Ян Юр’евіч Глябовіч
Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1480 |
Памёр | 23 красавіка 1549 |
Род | Глябовічы |
Бацькі | Юры Глябовіч (сын Глеба) |
Жонка | Ганна з Барташэвічаў Соф’я зь Пяткевічаў Ганна з Заслаўскіх |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Ядвіга ад 2-га шлюбу: Станіслаў, Крыстына, Соф’я, Ганна, Альжбета ад 3-га шлюбу: Ян, Альжбета, Барбара, Дарота |
Дзейнасьць | дыплямат |
Ян Глябовіч (1480 — 23 красавіка 1549) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак гаспадарскі (1516—1542), ваявода віцебскі (1529—1532), полацкі (1529—1542) і віленскі (з 1542), пісар (1530) і канцлер вялікі літоўскі (з 1546).
Як пасаг ад 3-га шлюбу атрымаў частку Заслаўя і Заслаўскага княства. Трымаў Жыжмарскае, Амсьціслаўскае, Бабруйскае (з 1542), Барысаўскае і Радашкавіцкае староствы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Глябовічаў гербу «Ляліва», сын Юр’я, намесьніка смаленскага. Зьвестак пра маці не захавалася.
У 1516 атрымаў урад маршалка каралеўскага. Належаў да прыхільнікаў двара, быў даверанай асобай вялікай княгіні Боны. У 1522 адзін з гарантаў Жыгімонту Аўгусту заняцьця стальца. У 1529 быў сярод камісараў датычна разьмежаваньня з Каралеўствам Польскім. Паводле Попісу 1528, выстаўляў з сваіх маёнткаў 148 вершнікаў, і яшчэ 88 вершнікаў з маёмасьці 2-й жонкі[1].
Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1534—1537). Перад пачаткам ваенных дзеяньняў, дасылаў з Полаку здабытыя праз шпегаў даведкі пра падзеі ў Маскоўскай дзяржаве. Улетку 1535 разам зь Янам Радзівілам і Юрыем Алелькавічам, кіраваў адной з трох вайсковых груповак, якая мусіла была пад Полацкам падтрымаць дзеяньні галоўнай арміі, але прадухіліць страты Себежа ня здолела. У лютым 1536 разам з гетманам А. Няміровічам спрабаваў вярнуць Себеж, але няўдала.
У сьнежні 1536 на чале пасольства езьдзіў у Маскву, куды прыбыў 11 студзеня 1537. Пасольству не ўдалося скласьці мір зь вяртаньнем страчанага ў 1514 Смаленску. Перамір’е вызначалася на тэрмін 5 гадоў, пры гэтым за ВКЛ заставаўся Гомель, а за Маскоўскай дзяржавай — Себеж і Севершчына. У 1542 зноў з пасольствам у Маскве, перамір’е працягнутае на 7 гадоў.
Падтрымліваў вялікую княгіню Бону ў яе канфлікце зь літоўскімі магнатамі, на Берасьцейскім сойме (1544) такая пазыцыя выклікала галоснае абурэньне, з гэтае прычыны быў у ізаляцыі сярод паноў-рады, хоць і меў тамака найвышэйшае становішча. Калі ў 1540-я паўстала пытаньне пра аб’яднаньне з Польшчай, сьпярша выступаў за больш цесны зьвязак, аднак пазьней быў супраць гэтага.
Варагаваў з Радзівіламі. Так, па беспатомнай сьмерці Станіслава Гаштольда, міма ўдавы — Барбары з Радзівілаў — перавёў усю ягоную маёмасьць на скарб, матываючы вымарачным правам гаспадара. Разам з Хадкевічамі і Осьцікавічамі ствараў апазвцыю ўзмацненьню Радзівілаў.
Першы раз ажаніўся з Ганнай Барташэвіч, другі — з Соф’яй Пяткевіч, трэці — з Ганнай Заслаўскай (з 1537, паводле іншых зьвестак — зь сярэдзіны 1540-х). У першым шлюбе меў дачку Ядвігу, у другім — сына Станіслава, а таксама дачок Крыстыну, Соф’ю, Ганну і Альжбету, у трэцім — сына Яна, а таксама дачок Альжбету, Барбару і Дароту.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Заяц Ю. Глябовічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 540.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4