильно его довольствовали». Пра сваю працу кажа вельмі сьціпла — не жадае Боскага пакараньня за марнагубства дадзенага Богам таленту.

Тады ж у віленскай друкарні Мамонічаў выдаў «Часоўнік». У тым жа годзе Мамонічы з палітычных матываў пастанавілі прыпыніць працу сваёй друкарні. Відаць, гэта супярэчыла ўмовам паміж імі і Пётрам Мсьціслаўцам, які быў незадаволены спыненьнем выдавецкай дзейнасьці. Зьвярнуўся ў суд дзеля падзелу друкарскай маёмасьці, паводле выраку мусіў быў атрымаць ўсё друкарскае абсталяваньне і 30 коп грошаў, а Кузьма Мамоніч кнігі: Эвангельлі, Псалтыры і Часоўнікі. Але вырак суда ня быў выкананы, і друкарня стаяла апячатаная. У 1577 годзе суд, відаць паводле запыту Пётры Мсьціслаўца, пацьвердзіў мінулагодні вырак наконт друкарскай маёмасьці.

Далейшы лёс паводле крыніцаў не прасочваецца. Але ведаючы, што Мамонічы не атрымалі нічога з маёмасьці Пятра Мсьціслаўца: ані шрыфтоў, ані дошак, ані літар, — а таксама ведаючы, што значная частка яго друкарскага матэрыялу, выкарыстаная ў астроскіх выданьнях 1590-х гадоў і пачатку 17 стагодзьдзя, магчыма ўявіць, што Пётар Мсьціславец зноў далучыўся да Івана Фёдарава і працаваў разам зь ім у друкарні, якую каля 1578 году ў Астрогу заснаваў Канстанцін Астроскі. Такім чынам жыцьцёвыя шляхі Пётры Мсьціслаўца і Івана Фёдарава зноў перакрыжаваліся, але не на вялікі час. Па тым, як Іван Фёдараў у 1582 годзе пакінуў Астрог, відаць, менавіта Пётра Мсьціславец узначаліў астроскую друкарню, бо вялікае выданьне «Кніга аб постнічастве» Васіля Вялікага 1594 году і «Часаслоў» 1602 году надрукаваныя ў Астрозе ня толькі яго віленскім шрыфтам, з выкарыстаньнем яго віленскіх дошак, вялікіх і малых заставак, буйных літар, але ў іх відаць і яго тэхнічныя прыёмы, аналягічныя віленскім.

Дакладная дата сьмерці невядомая, але з усяго відаць, па 1602 годзе.

  1. ^ Мсціславец Пётар // Чалавек і грамадства. Энцыкл. — Менск, 1998.
  2. ^ Саверчанка І. Хто заснаваў кнігадрукаванне ў Маскве? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 36.
  • 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
  • Зернова А. С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Исследования и материалы. Сб. IX. — М., «Книга», 1964. С. 77—111.