Перайсьці да зьместу

Міхаіл Хацімскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхаіл Васілевіч Хацімскі
14 лютага 19031986
Месца нараджэньня Шарашоў, Пружанскі раён, Беларусь
Месца сьмерці Масква
Прыналежнасьць СССР
Род войскаў Танкавыя войскі
Гады службы 1921—1952
Званьне палкоўнік
Камандаваў 111-я танкавая брыгада,
37-я Слуцка-Памяранская мэханізаваная брыгада,
25-я танкавая брыгада,
16-я мэханізаваная брыгада,
50-я танкавая брыгада
Бітвы/войны Нямецка-савецкая вайна
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені Ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені Ордэн Суворава 2-й ступені

Міхаі́л Васі́левіч Хаці́мскі (14 лютага 1903, мястэчка Шарашоў, цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі — 1986, Масква, РСФСР, СССР) — палкоўнік, удзельнік грамадзянскай вайны ў Расеі і нямецка-савецкай вайны. Герой Савецкага Саюзу (1945).

Міхаіл Хацімскі нарадзіўся 14 лютага 1903 року ў пасёлку Шарашоў Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці (Беларусь) у сям’і рабочага. Расеец. Скончыў 3 клясы горнай вучэльні ў Пружанах. З 1914 року жыў у Маскве. Працаваў сьлесарам на Беларускай чыгунцы ў Маскве.

У 1921 року Міхаіл Хацімскі быў прызваны ў шэрагі Чырвонай арміі і пасьля праходжаньня навучаньня быў накіраваны на фронт Грамадзянскай вайны. Удзельнічаў у ліквідацыі бандаў атамана Сапажкова на Тамбоўшчыне. Пасьля быў перабазіраваны ў Забайкальле, дзе ўдзельнічаў у зьнішчэньні банды атамана Сямёнава. Пазьней нёс службу на мяжы на Паўночным Каўказе.

У 1925 року ўступіў у ВКП(б). У гэтым самым року скончыў Аб’яднаную ваенную школу імя УЦВК. Пасьля школы за добрую вучобу быў уганараваны накіраваньнем у воінскую частку, разьмешчаную ў Маскве.

У 1932 року скончыў бранятанкавыя курсы ўдасканаленьня каманднага складу (КУКС), у 1937 — Ваенную акадэмію мэханізацыі і матарызацыі РСЧА. Пасьля камандаваў вучэбным батальёнам у акадэміі.

У ліпені 1942 року быў адпраўлены з акадэміі на фронт намесьнікам камандзіра 111-й танкавай брыгады 25-га танкавага корпусу 40-й арміі Варонескага фронту. З 18 верасьня 1942 року камандзір 111-й танкавай брыгады пасьля гібелі камандзіра брыгады генэрал-маёра Фёдара Караля. У складзе брыгады прыняў удзел у баёх за Варонеж, у тым ліку за Чыжоўскі пляцдарм[1].

Да сярэдзіны верасьня 111-я танкавая брыгада ў складзе 25-га танкавага корпусу перабазавалася на поўдзень і ўвайшла ў склад 1-й гвардзейскай арміі Паўднёва-Заходняга фронту. У складзе гэтай арміі брыгада Хацімскага вяла баі ў Растоўскай вобласьці, вызваляла станіцы Манастыршчыну, Мяшкоўскую, вяла баі за Марозаўск. 17 студзеня 1943 року пасьля вызваленьня места Белая Калітва брыгада была накіраваная ў рэзэрв на папаўненьне.

У траўні 1943 року падпалкоўнік Хацімскі прызначаны ў штаб 29-га танкавага корпусу Стэпавага фронту. У складзе штабу корпусу ўдзельнічаў у бітве на Курскай дузе, баёх на тэрыторыі Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцей.

29 верасьня 1943 палкоўнік Хацімскі быў прызначаны камандзірам 25-й танкавай брыгады 29-га танкавага корпусу Стэпавага, а пасьля 2-га Ўкраінскага фронту. Брыгада Хацімскага, зьдзейсьніўшы пераправу ў раёне Верхнедняпроўска, разам зь пяхотнымі падразьдзяленьнямі прарвалі абарону ворага і 19 кастрычніка вызвалілі места і важны чыгуначны вузел Пяціхаткі.

27 кастрычніка Міхаіл Хацімскі прызначаны камандзірам 16-й мэханізаванай брыгады 7-га мэханізаванага корпусу. Ягоная брыгада ўдзельнічала ў баёх на падыходах да Кіраваграду. 8 студзеня 1944 року Кіраваград быў узяты.

Танкісты Хацімскага змагаліся на паўднёва-заходнім участку зьнешняго фронта Корсунь-Шаўчэнкаўскай апэрацыі і ўдзельнічалі ў зьнішчэньні нацысцкай групоўкі.

22 сакавіка 1944 року брыгада пад камандаваньнем Міхаіла Хацімскага штурмам узяла места Першамайск Мікалаеўскай вобласьці і фарсіравала раку Паўднёвы Буг. За адзнаку пры вызваленьні Першамайску палкоўнік Хацімскі быў узнагароджаны ордэнам Суворава 2-й ступені.

У жніўні 1944 ў часе Яска-Кішынёўскай апэрацыі брыгада Хацімскага прарвалася да места Ляова, дзе на рацэ Прут злучылася з часткамі 2-га Ўкраінскага фронту, скончыўшы акружэньне Кішынёўскай групоўкі ворага. За ўмелае кіраўніцтва камбрыг быў уганараваны ордэнам Чырвонага Сьцягу.

28 верасьня 1944 року прызначаны камандзірам 50-й танкавай брыгады. 23 лістапада прызначаны камандзірам 37-й мэханізаванай брыгады 1-га мэханізаванага корпусу 2-й гвардзейскай танкавай арміі. У складзе гэтай брыгады прымаў удзел у Вісла-Одэрскай, Памяранскай і Бэрлінскай апэрацыях, у тым ліку ў баёх за Чэрнікаў, на Зеелаўскіх вышынях, за Бэрлін.

У Заходнім Бэрліне Міхаіл Хацімскі быў узнагароджаны амэрыканскім ваенным ордэнам. Паводле пагадненьня дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі ўдзельнічаў у перадачы вызваленай часткі Бэрліну амэрыканскім войскам.

Па вайне працягваў службу. У 1952 року звольнены ў запас у званьні палкоўніка. Жыў і працаваў у Маскве.

Памёр у 1986 року. Пахаваны на Кунцаўскіх могілках Масквы.

  • Ганаровы грамадзянін места Пружанаў Берасьцейскай вобласьці (Беларусь), яго імя носіць адна з вуліцаў места.
  • На доме ў муніцыпальнай акрузе Ляфортава ў Маскве, дзе жыў пасьля вайны Міхаіл Хацімскі, усталяваная мэмарыяльная дошка.
  • Ягоным імем названае судна Міністэрства рачнога флёту — буксір-талкач Чарнігаўскага рачнога порту «Герой Хацімскі».
  • Герои огненных лет. Книга 2. — М.: Московский рабочий, 1976.
  • Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь / Пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1988. — Т. 2 /Любов — Ящук/. — С. 863. — 100 000 ас. — ISBN 5-203-00536-2
  • Гринько А. И. Линия Ратной Славы. — Воронеж: .
  • История Великой Отечественной войны Советского Союза. 1941—1945. — М.: Воениз. — Т. 4.
  • Міхаіл Васілевіч Хацімскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 216.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]