Перайсьці да зьместу

Пераклад Бібліі Гадлеўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі
Поўная назва: Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei
Мова: беларуская
НЗ выдадзены: 1939
Аўтар(ы): Вінцэнт Гадлеўскі
Канон: каталіцкі
Вэб-старонка: Беларуская палічка
Ян. 3:16

Бо як Бог узьлюбіў сьвет, што даў Сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Перакла́д Гадле́ўскага — чатыры беларускамоўныя Эвангельлі й Апостальскія дзеі, выдадзеныя лацінкай у 1938 року ў перакладзе ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

У 1930 выйшла з друку «Historyja świataja abo Biblijnaja Staroha Zakonu», а праз два гады — «Historyja świataja abo Biblijnaja Nowaha Zakonu», якія зьяўляліся аўтарскай інтэрпрэтацыяй тэкстаў Бібліі. Адным зь першых Гадлеўскі паказаў лінгвістычныя магчымасьці беларускай мовы ў жанры біблійнае гісторыі. Гэтая праца стала для яго падрыхтоўчай у справе перакладу на беларускую мову Бібліі[1].

У сувязі з выхадам пратэстанцкага перакладу Новага Запавету (Дзекуць-Малей/Луцкевіч) група каталіцкіх сьвятароў зьвярнулася да папы рымскага Пія XI з мэмарандумам пра тое, што «народ можа стаць ахвяраю „сэктанцкіх“ уплываў, калі каталіцкія сьвятары ў Беларусі і далей ня мецьмуць магчымасьці карыстацца роднай мовай»[1]. Паводле згадкі Гая Пікарды, Вінцэнт Гадлеўскі пачаў працу над перакладам у 1933 року, «каб проціпаставіцца посьпеху нядаўна выдадзенага перакладу гэтай кнігі[a], зробленага мэтадыстамі, які мае дагматычныя памылкі, а таксама шматлікія недасканаласьці ў беларускай мове»[2].

Пераклад быў зроблены з лацінскага тэксту Вульгаты, а таксама зь нямецкіх, польскіх, францускіх ды грэцкіх тэкстаў[3]. «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» былі падрыхтаваныя ў 1938 року і выдадзеныя лацінкай у 1939. Перакладнік выкарыстоўваў уласьцівую для польскай мовы рэлігійную тэрміналёгію і карыстаўся польскай тапанімікай.

Гай Пікарда, параўноўваючы гэты пераклад з варыянтам Луцкевіча[b], называў яго больш дакладным, але ж горшым у літаратурным сэнсе; пазьнейшыя ж пераклады Пятра Татарыновіча і Яна Станкевіча, без сумневу, саступалі варыянту Гадлеўскага[3].

Вінцэнт Гадлеўскі пачаў працу над перакладам і Старога Запавету, аднак загінуў падчас савецка-нямецкай вайны ад рук гестапа. Ягоную працу працягнуў Пётар Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме камэнтаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau». Аднак ягоны пераклад, зазнаўшы значны ўплыў выданьня Гадлеўскага, таксама моцна насычаны палянізмамі.

  • Wincent Hadleǔski. Historyja Świataja abo Biblijnaja Staroha Zakonu. — Wilnia: Biełaruskaje Katalickaje Wydawiectwa, 1930. — 151 с.
  • Wincent Hadleǔski. Historyja Świataja abo Biblijnaja Nowaha Zakonu. — Wilnia: Biełaruskaje Katalickaje Wydawiectwa, 1932. — 186 с.
  • Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei / Pierałažyǔ i padaǔ wyjaśnieńni ks. Wincent Hadleǔski Mahistar Teolohii. — Wilnia: 1939. — 417 с.
  • Нядзельныя Эвангеліі. — Другое выданьне без зьмен. — Лёндан: 1948.
  • Чатыры Эванэліі / Пераклад кс. В. Гадлеўскага. — Гродна: Гродзенская Рымска-Каталіцкая дыяцэзія, 1998. — 120 с. — ISBN 985-6270-21-9
  1. ^ г. зн. Новага Запавету
  2. ^ Новы Запавет Дзекуць-Малея і Луцкевіча
  1. ^ а б І.І. Трацяк. Шлях да беларускамоўнай Бібліі // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Горадня: ГрДУ, 2003. — С. 44. — ISBN 985-417-454-9
  2. ^ І.І. Трацяк. Шлях да беларускамоўнай Бібліі // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Горадня: ГрДУ, 2003. — С. 44—45. — ISBN 985-417-454-9
  3. ^ а б І.І. Трацяк. Шлях да беларускамоўнай Бібліі // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Горадня: ГрДУ, 2003. — С. 45. — ISBN 985-417-454-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]