Перайсьці да зьместу

Ян Абрамовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Абрамовіч.
Ян Абрамовіч

Герб «Ястрабец зьменены»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1540
Памёр 19 красавіка 1602
Род Абрамовічы
Бацькі Станіслаў Абрамовіч
Жонка Дарота Валовіч
Дзеці Мікалай
Марына
Дзейнасьць эканаміст

Ян Абрамовіч, таксама Ян Абрагамовіч (? — 19 красавіка 1602) — дзяржаўны дзяяч ВКЛ. З шляхецкага роду Абрамовічаў. Бацька Мікалая Абрамовіча.

Палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын Абрама Езафовіча. Выхоўваўся пры двары Мікалая Радзівіла Рудога. Падтрымліваў кальвінскую галіну Радзівілаў і іх апазыцыйную да Польшчы палітыку. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне. Віленскі войскі ў 1570 і падваявода ў 15721589, прэзыдэнт дорпацкі ў 15891601. Староста лідзкі ад 1579 й вэндэнскі ад 1589. На сойме 1585 дамагаўся ўключэньня Інфлянтаў у склад ВКЛ. Ваявода менскі 15931596 і смаленскі ад 1596 (абедзьве пасады атрымаў дзякуючы Крыштапу Радзівілу Перуну). У 1596 выступаў супраць узначальваньня віленскае дыяцэзіі палякам Бэрнардам Мацяёўскім.

Погляды й грамадзкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з кіраўнікоў кальвіністаў у ВКЛ, быў таксама шчыльна зьвязаны з праваслаўнымі (у тым ліку з князем Канстантынам Астроскім). Ягоная жонка Ганна Дарота з Валовічаў была апякункай віленскага праваслаўнага Сьвятадухава брацтва. У 1581 уступіў у канфлікт зь віленскім біскупа Юр’ем Радзівілам адносна юрысдыкцыі біскупа ў справах веры. Удзельнічаў у дыскусіях зь езуітамі ў Вільні ў 1585 і 1599, у дысыдэнцкіх зьездах у Торуні ў 1595 і ў Вільні ў 1599. У сваім маёнтку Варняны ў Віленскім павеце (валодаў ад 1587) збудаваў кальвінскі збор, школу й шпіталь. Напісаў кнігу «Меркаваньне ліцьвіна пра куплю таньней збожжа й больш дарагі продаж» (Zdanie Litwina, o kupczy taniej zboża a drogiej sprzedaży; 1595). Апякаў Андрэя Воляна й Яна Радвана, якога схіліў да напісаньня паэмы «Радзівіліяда». Сваім коштам выдаў кальвінскі катэхізіс віленскага прапаведніка С. Суроўскага (Вільня, 1598).

З нагоды ягонае сьмерці аднавернікі надрукавалі «Арацыю на жалобную сьмерць і пахаваньне вялікага патрону Збору Божага й мудрага сэнатара» (Oracya na żałobną śmierć i pogrzeb wielkiego patrona Zboru Bożego i mądrego Senatora).

Валодаў маёнткамі Дубнікі й Язаў у Віленскім павеце, Сьвіраны, Сураж і Кабыльнік у Ашмянскім.[1]

  1. ^ Валерый Пазднякоў. Абрамовічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 198